Перайсці да зместу

Румынія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Румынія
рум.: Romania
Герб Румыніі
Сцяг Румыніі Герб Румыніі
Гімн: «Deșteaptă-te, române!»
Заснавана 5 лютага 1859
Дата незалежнасці 21 мая 1877 (ад Асманскай імперыі)
Афіцыйная мова Румынская
Сталіца Бухарэст
Найбуйнейшыя гарады Бухарэст, Ясы, Цімішаара, Канстанца, Галац
Форма кіравання Прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Старшыня Сенату
Старшыня Палаты Дэпутатаў
Клаус Яханіс
Марчэл Чалаку
Нікалае Чукэ
Валерыу Згоня
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
83-я ў свеце
238.391 км²
3
Насельніцтва
• Ацэнка (2019)
• Перапіс (2011)
Шчыльнасць

19.518.642 чал. (59-я)
20.121.641 чал.
84,4 чал./км²  (118-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$541,017 млрд[1]  (46-ы)
$27.563  (55-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$244,581 млрд  (62-ы)
$12.506  (72-ы)
ІРЧП (2017) 0,811[2] (вельмі высокі) (52-ы)
Этнахаронім Румыны
Валюта Румынскі лей (RON)
Інтэрнэт-дамены .ro, .eu
Код ISO (Alpha-2) RO
Код ISO (Alpha-3) ROU
Код МАК ROU
Тэлефонны код +40
Часавыя паясы +2

Румы́нія (рум.: România [romɨˈni.a]) — дзяржава ў паўночна-заходняй частцы Балканскага паўвострава ў паўднёва-ўсходняй Еўропе. Румынія мае сухапутныя межы з Украінай на поўначы і ўсходзе, Малдовай на паўночным усходзе, Балгарыяй на поўдні, Сербіяй на паўднёвым захадзе і Венгрыяй на захадзе. На ўсходзе краіна абмываецца Чорным морам. Сталіца краіны, горад Бухарэст з насельніцтвам каля двух мільёнаў чалавек, з’яўляецца адным з найбуйнейшых гарадоў Еўропы па колькасці насельніцтва.

У рэльефе Румыніі вылучаюцца Карпацкія горы, Трансільванскае плато і Прыдунайскія нізіны. Румынія багата на карысныя выкапні, асабліва на вуглевадароды, аднак слаўныя часы румынскай нафты прыйшліся на ХХ стагоддзе. Клімат умераны, умерана кантынентальны, на паўднёвым усходзе мае рысы субтрапічнага. Рачная сетка Румыніі належыць пераважна да сістэмы Дуная, на паўночным захадзе да Чорнага мора цякуць Прут і Сірэт. Горы і плато пакрытыя шыракалістымі і хваёвымі (вышэй) лясамі, раўніны ўзараныя.

Румынія адбылася на тэрыторыі, якая прыблізна адпавядае старажытнарымскай правінцыі Дакіі. Уласна Румынія была сфармавана ў 1859 годзе праз асабістую унію дунайскіх княстваў Малдавіі і Валахіі. Новая дзяржава прыняла афіцыйную назву «Румынія» ў 1866 годзе і атрымала незалежнасць ад Асманскай імперыі ў 1878 годзе. У канцы Першай сусветнай вайны да суверэннага Каралеўства Румынія далучыліся Трансільванія, Букавіна і Бесарабія. У Другой сусветнай вайне Румынія ваявала на баку Нацысцкай Германіі да 1944 года, пасля чаго далучылася да Саюзнікаў. Пасля вайны стала сацыялістычнай дзяржавай і членам Варшаўскай дамовы. Пасля рэвалюцыі 1989 года Румынія пачала пераход да дэмакратычнага ладу і капіталістычнай рынкавай эканомікі.

Сучасная Румынія — шматпартыйная дэмакратыя, прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка, дзе захоўваецца прынцып падзелу ўладаў. Главой рэспублікі з’яўляецца прэзідэнт, вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны Парламент.

Паводле даных 2019 года насельніцтва Румыніі складае больш за 19 млн жыхароў, гэта 7-е месца ў ЕС. Характэрная адмоўная дынаміка колькасці насельніцтва, адзін з самых нізкіх паказчыкаў нараджальнасці ў свеце. У нацыянальным складзе пераважаюць румыны, венгры і цыганы. Большасць насельніцтва атаясамлівае сябе з праваслаўным хрысціянствам і карыстаецца румынскай мовай. Самы нізкі ў ЕС узровень урбанізацыі (54 %). Вялікія гарады Румыніі — Брашаў, Клуж-Напока, Ясы, Тымішаара, Канстанца, Краёва.

Пасля хуткага эканамічнага росту ў пачатку 2000-х гадоў Румынія мае эканоміку, заснаваную пераважна на сферы паслуг, а таксама з’яўляецца буйным прамысловым вытворцам, у тым ліку, вытворцам і экспарцёрам машын. Да найбуйнейшых румынскіх кампаній адносяцца Automobile Dacia, Ford Romania (абедзве аўтамабілебудаванне), Petrom, Rompetrol, Romgaz (усе паліўная прамысловасць), Electrica (электраэнергетыка), RCS & RDS (тэлекамунікацыі) and Banca Transilvania (банкаўскі сектар). У 2017 годзе Румынія прадэманстравала найвышэйшыя ў ЕС тэмпы росту ВУП (7 %).

Румынія з’яўляецца членам многіх міжнародных арганізацый, уключаючы Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, НАТА (з 2004 года) і Еўрапейскага Саюза (з 2007 года). Маючы багатую культурную гісторыю, Румынія была домам уплывовых мастакоў, музыкаў, вынаходнікаў, спартоўцаў, а таксама мае мноства турыстычных славутасцей.

Назва краіны паходзіць ад лац.: romanus — «рымскі», што выкарыстоўвалася ў значэнні «грамадзянін Рыма». Першымі гэтую назву ў дачынені да зямель Трансільваніі, Валахіі і Малдавіі ўжывалі італьянскія падарожнікі ў ХVI стагоддзі. Тым жа стагоддзем (1521) датуецца пісьмо баярына Някшу на валахскай мове, дзе валашская зямля названа Țeara Rumânească. Да канца XVII стагоддзя былі аднолькава ўжыванымі формы român and rumân, пазней другая форма перастала выкарыстоўвацца.

