Перайсці да зместу

Васка да Гама

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васка да Гама
парт.: Vasco da Gama
Дата нараджэння 1469 ці каля 1460[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 24 снежня 1524
Месца смерці
Месца пахавання
Бацька Estêvão da Gama[d]
Маці Izabel Sodre[d][2]
Жонка Catarina de Ataíde[d]
Дзеці Estêvão da Gama[d] і Cristóvão da Gama[d]
Грамадзянства
Прыналежнасць Каралеўства Партугалія
Званне адмірал
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ва́ска да Га́ма (парт.: Vasco da Gama; 14691524) — партугальскі даследчык, вядомы як першы еўрапеец, які здзейсніў марское падарожжа ў Індыю.

Адкрыццё да Гамы было вельмі значным, бо адкрыла шлях на цэлае стагоддзе для глабальнага імперыялізму і дазволіла партугальцам усталяваць вялізную каланіяльную імперыю ў Азіі. Усталяванне маршруту азначала, што партугальцам больш не трэба будзе перасякаць ні Міжземнае мора, ні небяспечны Аравійскі паўвостраў і што ўвесь шлях будзе праходзіць па моры. Сума адлегласцяў, пройдзеных у абодвух кірунках, зрабіла экспедыцыю самым працяглым марскім рэйсам на той час, больш працяглым за поўнае падарожжа вакол свету па экватары[4]. Толькі праз стагоддзе пасля адкрыцця такія еўрапейскія дзяржавы, як Англія, Галандыя і Францыя, змаглі, нарэшце, разарваць манаполію Партугаліі і марскую перавагу ў шляху вакол Афрыкі, адкрываючы такім чынам новую эру еўрапейскага імперыялізму на Усходзе.

Пасля дзесяцігоддзяў спробаў маракоў дасягнуць Індыі, падчас якіх былі страчаныя тысячы жыццяў і дзясяткі суднаў у караблекрушэннях і нападах, да Гама высадзіўся ў Калікуце 20 мая 1498 года. Дасягненне легендарных індыйскіх маршрутаў спецыяў карэнным чынам дапамагло Партугальскай імперыі палепшыць сваю эканоміку, якая да адкрыцця Васкі да Гама грунтавалася, галоўным чынам, на гандлі ўздоўж паўночнай і прыбярэжнай Заходняй Афрыкі. Атрыманыя спецыі ў асноўным былі перцам і карыцай, але неўзабаве былі ўключаныя і іншыя, новыя для Еўропы, прадукты, што прывяло да гандлёвай манаполіі Партугаліі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

Васка да Гама кіраваў дзвюмя армадамі ў Індыю, першай і чацвёртай. Чацвёртая была самай значнай і стартавала толькі праз чатыры гады пасля яго вяртання з першай. За свой унёсак ён прызначаны губернатарам Індыі ў 1524 годзе з тытулам віцэ-караля, а таксама ўганараваны тытулам графа Відыгейра ў 1519 годзе. Васка да Гама застаецца вядучай фігурай у гісторыі даследаванняў і да гэтага часу. Па ўсім свеце яго даследаванні і дасягненні былі адзначаны пашанай. Партугальскі нацыянальны эпас Лузіяды напісаны ў яго гонар. Яго першая экспедыцыя ў Індыю традыцыйна лічыцца важнай вяхой у сусветнай гісторыі, яна паклала пачатак першай хвалі глабальнага мультыкультуралізму[5].

Даследаванні да Васкі да Гамы

[правіць | правіць зыходнік]
Новыя судны тыпу «каравела», уведзеныя ва ўжыванне ў сярэдзіне 15-га стагоддзя, значна дапамаглі партугальскім даследаванням.

Пачынаючы з першай паловы 15-га стагоддзя, партугальскія экспедыцыі, арганізаваныя прынцам Генры Навігатарам, прасоўваліся ўздоўж узбярэжжа Афрыкі ў пошуках багаццяў Заходняй Афрыкі (у асноўным, золата). Яны значна пашырылі партугальскія навігацыйныя веды, але мала спрыялі дасягненню пастаўленых мэтаў. Пасля смерці Генрыха ў 1460 годзе партугальцы не праявілі вялікай цікавасці да даследаванняў. У 1469 годзе манапольныя правы на Афрыканскі гандаль былі прададзеныя гандлёваму кансорцыуму на чале з Фернанам Гомесам. На працягу некалькіх гадоў Гомес значна пашырыў веды партугальцаў аб Гвінейскім заліве, робячы бізнес на залатым пяску, перцы, слановай косці і рабах. Калі дамоўленасць з Гомесам падышла да аднаўлення ў 1474 годзе, прынц Жуан (будучы кароль Жуан II) папрасіў свайго бацьку Афонса V Партугальскага перадаць Афрыканскую манаполію яму.

Стаўшы манархам ў 1481 годзе, Жуан II пачаў доўгатэрміновыя рэформы. Каб разарваць залежнасць манарха ад феадальнай знаці, Жуан II вырашыў стварыць каралеўскую казну і бачыў каралеўскі гандаль ў якасці ключа да сваёй мэты. Пад наглядам Жуана II значна пашырыўся гандаль золатам і рабамі ў Заходняй Афрыцы. Ён быў гатовы ўвайсці ў высокапрыбытковы гандаль спецыямі паміж Еўропай і Азіяй. На той час гандаль быў практычна манапалізаваны Венецыянскай рэспублікай, якая кіравала сухапутнымі маршрутамі праз леванційскія і егіпецкія парты і далей праз Чырвонае мора да рынкаў спецыяў Індыі. Жуан II паставіў новую мэту для сваіх капітанаў: знайсці марскі шлях у Азію вакол Афрыканскага кантынента.

