Сінахерыб
Сінахерыб | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
акад.: Сін-ахэ-эрыба — «Сін прымножыў братоў» | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Саргон II | ||||||
Пераемнік | Асархадон | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
каля 745 да н.э. |
||||||
Смерць |
20 кастрычніка 681 да н.э. |
||||||
Род | Сарданіды[d] | ||||||
Бацька | Сарган II | ||||||
Жонка | Накія[d] | ||||||
Дзеці | Асархадон, Ашур-надзін-шумі[d] і Arda-Mulissu[d] | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сінахерыб (удакладненая транскрыпцыя: Сін-ахэ-эрыба) — цар Асірыі, кіраваў прыблізна ў 705 — 680 гадах да н.э. Сын Саргона II.
Сінахерыб узыйшоў на прастол 12 абу (ліпень — жнівень) 705 г. да н.э. У адрозненне ад бацькі ён быў прыхільнікам ваеннай партыі, а са жрэцтвам і гараджанамі не ладзіў. У палітыцы новы цар абапіраўся выключна на грубую сілу.
Карная экспедыцыя ў Вавілонію і новае паўстанне
[правіць | правіць зыходнік]У 704 г. да н.э. Сінахерыб распачаў карную экспедыцыю супраць Вавілоніі, калі там ізноў з'явіўся Мардук-апла-ідзін II, плануючы скарыстацца смерцю Саргона, каб вярнуць сабе ранейшую ўладу ў Вавілоне. Асірыйцы абаранілі ад халдзеяў паўднёвыя малаважныя гарады Ларак, Сарабану, але да Вавілона Сінахерыб аднёсся з пагардай. Па невядомых прычынах Сінахерыб два гады не займаў прастол у Вавілоне. У канцы-канцоў, вавіланяне былі вымушаны высунуць царом аднаго са свайго асяроддзя — нейкага Гагізу (у вавілонскім спісе цароў вядомы пад тронным імем Мардук-закір-шумі II). Гэта прывяло да неадкладнага новага выступлення Мардук-апла-ідзіна II, які гатаваў грандыёзнае паўстанне супраць Асірыі.
Разгром халдзеяў
[правіць | правіць зыходнік]У 703 г. да н.э. Мардук-апла-ідзін заняў Вавілонскі прастол. У адказ на гэта Сінахерыб выступіў у паход (702 г. да н.э.). Пасля бліскучай двайной перамогі пры Куту і Кішы, Сінахерыб уступіў у Вавілон, дзе яму ўдалося захапіць палац Мардук-апла-ідзіна з усёй яго маёмасцю і палацавымі служкамі. Мардук-апла-ідзіну ўдалося бегчы ў Прымор'е. Сінахерыб захапіў 75 гарадоў-крэпасцей і 420 паселішчаў Халдэі. 208 тысяч халдзеяў былі выселены асірыйцамі ў іншыя вобласці іх дзяржавы. Сінахерыб зрабіў спробу стварыць добрыя адносіны з вавіланянамі, скараўшы толькі непасрэдных саўдзельнікаў Мардук-апла-ідзіна, галоўным чынам халдзеяў, арамеяў і арабаў. Але Сінахерыб ізноў не захацеў заняць вавілонскі трон асабіста, а пасадзіў на яго ў якасці марыянетку — нейкага Бел-ібні, «апошняга сабаку ў маім палацы», як сам Сінахерыб пра яго пагардліва выказаўся. Відаць, гэты Бел-ібні быў маладым і знатным вавіланянінам, выгадаваным пры асірыйскім двары. Пасля Вавілона Сінахерыб прасунуўся на ўсход ад Тыгра да мяжы з Эламам, дзе атрымаў даніну ад кіраўніка г. Хараратэ Набу-бел-шуматэ, і разграміў воінаў г. Хірымэ, а іх трупы павесіў на калах вакол горада. Затым г. Хірымэ быў заселены зноў.
Паход у горы Заграс
[правіць | правіць зыходнік]Другі паход (702 г. да н.э.) Сінахерыб накіраваў на ўсход. Першапачаткова былі разгромлены плямёны качэўнікаў-касітаў і роднасных ім ясубігалайцаў, якія жылі на поўдзень ад Эліпі. Асірыйцы захапілі тут коней, мулаў і рагатую скаціну, а таксама палонных. Увесь пройдзены асірыйцамі горны раён быў уключаны ў склад правінцыі Арапха (Відаць, вобласць Намар была перад гэтым зліта з Арапхай). З ліку трох занятых тут крэпасцей Біт-Кіламзах, Хардышпі і Біт-Кубаці — у адной былі паселены палонныя перасяленцы, відаць, з Вавілоніі, а ў двух іншых — касіты, якія беглі ў горы.