Сёння ў большасці моў свету выкарыстоўваецца варыянт назвы праз «у»: нямецкае і шведскае Rumänien, іспанскае Rumania, польскае Rumunia, беларускае Румынія і нават японскае ルーマニア (Rūmania). Праз «о» краіна завецца ў румынскай (România) і англійскай (Romania) мовах.

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

Плошча ў 238,400 км² робіць Румынію 12-й па памерах краінай Еўропы. Румынія ляжыць на мяжы Усходняй (да якой адносіцца сама) і Паўднёвай Еўропы — вельмі зручнае геаграфічнае становішча, калі ўлічыць яшчэ і выхад да Чорнага мора на ўсходзе, а таксама, Дунайскі транс’еўрапейскі шлях. Даўжыня чарнаморскага ўзбярэжжа складае 245 км. Румынія прэтэндуе на востраў Змяіны, які належыць Украіне, што пацверджана рашэннем Міжнароднага суда ААН у 2009 годзе.

Румынія мяжуе з:

Значная частка мяжы з Сербіяй і Балгарыяй праходзіць па рацэ Дунай. Усходні ўчастак мяжы з Украінай праходзіць па дэльце Дуная, якая, будучы аб’ектам дынамічным, з’яўляецца нагодай бесперапынных межавых спрэчак Румыніі з Украінай (да 1991 — з УССР).

Рэльеф Румыніі

Абумоўлены становішчам у альпійскім складкаватым поясе рэльеф Румыніі вельмі разнастайны: горы, узвышшы і нізіны займаюць прыблізна па адной траціне яе тэрыторыі. Карпацкія горы перасякаюць краіну з поўначы (Усходнія Карпаты) на паўднёвы захад (Паўднёвыя Карпаты), утвараючы вялікую дугу. Каля 20 хрыбтоў маюць адзнакі вышэй за 2000 м. У Паўднёвых Карпатах знаходзіцца найвышэйшы пункт Румыніі — гара Малдавяну, вышынёй 2544 м. Унутры Карпацкай дугі ляжыць Трансільванскае плато з вышынямі 300—500 м. Паміж Паўднёвымі Карпатамі і Дунаем цягнецца Ніжнедунайская (Валахская) нізіна, крайні захад адносіцца да Панонскага басейна. Уся тэрыторыя Румыніі належыць да сейсмічнай зоны, найбольш моцныя землятрусы здараюцца на паўднёвым усходзе. Нетры краіны багатыя на карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, жалезная руда, соль.

Цясніна Тудра ў Трансільваніі

Далёкасць ад Атлантыкі падаравала Румыніі кантынентальны клімат з чатырма выразнымі сезонамі, гарачым летам і халоднай (па еўрапейскіх мерках) зімой. Малюнак рэльефу абумоўлівае кліматычныя адрозненні розных раёнаў краіны. Шмат ападкаў (больш за 750 мм) атрымліваюць наветраныя схілы Карпат, між тым у Валахскай нізіне ў летні перыяд адчуваецца недахоп вільгаці (менш за 570 мм у ваколіцах Бухарэста). Клімат Трансільванскага плато кантынентальны, з вялікімі ваганнямі тэмператур.

Пеліканы ў дэльце Дуная

На ўсходняй і паўднёвай межах Румыніі цячэ Рака Дунай — другая паводле працягласці рака ў Еўропе, што бярэ пачатак у Германіі і цячэ на паўднёвы ўсход 2857 км, праходзячы праз дзесяць краін і разгаліноўваючыся ў дэльту Дуная пры ўпадзенні ў Чорнае мора. Дэльта Дуная плошчай больш за 4000 км² — другая па велічыні рачная дэльта Еўропы пасля дэльты Волгі. Ва Усходніх Карпатах, у кратары вулкана Чамату, знаходзіцца возера Святой Аны.

Румынія ляжыць у прыроднай зоне мяшаных і шыракалістых лясоў. У гарах з вышынёй дубы і букі змяняюцца на елкі і піхты. Увогуле ж лясы пакрываюць 27 % румынскай зямлі, па плошчы некранутых лясоў Румынія адна з першых у Еўропе. Усходнія раёны краіны адносяцца да вобласці стэпаў. У лясах захаваўся багаты жывёльны свет: так у Румыніі пражывае 50 % еўрапейскай (без уліку Расіі) папуляцыі бурага мядзведзя і 20 % — ваўка.

У канцы 2000-х прыродаахоўныя тэрыторыі — 10 нацыянальных паркаў і тры запаведнікі — займалі 5 % Румыніі. Дэльта Дуная — абшары бесперапынных балот, што служаць домам для амаль 1700 відаў раслін — прыродны аб’ект Сусветнай спадчыны.

Старажытны час

[правіць | правіць зыходнік]
Гліняная «багіня», Трыпольская культура

Чалавечыя рэшткі ўзростам 40 000 гадоў, знойдзеныя ў Пештэра-ку-Оасэ (Пячоры з косткамі), мяркуюцца найстаражытнейшымі ў свеце рэшткамі краманьёнцаў. Неалітычныя тэхналогіі і сельская гаспадарка распаўсюдзіліся па тэрыторыі сучаснай Румыніі ў 6 тыс. да н.э. пасля прыбыцця мігрантаў з грэчаскай Фесаліі. На поўначы Румыніі (каля Лункі) знойдзены самыя старажытныя ў Еўропе сведчанні аб здабычы солі ўзростам каля 8000 гадоў. Да таго часу адносяцца і першыя пасяленні, некаторыя з якіх неўзабаве сталі прота-гарадамі плошчай да 3 км². У 3 тыс. да н.э. на поўначы Румыніі квітнела Трыпольская культура. 1800 г. да н.э. датуюцца раскапаныя фартыфікацыйныя збудаванні бронзавага веку.