У 1487 годзе Жуан II накіраваў двух дыпламатаў Перу да Кавільяна і Афонсу дэ Пайва сушшу праз Егіпет ва Усходнюю Афрыку і Індыю, каб даведацца падрабязнасцяў пра рынкі спецыяў і гандлёвыя шляхі. Прарыў адбыўся неўзабаве пасля таго, як капітан Жуана II Барталамеу Дыяш вярнуўся пасля адкрыцця мыса Добрай Надзеі ў 1488 годзе, даследаваўшы да Вялікай рыбнай ракі і пацвердзіўшы, што невядомае ўзбярэжжа працягнулася на паўночны ўсход.

Заставалася толькі даказаць сувязь паміж адкрыццямі Дыяша, а таксама Кавільяна і дэ Пайвы, і звязаць гэтыя асобныя сегменты ў адкрыццё, каб наладзіць патэнцыйна прыбытковы гандлёвы маршрут у Індыйскім акіяне.

Выява Васка да Гама на памятнай манеце ў гонар 500-годдзя нараджэння
Помнік Васка да Гаме ў Сінішы, Партугалія

Васка да Гама нарадзіўся ў 1460 або 1469 годзе[6] ў Сінішы на паўднёва-заходнім узбярэжжы Партугаліі, імаверна, у доме побач царквы Носа-Сеньёра-дас-Салас. Сініш, адзін з нешматлікіх марскіх партоў на ўзбярэжжы Алентэжу, складаўся не больш чым з некалькіх пабеленых, з чырвонай чарапіцай дамоў, у якіх жылі ў асноўным рыбакі.

Бацька Васкі Эштэван да Гама служыў рыцарам ва ўладаннях інфанта Фердынанда, герцага Візеу[7], а пасля ў шэрагах ваеннага ордэна Сант’яга. Эштэван да Гама быў прызначаны грамадзянскім губернатарам Сінеша ў 1460 годзе, гэтую пасаду ён займаў да 1478 года, а пасля працягнуў у якасці збіральніка падаткаў і загадчыкам маёмасці Ордэна ў рэгіёне.

Эштэван да Гама ажаніўся з Ізабэль Содрэ, дачкою Жуана Содрэ (таксама вядомага як Жуана дэ Рэсэндэ), нашчадка сям’і англійскага паходжання. Яе бацька і браты, Вісэнтэ Содрэ і Браш Содрэ, былі звязаныя з дваром інфанта Дыега, герцаг Візэў і з’яўляліся вядомымі дзеячамі ваеннага ордэна Хрыста.

Васка да Гама быў трэцім з пяцёх сыноў Эштэвана да Гама і Ізабель Содрэ — верагодны парадак дзяцей: Паўлу да Гама, Жааў Содрэ, Васка да Гама, Пэдра да Гама і Айрэс да Гама. У Васкі таксама была вядомая сястра Тэрэза да Гама, якая ўзяла шлюб з Лопа Мэндэсам дэ Васкансэласам[8]. Мала вядома аб раннім жыцці да Гамы. Існуюць меркаванні, што ён вучыўся ў горадзе Эвары матэматыцы і навігацыі. Таксама сцвярджаецца, (хоць і сумнеўна), што ён вучыўся ў астролага і астранома Аўраама Закута[9].

Каля 1480 года да Гама ўслед за сваім бацькам уступіў у ордэн Сант’яга[10]. Майстрам ордэна быў князь Жуан, які ў 1481 годзе ўзышоў на трон як кароль Жуан II Дасканалы. Жуан II апекаваў ордэн, і дастатак да Гамы ўзрос. У 1492 годзе Жуан II накіраваў да Гаму з місіяй у порт Сетубал і ў Алгарве, каб захапіць французскія караблі ў адплату за рабаванні ў мірны час партугальскіх суднаў. З гэтай задачай да Гама хутка і эфектыўна справіўся[11].

Першае плаванне

[правіць | правіць зыходнік]
Маршрут першага падарожжа Васкі да Гамы (1497—1499)

8 ліпеня 1497 года Васка да Гама павёў флот з чатырох караблёў з экіпажам у 170 чалавек з Лісабона. Адлегласць, пройдзеная ў падарожжы вакол Афрыкі ў Індыю і назад, была большая, чым адлегласць па экватары[12][13]. У склад экспедыцыі ўваходзілі самыя дасведчаныя партугальскія маракі таго часу: Пяро дэ Аленкер, Перу Эшкабар, Жааў дэ Каімбры і Афонсу Ганкальвес. Дакладна не вядома, колькі было людзей у экіпажы кожнага судна, але толькі 55 вярнулася, і два караблі былі страчаныя. Два караблі былі нядаўна пабудаваныя дзеля плавання, верагодна, каравела і карабель забеспячэння[12]. Чатыры караблі, з якіх складалася экспедыцыя, былі:

  • Сан-Габрыэл, якім камандаваў Васка да Гама; карака ў 178 тон, даўжыня 27 м, шырыня 8,5 м, асадка 2,3 м, ветразі 372 м.
  • Сан-Рафаэл, якім камандаваў брат Васкі Паўлу да Гама; карабель меў падобныя памеры з Сан-Габрыэлам.
  • Каравела Бэрыа, меншымі памерамі за першыя два (пазней перайменаваны ў Сан-Мігель), суднам камандаваў Мікалаў Каэльё
  • Карабель забеспячэння з невядомым імем пад камандаваннем Гансала Нуньеса. Карабель пазней быў страчаны каля заліва Сан-Брас, уздоўж усходняга ўзбярэжжа Афрыкі[7].
Помнік Крыжа Васкі да Гамы на Мысе Добрай Надзеі, Паўднёвая Афрыка

Экспедыцыя адплыла з Лісабона 8 ліпеня 1497 года. Яна рушыла ўслед маршрута, пракладзенага раней даследчыкамі ўздоўж узбярэжжа Афрыкі праз астравы Тэнэрыфэ і Зялёнага Мыса. Пасля дасягнення ўзбярэжжа сучаснай Сьера-Леонэ да Гама ўзяў курс на поўдзень у адкрыты акіян, перасякаючы экватар і адшукваючы заходнія вятры Паўднёвай Атлантыкі, якія Барталамеў Дыяш адкрыў у 1487 годзе[14]. Гэты курс аказаўся паспяховым, і 4 лістапада 1497 года экспедыцыя высадзілася на ўзбярэжжы Афрыкі. Больш чым за тры месяцы караблі праплылі больш за 10000 кіламетраў у адкрытым акіяне, на той час самы доўгі шлях па-за бачнасцю зямлі.[12][15]

16 снежня флот прайшоў Вялікую рыбную раку — месца, дзе Дыяш павярнуў назад і паплыў далей у водах, якія яшчэ былі невядомыя еўрапейцам. Калядныя святы да Гама і яго каманда сустрэлі на ўзбярэжжы, якое яны назвалі Натал, гэтае слова на партугальскай мове мае значэнне «нараджэнне Хрыста».

