Бураты
Бураты (буряад) | |
Агульная колькасць | 674 000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Расія — 461 389 |
Мова | бурацкая |
Рэлігія | шаманізм, будызм, праваслаўе |
Блізкія этнічныя групы | Манголы, калмыкі |
Бура́ты (саманазва буряад) — народ, карэнныя жыхары поўдню Сібіры (Расія), поўначы Манголіі і паўночнага ўсходу Кітая. Падпадзяляюцца на шэраг этна-тэрытарыяльных і моўных груп — булагаты, эхірыты, харынцы, хангадоры, сартулы, цанголы, табангуты і інш. Прыкладная агульная колькасць — 674 тыс.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Згодна генетычным даследаванням, большасць буратаў адносіцца да нашчадкаў старажытнага насельніцтва Азіі, якое перасялілася ў раён вакол возера Байкал каля 60 тысяч гадоў таму. Адсюль ішлі перасяленні на Карэйскі паўвостраў і Паўночна-Усходнюю Азію, а адтуль — у Амерыку. Такім чынам, бураты генетычна блізкія да іншых народаў Сібіры і Цэнтральнай Азіі, асабліва да цюркаў[1][2]. Аднак лінгвістычна бураты адносяцца да мангольскіх народаў. Гэта тлумачыцца міграцыяй мангольскіх плямёнаў на поўдзень Сібіры з VII — XI стст. н. э.[3] Яны асімілявалі іншамоўнае мясцовае карэннае насельніцтва. Назва буряад, відавочна, мае цюркскае паходжанне. Першапачаткова яна азначала заходніх гунаў.
У XIII — сярэдзіне XVII стст. бураты ўваходзілі ў склад сярэднявечнай мангольскай дзяржавы. З XVI ст. у землях, населеных буратамі, з’явіліся рускія перасяленцы. Згодна дагаворам 1689 г., 1727 г. і 1728 г. паміж Расіяй і маньчжурамі, землі буратаў трапілі ў склад Расіі. Адносіны паміж буратамі і рускімі мелі надзвычай складаны характар і суправаджаліся сутыкненнямі з абодвух бакоў. Гэта выклікала перасяленне часткі буратаў спачатку ў Манголію, а потым і ў Кітай, а таксама раскол расійскіх буратаў на некалькі геаграфічна-культурных груп[4].
Пасля рэвалюцыі 1917 г. падзел бурацкага народа быў замацаваны ў выніку стварэння ў 1923 г. Бурат-Мангольскай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (зараз Рэспубліка Бурація), у 1937 г. Усць-Ардынскай Бурацкай аўтаномнай акругі і Агінскай Бурацкай аўтаномнай акругі. У 2008 г. насуперак пярэчанням з боку бурацкіх праваабаронцаў і VI Кангрэса бурацкага народа[5][6] Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга і Агінская Бурацкая аўтаномная акруга спынілі сваё існаванне.
Рассяленне
[правіць | правіць зыходнік]Бураты ў Расіі
[правіць | правіць зыходнік]Згодна перапісу 2010 г., у Расіі жыло 461389 чал., якія вызнавалі сваю этнічную тоеснасць як бураты. З іх 286839 чал. жылі ў Рэспубліцы Бурація, 73941 чал. — у Забайкальскім краі (да 2008 г. тут існавала Агінская Бурацкая аўтаномная акруга), 77667 чал. — у Іркуцкай вобласці (да 2008 г. тут існавала Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга)[7]. Для параўнання, ў 1926 г. у РСФСР налічвалася 237,5 тыс. буратаў, у 1939 г. — 251,5 тыс., у 1970 г. — 312,8 тыс., у 1979 г. — 349,8 тыс., у 1989 г. — 417,4 тыс.[8]
У Расіі дзейнічае шэраг нацыянальных бурацкіх арганізацый, у тым ліку Усебурацкая асацыяцыя развіцця культуры[9], які арганізуе Кангрэс бурацкага народа (VI Кангрэс адбыўся ў 2008 г.) і Санкт-Пецярбургскі бурацкі культурны цэнтр, пры якім існуюць дабрачынны фонд «Ая-Ганга» і Бурацкая нацыянальна-культурная аўтаномія «Гэсэр»[10].