Смерць Дэцэбала, фрагмент калоны Траяна

У VII ст. да н.э. на чарнаморскім узбярэжжы з’явіліся грэчаскія калоніі, што вялі гандаль з тутэйшымі плямёнамі, сярод якіх Герадот называў гетаў па ніжнім Дунаі і агафірсаў у Трансільваніі. Страбон асацыяваў гетаў з дакамі, што ў І ст. да н.э. кантралявалі Ніжнедунайскую нізіну. Найвышэйшага росквіту дакі дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. У выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рымскім імператарам Траянам, краіна стала рымскай правінцыяй Дакія, што цягам ІІ ст. мірна і паспяхова развівалася. Вучоныя-прыхільнікі дака-рымскай бесперапыннай тэорыі кажуць, што доўгае мірнае суіснаванне рымскіх легіянераў ды перасяленцаў з дакамі стала першай стадыяй утварэння румынскай нацыі. У ІІІ стагоддзі на правінцыю аслабелай імперыі бесперапынныя набегі рабілі готы і карпы, і калі ў 271 годзе імператар Аўрэліян аддаў войску загад пакінуць Дакію, готы авалодалі краінай. Тым не менш, многія воіны і перасяленцы засталіся на новай радзіме. Дабруджа (Малая Скіфія) ж заставалася рымскай (пазней візантыйскай) да VII ст.

У 376 годзе гоцкае панаванне змянілася на гунскае. У 454 валадарства гунаў скончылася на карысць гепідаў, германскіх плямёнаў. У 570 румынскія землі трапілі пад уладу качавых плямёнаў панонскіх авараў. З канца VI стагоддзя на землях Румыніі сталі з’яўляцца славянскія пасяленні. У 680 на ніжні Дунай прыйшлі булгары. У канцы наступнага стагоддзя яны разбілі авараў і стварылі сваю дзяржаву з хрысціянствам усходняга абраду ў якасці дзяржаўнай рэлігіі. Згодна з дака-рымскай тэорыяй, раманізаванае насельніцтва, вядомае пад імем валахаў, ціха перажыло готаў, гунаў, гепідаў, авараў у лясістых раёнах.

Вучоныя, што адмаўляюць дака-рымскую тэорыю, кажуць, што раманамоўныя валахі прыйшлі на паўночнадунайскія землі з паўднёвых Балкан толькі ў ХІ ст. Прычарнаморскія раёны знаходзіліся пад уплывам Візантыі; заходняя частка сучаснай Румыніі, асабліва Трансільванія, пачынаючы з Х ст. стала сферай венгерскіх інтарэсаў. Са Свяшчэннай Рымскай імперыі ў Трансільванію блізу 1150 прыйшлі нямецкія каланісты. Румынскія землі моцна пацярпелі ад нашэсця манголаў у 1241—1242., а ў другой палове ХІІІ ст. трапілі пад венгерскую ўладу большай часткай.

Валахія, Малдавія, Трансільванія

[правіць | правіць зыходнік]
Княствы Малдавія, Валахія і Трансільванія ў 1600

У ХIV ст. незалежнасць ад Венгрыі атрымлівалі два румынскіх княствы: Валахія (1330) і Малдавія (1360). Валашскае княства, дасягнуўшы росквіту пры князі Мірчы I Старым (1386—1413), у 1456 стала васалам Асманскай імперыі. Малдаўскае княства дасягнула росквіту пры князі Стэфане III Вялікім (1457—1504), а ў 1513 стала васалам Асманскай імперыі. У 1541 пасля падзення Венгерскага каралеўства туркі захапілі заходнерумынскія землі, на якіх у 1570 было створана васальнае княства Трансільванія. Тады ж на румынскія землі прыйшла рэфармацыя. У 1594 Малдавія, Валахія і Трансільванія далучыліся да Свяшчэннага саюза, скіраванага супраць асманскага панавання ў Еўропе. У маі 1600 усе тры княствы былі аб’яднаны пад уладай князя Міхая Храбрага, які, хоць пад ціскам суседзяў быў вымушаны адрачыся ў верасні таго ж года, у ХІХ стагоддзі стаў сімвалам адзінства нацыі.

Дынаміка тэрыторыі Румыніі ў 1859—2010

У ХVII стагоддзі княствы працягвалі плаціць даніну асманам, але ўзмацнілі сваю аўтаномію. Пасля 1683 Трансільванія ўвайшла ў склад дзяржавы Габсбургаў, якая праводзіла палітыку акаталічвання (дакладней, пераходу ў унію). Праваслаўная царква была прызнана толькі ў выніку паўстанняў, узнятых манахамі ў 1744 і 1759 гадах, румыны ў Трансільваніі заставаліся непрызнаным народам.

Пасля здрады князя Валахіі Канстанціна Бранкавяну і Малдавіі Дзімітара Кантэміра і заключэння імі саюзу з Габсбургамі і Расіяй, Стамбул прыйшоў да высновы аб неабходнасці кіраваць Дунайскімі княствамі (так у той час празвалі Валахію і Малдавію) праз сваіх стаўленікаў — грэкаў-фанарыётаў. Новыя ўладары хутка распусцілі войскі, што дазволіла Аўстрыі акупаваць Букавіну (1775), а Расіі — Бесарабію (1812).

Кючук-Кайнарджыйскі дагавор (1774), падпісаны пасля Руска-Турэцкай вайны 1768—1774, абавязаў Асманскую імперыю пагадзіцца на аўтаномію Дунайскіх княстваў. Натхнёны грэчаскай вайной за незалежнасць валашскі дваранін Тудор Уладзімірэску ў 1821 годзе ўзняў паўстанне супраць турак, аднак у хуткім часе быў забіты фанарыётамі. Адрыянопальскі мір 1829 года паміж Турцыяй і Расіяй пашырыў аўтаномію княстваў, хоць і пакінуў Стамбулу права прызначаць князёў. Валахскія і малдаўскія лідары рэвалюцыі 1848 года змагаліся за аб’яднанне княстваў, вызваленне сялян (дарэчы, упершыню пад сіне-жоўта-чырвоным трыкалорам), але гэтым разам імперскія Расія і Турцыя выступілі супраць рэвалюцыянераў адзіным фронтам і разграмілі іх. У Трансільваніі румыны падтрымалі антывенгерскія захады Вены, аднак Габсбургі ўсё адно не далі ім аўтаноміі, і ў 1867 годзе Аўстра-венгерскае пагадненне зрабіла Трансільванію часткай вялікай Венгрыі ў складзе дуалістычнай манархіі.