Адсюль Сінахерыб спусціўся ў Эліпі, дзе ў гэты раз цар Аспабара далучыўся да эламскай кааліцыі. Асірыйцы захапілі крэпасці Марубішу і Акуду — рэзідэнцыі Аспабары, разам з 34 паселішчамі ў іх наваколлях і спаліў іх агнём. У рукі асірыйцаў патрапіла вялікая здабыча — людзі, коні, мулы і скаціна. Затым асірыйцы захапілі гарады Цыцыету і Кумахум і іх наваколлі. Пры гэтым ад Эліпі была аддзелена вобласць Біт-Баруа (Баруата на ўрарцкіх надпісах), заселена прыгнанымі з іншых месцаў палоннымі і далучана да асірыйскай правінцыі Хархар. (Як відаць, Біт-Баруа, заваяваная яшчэ пры Тыглатпаласары III, з тых часоў паспела адпасці ад Асірыі. Хутчэй за ўсё гэта адбылося ў 715 г. да н.э., падчас паўстання шэрагу паўднёва-заходніх мідыйскіх раёнаў). Галоўная крэпасць гэтай вобласці Элензаш (суч. Керманшах) была пераназвана ў Кар-Сін-ахэ-эрыба («Вал Сінахерыба») і там быў размешчаны асірыйскі гарнізон. Таксама Сінахерыб атрымаў даніну ад «далёкіх мідзян».
Паўстанне ў Сірыі і Фінікіі
[правіць | правіць зыходнік]Скарыстаўшыся зменай цароў, дзяржавы Сірыі, Фінікіі і Палесціны пры падтрымцы Егіпта ўтварылі саюз супраць Асірыі. У кааліцыю ўваходзілі: Цір, Сідон, Арвад, Бібл, Ашдод, Экрон (асір. Ашкаруна, суч. Акыр), Аскалон, Амон, Мааў, Іўдзея, арабскія плямёны, Егіпет і інш., агулам 15 удзельнікаў. У 701 г. да н.э. у Экроне народ зрынуў праасірыйскую групоўку на чале з царом Падзі, і выдаў апошняга ў ланцугах іўдзейскаму цару Хізкію (Езекію), які ўзначальваў антыасірыйскае паўстанне ў Палесціне. Справядліва прадчуваючы, што ў хуткім часе Асірыя нанясе ўдар у адказ, Хізкія пачаў рыхтавацца да абароны. Каб пазбавіць армію Сінахерыба вады, іўдзейскі цар загадаў засыпаць усе крыніцы і студні ў сваёй краіне, паправіў гарадскую сцяну Іерусаліма, умацаваў цытадэль і падрыхтаваў усё неабходнае, каб вытрымаць працяглую аблогу.
Разром мяцежнікаў
[правіць | правіць зыходнік]У 701 г. да н.э. Сінахерыб выступіў у свой трэці паход. Першы ўдар быў нанесены па Элу-элі (Элулай, Лулі) — цару ціра-сідонскаму. Элу-элі пацярпеў паражэнне і бег «у далеч мора (мабыць, на Кіпр), дзе і згінуў». Сінахерыб захапіў гарады Сідон Вялікай, Сідон Малы, Біт-Зіці, Царыпту, Махаліба, Ушу, Акзібі, Ака. Царом Сідона ён прызначыў Туба-алума (Тубаала) і наклаў на яго даніну. Даніну таксама прынеслі цар Самрымуруна Мінхіму, цар Аруда Абдыліці, цар Бібла (Гублы) Урумілкі, цар Ашдода Метынці, цар Амона Пудуэль, цар Маава Камусунатбі, цар Эдома Аяраму і цары Амуру (гэта значыць захаду). Цыдка, цар Аскалона, не пажадаў схіліцца перад Сінахерыбам і прынесці даніну. За гэта ён быў разгромлены, схоплены і адпраўлены ў Асірыю, разам з сям'ёй і раднёй. А на яго месца Сінахерыб пасадзіў ранейшага іх цара Шарулудары, сына Рукібці і наклаў на яго даніну. Гарады Біт-Дагана, Япу, Банаябарка, Азузу, якія належаць Цыдкі, асірыйцы аблажылі і ўзялі.