Бураты ў Кітаі
[правіць | правіць зыходнік]Прыкладная колькасць буратаў у КНР (2013 г.) дасягае 160 тысяч чал.[11] Гэта нашчадкі бурацкіх бежанцаў, якія перасяляліся ў Кітай з СССР у 1930 — 1940-ых гг.[12] Яны жывуць пераважна ва Унутранай Манголіі і правінцыі Хэйлунцзян. У КНР бураты разглядаюцца як частка мангольскай нацыянальнай меншасці.
Бураты ў Манголіі
[правіць | правіць зыходнік]Бураты Манголіі кампактна насяляюць Дарнодскі, Хэнтэйскі, Цэнтральны, Селенгінскі, Булганскі і Хубсугульскі аймакі, жывуць у буйных гарадах гэтай краіны. У Хэнтэйскім аймаку існуюць монаэтнічныя бурацкія самоны Біндэр, Батшырээт і Дадал. Большасць буратаў адносяцца да этнічнай групы хоры, вылучаюцца таксама сангол, булганскія бураты, тункінскія бураты, хамнінганскія бураты і г. д. Перасяленне буратаў у Манголію пачалося ў XVII ст. з-за сутыкненняў з рускімі перасяленцамі. Так, у сярэдзіне XVII ст. у Манголію перакачавала вялікая група буратаў з Балаганскага стэпу. Яны ратаваліся ад вынішчэння, што ўчынілі казакі на чале Івана Пахабава. Частка ранніх перасяленцаў змяшалася з іншымі этнічнымі супольнасцямі манголаў. Бураты таксама пераязджалі з Расійскай імперыі ў Манголію па рэлігійных прычынах як манахі і пілігрымы. У першай палове XX ст. колькасць перасяленцаў значна павялічылася ў сувязі з рэпрэсіямі ў СССР. Урад Манголіі успрымаў буратаў як этнічна блізкіх да манголаў, а таму спрыяў іх адаптацыі на новых месцах. У некаторых выпадках ім перадаваліся ў карыстанне качэўі значна лепшыя, чым на гістарычнай радзіме. Аднак большасць сучасных буратаў Манголіі вызнае сваю сувязь з буратамі Расіі і падтрымлівае з імі шчыльныя, у тым ліку сваяцкія, сувязі. Агульная колькасць буратаў у гэтай краіне (2010 г.) — 45 087 чал.[13]
Бураты ў Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У 2009 г. у Рэспубліцы Беларусь жыло 53 чал., якія вызначалі сваю этнічную тоеснасць як бураты[14]. З іх толькі 8 чал. лічылі роднай мовай бурацкую і 2 чал. — беларускую.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Заняткі
[правіць | правіць зыходнік]Да пачатку XX ст. у буратаў сфарміраваўся жывёлагадоўча-земляробчы гаспадарчы комплекс. Жывёлагадоўля мела качавы характар. Трымалі кароў, вярблюдаў, авечак. Малочныя прадукты і мяса ў асноўным спажывалі самі. Скура і воўна перапрацоўваліся, ішлі на выраб вопраткі або прадаваліся гандлярам. У засушлівых рэгіёнах для арашэння лугоў практыкавалася ірыгацыя.
Захоп часткі качавых тэрыторый рускімі перасяленцамі вымушаў буратаў змяняць лад жыцця, пераходзіць да земляробства. Гэта было асабліва характэрна для насельнікаў сучаснай Іркуцкай вобласці і часткі Бураціі. Вырошчвалі збожжавыя культуры, бульбу, гародніну.
Бураты таксама займаліся паляваннем і рыбалоўствам. Былі вядомыя калектыўныя формы палявання зэгэтэ-аба і аба хайдак, у якіх удзельнічалі ўсе члены роду. Родавыя саюзы лічыліся маёмаснікамі паляўнічых угоддзяў. Палявалі з дапамогай розных пастак, радзей з дапамогай агнястрэльнай зброі. Рыбалоўствам і паляваннем на байкальскую нерпу займаліся прыбярэжныя жыхары берагоў возера Байкал і ракі Селенга. Скура нерпы спраўджвалася ў Іркуцк. Мяса і жыр спажываліся, часткова прадаваліся рускім гандлярам.
Распаўсюджаныя рамёствы — перапрацоўка воўны, металаў і драўніны, бондарства, гарбарства, выраб вопраткі. Бураты, што насялялі лясныя раёны, таксама здабывалі драўніну і драўняны вугаль.
