Перайсці да зместу

Арашэнне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ірыгацыя)
Самаходная франтальная арашальная прылада ў дзеянні

Арашэнне[1], таксама Абвадненне або Ірыгацыя[2] — падвядзенне вады на палі, якія адчуваюць нястачу вільгаці, і павелічэнне яе запасаў у пласце грунту, дзе знаходзяцца карані раслін, з мэтай павелічэння ўрадлівасці грунту. Ірыгацыя з’яўляецца адным з відаў меліярацыі. Арашэнне паляпшае сілкаванне каранёў раслін вільгаццю і пажыўнымі рэчывамі, зніжае тэмпературу прыглебавага пласту паветра і павялічвае яго вільготнасць.

Норыі на рацэ Аронт у Сірыі

Ужо ў найстаражытнейшыя часы арашэнне дасягнула ступені мастацтва, на якім быў заснаваны дабрабыт цэлых дзяржаў. Пра правядзенне вады для ўвільгатнення палёў згадваецца ў многіх месцах Бібліі. Мясцовасць паміж Еўфратам і Тыграм славілася ўжо ў глыбокай старажытнасці сельскагаспадарчым прагрэсам, дасягнутым пры дапамозе сістэматычнага арашэння. Са спрадвечных часоў існуюць узоры арашальных збудаванняў у краінах старажытнай культуры: у Кітаі, Індыі і Егіпце, а ў Новым Свеце — у абласцях зніклага царства ацтэкаў. Егіпцяне не здавольваліся перыядычнымі разлівамі Ніла для апладнення сваіх палёў, а правялі яго воды, з дапамогай разгалінаванай сістэмы каналаў, па ўсёй сваёй урадлівай вобласці да края пустэльні. Пасля перайшлі тут да водавычэрпвальных колаў, падымалі ваду на вышыню.

У Еўропе найстаражытнейшымі майстрамі па частцы арашэння з’яўляюцца этрускі. Велічэзныя рэшткі каналаў паміж Адыджэ і По сведчаць і ў наш час аб каласальных інжынерных збудаваннях, выкананых гэтым народам выключна для абваднення палёў. Сваё мастацтва яны перадалі рымлянам. Апошнія высока шанавалі ваду, і нават у цяперашні час іх гідратэхнічныя збудаванні здзіўляюць: узнёслыя басейны, водаправодныя каналы, штучныя сажалкі і азёры, пышнае аздабленне крыніц і іншыя дасканалыя прылады для дастаўлення добрай вады.

Самым шырокім чынам арашальныя збудаванні развіліся ў Ламбардыі. Сетка арашальных каналаў у гэтай вобласці, якая развівалася і ўдасканальвалася з часоў рымлян, ахоплівала да пачатку XX стагоддзя плошчу да 450 тысяч гектараў. Галоўныя каналы гэтай сеткі, у склад якіх увайшлі і старажытныя штучныя вадацёкі, пабудаваныя былі ў пачатку Сярэднявечча часткова манахамі, часткова гарадамі Міланам, Крэмонай і іншымі пад валадарствам Вісконці, Сфорца, Палавічына, а ў вобласці Мантуі дынастыяй Ганзага. Найстаражытнейшы канал Веталія быў пабудаваны ў 1057 годзе. Ужо ў 1216 годзе ў Мілане з’явіўся звод пастановаў пра карыстанне вадой, які пасля быў удасканалены і паслужыў падставай заканадаўства пра арашэнне 1747 года. У XI стагоддзі манахі абацтва К’яравалле валодалі больш чым 8000 гектарамі арашаемых лугоў і прадавалі лішак сваёй вады. Для вызначэння яе колькасці карысталіся адмысловымі вадамерамі, у якіх ваду прапускалі праз пэўную адтуліну шырынёй 0,029 м², пры сталым напоры 0,10 м. У хвіліну праз такую адтуліну працякае 2,1835 м³ вады, што называецца міланскай унцыяй. Пасля замест вадзяной унцыі сталі карыстацца для вымярэння выдатку іншымі прыладамі і прыборамі, званымі з часоў Саўдаці, першага вынаходніка такога прыбора ў XVI стагоддзі, модулямі.

З Ламбардыі нямецкія жаўнеры ў XVIII стагоддзі прынеслі з сабой мастацтва арашэння ў вобласць ніжняга Рэйна, дзе арашальныя прылады асабліва развіліся і ўмацаваліся ў наваколлях горада Зігена, дзякуючы намаганням бургамістра гэтага горада каля 1750 года. У Іспаніі арашэнне ўведзена было маўрамі, працамі якіх бязводныя наваколлі Валенсіі ператварыліся ў вобласць добрай урадлівасці. Разваліны гідратэхнічных збудаванняў маўраў у Іспаніі дагэтуль уражваюць сваёй веліччу. Маўрытанскія арашальныя прылады паслужылі ўзорам не толькі ў тэхнічных адносінах, але і ў дачыненні да заканадаўства і арганізацыі, бо тут з’явілася самая старажытная форма грамадскага карыстання арашэннем. Падведамныя маўрам правінцыі падзяляліся на арашальныя ўчасткі, для якіх неабходная колькасць вады забяспечвалася загародай горных раўчукоў і рэчак у летні час. Для гэтага будаваліся вялікія плаціны. Са створаных такім чынам вадасховішчаў вада праводзілася магістральнымі каналамі, а ад іх адгаліноўваліся бакавыя каналы, з якіх ваду для арашэння асобных участкаў вычэрпвалі норыямі. Для кожнага з арашаемых участкаў разлічана была дакладна патрэбная колькасць вады. Карыстанне ёю было строга рэгламентавана, і за выпуск залішняй вады ўсталяваныя былі штрафы. Для кантролю расходу вады карысталіся стрэлкавым вадамерам. У некаторых мясцовасцях Іспаніі прылады гэтыя захаваліся яшчэ ў цяперашні час. У Францыі вялікія арашальныя сістэмы знаходзяцца ў далінах Луары і Гароны, а таксама ў дэпартаментах Савоя, Верхняя Савоя, Буш-дзю-Рон, Эро, Гар і іншых. Англія, па ўласцівасцях клімату, патрабуе мала арашэння, але месцамі і тут сустракаюцца шырокія мясцовасці, якія карыстаюцца штучным абвадненнем: напрыклад, самыя старажытныя арашальныя прылады знаходзяцца ва Уілтшыры, створаныя ў 1690-х1700-х гадах, займаюць плошчу каля 20 тысяч гектараў.

Спосабы арашэння

[правіць | правіць зыходнік]

Да асноўных спосабаў арашэння адносяцца:

  • Традыцыйнае арашэнне — паліў па разорах вадой, падаецца помпай ці з арашальнага канала;
  • Дажджаванне — распырскванне вады з адмыслова пракладзеных трубаў;
  • Аэразольнае арашэнне — арашэнне драбнюткімі кроплямі вады для рэгулявання тэмпературы і вільготнасці прыземнага пласта атмасферы;
  • Падглебавае арашэнне — арашэнне зямель шляхам падачы вады непасрэдна ў зону глебы, дзе знаходзяцца карані раслін;
  • Ліманнае арашэнне — глыбокае аднаразовае вясновае ўвільгатненне глебы водамі мясцовага сцёку.

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з Тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы. Мн.: БелЭн, 2002. С. 64.
  2. Напісанне ў адпаведнасці са Слоўнікам іншамоўных слоў у 2-х тамах. Мн., 1999. Т. 1. С. 547.