Шаены
Tsétsêhéstâhese | |
Агульная колькасць | 12000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | шаенская |
Рэлігія | анімізм, пеётызм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | іншыя алганкіны |
Шае́ны (англ.: Cheyenne, саманазва: Tsétsêhéstâhese) — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Жывуць пераважна ў штатах Аклахома і Мантана. Агульная колькасць (2016 г.) — 12 000 чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле вусных паданняў, у мінулым продкі шаенаў жылі ў лясной зоне, меркавана ў паўночнай даліне Місісіпі[2]. У канцы XVII ст. пад ціскам суседніх плямён яны былі вымушаны перасяліцца ў даліны Мінесоты. У гэты перыяд да іх далучылася група So'taa'e, якая раней належала да народа арыкара.
Назва шаены (šahíyena) была дадзена перасяленцам суседзямі-сіў. З мовы сіў яна трапіла ў французскую, а потым — у англійскую. Аднак адзінага погляду на этымалогію назвы няма. Некаторыя лінгвісты лічаць, што слова šahíyena пазначала іншамоўных людзей, чужынцаў. Таксама высоўваецца меркаванне, што яно значыла «малыя кры»[3].
Паміж 1742 г. і 1770 г. шаены пачалі займацца конегадоўляй і ператварыліся ў тыповых конных паляўнічых прэрый. Яны замацаваліся ў рэгіёне Блэк-Хілс[4], прытрымліваліся саюзу з арапаха і сіў. У выніку паступовай экспансіі на паўднёвы захад у канцы XVIII ст. адбыўся падзел на паўночных і паўднёвых шаенаў. У 1825 г. і 1851 г. былі заключаны мірныя дагаворы з урадам ЗША[5]. Яны прадугледжвалі міграцыю белых перасяленцаў праз землі шаенаў на захад і канчаткова замацавалі падзел народа на 2 галіны.
Перасяленне выклікала скарачэнне прыродных запасаў у рэгіёнах, населеных шаенамі, а таксама распаўсюджанне эпідэмічных захворванняў. У 1857 г. адбыўся першы ўзброены інцыдэнт паміж паўночнымі шаенамі і рэгулярнай арміяй ЗША, выкліканы непаразуменнямі паміж індзейцамі і амерыканскімі вандроўнікамі.
Адкрыццё золата ў Каларада ў 1858 г. прывяло да імкнення амерыканскіх уладаў анексаваць частку індзейскіх тэрыторый. У 1861 г. 6 правадыроў паўднёвых шаенаў і 4 правадыры арапаха заключылі пагадненне з ЗША, якое прадугледжвала значнае скарачэнне іх зямель. Але большасць шаенаў адмовілася прызнаць пагадненне. 29 лістапада 1864 г. атрад амерыканскіх добраахвотнікаў на чале з Джонам Чывінгтанам атакаваў лагер шаенаў і арапаха ў Сэнд-Крык[6], нягледзячы на тое, што іх правадыр Чорны Кацёл прытрымліваўся міру. Гэта прывяло да абвастрэння ўзаемнай варожасці, а таксама да палітычнага скандалу ў ЗША.
17 кастрычніка 1865 г. паўднёвыя шаены, арапаха і лакота падпісалі новае мірнае пагадненне з ЗША[7], але яно было перарвана вайной Чырвонага Воблака (1866—1868 гг.)[8], якая скончылася фактычнай перамогай індзейцаў. ЗША былі вымушаны пакінуць частку ўмацаванняў і даць дазвол саюзным плямёнам на паляванне на тэрыторыях, што не ўваходзілі ў склад індзейскіх земляў.
Адкрыццё золата і дазвол урада ЗША на перасяленне белых мігрантаў у Блэк-Хілс у 1875 г.[9] выклікалі напружанне ў адносінах з паўночнымі шаенамі. 25 чэрвеня — 26 чэрвеня 1876 г. адбылася бітва каля Літл-Бігхорн[10], у выніку якой аб’яднаныя сілы паўночных шаенаў, сіў і арапаха нанеслі паражэнне часткам арміі ЗША. У 1879 г. спроба амерыканскіх ваенных суправадзіць паўночных шаенаў у рэзервацыю скончылася іх уцёкамі.
