Ганг
Ганг | |
---|---|
хіндзі गङ्गा | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 2700 км |
Басейн | 1 060 000 км² |
Расход вады | 12 тыс. м³/с |
Вадацёк | |
Выток | Заходнія Гімалаі |
• Вышыня | 7756 м |
• Каардынаты | 30°08′42″ пн. ш. 78°35′51″ у. д.HGЯO |
Вусце | Бенгальскі заліў |
• Каардынаты | 22°05′00″ пн. ш. 90°50′00″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Бенгальскі заліў |
|
|
Краіны | |
Ганг з прытокамі | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ганг (хіндзі: गंगा, gaṅgā IAST, ⓘ, англ.: Ganges) — найбуйнейшая рака Індыйскага субкантынента. Адна з самых паўнаводных рэк у свеце, займае 3-е месца па ваданосным патоку пасля Амазонкі і Конга. У Індыі Ганг лічыцца нацыянальнай ракой[1]. Плошча басейна складае 2055 тыс. км²[2]. Утвараецца на горным схіле Заходніх Гімалаяў з дзвюх рэк, Багіратхі-Ганга і Алакнанда-Ганга, якія бяруць пачатак з ледавіка Ганготры ў штаце Утаракханд, працякае на паўднёвы ўсход, перасякаючы Інда-Гангскую раўніну на поўначы Індыі, і ўпадае ў Бенгальскі заліў, фармуючы разам з рэкамі Брахмапутрай і Мегхна дэльту Ганга-Брахмапутры (пераважна на тэрыторыі Бангладэш), частка якой пакрыта лясамі Сундарбан.
Ганг у індуісцкай міфалогіі — нябесная рака, якая спусцілася на зямлю. З даўніх часоў лічыцца святой ракой для індуістаў. Індуісты здзяйсняюць да яе пілігрымкі, асабліва да яе вытокаў і гарадох Харыдвар, Варанасі і Алахабад (месца ўпадзення Джамны). На яе берагах праходзяць крэмацыі, у вадзе рассейваецца попел памерлых індуістаў і ажыццяўляюцца рытуальныя абмыванні.
Рака актыўна выкарыстоўваецца для арашэння. Басейн Ганга, плошчай больш за 1 млн км², з'яўляецца адным з найбольш густанаселеных рэгіёнаў Зямлі. Суднаходства на рацэ зараз некалькі ўскладнілася і магчыма толькі ад вусця да горада Канпур на пласкадонных лодках. Ганг з'яўляецца галоўнай воднай артэрыяй Бенгаліі і паўночна-ўсходніх штатаў Індыі, часта разглядаецца ў якасці сімвалу ўсёй краіны.
Флора і фаўна
[правіць | правіць зыходнік]Як вядома з гістарычных сведчанняў, даліны Ганга і Джамны былі пакрыты густымі лясамі, яшчэ ў 16—17 стст. тут заставаліся значныя некранутыя ўчасткі. У гэтых лясах вадзіліся сланы, буйвал, насарогі, ільвы, тыгры. Прыбярэжная зона Ганга з яе спакойным і жыватворным асяроддзем прыцягвала мноства разнавіднасцей вадаплаўных птушак, прынамсі 140 відаў рыб, 35 відаў паўзуноў і 42 віды сысуноў.
На гэтай тэрыторыі і цяпер распаўсюджаны рэдкія віды жывёл, якія знаходзяцца пад абаронай — буры мядзведзь, лісіца, леапард, снежны барс, некалькі відаў аленяў (у тым ліку плямісты алень), кабарга, дзікабраз і іншыя. Таксама тут распаўсюджаны матылі і іншыя насякомыя розных колераў.
З-за павышэння дэмаграфічнага ціску з боку людзей, уся фаўна павольна перамяшчалася з даліны Ганга да рэштак лясоў. На Інда-Гангскай раўніне можна часам сустрэць аленяў, дзіка, дзікага ката, ваўка, шматлікія віды лісіц. У рацэ сустракаюцца прэснаводныя дэльфіны двух відаў, рачная і гангская акулы і іншыя прэснаводныя рыбы.