Атрыманне незалежнасці

[правіць | правіць зыходнік]
Народы Аўстра-Венгрыі ў пачатку ХХ ст (румыны — блакітныя, венгры — жоўтыя, немцы і аўстрыйцы — фіялетавыя

У выніку Крымскай вайны Дунайскія княствы аказаліся пад міжнароднай апекай. Вялікія дзяржавы не перашкодзілі мясцоваму дваранству правесці спецыяльныя сходы, на якіх было прынята рашэнне аб аб’яднанні княстваў; першым князем аб’яднанай краіны ў 1859 стаў Александру Іаан Куза. У 1862 годзе саюз княстваў атрымаў назву Румынія. Урад Кузы ўзяў курс на рэформы — секулярызацыю, аграрную рэформу, — што выклікала незадаволенасць кансерватыўных колаў і Александру быў заменены на немца Карла Гагенцолерна-Зігмарынгена. На Берлінскім кангрэсе (1878) Румынія была прызнана незалежным каралеўствам, да дзяржавы былі далучаны дэльта Дуная і Дабруджа; а Карл Гагенцолерн у 1881 стаў каралём Каралем Першым. У 1883 годзе Румынія таемна далучылася да Траістага саюза. Нягледзячы на патрабаванні румынскіх ірэдэнтыстаў, у першыя дзесяцігоддзі свайго існавання каралеўства не прэтэндавала на чужыя землі.

Першая і Другая сусветныя войны

[правіць | правіць зыходнік]
Кароль Караль I Гагенцолерн з пляменнікам, будучым каралём Фердынандам І і яго сынам, будучым Каралем ІІ

У выніку Другой Балканскай вайны Румынія атрымала Паўднёвую Дабруджу. Паколькі Германія і Аўстрыя ў гэтай вайне падтрымалі Балгарыю, Румынія перагледзела сваю знешнюю палітыку і далучылася да Антанты, але на пачатку Першай сусветнай вайны заставалася нейтральнай. Аднак, калі саюзныя дзяржавы паабяцалі Румыніі венгерскую Трансільванію, яна ў 1916 абвясціла вайну Траістаму саюзу. Усходні фронт расцягнуўся, румынская армія хутка была разбіта і аўстра-германскія войскі акупавалі тры чвэрці краіны, за рэштку тэрыторыі змагалася расійская армія. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі расійскія войскі пакінулі Румынію і краіна ў маі 1918 была вымушана падпісаць з Цэнтральнымі дзяржавамі цяжкі Бухарэсцкі дагавор. Зрэшты, кароль Фердынанд І за дзень да капітуляцыі Германіі паспеў аднавіць адносіны з Антантай, таму Румыніі дасталіся ўсе абяцаныя бонусы са складу Аўстра-Венгрыі: Трансільванія, Банат, Крышана, Букавіна. Больш за тое, Грамадзянская вайна ў Расіі дазволіла ажыццявіць уз’яднанне з Бесарабіяй, не прызнанае СССР. Такім чынам, плошча Румыніі павялічылася з даваенных 137,000 км² да 295,000 км².

Рэформы 1919—1921 ператварылі краіну ў «нацыю дробных землеўласнікаў». Было ўведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын. Румынская дзяржава была ўнітарнай, аднак нацыянальныя меншасці, што складалі 30 % насельніцтва, мелі даволі шырокія правы. У 1927 годзе памірае кароль Фердынанд, улада фармальна пераходзіць да яго ўнука Міхая. У 1930 з эміграцыі вяртаецца бацька малалетняга Міхая, эксцэнтрычны кароль Караль ІІ. У 1938 Караль «дорыць» народу новую Канстытуцыю, ліквідуе парламенцкую дэмакратыю, распушчае партыі і робіцца адзінаўладным гаспадаром Румыніі. Пасля дыпламатычна прайграных тэрытарыяльных страт на карысць СССР (Бесарабія і Букавіна), Венгрыі (Трансільванія) і Балгарыі (Паўднёвая Дабруджа) у 1940, Караля зрынае прагітлераўскі генерал Іон Антанеску, што абвяшчае сябе дыктатарам пры тым жа каралі Міхаі. У час Другой сусветнай вайны Румынія з’яўляецца саюзнікам дзяржаў Восі, галоўнай крыніцай нафты для вермахта. У ліпені 1941 года Румынія ўступіла ў вайну супраць СССР на баку Германіі, вярнула Бесарабію і акупавала Трансністрыю — вобласць на ўсход ад Днястра з цэнтрам у Адэсе. Яўрэйскае насельніцтва Трансністрыі было вынішчана, яўрэі ж Малдавіі і Валахіі збольшага перажылі вайну, хаця й былі моцна абмежаваны ў правах. 23 жніўня 1944 падчас паспяховага савецкага наступлення кароль Міхай арыштаваў Іона Антанеску і перадаў уладу антыфашысцкаму Нацыянальнаму дэмакратычнаму блоку. 250 000 румын далучыліся да Савецкай арміі ў паходзе на захад.

