Гуджарат
Гуджарат | |||
---|---|---|---|
ગુજરાત, गुजरात | |||
|
|||
Краіна | |||
Уваходзіць у | |||
Адміністрацыйны цэнтр | |||
Дата ўтварэння | 1 мая 1960 | ||
Кіраўнік | Bhupendrabhai Patel[d] | ||
Афіцыйная мова | гуджараці, хіндзі | ||
Насельніцтва (2001) |
50,597 млн (10-е месца) | ||
Шчыльнасць | 258 чал./км² | ||
Плошча | 196 024 км² | ||
Часавы пояс | Indian Standard Time[d] | ||
Код ISO 3166-2 | IN-GJ | ||
Код аўтам. нумароў | GJ | ||
Афіцыйны сайт | |||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гуджарат (гудж.: ગુજરાત, хіндзі: गुजरात), штат на захадзе Індыі. Самы высокаіндустрыялізаваны штат Індыі — дае 19,8 % агульнага аб’ёму прамысловай прадукцыі краіны. Гранічыць з Пакістанам на паўночным захадзе, а таксама са штатамі Раджастхан на паўночным усходзе, Мадх’я-Прадэш на ўсходзе, Махараштра і саюзнымі тэрыторыямі Дадра і Нагархавелі і Даман і Дыу на поўдні, абмываецца Аравійскім морам на захадзе. Займае 7-е месца сярод штатаў па плошчы (196 024 км²) і 10-е па насельніцтву (50,6 млн чалавек, 2001). Адміністрацыйны цэнтр — Гандзінагар. Буйнейшы горад і эканамічны цэнтр штата — Ахмедабад. 3-і па велічыні горад — Вадодара.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя Гуджарата ўключае некалькі геаграфічных рэгіёнаў. На поўначы і ўсходзе Дэканскае пласкагор’е паступова пераходзіць у раўніну з характэрнымі для яе ўрадлівымі пашамі, сухімі і вільготнымі лясамі. На паўднёвым усходзе месцяцца Заходнія Гаты і вузкі Конканскі бераг. Заходняя частка штата ўключае прыліўныя землі дэльты ракі Інд і гліністую саланчаковую пустыню Качскі Ран. На ўзбярэжжы Аравійскага мора вылучаецца паўвостраў Катхіявар. Яго цэнтр заняты гарамі, астатнія раёны — сухія нізіны і раўніны. Важны гісторыка-геаграфічны раён Катхіявара — Саўраштра. У ім захаваўся знакаміты Гірскі лес, які насяляюць апошнія азіяцкія львы.
Буйныя рэкі: Сабарматы, Тапты, Нармада.
Палітыка
[правіць | правіць зыходнік]З 2001 ва ўладзе ў штаце знаходзіцца Бхаратыя джаната парты. Партыйныя кіраўнікі абвінавачваліся ў неўмяшальніцтве падчас антымусульманскіх беспарадкаў у 2002, калі загінула па розных падліках ад адной да трох тысяч мусульман. У выніку пазіцыі партыі ў штаце крыху аслабелі — на выбарах у Лок Сабху ў 2004 яна атрымала 14 месцаў у парламенце ад Гуджарата супраць 12 у Індыйскага нацыянальнага кангрэса, тады як на выбарах у 1999 атрымала ўсе 26.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Адзін з самых эканамічна развітых і багатых штатаў Індыі. Асноўныя галіны прамысловасці: машынабудаванне, хімічная, нафтахімічная, фармацэўтычная, лёгкая, харчовая прамысловасць, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў.
Здабываюцца соль (звыш 60 % нацыянальнага аб’ёму здабычы), марганец, вапняк, флюарыт, баксіты, буры вугаль, нафта (апошняя — з 1960, геолагаразведка праведзена пры дапамозе СССР).
Гуджарат — важны баваўнаводчы раён Індыі: тут вырошчваюцца лепшыя ў краіне гатункі бавоўны; на долю Гуджарата прыходзіцца звых 1/5 плошчы (1,7 млн га) і больш 1/4 агульнаіндыйскай вытворчасці бавоўны (каля 300 тыс. т у год). Вырошчваюцца таксама рыс, арахіс, кукуруза, пшаніца, бабовыя, тытунь. Разводзяць буйвалаў і зебу (Гуджарат — буйнейшы вытворца малака ў Індыі), авечак, коз.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнае насельніцтва Гуджарата складаюць гуджаратцы, якія размаўляюць на гуджарацкай мове. Нягледзячы на моўнае адзінства, гуджаратцы вельмі адрозніваюцца культурна і рэлігійна. Частка насельніцтва згуртавана ў племянныя аб'яднанні, прызнаныя з боку дзяржавы. Сярод іх ёсць гурджары — супольнасць цэнтральнаазіяцкага паходжання, ад наймення якой паходзіць назва штата. Племя сіддзі паходзіць з Афрыкі, але прыняло многія рысы індыйскай культуры. Племя гармаці захоўвае качавы лад, часцяком параўноўваецца з еўрапейскімі цыганамі. Дарэчы, многія даследчыкі мяркуюць, што Гуджарат сапраўды з'яўляецца прарадзімай цыганоў. Згодна старажытным паданням, Гуджарат — прарадзіма сінгалаў Шры-Ланкі, яшчэ аднаго арыйскага народа. Стракатасць племянных культур асабліва заўважна ў Саўраштры, дзе захоўваюцца народныя строі і многія звычаі традыцыйнага ладу. На захадзе і поўначы штата здаўна жывуць сіндхі і раджастханцы, на паўднёвым усходзе — конкані.
Згодна перапісу насельніцтва 2011 г., 88,6% насельнікаў Гуджарата — індуісты, 9,7% — мусульмане, 1% — джайны, 0,5% — хрысціяне. Вельмі невялікая колькасць вернікаў прадстаўлена зараастрыйцамі, але гістарычна прадстаўнікі гэтай рэлігіі адыгрывалі важную ролю. З іх колаў паходзяць носьбіты прозвішча Гандзі. Толькі 0,1% гуджаратцаў не звязвае сябе з рэлігіяй. Падзел па рэлігійнаму прынцыпу ўскладняе ўзаемныя адносіны паміж рознымі групамі. Падчас пераўтварэння Брытанскай Індыі ў Індыю і Пакістан паміж гуджарацкімі індуістамі і мусульманамі адбываліся крывавыя канфлікты. Многія гуджарацкія мусульмане былі вымушаны пакінуць радзіму і ператварыцца ў мухаджыраў. Характэрна, што гуджарацкі індуіст Махатма Гандзі стаў заснавальнікам Індыйскай дзяржавы, а гуджарацкі мусульманін Мухамед Алі Джына — Пакістана.
Зноскі
- ↑ archINFORM — 1994. Праверана 6 жніўня 2018.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гуджарат
- Урад штата Архівавана 2 кастрычніка 2018.
- Геаграфія Архівавана 28 лістапада 2020.
- Геалагічная карта Архівавана 26 мая 2019.