Сінахерыб ушчыльную падыходзіць да мяжы Егіпта
[правіць | правіць зыходнік]Затым, працягнуўшы паход далей на поўдзень уздоўж узбярэжжа Міжземнага мора, Сінахерыб ля горада Альтаку (каля Экрона) разграміў паўстанцаў Экрона і кушыта-егіпецкае войска, якое прыйшло ім на дапамогу, прычым у палон патрапілі і сыны фараона Шабакі. Егіпцяне беглі, кінуўшы саюзнікаў на волю лёсу. Асірыйцы захапілі гарады Альтаку і Тамну, пасля чаго без бою ўвайшлі ў Экрон, дзе ўчынілі жорсткую расправу. Вінаватыя ў арганізацыі паўстання былі пасаджаны на калы вакол горада, шмат людзей было выведзена ў палон.
Разгром Іўдзеі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля здушэння паўстання, уварваўшыся ў Іўдзею (4Цар. 18:13), Сінахерыб захапіў 45 гарадоў Хізкіі. 200150 чалавек было выведзена ў палон. Падступіўшы да Іерусаліма, дзе схаваўся Хізкія, асірыйцы аблажылі гэты горад. Зрэшты, аблога не мела поспеху, мабыць з-за ўспышкі эпідэміі, у Бібліі гэта падзея адлюстравана так: «пайшоў Ангел Гасподні і паразіў у стане Асірыйскім сто восемдзесят пяць тысяч» (4Цар. 19:35). Сінахерыб здаволіўся атрыманнем закладнікаў і велізарнай даніны ў 30 талентаў (больш за 900 кг) золата і 800 талентаў (больш за 24 т) срэбра (у Бібліі лічбы іншыя — адпаведна 30 і 300 талентаў). Каб сабраць такую суму, Хізкія павінен быў не толькі спустошыць сваю і храмавую казну, але і зняць з дзвярэй і пілястраў храма залатую абліцоўку. Усе гэтыя каштоўнасці, а таксама і вызваленага цара Экрона Падзі, ён адправіў у горад Лахіш — стан асірыйскага цара. Гарады, якія захапілі асірыйцы ў Хізкіі, Сінахерыб аддаў цару Ашдода Метынці, цару Экрона Падзі і цару Газы Цылі-Белу, паменшыўшы, такім чынам, Іўдзею да памераў Іерусаліма і яго наваколляў.
Часовае перамір'е з Егіптам
[правіць | правіць зыходнік]Сінахерыб пайшоў таксама на арабаў, захапіў іх крэпасць Адуму і прывёў іх да пакоры. Наступным стаяў Егіпет. Сінахерыб прыступіў да аблогі памежнай егіпецкай крэпасці Пелусія, пагражаючы непасрэдна егіпецкай тэрыторыі. Аднак з-за падзей у Вавілоніі, яму не ўдалося замацаваць свой поспех яшчэ і перамогай над Егіптам. Відавочна, Асірыя і Кушыта-егіпецкае царства прыйшлі да нейкага пагаднення аб размежаванні сваіх тэрыторый. Пры раскопках палаца Сінахерыба ў Ніневіі была знойдзена гліняная була, якая несумнеўна змацоўвала дагавор паміж Асірыяй і Напатай. На буле захаваліся адбіткі дзвюх пячатак: Сінахерыба і Шабакі.
Паўстанне Мардук-апла-ідзіна II
[правіць | правіць зыходнік]У Вавілоніі ізноў актывізаваў сваю дзейнасць стары вораг асірыйскіх цароў Мардук-апла-ідзін II, які хаваўся ў недаступных балотах у Прыморскай краіне, на поўдні Вавілоніі. Цар Вавілона Белы-ібні пад уплывам патрыятычна настроеных вавіланян аддзяліўся ад Асірыі і ўступіў у саюз з халдзеямі. У 700 г. да н.э. Сінахерыб выступіў у свой чацвёрты паход, гэтым разам на Вавілон. Горад быў узяты і там, замест Бел-ібні, які не апраўдаў яго даверу, Сінахерыб паставіў царом свайго сына і спадчынніка Ашур-надзін-шумі («Ашур-дараваў нашчадства»), а Бел-Ібні быў адпраўлены назад у Асірыю.