Камуністычная Румынія

[правіць | правіць зыходнік]
Георгэ Геаргіу-Дэж сустракае Мікіту Хрушчова у аэрапорце Бухарэста, 1960

У сакавіку 1945 г. ва ўладзе апынуўся ўрад, падтрыманы Масквой, і два з лішкам гады Румынія заставалася нечым накшталт «сацыялістычнай манархіі». Маладому каралю далі ў Маскве мянушку «кароль-камсамолец». 6 ліпеня 1945 г. Міхай быў узнагароджаны савецкім ордэнам «Перамога» (№ 16). У 1947 Румыніі афіцыйна перадалі Трансільванію. У тым жа годзе лідар камуністаў Георгэ Геаргіу-Дэж, прымусіўшы Міхая І адрачыся ад улады і пакінуць радзіму, стаў на чале Румыніі, якая атрымала назву Сацыялістычная Рэспубліка Румынія. Прамая ваенная прысутнасць СССР у Румыніі працягвалася да канца 1950-х, а сумесныя прадпрыемствы «саўромы» эксплуатавалі прыродныя багацці краіны на карысць вялікага брата. У 1948 дзяржава распачала калектывізацыю. З канца 1940-х па пачатак 1960-х палітычныя свабоды былі згорнуты, іншадумства пераследвалася, разгортваліся шырокія кампаніі па выкрыванні ворагаў народу, а таемная паліцыя «секурытатэ» (Securitate) атрымала рэнаме найбольш жорсткай спецслужбы ў сацыялістычным лагеры. У 2006 спецыяльная камісія назвала лічбу ахвяраў (ад пераследу і выпраўленчых работ у лагерах — да забойстваў) камуністычнага рэжыму — 2 млн чалавек.

Нікалае Чаўшэску віншуе румынскі народ з новым, 1978, годам

Пасля смерці Геаргіу-Дэжа ў 1965, кіраўніком краіны стаў Нікалае Чаўшэску. Пры ім краіна стала праводзіць палітыку з меншай аглядкай на СССР. У 1967 Румынія стала адзінай камуністычнай краінай, што не парвала дыпламатычных адносін з Ізраілем пасля Шасцідзённай вайны. Аўтарытэт краіны ў арабскім свеце забяспечыў Румыніі ролю пасрэдніка ў араба-ізраільскіх перамовах. У тым жа 1967 годзе Чаўшэску ўсталяваў дыпламатычныя адносіны з ФРГ. Румынія стала адзінай дзяржавай Варшаўскага дагавора, што не стала ўдзельнічаць ва ўводзе войск у Чэхаславакію ў жніўні 1968 года, а Чаўшэску назваў саму аперацыю «вялікай памылкай, што ставіць пад пагрозу лёс камунізму». У першай палове 1980-х у румынскай эканоміцы сталі відавочны вялікія праблемы, выкліканыя планавым характарам эканомікі і вялікай знешняй запазычанасцю. Чаўшэску заклікаў румынаў да жорсткай эканоміі і да 1989 краіна разлічылася з даўгамі. Аднак жахлівае падзенне ўзроўню жыцця людзей адбілася на настроях у грамадстве, і так расчараваным палітычнымі несвабодамі і культам асобы дыктатара. У выніку рэвалюцыі ў снежні 1989 Чаўшэску быў зрынуты і расстраляны разам з жонкай. З усіх выпадкаў падзення камуністычных рэжымаў румынская рэвалюцыя стала найбольш крывавай — з тысячамі забітых і параненых.

Сучасны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У 1990 пасля яшчэ некалькіх рэвалюцыйных хваль Румынія перайшла да дэмакратычнай палітычнай сістэмы і рынкавай эканомікі. Першым прэзідэнтам дэмакратычнай Румыніі стаў Іон Іліеску. У 2004 Румынія стала членам НАТА, 1 студзеня 2007 разам з Балгарыяй далучылася да ЕС. У другой палове 2010-х паглынутую карупцыяй краіну ўскалыхнулі наймагутнейшыя з 1989 пратэсты.

Дзяржаўны лад і палітыка

[правіць | правіць зыходнік]
Дзеючы прэзідэнт Румыніі Клаус Яханіс, сакавік 2017

Румынская Канстытуцыя 1991 была створана пад уплывам французскай канстытуцыі Пятай Рэспублікі. У 2003 у асноўны закон былі ўнесены дапаўненні дзеля адпаведнасці дэмакратычным стандартам ЕС. Сучасная Румынія — шматпартыйная дэмакратыя, прэзідэнцка-парламентска рэспубліка, дзе захоўваецца прынцып падзелу ўладаў. Главой рэспублікі з’яўляецца прэзідэнт, вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны Парламент.

Выканаўчая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]

Прэзідэнт абіраецца прамым усенародным галасаваннем на пяцігадовы тэрмін (з абмежаваннем у 2 тэрміны). Прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра, які ў сваю чаргу фарміруе кабінет міністраў. У 2016 прэзідэнтам быў абраны лідар Нацыянальнай Ліберальнай партыі Румыніі Клаус Яханіс, у мінулым настаўнік фізікі і школьны інспектар, у 2000—2014 — мэр роднага горада Сібіу — сталіцы трансільванскіх немцаў. Пасаду прэм’ера ў студзені 2018 заняла член Сацыяльна-дэмакратычнай партыі Віярыка Дэнчылэ, першая ў гісторыі Румыніі жанчына-прэм’ер-міністр.

Заканадаўчая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]

Двухпалатны парламент складаецца з сената (Senat) і палаты дэпутатаў (Camera Deputaților); у першым 136 крэслаў, у другой — 329. Выбары ў абедзве палаты праходзяць па мажарытарнай сістэме раз на чатыры гады. Да 2003 працэдура прыняцця законаў патрабавала іх узгаднення Сенатам і Палатай дэпутатаў па аднолькавай схеме. Рэферэндум надаў заканатворчасці характар руху ад ніжняе палаты да верхняй. Месца пасяджэнняў парламента — Парламенцкі палац у Бухарэсце — самы высокі адміністрацыйны будынак свету (84 метры).

Асноўныя палітычныя партыі:

  • Сацыял-дэмакратычная партыя — левацэнтрысцкая сацыялістычная палітычная партыя (у складзе палаты дэпутатаў 2016 года склікання мае 43 % крэслаў)
  • Нацыянальная Ліберальная партыя — кансерватыўна-ліберальная (21 % месцаў). Называе сябе найстарэйшай з дзеючых ліберальных палітычных партый Еўропы.
  • Саюз выратавання Румыніі — новая палітычная партыя, была ўтворана ў 2016 г., мае 8 % месцаў у ніжняй палаце. Стаіць на платформе барацьбы з карупцыяй.
  • Дэмакратычны альянс венграў у Румыніі — партыя венгерскай этнічнай меншасці. Прадстаўніцтва партыі ў парламенце (5 %) прыблізна адпавядае долі венграў у агульнай колькасці насельніцтва.