Жытло
[правіць | правіць зыходнік]У качавых буратаў, што насялялі стэп, найбольш распаўсюджанай формай жытла была лямцавая юрта. Яна майстравалася з 5 — 10 драўляных рашотак хана, якія вертыкальна растаўлялі колам і звязвалі валасянымі шнурамі. Наверсе з рэяк уні рабіўся конусападобны дах. У цэнтры яны шчапляліся за абруч тона. Атрыманы такім чынам каркас абкладвалі лямцавымі покрыўкамі і звязвалі вяроўкамі. Тона заставалася свабоднай для выхаду дыму і пранікнення сонечнага святла. Падлога ладзілася з драўляных дошак, але найчасцей заставалася земляной, пасцілалася скурамі і лямцом. Уваход закрывалі драўлянымі дзвярыма халага і лямцавай покрыўкай уда.
У жыхароў паўночных лясных раёнаў існаваў бухэк, канічны будан з жэрдак, накрыты звярынымі скурамі. Аднак з пачатку XX ст. ён выкарыстоўваўся ўжо толькі як часовае жытло для паляўнічых. Дастаткова распаўсюджанымі былі драўляныя юрты, якія будаваліся з хваёвых бярвенняў ў 8 сцен, дыяметрам да 10 м. У драўляных юртах жылі пераважна ў летні сезон або выкарыстоўвалі як хлеў ці рамесную майстэрню. Былі вядомы звычайныя хаты з бярвення. Многія бураты мелі некалькі жытлаў — летняе, зімовае і часовае (для перакачовак, часу палявання і рыбнага лову).
Цэнтральная частка жытла выкарыстоўвалася для вогнішча, глінянай або жалезнай печы з плітою. Насупраць халага месцілі бажніцу, дзе трымалі рытуальныя рэчы і невялікія выявы продкаў і багоў. Шаманісты на месцы бажніцы мелі доўгі куфар з рытуальнымі выявамі ангонамі, часцяком у выглядзе футра. Налева ад уваходу знаходзілася мужчынская зона, направа — жаночая.
Вопратка
[правіць | правіць зыходнік]Народная вопратка складаецца з прамога футравага халата з запахам направа і стаялым каўняром, шырокага пояса і скураных ботаў. Жаночыя халаты маюць нізкі каўнер, зборкі ў таліі і станік, абабіты вузкай стужкай. Пад халат апранаюць штаны і кашулю. Жанчыны на халат — камізэльку. Мужчынскую шапку з вострым верхам і пашыраным аколышкам шыюць з лямцу і лісінага футра. Жаночыя шапкі робяцца з каляровай тканіны, абабітай мехам бабра. Улетку жанчыны носяць хустку. Жаночыя ўпрыгожванні апранаюць так, каб яны былі бачныя спераду. Ва ўсходніх раёнах, населеных буратамі, раней сярод мужчын было прынята галіць пярэднюю частку галавы, а ззаду заплятаць касу.
Кухня
[правіць | правіць зыходнік]Народная бурацкая кухня прадстаўлена пераважна стравамі з мяса, рыбы і малочных прадуктаў. Мяса вяляць, гатуюць з яго розныя віды каўбас, бульён бухлер, пельмені бууз (позы), піражкі хушуур, суп з лапшой і баранім мясам шулэн і г. д. Рыба традыцыйна ўжываецца ў ежу жыхарамі берагоў возера Байкал. Яе смажаць на вуглях, на камянях або на патэльні, ядуць салёнай і вэнджанай.
З малака робяць ласункі — сушаную малочную плеўку ўрмэ і смятанныя аладкі саламат. Смятану заварваюць кіпнем і ядуць з молатай чаромхай. На малаке гатуюць саланаваты чай. Папулярны алкагольны напоі архі і тарасун з перагнанага кіслага малака. Двойчы перагнанае малако раней ішло на арсу, якую злівалі ў спецыяльны посуд, дадавалі туды ядомае карэнне, чаромху, муку. Арсу доўга захоўвалася, ужывалася дарослымі і малымі.