Каб раз і назаўжды скончыць з Мардук-апла-ідзінам, Сінахерыб павёў армію ў Прымор'е. На шляху ён нанёс паражэнне Шузубу-халдэю (пагардліва-памяншальная форма ад імя Мушэзіб-Мардук), які жыў сярод балот у горадзе Бітуту. Шузубу бег. Пасля гэтага асірыйскі цар уварваўся ў Біт-Якін, уладанне Мардук-апла-ідзіна і спусташыў гэту вобласць. Але Мардук-апла-ідзін пагрузіў на караблі сям'ю, частку войска, статуі багоў і нават косці сваіх продкаў, перасек Персідскі заліў і высадзіўся ў Эламе. Эламскі цар Халутуш-Іншушынак II (асір. Халушу) перадаў яму ў кіраванне г. Нагіту (Нагітэ-ракі — «вобласць балот»), размешчаны на адным з астравоў Персідскага заліва. Сінахерыб не змог пераследваць яго, з прычыны таго, што не меў у сваім распараджэнні флоту, а здолеў толькі захапіць халдзеяў, якія засталіся на беразе, у тым ліку брата і сыноў Мардук-апла-ідзіна.
Паход супраць мідыйцаў
[правіць | правіць зыходнік]Пяты паход на 5-ам годзе свайго кіравання Сінахерыб распачаў на паўночны захад, па ўсходнім беразе Тыгра, супраць горцаў. Асірыйцы захапілі гарады Тумуру, Шарум, Эзама, Кіпшу, Хальбуда (ці Хальгіда), Куа, Кана. Жыхары беглі на непрыступную гару Ніпур і занялі там абарону. Сінахерыб з адборнай гвардыяй пераследваў іх і разграміў. Тым часам паўстаў цар г. Укі, што ў краіне Даяэ Маніяэ, якога аналы Сінахерыба называюць мідзянінам. Сінахерыб рушыў на яго. Маніяэ пакінуў Уку і бег. Сінахерыб захапіў гэты горад, а таксама 33 навакольныя паселішчы. У рукі асірыйцаў патрапіла багатая здабыча.
Пераследванне Мардук-апла-ідзіна
[правіць | правіць зыходнік]Толькі ў 694 г. да н.э. Сінахерыб змог аднавіць барацьбу з Мардук-апла-ідзінам, якога ён лічыў настолькі небяспечным, што вырашыўся пераследваць яго нават за морам. З дапамогай фінікійскіх і, магчыма, грэчаскіх майстроў і мараходаў былі заснаваны дзве верфі. Адна ў Тыль-Барсібе на Еўфраце, лес для якой дастаўлялі з гор Амана і Лівана; іншая — на Тыгры, каля Ніневіі, лес на якую везлі з Курдыстана. Калі караблі былі пабудаваны, іх спусцілі ўніз па Тыгры і Еўфрату ў Баб-Салімеці, дзе Сінахерыб, які знаходзіўся ў лагеры на беразе, ледзь не загінуў падчас моцнага прыліва. Асірыйцы панеслі значныя страты, шмат воінаў патанула. Але гэта не спыніла Сінахерыба, пераправіўшыся на караблях праз Персідскі заліў, ён захапіў Нагіту. У рукі асірыйцаў патрапіла шмат халдзеяў, але самога Мардук-апла-ідзіна сярод іх не апынулася. Мабыць, яму зноў удалося бегчы. Далейшы яго лёс невядомы. Затым Сінахерыб уварваўся ў суседнія вобласці Паўднёвага Элама. Асірыйцы разграмілі вобласць Хільму, горад Білату і вобласць Хупапану і адвялі ў палон шмат эламітаў.
Уварванне эламітаў
[правіць | правіць зыходнік]У адказ на ўварванне асірыйцаў, эламскі цар Халутуш-Іншушынак II у кастрычніку 694 г. да н.э. заваяваў вавілонскі горад Сіпар, адрэзаўшы, тым самым, асірыйцам сувязь з тылам. Войска вавіланян пацярпела паражэнне, а іх цар, сын Сінахерыба Ашур-надзін-шумі быў узяты ў палон і адпраўлены ў Элам, дзе неўзабаве памёр або быў забіты. На зваротным шляху ў Асірыю, Сінахерыб у канцы верасня 693 г. да н.э. у бітве ў Ніпура атрымаў буйную перамогу над аб'яднанымі сіламі вавіланян і эламітаў. Нергал-ушэзіб патрапіў у палон да асірыйцаў, а Халуташ-Іншушынак бег у Элам, дзе неўзабаве быў забіты (у канцы кастрычніка 693 г. да н.э.).