Знешняя палітыка

[правіць | правіць зыходнік]
Румынскія салдаты ў Афганістане. Румынія актыўна ўдзельнічае ў міратворчых аперацыях НАТА і ААН, яе вайсковы кантынгент у Афганістане — чацвёрты па памерах

Са снежня 1989 Румынія праводзіць знешнюю палітыку, арыентаваную на захад (ЕС, ЗША), у нейкім сэнсе павярнуўшыся да былых саюзнікаў спінай. У 2004 Румынія стала паўнавартасным членам НАТА. Траян Бэсеску — прэзідэнт у 2004—2014 — падпісаў пагадненне з ЗША аб стварэнні амерыканскіх ваенных баз на ўсходзе краіны. У 2009 Хілары Клінтан назвала Румынію адным з самых надзейных саюзнікаў ЗША.

У 2007 Румынія разам з Балгарыяй увайшла ў ЕС. Тады ж Румынія пажадала стаць часткай Шэнгенскай зоны, што было адобрана Еўрапейскім парламентам у чэрвені 2011 года, але адхілена Саветам ЕС у верасні 2011 года. Зрэшты, для наведвання Румыніі, напрыклад, грамадзянам Беларусі, неабходна Шэнгенская віза.[3] Яшчэ за камуністычным часам, у 1972, Румынія далучылася да Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага Банку. У Сусветнай гандлёвай арганізацыі — з першага дня яе існавання (1 студзеня 1995).

У ХХІ стагоддзі Румынія прымярае ролю правадніка інтэграцыі паміж чарнаморскімі суседзямі са складу былога СССР (Малдова, Украіна, Грузія) і Еўрапейскім саюзам. Наяўнасць значнай венгерскай меншасці абумоўлівае неабходнасць падтрымліваць сяброўства з Венгрыяй. Асаблівыя адносіны ў Румыніі з Малдовай — постсавецкай краінай, што гістарычна і моўна звязана з Румыніяй вельмі шчыльна. У пачатку 1990-х у Малдове быў створаны палітычны рух, што меў на мэце ўз’яднанне з Румыніяй. У 2005 годзе ўжо згаданы Бэсеску высунуў план аб’яднання Румыніі і Малдовы да ўступлення Румыніі ў ЕС. Гэты план не знайшоў падтрымкі з боку кіраўніцтва Малдовы.

Беларуска-румынскія адносіны

[правіць | правіць зыходнік]

20 снежня 1991 Румынія прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь і 14 лютага 1992 года былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі. У 1992 годзе Румынія адкрыла пасольства ў Мінску, завулак Калінінградскі 12. Яго кіраўніцтва забяспечваецца на ўзроўні часовага паверанага ў справах. У 1994 годзе Рэспубліка Беларусь адкрыла ў Бухарэсце генеральнае консульства, якое ў 1995 годзе было пераўтворана ў пасольства. У верасні 1997 у Вільнюсе, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў рамках міжнароднай канферэнцыі сустрэўся з румынскім калегам Эмілем Канстанцінеску; у лістападзе 1999 сустрэча паўтарылася падчас саміта АБСЕ.

У ХХІ ст. ключавым мерапрыемствам на двухбаковым палітычным трэку стаў афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь Міністра замежных спраў Румыніі Т. Мелешкану (9-10 лістапада 2017 года), падчас якога ён сустрэўся з кіраўніком беларускага МЗС і Прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым. У беларускім парламенце маецца рабочая група па супрацоўніцтве з Румыніяй, якую ўзначальвае Петрашова В. В., аналагічная група ёсць і ў Бухарэсце.[4]

Адміністрацыйны падзел

[правіць | правіць зыходнік]
Гістарычныя вобласці Румыніі

У адміністрацыйным плане Румынія падзяляецца на 41 жудзец, якія падраздзяляюцца на 256 муніцыпіяў і 2686 камун. Жудзецы кіруюцца прэфектамі, якія прызначаюцца цэнтральным урадам. З 2006 года прэфекты абавязаны быць беспартыйнымі. У адпаведнасці з Рэгламентам Еўрапейскага саюза № 1059/2003, тэрыторыя Румыніі падзяляецца на 8 рэгіёнаў развіцця, якія з’яўляюцца не адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, а толькі статыстычнымі зонамі краіны.

У Румыніі выдзяляецца некалькі гістарычных абласцей, шмат з якіх маюць працяг у суседніх краінах: Валахія (падзяляецца на Алтэнію і Мунтэнію), Малдавія (Бесарабію — яе ўсходнюю частку — займае незалежная Малдова), Букавіна (паўночная Букавіна ўваходзіць у сучасную Чарнавіцкую вобласць Украіны), Дабруджа (яе паўднёвая частка належыць Балгарыі), Трансільванія, Крышана, Банат, Мармарош (апошнія тры рэгіёны часам аб’ядноўваюць з Трансільваніяй).

Полава-ўзроставая структура, 2016

Розныя крыніцы даюць даволі розныя ацэнкі колькасці насельніцтва Румыніі — ад 19,5 да 21,5 млн чалавек. Натуральны прырост адмоўны і складае каля −3.5 праміле (2018). Сумарны каэфіцыент нараджальнасці вельмі нізкі — усяго 1,36 (у 2015 — 1,33), што нашмат ніжэй за ўзровень простага ўзнаўлення (2,1). Міграцыйны складнік слабаадмоўны. Сярэдні ўзрост складае 41,6 гадоў, працягласць жыцця — 75,6 гадоў. Насельніцтва старэе. Адсотак дзяцей і падлеткаў да 15 гадоў (14 %) меншы за долю асоб старэйшых за 65 гадоў (16 %).[5].