Васка да Гама правёў з 2 па 29 сакавіка 1498 года ў раёне Мазамбікскіх астравоў. Тэрыторыя, якая кантралявалася арабамі на ўзбярэжжы Ўсходняй Афрыкі, была неад’емнай часткай сеткі гандлю ў Індыйскім акіяне. Баючыся, што мясцовае насельніцтва будзе варожым да хрысціян, да Гама назваўся мусульманінам і быў запрошаны на аўдыенцыю да султана Мазамбіка. Але, не маючы дастаткова гандлёвых тавараў, да Гама быў не ў стане забяспечыць прыдатны падарунак кіраўніку, і неўзабаве мясцовае насельніцтва стала з падазрэннем паглядаць на да Гаму і яго людзей. Вымушаны з-за варожага натоўпу збегчы з Мазамбіка да Гама з гавані некалькі разоў стрэліў са сваіх гарматаў у бок горада ў якасці помсты[16].

У раёне сучаснай Кеніі экспедыцыя занялася пірацтвам, рабуючы арабскія гандлёвыя суды, якія без цяжкіх гарматаў былі фактычна бяззбройныя. Партугальцы сталі першымі вядомымі еўрапейцамі, якія наведалі порт Мамбасы з 7 па 13 красавіка 1498 года, але і там іх сустрэлі варожа, і яны неўзабаве пакінулі порт.

Васка да Гама высаджваецца ў Калікуце 20 мая 1498 года.

Васка да Гама рушыў далей на поўнач, прыбыўшы ў сяброўскі порт Маліндзі 14 красавіка 1498 г. — чые кіраўнікі былі тады ў канфлікце з жыхарамі Мамбасы, там экспедыцыя ўпершыню адзначыла доказы прысутнасці індыйскіх гандляроў. Да Гама скарыстаўся паслугамі лоцмана, чыё веданне мусонных вятроў дазволіла яму давесці экспедыцыю да Калікута, размешчанага на паўднёва-заходнім узбярэжжы Індыі. Крыніцы па-рознаму называюць лоцмана: і як хрысціяніна, і як мусульманіна, і як гуяраці. У адной з крыніц лоцман апісваецца ў якасці знакамітага арабскага мараплаўцы Ібн Маджыда, але Маджыд не мог быць у тым месцы ў той час[17]. Васка да Гама пакінуў Маліндзі 24 красавіка 1498 года і накіраваўся ў бок Індыі.

Перагаворы Васкі да Гамы з Заморынам. Стальная гравюра 1850 года з сучаснай ручной афарбоўкай.

Флот прыбыў у Кападу каля Калікуты, Індыя, 20 мая 1498 года. Кароль Калікута Заморын, які на той час быў у сваёй другой сталіцы ў Панані, вярнуўся ў Калікут, пачуўшы вестку аб прыбыцці замежнага флоту. Маракі былі прынятыя з традыцыйнай гасціннасцю, улучаючы вялікае шэсце не меней за 3000 узброеных ваяроў, але перамовы з Заморынам не далі ніякіх канкрэтных вынікаў. Падарункі, якія да Гама прынёс Заморыну — чатыры плашчы з пунсовай тканіны, шэсць капелюшоў, чатыры галіны каралаў, скрынка з сямю меднымі пасудзінамі, кавалак цукру, дзве бочкі алею і бочка мёду — былі сціплыя і не зрабілі ўражання. Чыноўнікі Заморына здзіўляўся, чаму не было ніякага золата або срэбра, а мусульманскія купцы, якія лічылі да Гаму сваім супернікам, выказалі здагадку, што апошні быў толькі звычайным піратам, але ніяк не каралеўскім паслом[18]. Запыты Васкі да Гамы на дазвол на выезд за межы факторыі, каб прадаць рэшткі тавараў, былі адхіленыя каралём, які настойваў, каб да Гама заплаціў мытныя пошліны, пераважна ў золаце, як усе іншыя гандляры, што прывяло да напружаных адносінаў з Заморынам. Раздражнёны гэтым да Гама сілай узяў з сабою некалькіх наіраў і шаснаццаць рыбакоў[19]. Тым не менш, экспедыцыя да Гамы была вельмі паспяховай і пераўзышла ўсе спадзяванні, дастаўлены груз каштаваў у шэсцьдзесят разоў больш за выдаткі на экспедыцыю.

Вяртанне назад

[правіць | правіць зыходнік]

Васка да Гама пакінуў Калікут 29 жніўня 1498. Жадаючы хутчэй даплыць да дому, ён праігнараваў мясцовыя веды пра мусонныя вятры, якія дзьмуць на бераг. Флот першапачаткова плыў на поўнач уздоўж узбярэжжа Індыі, а потым спыніўся на востраве Анджадзіва. Нарэшце, 3 кастрычніка 1498 года экспедыцыя рушыла шляхам праз Індыйскі акіян. Але ўсталяваліся зімнія мусоны, падарожжа стала вельмі павольным. Так, калі летам падарожжа пры спрыяльным мусонным ветры заняло толькі 23 дні, то на адваротным шляху, каб перасекчы Індыйскі акіян супраць ветру, спатрэбілася ўжо 132 дні.