Грамадства
[правіць | правіць зыходнік]У канцы XIX — пачатку XX ст. сацыяльная арганізацыя буратаў была дастаткова складанай. Існавалі буйныя роды, што аб’ядноўвалі сем’і пэўнай тэрыторыі і фактычна з’яўляліся не столькі сваяцкімі, колькі суседскімі абшчынамі, а таксама аб’яднанні кроўных сваякоў ясу (літаральна «костка»), якія гуртавалі родзічаў з розных родаў. Прыналежнасць да ясу лічылася вельмі важнай, таму звычайна кожны бурат ведаў сваіх продкаў і асноўныя адгалінаванні сваёй сям’і на шмат стагоддзяў да свайго нараджэння. Роды кантралявалі зямельныя ўгоддзі, арганізоўвалі адміністрацыйнае кіраўніцтва, сумесную працу, узаемадапамогу, шанаванне духаў эджын, што разглядаліся як гаспадары месцаў, населеных абшчыннікамі, агульныя святы і ахвярапрынашэнні.
Пераважалі малыя нуклеарныя сем’і. Дазвалялаіся палігінія і дамовы паміж бацькамі аб будучым шлюбе яшчэ малых дзяцей. Дзяўчынак аддавалі замуж ва ўзросце 11 — 15 гадоў. Шлюбная дамова мела абавязковы характар, і за яе парушэнне неслі адказнасць усе чальцы абшчыны. Бацькі жаніха выплочвалі за нявесту выкуп. Калі яна раптам мяняла рашэнне і знаходзіла да вяселля іншага мужа, то той абавязваўся аддаць выкуп былому жаніху. Каб пазбегнуць выкупу, сем’і часцяком абменьваліся нявестамі.
Сваяцтва мела выразную іерархію, вылучаліся старэйшыя і малодшыя сваякі, сваякі па маці і па бацьку. Асаблівыя адносіны звязвалі не толькі з бацькамі, але братам маці. Жанчыны ў сям’і лічыліся падначаленымі, іх паводзіны значна абмяжоўваліся.
Фальклор
[правіць | правіць зыходнік]Бурацкі фальклор знакаміты эпічнымі сілабічнымі паэмамі ўлігер, прысвечанымі змагарам са злом. Найбольш вядомы эпас пра героя Гэсэра, які, як лічаць, захаваўся ў буратаў у найбольш архаічнай форме. Таксама вядомы чарадзейныя казкі, гістарычныя паданні, легенды, песні. Папулярнымі святочнымі забавамі буратаў з’яўляюцца стральба з луку, скачкі на конях, дужанне, танцы, у тым ліку сакральны танок ёхор, які суправаджаецца спевамі.
-
Бурацкія юрты
-
Вопратка
-
Жанчыны ў народных строях
-
Прыгатаванне ежы
-
Барацьба
-
Сучасныя музыканты
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Бурацкая мова адносіцца да паўночнай групы мангольскіх моў. Мае афіцыйны статус у Рэспубліцы Бурація. Сучасныя лінгвісты вылучаюць мовы буратаў Расіі, Манголіі і Кітая як фактычна самастойныя. Мова расійскіх буратаў падзяляецца на 5 буйных дыялектаў.
У Расіі да 1931 г. бураты карысталіся тым жа пісьмом, што і манголы. У 1931 г. была ўведзена лацінская графіка. У 1939 г. — алфавіт на аснове кірыліцы[15]. У Манголіі бураты карыстаюцца мангольскай кірылічнай графікай. У Кітаі — старамангольскай графікай.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Шаманізм
[правіць | правіць зыходнік]Шаманізм з’яўляўся асноўнай рэлігіяй буратаў да XVIII ст. Нават пасля шырокага распаўсюджання будызму практыка шаманізму мела вялікае значэнне, асабліва сярод заходніх і паўночных буратаў. Расійская каланіяльная адміністрацыя вяла барацьбу з шаманізмам, навязвала будызм або праваслаўе[16]. У гады станаўлення савецкай улады шаманы таксама падвяргаліся ганенням і рэпрэсіям, таму былі вымушаны дзейнічаць патаемна або наогул адмаўляцца ад сваіх поглядаў. Пасля 1991 г. шаманізм зноў адрадзіўся. У наш час адбываецца кансалідацыя шаманістаў, праводзяцца сумесныя абрады, дзейнічае рэлігійная арганізацыя «Тэнгэры»[17][18].