Нацыянальны склад

[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама Цыганы ў Румыніі

Этнічная карта румыніі. Венгры складаюць большасць насельніцтва ў трансільванскіх жудзецах — Харгіта (85 %) і Ковасна (73 %)

Згодна з перапісам 2011 года 89 % жыхароў краіны адносяцца да тытульнай нацыі — румынаў — раманскага народа; 6,1 % насельніцтва — гэта венгры, што з даўніх часоў кампактна пражываюць у Трансільваніі; 3 % — гэта цыганы. Сярод іншых меншасцей — туркі, немцы, украінцы, арамуны (старажытны раманізаваны балканскі народ), сербы і інш. У 2009 у Румыніі пражывалі 133 000 імігрантаў, большай часткай з Малдовы і Кітая. Лічыцца, што па-за межамі Румыніі па ўсім свеце жыве не менш за 12 мільёнаў румынаў і асоб з румынскімі каранямі.

Дзяржаўная мова румынская — найбольш шматлікая ў падгрупе ўсходнераманскіх моў. У румынскім алфавіце 26 класічных лацінскіх літар і 5 дадатковых: 'ă','â','î','ț', і 'ș'. На румынскай мове размаўляе 90 % насельніцтва, на венгерскай — 6 %, на ўлашскіх дыялектах цыганскай мовы — 1,2 %. Каля 50 000 чалавек у паўночных жудзецах размаўляе па-ўкраінску. Канстытуцыя забяспечвае правы нацыянальных меншасцей: у рэгіёнах, дзе нетытульныя народы складаюць больш за 20 %, іх мовы выкарыстоўваюцца ў адукацыі, справаводстве і інш. У школьнай адукацыі аддаецца перавага англійскай і французскай мовам як замежным. Згодна з данымі Еўрабарометра 2012, англійскай валодае 31 % румынаў, французскай — 17 %.

Рэлігійны склад

[правіць | правіць зыходнік]

Румынія — секулярная дзяржава. Тым не менш, рэлігія мае важную ролю ў жыцці румынаў. Паводле перапісу 2011, 81 % насельніцтва — праваслаўныя хрысціяне. Астатнія хрысціяне складаюць яшчэ 10 % (пратэстанты — 6 %, каталікі — 4 %). Туркі і татары пераважна мусульмане (64 000 чалавек). Атэістаў усяго 40 000. Румынская праваслаўная царква аўтакефальная, мае ўласнага патрыярха. Гэта другая па памерах праваслаўная царква свету, юрысдыкцыя якой распаўсюджваецца таксама на вернікаў Малдовы і румынскую дыяспару па ўсім свеце.

Размяшчэнне і гарады

[правіць | правіць зыходнік]

Шчыльнасць насельніцтва складае 84 чал/км². Насельніцтва размеркавана па тэрыторыі краіны даволі раўнамерна. Узровень урбанізацыі адзін з самых нізкіх у Еўропе — усяго 54 %. Дарэчы, з 1990-х узровень урбанізацыі нават паменшыўся. У Бухарэсце жыве 1,8 млн чалавек, у сталічнай агламерацыі — блізу 2,2 млн. Усяго маецца 19 гарадоў з насельніцтвам больш за 100 000 чалавек. Больш за 300 000 жывуць у Тымішаары і Клуж-Напоцы. Іншыя вялікія гарады — Ясы, Брашаў, Канстанца, Краёва.

У першай палове ХХ ст Румынія была сярод сусветных лідараў нафтаздабычы, а таксама выбітным вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі. Камуністычныя ўлады дадалі да гэтых галін спецыялізацыі цяжкую прамысловасць (машынабудаванне, металургію) пры поўным панаванні дзяржаўнай формы ўласнасці. 1990-я прайшлі пад знакам эканамічных цяжкасцей. Курс на прыватызацыю і рынкавую эканоміку, узяты ў посткамуністычнай Румыніі, прывёў да заняпаду многіх значных прадпрыемстваў. У 2000-х Румынія дэманстравала вялікія эканамічныя поспехі, што дало нагоду называць яе «ўсходнееўрапейскім тыграм». Уступленне ў ЕС адбілася на румынскай эканоміцы неадназначна. Румынія моцна пацярпела ад сусветнага крызісу 2008-09 гадоў. Вельмі высокі ўзровень карупцыі прывёў да крызісных з’яў у 2010-х. Сёння роля дзяржавы ў эканамічным жыцці мінімальная, падаходны падатак — адзін з самых нізкіх у ЕС (16 %). У структуры ВУП пераважае сфера паслуг (63 % у 2017), за ёй ідзе прамысловасць (33 %).[5] Пры гэтым у сельскай і лясной гаспадарцы занята 28 % эканамічна актыўнага насельніцтва — адзін з найвышэйшых паказчыкаў у Еўропе. Румынія прыцягвае значную колькасць замежных інвестыцый.

Паводле класіфікацыі Сусветнага банка Румынія адносіцца да дзяржаў з высокім прыбыткам. Згодна з Еўрастатам, ВУП на душу насельніцтва ў Румыніі складае 63 % ад сярэдняга ўзроўню па ЕС (у 2007 было 43 %, што робіць Румынію адной з самых хутка прагрэсуючых эканомік Старога свету. Грашовая адзінка — румынскі лей (RON); шырокае хаджэнне маюць еўра, на якія краіна ў рэшце рэшт мае перайсці. Заробкі ў Румыніі ў параўнанні з астатнімі краінамі ЕС дасюль вельмі нізкія: у 2019 годзе сярэдняя зарплата складае каля 2700 RON у месяц (570 еўра або $ 645)[7]. Параўнальна нізкі і ўзровень беспрацоўя (4,3 % у жніўні 2018). Інфляцыя таксама радуе жыхароў Румыніі, а ў 2016 яна была нават адмоўнай (-1,1 %)!