Экспедыцыя да Гамы ўбачыла зямлю толькі 2 студзеня 1499 года, праходзячы паўз прыбярэжны самалійскі горад Магадыша. Флот не рабіў прыпынку, але, праходзячы міма Магадзіша, ананімны мемуарыст экспедыцыі адзначыў, што гэта быў вялікі горад з дамамі з чатырох ці пяці паверхаў, з высокімі і вялікімі палацамі ў цэнтры і многімі мячэцямі з цыліндрычнымі мінарэтамі[20].

Слуп Васкі да Гамы ў Маліндзі, узведзены на зваротным шляху

Флот да Гамы, нарэшце, прыбыў у Маліндзі 7 студзеня 1499 года ў жудасным стане — прыкладна палова экіпажа загінула падчас плавання, а з тых, хто застаўся, многія былі хворыя на цынгу. Не маючы дастаткова здаровых чальцоў экіпажа, каб кіраваць трыма караблямі, да Гама загадаў затапіць Сан-Рафаэл ля ўсходняга ўзбярэжжа Афрыкі, а экіпаж размеркаваць паміж астатнімі двума караблямі, Сан-Габрыэлам і Берыа. Пасля гэтага плаванне стала больш хуткім. Да пачатку сакавіка яны прыбылі ў Мосел-Бэй і перасеклі мыс Добрай Надзеі 20 сакавіка, а ўзбярэжжа Заходняй Афрыкі дасягнулі 25 красавіка.

Дзённік экспедыцыі абрываецца на гэтым. Рэканструкцыя з іншых крыніц дазваляе меркаваць, што экспедыцыя працягнулася да Каба-Вердэ, дзе Бэрыа на чале з Мікалаў Каэльё аддзялілася ад Сан-Габрыэла Васкі да Гамы і паплыла асобна[21]. Бэрыа прыбыла ў Лісабон 10 ліпеня 1499 года і Мікалаў Каэльё асабіста даставіў навіны каралю Мануэлю I і каралеўскаму двару, які тады знаходзіўся ў Сінтры. У той жа час, яшчэ ў Каба-Вэрдэ, брат да Гамы Паўлу да Гама цяжка захварэў. Да Гама вырашыў застацца з ім на востраве Сант’яга і даручыў свайму намесніку Жуану дэ Са плыць разам з Сан-Габрыэлам дадому. Пад кіраўніцтвам дэ Са Сан-Габрыэл прыбыў у Лісабон недзе ў канцы ліпеня — пачатку жніўня. Да Гама і яго хворы брат у канчатковым выніку адплылі на гвінейскай каравэле ў Партугалію, але Паўлу да Гама памёр у дарозе. Да Гама спыніўся на Азорскіх астравах, каб пахаваць свайго брата ў манастыры Сан-Францыска ў Ангра-ду-Эроіжму, і затрымаўся там на некаторы час у жалобе па браце. У рэшце рэшт, ён сеў на Азорскую каравэлу і нарэшце прыбыў у Лісабон 29 жніўня 1499 г[22] (у пачатку верасня па іншых крыніцах). Нягледзячы на яго меланхалічны настрой, да Гаму сустрэлі як героя, яго ўганаравалі трыўмфальным шэсцем і грамадскімі ўрачыстасцямі. Кароль Мануэль напісаў два лісты, у якіх апісаў першы рэйс Васкі да Гамы, у ліпені і жніўні 1499, неўзабаве пасля вяртання караблёў. Джыралама Серджыні таксама напісаў тры лісты, якія апісваюць першы рэйс да Гамы, у бліжэйшы час пасля вяртання з экспедыцыі.

Экспедыцыя каштавала вялікіх выдаткаў — былі страчаныя адзін карабель і больш за палову каманды. Не ўдалося дасягнуць асноўнай місіі плавання — усталяваць гандлёвы дагавор з Калікутай. Тым не менш, спецыі, прывезеныя на астатніх двух караблях, былі прададзеныя з велізарным прыбыткам для кароны. Васка да Гама быў справядліва ўшанаваны за адкрыццё прамога марскога шляху ў Азію. Яго шлях пасля будзе працягнуты штогадовымі Партугальскімі Індыйскімі Армадамі.

Гандаль спецыямі стаў адной з асноўных крыніц паступленняў Партугальскай каралеўскай казны. Таксама падарожжа да Гамы ясна дало зразумець, што ўсходняе ўзбярэжжа Афрыкі Contra Costa стала адыгрываць важную ролю для партугальскіх інтарэсаў; парты ўзбярэжжа забяспечвалі прэснай вадой, правізіяй, лесам і гаванямі для рамонту і служылі сховішчамі, дзе караблі маглі перачакаць неспрыяльнае надвор’е. Істотным вынікам экспедыцыі была каланізацыя партугальцамі Мазамбіку.

У снежні 1499 года Васка да Гама быў узнагароджаны каралём Мануэлем I Партугальскім горадам Сінішам у якасцм спадчыннага феадальнага ўладання (у гэтым самым горадзе яго бацька Эштэван калісьці быў кіраўніком). Гэта аказалася даволі складанай справай, таму што Сініш тады яшчэ належаў ордэну Сант’яга. На першы погляд, для майстра ордэна Хорхе дэ Ленкастрэ не павінна было быць праблемай, каб ўхваліць узнагароджанне — у рэшце рэшт, да Гама быў рыцар Сант’яга і блізкі паплечнік Ленкастрэ. Але той факт, што Сініш быў узнагародаю з рук караля, падштурхнуў Ленкастрэ адмовіцца, каб не заахвочваць караля рабіць ахвяраванні з маёмасці Ордэна[23]. Да Гама цягам некалькіх наступных гадоў спрабуе завалодаць Сінішам, што аддаляе яго ад Ленкастрэ і ў рэшце прыводзіць да выхаду з яго любімага ордэна Сант’яга і пераходу да канкурэнтнага ордэна Хрыста ў 1507 годзе.