Паход Сінахерыба ў Элам
[правіць | правіць зыходнік]Увосень 693 г. да н.э. Сінахерыб распачаў свой 7-ы паход, гэтым разам у Элам. Асірыйцы захапілі гарады Біт-Хаіры і Раза, на мяжы Асірыі і Элама, якія эламіты аднялі яшчэ ў Саргона II. Вернутыя гарады былі далучаны да правінцыі Дэр. Затым Сінахерыб аблажыў і ўзяў 34 гарады на ўласна эламскай тэрыторыі. Эламскі цар Кутыр-Нахунтэ II бег са сваёй рэзідэнцыі Мадакту ў аддаленую горную цвярдыню Хідалу. Сінахерыб рушыў праз горы, у кірунку да пакінутай Мадактэ, але наступіў месяц кісліму (лістапад — снежань), маразы і снегапады, а таксама павышэнне вады ў Керхэ вымусілі Сінахерыба вярнуцца назад. Але менш чым праз 3 месяцы Сінахерыб атрымаў радасную вестку — цар Элама сканаў. Да ўлады ў Эламе прыйшоў яго малодшы брат Хумбан-німена (асір. Уман-Менан).
Прыход да ўлады Мушэзіб-Мардука
[правіць | правіць зыходнік]Яшчэ ў 693 г. да н.э., пры падтрымцы эламітаў на вавілонскім прастоле зацвердзіўся правадыр халдзейскага племя Біт-Дакуры Мушэзіб-Мардук (асір. Шузубу-Халдзей). У 691 г. да н.э. Сінахерыб зрушыў свае войскі на Вавілон. Вавіланяне запыталі дапамогу ў Элама. Супраць Асірыі была створана моцная кааліцыя, куды, акрамя Вавілона і Элама, увайшлі розныя халдзейскія і арамейскія плямёны, Эліпі, Парсуаш (Персіда), Аншан (ці Анчан) і Пашэры (пра гэту дзяржаву больш нічога не вядома). Увесну 691 г. да н.э., пры г. Халуле, каля вусця Дыялы адбылася бітва паміж асірыйцамі з аднаго боку і войскамі саюзнікаў з іншай. Аналы Сінахерыба як заўсёды напышліва распавядаюць пра перамогу асірыйцаў. Шмат знатных эламітаў, у тым ліку і ваявода эламскага цара Хумбан-Ундаш патрапілі ў палон. Усім ім пераразалі горла. Палонены таксама быў і родны сын Мардук-апла-ідзіна Набу-шум-ішкун. Мушэзіб-Мардук і эламскі цар Хумбан-німена беглі. У процівагу гэтаму, вавілонская хроніка лаканічна паведамляе, што асірыйцы пацярпелі паражэнне. У рэчаіснасці ж, мабыць, бітва скончылася ўнічыю, але велізарныя страты вымусілі абодва бакі часова спыніць ваенныя дзеянні.
Поўнае разбурэнне Вавілона
[правіць | правіць зыходнік]Напачатку красавіка 689 г. да н.э. Хумбан-німену хапіў апаплексічны ўдар. Даведаўшыся пра тое, што эламскі цар разбіты паралічам і не можа прыйсці на дапамогу свайму вавілонскаму саюзніку, Сінахерыб выступіў у паход і ў снежні 689 г. да н.э. захапіў Вавілон. Горад быў аддадзены войску на рабаванне. Насельніцтва часткай перасялілі, часткай аддалі ў рабства. Статуя Мардука і скарбы храмаў былі адпраўлены ў Ніневію. Туды ж быў дастаўлены і палонны цар Вавілона Мушэзіб-Мардук. Пасля чаго Сінахерыб цалкам разбурыў горад і нават затапіў тое месца, дзе ён знаходзіўся.