Бурацкі шаманізм увабраў у сябе архаічныя анімістычныя вераванні, старажытны культ продкаў і пэўныя рысы бурханізму. Разам з гэтым, ён уяўляе сабою дастаткова складаную сістэму, якая адлюстроўвае асаблівы светапогляд і рытуальную частку.
Шаманісты вераць у тое, што сусвет быў створаны прамаці ўсіх багоў Ээхэ. Ён падзяляецца на тры часткі. Верхні свет Дээдэ замбі насяляюць 99 добрых і злых багоў тэнгры, сярэдні Тээлі замбі — людзі, ніжэйшы Даода замбі — злыя сілы на чале Эрлен-хана. Цэнтрам сусвету з’яўляецца Палярная зорка (Алтан гадас, літаральна «залаты кол»). Чалавечы свет нагадвае шмат’ярусную канструкцыю, дзе маюцца свае багі, уладары тых ці іншых краін, духі-ахоўнікі пэўных месцаў эджын і меншыя па значнасці звышнатуральныя істоты[19]. Увесь пантэон бурацкіх бажаствоў шануецца па чатырох бакам свету.
Бурацкія шаманы падзяляюцца на белых, якія шануюць тэнгры, і чорных, прыхільнікаў злых сіл. Абрады практыкуюцца з дапамогай ангон — рэчаў, што утрымоўваюць у сябе духаў або толькі адлюстроўваюць іх.
-
Бурацкі шаман. Фота 1904 г.
-
Сучасны шаман вострава Альхон
-
Шаманскі рытуал
-
Стадол буратаў-хангадораў
Будызм
[правіць | правіць зыходнік]Сярод буратаў распаўсюджаны будызм у форме ламаізму (ваджраяна), які прыйшоў сюды з тэрыторыі Тыбета праз Манголію. Будызм быў вядомы ў Бураціі з канца XVI ст., аднак пачатак яго інтэнсіўнага распаўсюджвання прыпаў на пачатак XVIII ст., калі ў землі буратаў прыйшлі 150 лам-місіянераў. У 1741 г. Елізавета I афіцыйна дазволіла распаўсюджванне будызму ў Расійскай імперыі. У 1773 г. імператарскі ўказ рэгламентаваў мець не болей за 1 кляштар-дацан для кожнага бурацкага рода[20]. У іх вялася не толькі рэлігійная, але і культурная праца — перапісваліся і перакладаліся кнігі, вялася падрыхтоўка вучняў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі савецкія ўлады пачалі закрыццё дацанаў, і да 1937 г. усе будысцкія рэлігійныя цэнтры буратаў былі знішчаны. Толькі ў 1945 г. ва Улан-Удэ быў адчынены адзіны Івалгінскі дацан[21]. У наш час патрэбы вернікаў-буратаў абслугоўвае 23 дацаны. З 1991 г. пры Івалгінскім дацане працуе будысцкі інстытут «Дашы Чайнхарлін», 1999 г. — будысцкі ўніверсітэт.
-
Рытуал цам, фота кан. XIX ст.
-
Сучасны дацан
-
Будысцкія ступы
-
Бурацкі лама
Праваслаўе
[правіць | правіць зыходнік][Праваслаўе] пачало распаўсюджвацца на землях буратаў з 1648 г., калі рускія казакі заснавалі Баргузінскую крэпасць, дзе мелася царква і святар[22]. Місіянерская дзейнасць сярод буратаў актыўна праводзілася ў XIX — пачатку XX стст. Яна была накіравана ў першую чаргу на прыцягненне шаманістаў на захадняй поўначы ад возера Байкал. Пры падтрымцы каланіяльнай расійскай адміністрацыі вернікаў заахвочвалі адменай ясака і іншых павіннасцяў, але таксама ўжывалі прымус і розныя пакаранні[16][23]. Некаторыя з новаахрышчоных працягвалі патаемна ад царквы спраўляць старыя святы і хаваць памерлых па даўнейшым звычаям. Разам з гэтым, сярод праваслаўных місіянераў меліся тыя, хто даследваў і апісваў культуру бурацкага народа. У канцы XIX ст. яны пераклалі на бурацкую мову некалькі агіяграфічных твораў і частку Бібліі[24][25]. Сярод найбольш выбітных ахрышчаных буратаў быў хросны сын Аляксандра III, Пётр Аляксандравіч Бадмаеў (1851—1920 гг.), урач і даследчык Тыбета.