Нягледзячы на адчайны супраціў, да 1884 г. паўднёвыя і паўночныя шаены апынуліся ў адведзеных для іх рэзервацыях.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Заняткі
[правіць | правіць зыходнік]За некалькі стагоддзяў шаены цалкам змянілі лад жыцця ад вандроўных паляўнічых і земляробаў лясной зоны да качавых паляўнічых і жывёлагадоўцаў раўнін. Пасля перасялення ў рэзервацыі многія шаены ўпадабалі аселы лад жыцця.
Вялікую ролю ў першапачатковай трансфармацыі адыграла конегадоўля. Французскія крыніцы паведамлялі, што шаены Канзаса пачалі трымаць коней каля 1745 г.[11] Паляўнічыя-коннікі мелі больш шанцаў для пераследу капытных жывёл, у тым ліку шматлікіх бізонаў. Пры гэтым важнымі заставаліся гандлёвыя сувязі з ляснымі плямёнамі і еўрапейцамі. Шаены абменьвалі сушонае мяса, скуры, рамесныя вырабы на кукурузу, пшанічную муку, агнястрэльную зброю, жалеза і інш.
Дадатковымі традыцыйнымі заняткамі з’яўляліся збіральніцтва, земляробства і рамяство. Апошняе пасля перасялення на раўніны захоўвалася толькі ў некаторых мясцовасцях, але зноў атрымала важнасць пасля перасялення ў рэзервацыі. Акрамя гародніны і збожжавых культур, шаены вырошчваюць кармавыя. Збіралі каля 40 розных ядомых раслін[12]. Многія віды рамяства выконваюцца жанчынамі — апрацоўка скуры, выраб скураной вопраткі і абутку. Мужчыны апрацоўваюць драўніну і металы, раней быў распаўсюджаны выраб зброі.
У нашы дні многія шаены жывуць і працуюць за межамі рэзервацый, шукаюць наёмную працу ў прамысловасці і сельскагаспадарчых фермах. Жыхары рэзервацый атрымоўваюць урадавую эканамічную дапамогу.
Жытло
[правіць | правіць зыходнік]Качавы лад жыцця вымушаў шаенаў перамяшчацца на значныя адлегласці. Звычайным відам паселішча з’яўляўся часовы лагер, які ладзілі каля ракі або іншых крыніц вады. Ён складаўся з разборных канічных тыпі. Кожны тыпі належаў асобнай нуклеарнай сям’і.
Сацыяльная арганізацыя
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйная родавая супольнасць распалася пасля перасялення на раўніны[13]. Шаены аб’ядноўваліся ў групы сем’яў vestoz , што качавалі разам па адной мясцовасці і жылі ў адзіных лагерах. Часцяком гэта былі блізкія сваякі. Меліся і большыя па колькасці аб’яднанні качэўнікаў manhastoz і manhao[14]. Апошнія мелі рытуальны характар і кіраваліся радай правадыроў. Да сярэдзіны XIX ст. налічвалася каля 10 manhao, пасля эпідэмій засталося толькі 3. Імкненне да сумеснай абароны прывяло да фарміравання супольнай рады з 44 прадстаўнікоў розных груп. Рада сарака чатырох заключала дагаворы ад імя ўсіх шаенаў, судзіла, прымала агульныя правілы.
Звычайная форма сям’і — малая нуклеарная. Сексуальныя зносіны да шлюбу забараняліся. Шлюбы звычайна заключаліся па дамове сямей, заляцанне да нявесты магло працягвацца некалькі гадоў. Пасля смерці мужчыны яго маёмасць падзялалася паміж усімі чальцамі групы.
У XIX ст. асаблівую ролю набылі ваенныя супольнасці notxestoz. Яны аб’ядноўвалі воінаў з розных качавых груп і мелі сваіх правадыроў, прадстаўленых у радзе сарака чатырох. У мірны час ваенныя супольнасці падтрымлівалі парадак, ахоўвалі коней, арганізоўвалі рэлігійныя цырымоніі. Падчас вайны notxestoz з’яўляліся найбольш баяздольнымі адзінкамі. У некаторых выпадках у ваенныя супольнасці прымаліся жанчыны і выхадцы з іншых плямён.