Паход на паўднёвы ўсход М. Азіі
[правіць | правіць зыходнік]У 689 г. да н.э. паўстаў Кіруа, кіраўнік г. Ілубгу (магчыма, суч. Немрун у 16 км на паўднёвы захад ад Кілікійскіх варот). Гарады Хілаку, Інгіра (антыч. Анхіяла (гавань Тарса) і Тарзу (антыч. Тарс, суч. Тарсус) перайшлі на яго бок, распачалі паход у Куэ і адрэзалі гэту акругу ад Асірыі. Армія Сінахерыба нанесла паражэнне войску Хілаку ў гарах, а затым скарыла Інгіру і Тарзу. Насельніцтва гэтых гарадоў было выведзена ў палон. Кируа схаваўся ў Ілубру. Асірыйцы аблажылі горад і з дапамогай таранаў і іншай аблогавай тэхнікі ўзялі яго. Насельніцтва Ілубру і Хілаку было выведзена ў Асірыю, а Кіруа быў адпраўлены ў Асірыю, дзе з яго здзерлі скуру. У 685 г. да н.э. асірыйцы выступілі супраць кіраўніка Тыль-Гарыму Гурдзі (магчыма гэта антычн. Гордый) і ўзялі гэты горад. Частку палонных Сінахерыб далучыў да свайго войска, а астатніх аддаў у рабства вобласценачальнікам, военачальнікам, кіраўнікам гарадоў і іншым саноўнікам. У тым жа 685 г. да н.э. Асірыя ўступіла ў першыя ваенныя сутыкненні з кімерыйцамі на паўднёвым усходзе М. Азіі.
У канцы валадарання Сінахерыба на межах імперыі пачаліся смуты. Табал і Мелід вярнулі сабе незалежнасць, Урарту ізноў акрыяла духам і нават пашырыла свае межы да гары Тас (60 — 70 км на поўнач ад Ніневіі). Такім чынам, Муцацір і Кумэ апынуліся ў руках Урарту.
Упрыгожванне сталіцы Ніневіі
[правіць | правіць зыходнік]Сваёй сталіцай Сінахерыб зрабіў Ніневію, адбудаваўшы яе з вялікай пышнасцю. Тэрыторыя горада была значна павялічана і абнесена магутнымі ўмацаваннямі. У горадзе былі пракладзены новыя прамыя вуліцы (характэрная рыса нораваў таго часу; Сінахерыб распарадзіўся, каб усякі, хто адважыцца пабудаваць дом, парушыўшы прамую лінію вуліцы, быў пасаджаны на кол на даху свайго дому). Самая галоўная вуліца — «Царская» мела шырыню 25 сажаняў (больш за 50 метраў). На штучнай платформе з цэглы, вышынёй 30 м і каля 10 дзесяцін (больш за 10 га) плошчай, былі збудаваны храмы, палац і пасаджаны цудоўны парк з рэдкіх раслін. Для забеспячэння горада і разбітых вакол яго садоў добрай пітнай вадой, былі пракапаны 18 каналаў ад вобласці горада Кісіра.
Забойства Сінахерыба
[правіць | правіць зыходнік]Яшчэ пры жыцці Сінахерыб прызначыў сваім спадчыннікам малодшага сына Асархадона, што выклікала незадаволенасць старэйшых сыноў. 20 тэбета (10 студзеня) 680 г. да н.э., падчас наведвання храма бога Нінурты ў горадзе Кальху Сінахерыб быў забіты. Паводле Бібліі забойцамі былі сыны Адрамелех і Шарэцэр (4Цар. 19:37). Паводле даных клінапісу і Бераса забойца — сын, відаць, старэйшы Арад-бел-іт, а Шар'эцэр, мабыць, вяльможа Набу-шар-уцур («Набу, беражы цара»), саўдзельнік злачынства.
Кіраваў Сінахерыб 23 гады.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Якобсон В. А. Новоассирийская держава // История древнего мира / Под редакцией И. М. Дьяконова, В. Д. Нероновой, И. С. Свенцицкой. — Изд. 3-е, испр. и доп. — М.: Главная редакция восточной литературы издательства «Наука», 1989. — Т. 2. Расцвет древних обществ. — 572 с. — 50 000 экз. — ISBN 5-02-016781-9.
- Древний Восток и античность. // Правители Мира. Хронологическо-генеалогические таблицы по всемирной истории в 4 тт. / Автор-составитель В.В. Эрлихман. — Т. 1.
- Красова А. А. Синаххериб и страны юго-востока Малой Азии // Вестник древней истории, 2010, № 1, 98-114.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Біяграфія Архівавана 4 красавіка 2009.
- Аналы Сінахерыба Архівавана 18 верасня 2011.
Новаасірыйскі перыяд | ||
Папярэднік Саргон II |
цар Асірыі каля 705 — 680 да н.э. |
Пераемнік Асархадон |