У наш час праваслаўныя вернікі ёсць толькі сярод буратаў, што жывуць у Расіі (каля 27 %). У 2010 г. пачалася публікацыя новага перакладу кніг Старога Запавета на бурацкай мове, быў зроблены поўны пераклад Новага Запавета[26].
-
Пётр Бадмаеў
-
Праваслаўны Пасольскі манастыр у Бураціі
-
Праваслаўная царква Ушэсця ў Кяхце
-
Капліца рускіх старавераў у Бураціі
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Александр Махачкеев, Раскрыта тайна происхождения бурят
- ↑ Гаплогруппа G2a Архівавана 10 сакавіка 2013.
- ↑ Этнос — Буряты
- ↑ Хилханов Д. Л., Этническая идентичность бурят и способ производства
- ↑ Буряты: Нация без лидеров Архівавана 18 студзеня 2021.
- ↑ Железняков Александр Сергеевич, ЭТНИЧЕСКИЕ АСПЕКТЫ УКРУПНЕНИЯ СУБЪЕКТОВ РОССИЙСКОЙ ФЕДЕРАЦИИ НА ПРИМЕРЕ ВОСТОЧНО-СИБИРСКОГО И СЕВЕРО-КАВКАЗСКОГО РЕГИОНОВ(недаступная спасылка)
- ↑ gks.ru Архівавана 30 красавіка 2020.
- ↑ БУРЯТЫ: Основные сведения Архівавана 17 мая 2015.
- ↑ ВАРК(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2013. Праверана 15 верасня 2013.
- ↑ ethnospb.ru
- ↑ Buriat, Chinese
- ↑ 内蒙古布里亚特蒙古人的今昔
- ↑ toollogo2010.mn
- ↑ belstat.gov.by
- ↑ Энциклопедия «Вокруг света»
- ↑ а б Бадмаев А. А., Некоторые новые данные о христианизации предбайкальских бурят Архівавана 14 студзеня 2014.
- ↑ Шаманы Прибайкалья собрались на древнейший обряд Тайлаган Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ Шаманы Бурятии консолидируются Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ Шаманизм в Баргузинской долине Архівавана 29 жніўня 2013.
- ↑ buriatia.ru
- ↑ datsan.buryatia.ru Архівавана 9 лютага 2014.
- ↑ А. Д. ЖАЛСАРАЕВ «ПРАВОСЛАВИЕ В БУРЯТИИ: ДАТЫ И ФАКТЫ» Архівавана 3 лістапада 2010.
- ↑ П. ПЕРЕПЕЧЕНОВА, КРЕЩЕНИЕ БУРЯТ (ЦЕРКОВЬ НА СЛУЖБЕ САМОДЕРЖАВИЯ)
- ↑ И. В. Кульганек, НЕИЗВЕСТНАЯ РАБОТА А. М. ПОЗДНЕЕВА О ПЕРЕВОДЕ СВЯЩЕННОГО ПИСАНИЯ
- ↑ Перевод Библии на бурятский язык Архівавана 22 чэрвеня 2014.
- ↑ В Улан-Удэ представили Новый Завет на бурятском языке, изданный Институтом перевода Библии
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Трансграничные миграции в пространстве монгольского мира: история и современность: сб. науч. ст. — Улан-Удэ: Изд-во БНЦ СО РАН, 2010
- Буряты. // Народы России: Энциклопедия. — М.: Большая Российская энциклопедия, 1994 — С. 118—122
- Галданова Г. Р., Доламаистские верования бурят. — Новосибирск: Наука, 1987
- Трегубова Динара Дмитриевна, Субэтнические группы бурят в прошлом и настоящем. Автореферат диссертации на соискание учёной степени кандидата исторических наук. 07.00.07 -Этнография, этнология и антропология. — Москва, 2011
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Бураты на Вікісховішчы |
- Буряты(недаступная спасылка)
- Сайт бурятского народа
- ИЗУЧЕНИЕ БУРЯТСКОГО ЯЗЫКА В ИНТЕРНЕТЕ
- History of Buryatia (Ar Mongol) Архівавана 10 сакавіка 2014.
- Ethnic cuisine of Buryatia Архівавана 30 верасня 2015.
- 关于布利亚特民族