Маючы незвычайна вялікія для кантынентальнай Еўропы запасы нафты і газу, Румынія з’яўляецца адной з самых энергетычна незалежных дзяржаў рэгіёна. Энергетыку Румыніі вядуць кампаніі Petrom, Romgaz і Rompetrol. Першая з’яўляецца найбуйнейшым здабыўцам нафты, другая — газу ў паўднёва-ўсходняй Еўропе. Па аб’ёмах здабычы нафты (0,5 млн барэляў у дзень) Румынія займае 28 месца ў свеце, саступаючы ў Еўропе толькі Нарвегіі і Вялікабрытаніі; штогод здабываецца каля 10 млрд м³ прыроднага газу (прыблізна 40-е месца ў свеце, 4-е ў Еўропе). Румынскія НПЗ забяспечваюць патрэбы ўнутранага рынку, частка нафтапрадуктаў ідзе на экспарт. Асноўныя магутнасці і сеткі электраэнергетыкі належаць дзяржаўнай кампаніі Electrica. Румынія з’яўляецца нета-экспарцёрам электраэнергіі. У 2015 асноўнымі тыпамі электрастанцый былі ТЭЦ на вугалі (28 %), нафтавыя і газавыя (14 %); ГЭС (30 %), атамныя (18 %). Адзіная ў краіне Чэрнаводская АЭС, спраектаваная канадскай кампаніяй Atomic Energy of Canada Limited (AECL), працуе на цяжкай вадзе і мае 2 водна-вадзяных рэактары ў 1300 МВт кожны, яшчэ два плануецца пабудаваць.

2018 Dacia Duster Comfort 1.6

У машынабудаванні Румыніі самай знакамітай кампаніяй з’яўляецца Automobile Dacia, што з 1999 належыць французскаму Рэно. У 2014 аўтамабілі Dacia складалі 7,4 % экспарту краіны. З 2009 у Краёве працуе прадпрыемства Ford Romania, у 2017 яно было значна пашырана ў выніку пераносу вытворчасці прызначанай для еўрапейскага рынку прадукцыі з індыйскага горада Чэнаі.

Мужчынскі манастыр Путна ў Малдавіі, адзін з цэнтраў паломніцтва

Найбуйнейшыя кампаніі сферы паслуг — RCS & RDS (найбуйнейшая тэлекамунікацыйная кампанія ва Усходняй Еўропе і Banca Transilvania (банкаўскі сектар). Згодна з вынікамі аўтарытэтных даследаванняў, у Румыніі адна з найвышэйшых хуткасцей інтэрнэту ў Еўропе і ў свеце. Турызм дае 5 % румынскага ВУП і з’яўляецца адным з самых значных палюсоў росту эканомікі. У 2016 Румынію наведала больш за 9 млн турыстаў. Самым папулярным чарнаморскім курортам з’яўляецца Мамая блізу Канстанцы.

Румынскія дарогі

Румынія мае развітую сучасную транспартную сетку, у складзе якой прадстаўлены ўсе найважнейшыя віды транспарту. Працягласць аўтамабільных дарог складае 86 тыс.км, чыгуначнай сеткі — 22 300 км (чацвёртая па працягласці чыгунак у Еўропе). У 1990-я румыны фактычна закінулі свае чыгункі, аднак у ХХІ стагоддзі, дзякуючы мадэрнізацыі і частковай прыватызацыі, гэты транспарт акрыяў. З 1979 у Бухарэсце працуе метрапалітэн, агульная працягласць ліній складае 69 км, зрэшты, пасажыранапружаным яго не назавеш (усяго 600 000 пасажыраў цягам рабочага тыдня, менш чым у Мінску за дзень). У Румыніі 16 міжнародных аэрапортаў. Паветраныя вароты сталіцы — Міжнародны аэрапорт імя Хенры Каандэ (рум. Aeroportul Internaţional Henri Coandă) — ў 2017 прынялі і адправілі 12,8 млн пасажыраў. Дарэчы, Хенры быў піянерам румынскага паветраплавання. Канстанца — найбуйнейшы порт і верф у Чорным моры і адзін з самых ажыўленых партоў ў Еўропе.

Пожня, Валахія

У сельскай гаспадарцы дамінуе раслінаводства, а ў яго складзе — вырошчванне зерневых, галоўныя сярод якіх — кукуруза (8 млн тон) і пшаніца (5-7 млн тон). Таксама вырошчваюцца бульба, памідоры, яблыкі. Механізацыя слабая, тэхніка на 80 % састарэлая. У некаторых раёнах сяляне аруць на конях.

Асноўнымі артыкуламі экспарту Румыніі з’яўляюцца аўтамабілі, адзенне і тэкстыльныя вырабы, прамысловае абсталяванне, электрычнае і электроннае абсталяванне, металургічныя прадукты, сыравіна, ваеннае абсталяванне, фармацэўтычныя прэпараты, тонкая хімія, і сельскагаспадарчыя прадукты (садавіна, гародніна і кветкі), праграмнае забеспячэнне. Імпартуюцца лекі, рухавікі і запчасткі, электроніка, прадукты харчавання. Галоўнымі гандлёвымі партнёрамі традыцыйна з’яўляюцца Германія, Італія і Венгрыя. У 2010-х Румынія імкліва нарошчвала экспарт, тым не менш, гандлёвы баланс працягвае быць адмоўным (-6 млрд $ у 2016).[8]

У 2014—2018 гг.. штогадовы тавараабарот паміж Румыніяй і Беларуссю складаў 100—150 млн даляраў (у 2018—127,4 млн, экспарт — 80, імпарт — астатняе). Асноўныя тавары беларускага экспарту ў Румынію: трактары; фанера клееная; дрот; лесаматэрыялы падоўжна-распілаваныя. Асноўныя тавары імпарту з Румыніі: лекавыя сродкі, расфасаваныя для рознічнага продажу; мэбля; шыны; горны і печы прамысловыя. У Румыніі дзейнічаюць 9 суб’ектаў гаспадарання, якія прадстаўляюць інтарэсы беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ «МТЗ», ААТ «МАЗ», ААТ «БелАЗ», ААТ «Белкамунмаш», ААТ «Керамін», ААТ «Белшына».[9]

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]