Тыпі
Ты́пі (ад сіў: thípi, літаральна «яны жывуць») — аднакамернае жытло паўночнаамерыканскіх індзейцаў конусападобнай формы. Было шырока распаўсюджана ў раёнах прэрый.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Лічыцца, што жытло, падобнае да тыпі, індзейцы ладзілі з 2 тысячагоддзя да н. э., магчыма, нават раней. Хаця ў нашы дні канічныя шатры асацыююцца з культурамі захаду, на ўсходніх лясных раўнінах яны пачалі выкарыстоўвацца значна раней. Конусападобныя вігвамы сустракаліся ў плямён алганкінаў і іракезаў. Конусападобныя буданы, крытыя карою і зямлёй, былі шырока прадстаўлены ў старажытных сіўанскіх народаў усходняга ўзбярэжжа, раёнаў Вялікіх азёр і даліны ракі Агая.
На Вялікіх раўнінах і далей на захад тыпі з’явіліся пераважна ў XVIII ст., калі туды мігрыравалі плямёны, што займаліся качавой конегадоўляй і конным паляваннем. Аселыя народы таксама выкарыстоўвалі тыпі як часовае жытло ў сезоны палявання. Тыпі былі прыдатнымі для качэўнікаў і паляўнічых дзякуючы сваёй мабільнасці, прастаце зборкі і разборкі.
У нашы дні тыпі служаць індзейцамі пераважна ў рытуальных мэтах. Аднак іх форма і вопыт канструявання шырока выкарыстоўваюцца сучаснымі архітэктарамі. Распаўсюджаны намёты ў форме тыпі.
Канструкцыя
[правіць | правіць зыходнік]Тыпі — разборнае жытло. У яго аснове драўляны каркас з прамых жэрдак. Індзейцы Вялікіх раўнін звычайна выкарыстоўвалі ад 15 да 25 загадзя апрацаваных прамых хваёвых жэрдак. 2 жэрдкі служылі слупамі для дымавой адтуліны. Жэрдкі для каркаса складалі ў форме конуса і счаплялі разам прыкладна ў 0,4 — 1 м ад верхавіны. Жэрдкі з боку ўвахода пакідалі больш доўгімі, таму конус ніколі не быў ідэальным. Унізе жэрдкі абапіраліся на камяні або дзёран, якія фарміравалі сабою кола.
Каркас накрывалі двума так званымі вечкамі ў нахваст. Да сярэдзіны XIX ст. вечкі шылі са скуры бізонаў. У нашы дні найчасцей выкарыстоўваюць брызент або нават палімернае палатно. Знешні бок вечка часцяком аздабляўся арнаментам і малюнкамі.
-
Агульны выгляд сучаснага тыпі
-
Вузел для счаплення тыпі асінібойн
-
Аздабленне вечка для тыпі каёва
-
Кола з камянёў пасля разбору тыпі
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- У большасці качавых народаў Паўночнай Амерыкі абавязак усталявання і разбору тыпі лічыўся жаночым.
- Самае вялікае тыпі было ўзведзена падчас XIX зімовых Аліпійскіх гульняў у Солт-Лэйк-Сіці ў 2002 г. Яно дасягала 16,063 м у вышыню і займала плошчу 201,23 м².
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Тыпі індзейцаў лясной зоны каля возера Гурон, сярэдзіна XIX ст.
-
Пеганы каля тыпі, 1893 г.
-
Тыпі апачы, 1898 г.
-
Тыпі цуутына, першая трэць XX ст.
-
Сучасны будынак у форме тыпі, Канада
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Тыпі на Вікісховішчы |