Подпіс Васкі да Гамы (чытаецца Ho Comde Almirante — «Граф Адмірал»)

Тым часам Васка да Гама здолеў атрымаць істотную спадчынную каралеўскую пенсію 300000 рэалаў. Ён таксама быў уганараваны бестэрміновым дваранскім званнем Dom (гаспадар) для сябе, сваіх братоў і сясцёр, а таксама іх нашчадкаў. 30 студзеня 1502 года да Гама быў уганараваны званнем Almirante dos mares de Arabia, Persia, India e de todo o Oriente («Адмірал мораў Аравіі, Персіі, Індыі і ўсяго Ўсходу») — гэты тытул сваёй назвай нагадвае ганаровы кастыльскі тытул, дадзены Хрыстафору Калумбу (хутчэй за ўсё, Мануэль лічыў, што калі Кастылія мела тытул «Адмірал акіянскіх мораў», то, вядома ж, і Партугалія павінна мець такі ж тытул)[24]. Яшчэ адзін каралеўскі ліст ад кастрычніка 1501 г. даў да Гаме персанальнае права ўмешвацца і ажыццяўляць вызначальную ролю ў любой будучай экспедыцыі, звязанай з Індыяй.

Каля 1501 года Васка да Гама ажаніўся на Катарыне дэ Атаідзе, дачце Альвара дэ Атаіда, кіраўніка Алвора, вядомага двараніна, звязанага сваяцтвам з магутнай сям’ёй Алмейда (Катарына была першай стрыечнай сястрой Франсішку ды Алмейда)[25]

Другое падарожжа

[правіць | правіць зыходнік]
Малюнак флоту да Гамы (з Livro das Armadas)

Наступная экспедыцыя Другая Партугальская Індыйская Армада стартавала ў 1500 годзе пад камандаваннем Педру Алварыша Кабрала з місіяй зрабіць дамову з Заморынам Калікута і наладзіць партугальскую вытворчасць у горадзе. Аднак Пэдра Кабрал уступіў у канфлікт з мясцовай арабскай купецкай гільдыяй, у выніку чаго партугальская вытворчасць была знішчана і 70 партугальцаў былі забітыя. Кабрал абвінаваціў у інцыдэнце Заморына і абстраляў горад. Гэта справакавала канфлікт паміж Партугаліяй і Калікутай.

Васка да Гама атрымаў каралеўскі ліст, каб прыняць камандаванне Чацвертай Індыйскай Армадай, якая павінна была стартаваць у 1502 годзе, з галоўнай мэтай — адпомсціць Заморыну і прымусіць яго падпарадкавацца партугальскім умовам. Цяжка ўзброены флот з пятнаццаці караблёў і васьмісот чалавек пакінуў Лісабон 12 лютага 1502 года. За ім ў красавіку выйшла іншая эскадра з пяці караблёў на чале са стрыечным братам Васкі Эштэванам да Гама (сынам Айрэса да Гамы), які дагнаў асноўны флот у Індыйскім акіяне. Чацвертая Армада стала для да Гамы своеасаблівай сямейнай справай. Двое яго стрыечных братоў па мацярынскай лініі Вісэнтэ Содрэ і Брас Содрэ былі прызначаныя камандаваць ваенна-марскім патрулём у Індыйскім акіяне, у той час як Альвара дэ Атаідэ (брат жонкі) і Лопа Мэндэс дэ Васканселас (заручаны з сястрой Васкі Тэрэзай ды Гама) камандавалі караблямі галоўнага флота.

Падчас плавання флот да Гамы ўсталяваў кантакты з усходнеафрыканскім золатагандлёвым портам Сафала і прымусіў султанат Кілвы да выплаты даніны, здабыўшы значную суму золата. Па дасягненні Індыі ў кастрычніку 1502 года флот да Гамы захопліваў кожнае арабскае судна ў індыйскіх водах, самае вядомае было Міры, паломніцкі карабель з Мекі, чые пасажыры былі забітыя ў адкрытым моры[26]. Пілігрымы прапанавалі сваё багацце, якое «магло б выкупіць усіх хрысціянскіх рабоў у Каралеўстве Фес і многіх іншых», але яны не былі памілаваныя. Да Гама глядзеў праз ілюмінатар на жанчын, якія падымалі золата, каштоўныя камяні, а таксама сваіх немаўлятаў, просячы аб літасці[27]. Пасля дасягнення Калікута да Гама патрабаваў ад Заморына кампенсацыі для лячэння Кабрала. У той час як Заморын быў гатовы падпісаць новы дагавор[28], да Гама запатрабаваў ад індуісцкага караля выгнаць усіх мусульман з Калікута да пачатку перамоў, на што атрымаў адмову. Партугальскі флот пасля абстрэльваў неўмацаваны горад з мора на працягу двух дзён і моцна яго пашкодзіў. Таксама былі захопленыя некалькі караблёў з рысам, у экіпажа адрэзалі рукі, вушы і насы, а пасля адправілі іх разам з абразлівай запіскай да Заморына[29].

Жорсткае абыходжанне да Гамы хутка прывяло гандаль уздоўж Малабарскага ўзбярэжжа Індыі ў тупік. Але, тым не менш Заморын адмовіўся падпарадкавацца партугальскім патрабаванням і нават рызыкнуў наняць флот з моцных караблёў, каб кінуць выклік Армадзе да Гамы. Але да Гама здолеў перамагчы гэты флот у марской бітве перад гаванню Калікута. Да Гама загрузіў свае караблі спецыямі ў Кочыне і Кананоры, невялікіх бліжэйшых васальных каралеўствах, якія знаходзіліся ў варожых адносінах з Заморынам. Армада пакінула Індыю ў пачатку 1503 года, да Гама пакінуў невялікую эскадру каравелаў пад камандаваннем свайго дзядзькі Вісэнтэ Содрэ, каб патруляваць узбярэжжа Індыі і пераследаваць марскі гандаль Калікута, а таксама для абароны партугальскіх фабрык у Кочыне і Кананоры ад непазбежных рэпрэсіяў з боку Заморына.

