Перайсці да зместу

Субарту

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Субарэі)
Унутраныя вобласці Месапатаміі на мяжы 3 тысячагоддзя да н. э. і 2 тысячагоддзя да н. э.

Субарту — старажытная дзяржава і гістарычная вобласць на паўночным усходзе Месапатаміі ў 32 тысячагоддзях да н. э. Хаця Субарту ўзгадваецца ў шэрагу надзейных крыніц, у навукоўцаў няма ўпэўненага меркавання аб яе дакладнай геаграфіі і паходжанні.

Найстаражытнейшай узгадкай пра існаванне краіны Субір на поўначы Месапатаміі з’яўляецца шумерскі эпас пра Энмеркара, складзены ў 3 тысячагоддзі да н. э.

У акадскі перыяд Субарту называлася адна з найважнейшых краін вакол Акада нароўні з Шумерам, Эламам і Марту. Паведамлялася, што Сарган арганізоўваў супраць гэтай краіны ваенную экспедыцыю, а яго ўнук Нарам-Суэн пакарыў яе.

У перыяд трэцяй дынастыі Ура Субарту захоўвала незалежнасць і разглядалася валадарамі Ура як грозны супернік. Асобная краіна з гэтай назвай узгадвалася ў асірыйскіх крыніцах часоў Саргана I і вавілонскіх крыніцах часоў Хамурапі.

У другой палове 2 тысячагоддзя да н. э. звесткі пра Субарту сустракаюцца за межамі Месапатаміі. Так, у амарнскім архіве Субарту тройчы ўзгадваецца як тапонім. Некаторыя даследчыкі атаясняюць Субарту з краінай Алшэ ў вярхоўях Тыгра, вядомую з архіваў Хецкай дзяржавы.

Апошнія звесткі пра Субарту адносяцца да пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. як аб рэгіёне на поўначы Месапатамі або бліз яе. У канцы IX ст. да н. э. вобласць увайшла ў склад Урарту і толькі аднойчы ўзгадвалася асірыйцамі асобна як месца, дзе знайшлі прытулак ворагі іх валадара. У запісах Набапаласара і Камбіза II Субарту — геаграфічны рэгіён, узгаданы хутчэй па традыцыі.

Навуковыя інтэрпрэтацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Хаця ў наш час верхняя Месапатамія адносна добра вывучана археолагамі, у навукоўцаў няма адзінай думкі пра тое, якія канкрэтныя гістарычныя помнікі можна атаесамляць з Субарту. Да другой паловы XX ст. Субарту лічылі вобласцю, якая папярэднічала пазнейшай Асірыі. Аднак асірыйскія ўзгадкі пра Субарту як пра адрозную краіну вымусілі ўсходазнаўцаў лічыць, што гэта назва тычыцца рэгіёна на ўсход яе.

Яшчэ больш заблытаная сітуацыя склалася з субарэйцамі, насельнікамі Субарту. У шумерскіх крыніцах Субарту названа вобласцю змяшэння моў, але пра самі мовы нічога не кажацца. З XIX ст., калі корпус старажытных крыніц толькі вывучаўся, субарэйцаў лічылі хурытамі або продкамі хурытаў. Асіролаг Ігнас Гелб паказаў памылковасць гэтай думкі. Ён палічыў субарэйцаў суродзічамі хурытаў, якія са старажытных часоў насялялі перадгор'і вакол Месапатаміі, але не з’яўляліся непасрэдна хурытамі, у пазнейшых крыніцах называліся асобна. І. Дзьяканаў меркаваў, што першапачаткова субарэйцы былі прамымі нашчадкамі энеалітычнай культуры верхняй Месапатаміі, пазней асіміляваныя носьбітамі хурыцкіх моў. У нашы дні часам высоўваецца думка, што субарэйцы маглі быць раннімі індаеўрапейцамі.

Праблема дакладнага ўсталявання месцазнаходжання Субарту і этнічнага паходжання яе насельнікаў пакуль не вырашана з-за адсутнасці вядомых крыніц, складзеных непасрэдна ў Субарту.