Фракійцы
Індаеўрапейцы |
---|
Протаіндаеўрапейцы |
Прарадзіма індаеўрапейцаў |
Індаеўрапеістыка |
Індаеўрапейскія мовы |
Фракі́йцы (стар.-грэч.: Θρᾳκός; лац.: Thracis, Threcis) † — група індаеўрапейскіх народаў, што насяляла Фракію і прылеглыя да яе землі (у цяперашні час — Балгарыя, Румынія, Малдавія, паўночна-ўсходняя Грэцыя, еўрапейская і паўночна-заходняя частка азіяцкай Турцыі, усходняя Сербія і частка Македоніі). Яны размаўлялі на фракійскай мове, якую адносяць да сям’і індаеўрапейскіх моў.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Фракійцы з’яўляліся індаеўрапейцамі. Сучасныя генетыкі мяркуюць, што яны былі носьбітамі генаў гаплагрупы R1a і такім чынам мелі адзінае паходжанне з сучаснымі індаеўрапейскімі народамі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама з індаіранцамі. Нешматлікія лінгвістычныя дадзеныя дазваляюць прасачыць блізкасць да балтаў.
Большасць даследчыкаў сцвярджае, што фракійцы сфарміраваліся ў раёне Карпатаў або былі нашчадкамі качавога насельніцтва Паўночнага Прычарнамор’я. Яны прасунуліся на поўдзень у самым пачатку бронзавага веку і асімілявалі мясцовае палеабалканскае насельніцтва — нашчадкаў выхадцаў з Малой Азіі, ад якіх перанялі земляробства. У 2 — 1 тысячагоддзях да н. э. фракійцы перасяліліся на землі на ўсход ад Мармуровага мора (Віфінія), дзе змяшаліся з тубыльцамі. Фракійцы таксама жылі на некаторых паўночных астравах Эгейскага мора.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гамер быў першым аўтарам, які ўзгадаў фракійцаў як саюзнікаў траянцаў. У «Іліядзе» яны паказаны як мужныя пешыя і каляснічыя ваяры. Рэз, правадыр фракійцаў, уразіў элінаў сваёю калясніцаю і ўзбраеннем, упрыгожаным золатам і срэбрам. Гамер называў Фракію «пладавітай», а сярод яе багаццяў пералічваў коней і халодную зброю. Адысей падчас зваротнай вандроўкі з Троі разрабаваў горад фракійцаў-кіконаў. Там яго спадарожнікі захапілі віно, авечак і быкоў.
Звесткі Гамера аб багаццях фракійцаў пацвярджаюцца пазнейшымі старажытнагрэчаскімі крыніцамі, а таксама археалагічнымі раскопкамі. З Фракіі ў Грэцыю вывозіліся прадукты земляробства і жывёлагадоўлі, у тым ліку знакамітае фракійскае віно, золата і срэбра.
У сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. Герадот пісаў: «Народ фракійскі самы буйны на зямлі пасля індыйцаў. Калі б фракійцы былі супольнымі і кіраваліся адным правадыром, то былі бы самымі магутнымі і непераможнымі». Найбольш вядомыя плямёны (або народы) фракійскага паходжання:
У сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. фракійцы Малой Азіі трапілі пад уладу спачатку Лідыі, а потым Персіі. Дарый I падчас вайны са скіфамі захапіў Паўднёвую Фракію. Але пасля паражэнняў персаў ад скіфаў, а потым элінаў Фракія зноў набыла незалежнасць.
У выніку развіцця мясцовай гаспадаркі, а таксама шчыльных гандлёвых сувязяў з Грэцыяй і іншымі краінамі ўжо да сярэдзіны 1 тысячагоддзя фракійскае грамадства падзялялася на некалькі сацыяльных пластоў. На вышэйшай прыступцы стаялі правадыры, улада якіх набыла спадчынны характар. Археалагічныя раскопкі магільняў фракійскіх правадыроў у Балгарыі ў пачатку XXI ст. выявілі вялізарныя багацці, што клаліся разам з памерлымі. Самы нізкі статус мелі рабы. Герадот казаў, што ў Фракіі нязначнае становішча займалі таксама рамеснікі. У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. культура фракійцаў была значна элінізавана. Аднак Старажытная Грэцыя зведала і адваротны ўплыў. З Фракіі ў Міжземнамор’е прыйшлі некаторыя формы земляробства, апрацоўкі металаў, культ Арфея і г. д.
У IV ст. да н. э. адбылося ўзвышэнне Старажытнай Македоніі. Філіп II Македонскі далучыў да сваёй дзяржавы значную частку Фракіі. У III ст. да н. э. фракійцы пацярпелі ад уварвання кельтаў. У 46 г. да н. э. македонскую частку Фракіі заваявалі рымляне. У 101—106 гг. н. э. імператар Траян далучыў землі дакаў. Да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. фракійцы былі раманізаваны.
Вядомыя фракійцы
[правіць | правіць зыходнік]- Фукідыд — старажытнагрэчаскі гісторык
- Спартак — правадыр паўстання рабоў у Старажытным Рыме
- Дэцэбал — правадыр дакаў
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Фракійская магільня, Усходняя Балгарыя
-
Месца археалагічных раскопак у Каранава, Балгарыя
-
Каланада ў фракійскай магільні, Балгарыя
-
Інтэр'ер магільні, Балгарыя
-
Фракійскі жаночы твар (выява ў магільні, Балгарыя)
-
Фракійскі скарб, Балгарыя
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Homer, The Iliad Архівавана 14 ліпеня 2011.
- Homer, The Odyssey Архівавана 6 студзеня 2011.
- Herodotus, The History of Herodotus