Васка да Гама вярнуўся ў Партугалію ў верасні 1503 года, відавочна праваліўшы сваю місію па падначаленні Заморына. Гэтая няўдача і яшчэ больш прыкрая няздольнасць яго дзядзькі Вісэнтэ Содрэ абараніць партугальскую фабрыку ў Кочыне прывяло да таго, што да Гама не мог разлічваць на наступныя ўзнагароды. Таму, калі партугальскі кароль Мануэл I прыняў рашэнне прызначыць першага губернатара і намесніка Партугальскай Індыі ў 1505 годзе, да Гама быў відавочна па-за ўвагай, а пост атрымаў Франсішку ды Алмейда.

Жыццё ў наступныя гады

[правіць | правіць зыходнік]
Васка да Гама ў сталым узросце, віцэ-кароль Індыі і граф Відыгейра(з кнігі Livro de Lisuarte de Abreu)

Цягам наступных двух дзесяцігоддзяў Васка да Гама жыў ціхім жыццём па-за ласкай каралеўскага двара, адхілены ад індыйскіх справаў. Яго спробы вярнуць ласку Мануэла I (у тым ліку пераход да ордэна Хрыста ў 1507 годзе) не далі вынікаў. На пасаду губернатараў Індыі прызначаліся іншыя людзі: спачатку Франсішку ды Алмейда і Альсорсу дэ Албукеркі, а пасля Лопу Суарыш дэ Албергарыя і Дыагу Гопеш дэ Секейра.

Пасля пераходу Фердынанда Магелана на бок Кастыльскай кароны ў 1518 годзе Васка да Гама пагражаў зрабіць тое ж самае, што заахвоціла караля распачаць крокі, каб утрымаць яго ў Партугаліі і пазбегнуць канфузу з-за страты свайго ўласнага «Адмірала Індый» на карысць Іспанію[30] У 1519 годзе пасля некалькіх гадоў ігнаравання хадайніцтваў да Гамы, кароль Мануэль, нарэшце, вырашыў даць Васку да Гаме феадальны тытул, прызначыўшы яго першым графам Відыгейра на падставе каралеўскага ўказу, падпісанага ў Эворы 29 снежня, пасля складанай дамовы з Хаймам, герцагам Браганса, які саступіў яму за плату гарады Відыгейра і Віла дос Фрадэс. Указ даў Васку да Гаме і яго спадчыннікам усе адпаведныя прыбыткі і прывілеі [31]. Такім чынам, да Гама стаў першым партугальскім графам, які не нарадзіўся ў каралеўскай крыві[32]

Трэцяе падарожжа і смерць

[правіць | правіць зыходнік]
Царква св. Францыска ў Коччы, дзе першапачаткова быў пахаваны Васка да Гама
Труна Васкі да Гамы ў кляштары іеранітаў у Белеме, Лісабон

Пасля смерці караля Мануэля I ў канцы 1521 года яго сын і пераемнік кароль Жуан III Партугальскі прыступіў да фарміравання ўрада Партугаліі за морам. Адвярнуўшыся ад старой зграі Альбукерке (якую прадстаўляў Дыега Лопес дэ Секейра), Жуан III шукаў новых людзей. Васка да Гама зноў выйшаў са свайго палітычнага зацьмення ў якасці важнага дарадцы па пытаннях прызначэнняў і стратэгіі новага караля. Убачыўшы ў якасці прыярытэтнай новую іспанскую пагрозу для Малукскіх астравоў, Васка да Гама засцерагаў супраць арабскіх ганляроў, якія па-ранейшаму былі галоўным клопатам для Дуартэ дэ Менезеша, тагачаснага губернатара Партугальскай Індыі. Менезеш таксама аказаўся некампетэнтным і карумпаваным і стаў прадметам шматлікіх скаргаў. У выніку, Жуан III вырашыў запрасіць да сябе Васку да Гаму, каб замяніць Менезеша, лічачы, што само імя і памяць спраў даследчыка зробіць лепшае ўражанне на ўладу ў Партугальскай Індыі і дазволіць перайсці да новай улады і новай стратэгіі.

У сваім лісце пра прызначэнне ў лютым 1524 года Жуан III прапанаваў Васку да Гаме тытул «Віцэ-кароль», зрабіўшы яго такім чынам другім Партугальскім губернатарам, хто атрымаў гэты тытул (першы быў Франсішку ды Алмейда ў 1505 годзе)[33]. Яго другі сын Эштэван да Гама быў адначасова прызначаны «Капітан-маёрам Індыйскага мора» — камандзірам ваенна-марскога патрульнага флота ў Індыйскім акіяне, замяніўшы брата Дуартэ Луіса дэ Менезеша. У рэшце рэшт да Гама атрымаў ад Жуана III права прызначаць усіх сваіх сыноў партугальскімі капітанамі ў Малацы.

Стартаваўшы ў красавіку 1524 года з флотам з чатырнаццаці караблёў, Васка да Гама ўзяў у якасці свайго флагмана славутую вялікую караку Santa Catarina do Monte Sinai, а таксама ўзяў двух сваіх сыноў Эштэвана і Паўлу. Пасля цяжкага падарожжа (чатыры ці пяць караблёў былі страчаныя ў дарозе) ён прыбыў у Індыю ў верасні. Васка да Гама неадкладна скарыстаўся сваімі высокімі паўнамоцтвамі намесніка для забеспячэння новага парадку ў Партугальскай Індыі, замяніўшы ўсіх старых чыноўнікаў. Але неўзабаве да Гама захварэў малярыяй і памёр у горадзе Кочын на куццю 1524 года праз тры месяцы пасля свайго прыбыцця. Згодна каралеўскім інструкцыям, на пасадзе губернатара Індыі да Гаму змяніў адзін з яго капітанаў, які прыплыў з ім, Энрыке дэ Менезеш. Сыны Васкі Эштэван і Паўлу адразу страцілі свае пасады і далучыліся да флоту, які вяртаўся ў пачатку 1525 года (разам са знятымі Дуартэ дэ Менезешам і Луісам дэ Менезешам)[34].