Першапачаткова вылучаліся 4 ваенныя супольнасці шаенаў[15]:
- Monêsóonetaneo'o («лісы» або «каёты»)
- Hémo'eoxeso («ласі»)
- Ma'ėhoohevase («шчыты»), у сваім складзе мелі асобную групу Hotóanótâxeo'o («бізоны»)
- Héma'tanóohese («цецівы»)
Апошняя ваенная супольнасць фактычна перастала існаваць у выніку войн з амерыканцамі, але на яе аснове былі створаны супольнасці Hotamémâsêhao'o («ваўкі») і Hotamétaneo'o («воіны-сабакі»).
Фальклор
[правіць | правіць зыходнік]Шаены маюць багатую вусную традыцыю пераказу казак, міфаў, гістарычных паданняў. Асабліва вылучаюцца міфы пра паходжанне свету, гісторыі трыкстэра павука Wihio і розных фантастычных істот[16]. Танцы, у тым ліку знакаміты танец сонца, мелі рытуальны характар. Захаваліся святочныя песні, любоўная лірыка, паляўнічыя, ваенные і прыгодніцкія спевы. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — барабаны, флейта. Шаенскае музычнае мастацтва актыўна развіваецца і ў нашы дні.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Шаенская мова адносіцца да алганкінскай групы моў. Найчасцей выкарыстоўваецца ў побыце паўночнымі шаенамі Мантаны, але колькасць носьбітаў стала скарачаецца.
У мінулым была распаўсюджана піктаграфічная пісьмовасць. У нашы дні карыстаюцца алфавітам на аснове лацінкі, які ўтрымоўвае 14 літар[17].
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйныя вераванні засноўвалася на веры ў існаванне душы ў чалавека, жывёл і прадметаў, а таксама ў шматлікіх духаў і фантастычных істот. Паводле паданняў, сусвет быў створаны Вялікім духам Махеа[18], але яго ўмяшальніцтва ў паўсядзённае жыццё не лічылася вельмі істотным. Важную ролю адыгрывалі шматлікія рытуалы і забабоны. Сувязь з духамі забяспечвалі шаманы, якія часцяком выконвалі функцыю правадыроў і займаліся лекаваннем. Жанчыны-шаманкі аказвалі дапамогу ў выпадку захворванняў, сурокаў, падчас родаў. Аднак лічылася, што сувязь паміж чалавекам і духамі можа ўсталёўвацца і ў выпадку індывідуальных намаганняў у ходзе выканання рытуалаў. Найбольш важныя рытуалы — танец сонца Hoxehe-vohomo' ehestotse, танец жывёл Massaum, шанаванне свяшчэнных стрэл Mahuts і лекарскага капелюша Isiwun[19].
У нашы дні значная колькасць вернікаў спавядае хрысціянства, належыць да канфесій каталікоў і менанітаў.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Cheyenne in United States
- ↑ Cheyenne (people) facts, information, pictures
- ↑ What is the origin of the word «Cheyenne»?
- ↑ Linea Sundstrom, The Sacred Black Hills An Ethnohistorical Review
- ↑ Cheyenne — History and Cultural Relations
- ↑ Sand Creek Massacre
- ↑ Treaty with the Apache, Cheyenne, and Arapaho; October 17, 1865
- ↑ Red Cloud’s War
- ↑ Greg Bradsher, How the West Was Settled
- ↑ BATTLE OF THE LITTLE BIGHORN: MOUNTING TENSIONS
- ↑ Horses and Plains Indians
- ↑ Cheyenne — Economy
- ↑ Cheyenne — Kinship
- ↑ Cheyenne — Sociopolitical Organization
- ↑ George A. Dorsey, The Cheyenne
- ↑ Native Languages of the Americas: Cheyenne Legends, Myths, and Stories
- ↑ Cheyenne (Tsėhesenėstsestotse)
- ↑ Legendary Native American Figures: Maheo (Maheu)
- ↑ Cheyenne — Religion and Expressive Culture
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Шаены на Вікісховішчы |