Больш за ўсё біяразнастайнасць захавалася ў вусці ракі, на стыку з Бенгальскім залівам у раёне Сундарбан, дзе ўсё яшчэ распаўсюджана вельмі шмат формаў малавывучанай і рэдкай флоры і жамчужына жывёльнага свету рэгіёна — бенгальскі тыгр. Тыповымі рыбамі гэтага раёна з'яўляюцца натаптэрыды (Notopteridae), карпавыя (Cyprinidae), прамысловы кларыяс (Clarias batrachus), лабірынтавыя (Anabantidae) і ханас (Chanos chanos).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Старажытны свет
[правіць | правіць зыходнік]У часы ранняй ведыйскай цывілізацыі Ганг не меў вялікага значэння, а галоўнымі рэкамі Рыг-веды былі Інд і легендарная Сарасваці. Але ўжо познія Веды сталі надаваць Гангу значна больш увагі, што пацвярджаецца шматлікімі згадваннямі пра яго[3].
Верагодна, першым сярод прадстаўнікоў заходняй культуры гэту раку ўзгадаў Мегасфен у сваім рукапісе «Індыка»:
«Індыя мае шмат рэк, вялікіх і суднаходных, якія пачынаюцца з паўночных гор і перасякаюць краіну, і большасць з іх, аб'ядноўваючыся разам, упадаюць у раку, званую Гангам. Гэта рака, шырынёй да 30 стадый, цячэ з поўначы на поўдзень, і ўпадае ў акіян у дзяржаве Гангарыдаі, якая мае вялікую армію са сланоў»[3].
Сярэднявечча
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычна Інда-Гангская раўніна была цэнтрам шматлікіх цывілізацый Індыі, якія змянялі адна адну. На берагах Ганга знаходзіўся цэнтр імперыі Маур'яў — горад Паталіпутра (цяпер Патна). Канаўдж, ізноў жа на беразе Ганга, быў цэнтрам імперыі Харшы, якая ў VII стагоддзі ахоплівала ўсю Паўночную Індыю. Цэнтрамі імперыі Вялікіх Маголаў былі Агра і Дэлі, размешчаныя на берагах галоўнага прытоку Ганга — Джамны. Падчас панавання мусульман іх улада распаўсюдзілася на ўсю даўжыню ракі, уключаючы Бенгалію. Іншымі цэнтрамі ўлады мусульманскіх дзяржаў былі гарады ў дэльце Ганга — Дака і Муршыдабад[4].
Новы і найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]Найноўшая гісторыя Ганга звязана перш за ўсё з брытанскім панаваннем. Ост-Індская кампанія заснавала горад Калькута (цяпер Колката) на берагах рукава Хуглі ў канцы XVII стагоддзя і паступова распаўсюдзіла свой уплыў на ўсю тэрыторыю даліны Ганга, дасягнуўшы Дэлі ў пачатку XIX стагоддзя. У 1848 годзе кампанія была рэарганізавана ў Брытанскую Індыю, якая панавала па ўсім цячэнні Ганга і большай частцы яго басейна да здабыцця Індыяй незалежнасці ў 1947 годзе[4].
У выніку падзелу Брытанскай Індыі большая частка ракі адышла да Індыі, а частка яе дэльты — да Пакістана. З 1971 года бенгальскія тэрыторыі Пакістана аддзяліліся ў выніку вайны за незалежнасць з утварэннем незалежнай дзяржавы Бангладэш.ўсю Паўночную Індыю. Цэнтрамі імперыі Вялікіх Маголаў былі Агра і Дэлі, размешчаныя на берагах галоўнага прытоку Ганга — Джамны. Падчас панавання мусульман іх улада распаўсюдзілася на ўсю даўжыню ракі, уключаючы Бенгалію. Іншымі цэнтрамі ўлады мусульманскіх дзяржаў былі гарады ў дэльце Ганга — Дака і Муршыдабад[4].
Зноскі
- ↑ National River Архівавана 16 чэрвеня 2010. (англ.)
- ↑ Ганг. Большая советская энциклопедия Архівавана 25 мая 2013. (руск.)
- ↑ а б History of Ganga River Geography of India
- ↑ а б в Encyclopaedia Britannica.. Ganges River (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2012. Праверана 2010-3-22.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ганг