Цела Васкі да Гамы спачатку было пахаванае ў царкве Святога Францыска, размешчанай у Форце Кочы ў горадзе Кочы, але ў 1539 годзе яго парэшткі былі вернутыя ў Партугалію, і цела Васкі да Гамы было паўторна пахаванае ў Відыгейры ў труне, упрыгожанай золатам і каштоўнымі камянямі.

Кляштар еранімітаў у Белеме, які стаў некропалем партугальскай каралеўскай Авіскай дынастыі, быў ўзведзены ў пачатку 1500-х гадоў паблізу кропкі старту першага падарожжа Васкі да Гамы, яго будаўніцтва фінансавалася за кошт падатку на прыбытак штогадовых партугальскіх Індыйскіх Армадаў. У 1880 годзе парэшткі да Гамы і паэта Камоэнса (які апісаў першае падарожжа да Гамы ў 1572 годзе ў сваёй эпічнай паэме Лузіяды) былі перанесеныя ў новыя разьбяныя труны ў нефе царквы кляштара ўсяго толькі ў некалькіх метрах ад грабніцы каралёў Мануэля I і Жуана III, якім служыў да Гама.

Васка да Гама і яго жонка Катарына дэ Атаідэ мелі шэсцёра сыноў і адну дачку[35]:

  • Дом Францыска да Гама атрымаў у спадчыну тытулы бацькі: другі граф Відыгейра і другі «Адмірал мораў Індыі, Аравіі і Персіі». Ён заставаўся ў Партугаліі.
  • Дом Эштэван да Гама пасля няўдалай спробы ў 1524 годзе заняць пасаду індыйскага патрульнага капітана быў прызначаны тэрмінам на тры гады капітанам Малакі, праслужыўшы на гэтай пасадзе з 1534 да 1539 года (улучаючы апошнія два гады тэрміну яго брата Паўлу). Пасля ён быў прызначаны 11-м губернатарам Індыі з 1540 па 1542 год.
  • Дом Паўлу да Гама, капітан Малакі ў 1533-34 гадах, загінуў у марскі баі.
  • Дом Крыштаван да Гама, капітан Малакскага флоту ў 1538-40 гадах; вылучаны, каб заняць пасаду ў Малакцы, але быў пакараны смерцю Ахмадам ібн Ібрагімам падчас эфіёпска-адальскай вайны ў 1542 годзе.
  • Дом Пэдра да Сілва да Гама, прызначаны капітанам Малакі ў 1548-52 гг.
  • Дом Альвара д’Атаідэ да Гама прызначаны капітанам Малакскага флоту ў 1540-х гадах, капітан самой Малакі ў 1552-54 гг.
  • Дона Ізабель д’Атаідэ да Гама — адзіная дачка, замужам за Ігнасіа дэ Наронья, сынам першага графа Лінхарэс.

Род да Гама згас па мужчынскай лініі ў 1747 годзе, аднак працягнуўся па жаночай.

Партрэт Васка да Гама пэнзля Антоніа Мануэля да Фонсека, 1838 год

Васка да Гама з’яўляецца адным з самых вядомых і знакамітых даследчыкаў эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Разам з Генрыхам Навігатарам да Гама спрыяў вялізнаму поспеху Партугаліі ў раннім перыядзе каланізацыі. Апроч самага першага плавання да Гама ўмела спалучаў палітыку і вайну на другім баку зямнога шара, што паставіла Партугалію на бачнае месца ў гандлі ў Індыйскім акіяне. Пасля першага плавання да Гамы партугальская карона зразумела вострую неабходнасць забеспячэння апорных пунктаў на ўсходнім узбярэжжы Афрыкі дзеля падтрымання нацыянальных гандлёвых маршрутаў на Далёкі Усход. Тым не менш, яго слава была пагоршана з-за шэрагу інцыдэнтаў і сутыкненняў, у тым ліку з-за славутага інцыдэнту з караблямі пілігрымаў.

Вядомы партугальскі паэт Луіс дэ Камоэнс напісаў нацыянальны эпас Луізіяды, які ў асноўным прысвечаны плаванню Васкі да Гамы[36]. У вялікай оперы 1865 года Афрыканка, кампазітарам якой быў Джакома Меербер, а аўтарам лібрэта Эжэн Скрайб, у значнай ступені паказаны характар Васкі да Гамы. Падзеі, намаляваныя ў оперы, аднак з’яўляюцца выдуманымі. Рабочая назва Меербера для оперы была Васка да Гама. У 1989 годзе ў пастаноўцы твора ў Оперы Сан-Францыска прымаў удзел вядомы тэнар Пласіда Дамінга ў ролі да Гамы[37]. Кампазітар 19-га стагоддзя Луі-Альберт Бургал-Дзюкадрэ ў 1872 годзе напісаў аднайменную оперу на аснове жыцця і подзвігаў да Гамы.

Партовы горад Васка да Гама ў Гоа названы ў яго гонар, таксама як і кратэр Васкі да Гамы на Месяцы. Існуюць тры футбольныя клубы ў Бразіліі (у тым ліку ФК Васка да Гама), а таксама спартыўны клуб у Гоа. Царква ў Кочы носіць імя Васкі да Гамы, а таксама асабняк на востраве Святой Алены. Прыгарад у Кейптаўне таксама носіць імя даследчыка.

Некалькі месцаў у Лісабонскім Парку Нацый названыя ў гонар даследчыка, такія як мост Васкі да Гамы, вежа Васка да Гама і гандлёвы цэнтр Centro Comercial Vasco da Gama[38]. Акіянарыўм у Парку Нацый мае эмблему з мульцікавым дайверам з імем «Васка», названага ў гонар даследчыка.

Партугальскі флот мае клас фрэгатаў, названых у яго гонар. У агульнай колькасці існуюць тры фрэгаты класа Васка да Гама, з якіх першы носіць імя даследчыка.

Паўднёваафрыканскі музыкант Х'ю Масекела запісаў антыкаланіяльную песню пад назвай «Васка да Гама (Мараплаўца)», які змяшчае песні «Васка да Гама не быў маім сябрам». Пазней ён запісаў іншую версію гэтай песні пад назвай «Каланіяльны чалавек». Васка да Гама з’яўляецца ў якасці антаганіста ў індыйскім фільме Урумі. Фільм рэжысёра Сантоша Сівана адлюстроўвае няўдалую спробу замаху на да Гаму з боку індыйцаў.

Займальныя факты

[правіць | правіць зыходнік]
  • У адным з плаванняў Васка да Гама выменяў у афрыканскіх тубыльцаў быка і вырабы са слановай косткі за некалькі чырвоных шапак.
  • Уступіўшы на індыйскі бераг, Васка да Гама сустрэў там чалавека, які размаўляў на партугальскай мове. Як потым высвятлілася, гэта быў гандляр з Паўночнай Афрыкі.

Зноскі

  1. http://www.bbc.co.uk/history/historic_figures/da_gama_vasco.shtml
  2. Pas L. v. Genealogics — 2003.
  3. LIBRISКаралеўская бібліятэка Швецыі, 2012. Праверана 24 жніўня 2018.
  4. Diffie, Bailey W. and George D. Winius, «Foundations of the Portuguese Empire, 1415—1580», p.176
  5. Nigel, Cliff (September 2011). Holy War: How Vasco da Gama's Epic Voyages Turned the Tide in a Centuries-Old Clash of Civilizations. Harper..
  6. Modern History Sourcebook: Vasco da Gama: Round Africa to India, 1497—1498 CE Архівавана 28 жніўня 2011., fordham.edu, Retrieved 27 June 2007.
  7. а б Ames, Glenn J. (2008). The Globe Encompassed. p. 27. ISBN 0-13-193388-4. Праверана 10 January 2008..
  8. Subrahmanyam, 1997, p. 61.
  9. Subrahmanyam, 1997, p. 62.
  10. Subrahmanyam, 1997, pp. 60-61.
  11. Subrahmanyam, 1997, p. 63.
  12. а б в Diffie, Bailey W.; Winius, George D. (1977). Foundations of the Portuguese Empire, 1415–1850. Europe and the World in the Age of Expansion. Vol. 1. p. 177. ISBN 978-0-8166-0850-8..
  13. Da Gama’s Round Africa to India Архівавана 28 жніўня 2011., fordham.edu Retrieved 16 November 2006.
  14. Gago Coutinho, C.V. (1951-52) A Nautica dos Descobrimentos: os descobrimentos maritimos visitos por um navegador, Lisbon: Agencia Geral do Ultramar; p. 319-63; Axelson, E. (1988) «The Dias Voyage, 1487—1488: toponymy and padrões», Revista da Universidade de Coimbra, Vol. 34, p. 29-55 offprint; Waters, D.W. (1988) «Reflections Upon Some Navigational and Hydrographic Problems of the XVth Century Related to the voyage of Bartolomeu Dias», Revista da Universidade de Coimbra, Vol. 34, p. 275—347. offprint.
  15. Fernandez-Armesto, Felipe (2006). Pathfinders: A Global History of Exploration. W. W. Norton & Company. pp. 177–178. ISBN 0-393-06259-7..
  16. Vasco da Gamma Seeks Sea Route to India Архівавана 22 снежня 2011., Oldnewspublishing.com. Retrieved 8 July 2006.
  17. Fernandez-Armesto, Felipe (2006). Pathfinders: A Global History of Exploration. W. W. Norton & Company. pp. 178–179. ISBN 0-393-06259-7..
  18. Castaneda, Herman Lopes de, The First Book of the Historie of the Discoveries and Conquests of the East India by the Portingals, London, 1582, in Kerr, Robert (ed.) A General History and Collection of Voyages and Travels Vol. II, London, 1811.
  19. M.G.S. Narayanan, Calicut: The City of Truth (2006) Calicut University Publications.
  20. Da Gama’s First Voyage pg.88.
  21. Subrahmanyam, 1997, p. 149.
  22. João de Barros, Da Asia, Dec. I, Lib. IV, c.11, p. 370.
  23. Subrahmanyam, 1997, p. 168.
  24. João de Barros (1552, pp. 23-24) адносіць гэтае прызначэнне да студзеня 1502 года, напярэдадні ад’езду ды Гамы ў сваё другое падарожжа. Але Subrahmanyan (1997, p. 169) на падставе Braancamp Freire мяркуе, што гэтая ўзнагарода была зроблена ўжо ў студзені 1500 года
  25. Subrahmanyan, 1997, p. 174
  26. Subrahmanyam, 1997, p. 205.
  27. Nambiar O.K, The Kunjalis- Admirals of Calicut, Bombay, 1963.
  28. Vasco da Gama Arrives in India 1498(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2004. Праверана 3 лютага 2016. Dana Thompson, Felicity Ruiz, Michelle Mejiak; 15 December 1998. Retrieved 8 July 2006.
  29. Sreedhara Menon. A. A Survey of Kerala History(1967), p. 152. D. C. Books Kottayam.
  30. Subrahmanyam, 1997, p. 278.
  31. Vasco Da Gama, Ernest George Ravenstein, «A journal of the first voyage of Vasco da Gama, 1497—1499», p. Hakluyt Society, Выпуск 99 працы Hakluyt Society, ISBN 81-206-1136-5.
  32. У гэты час у Партугаліі было ўсяго толькі дванаццать графаў, адзін граф-біскуп, два маркізы і два герцага (Subrahmaynam, 1997, p. 281).
  33. Subrahmanyam, 1997, p. 304.
  34. Subrahmanyam, 1997, p. 343-45.
  35. Diogo do Couto (Decadas de Asia, Dec. IV, Lib. 8, c.2); Teixeira de Aragão p. 15-16, and Castanhoso (1898).
  36. The Lusiads. World Digital Library (1800–1882). Праверана 31 August 2013..
  37. Subrahmanyam 1997, p. 2.
  38. Centro Vasco da Gama. Centrovascodagama.pt. Праверана 29 January 2009..