Самаанцы
Самаанцы (Nu'u Samoa) | |
Агульная колькасць | 472 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Самоа, Амерыканскае Самоа |
Мова | самаанская |
Рэлігія | політэізм, культ продкаў, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | знешнія палінезійцы, пукапука, тувалу, ніуэ |
Самаа́нцы[1] або само́анцы[2] (самаан. Nu'u Samoa) — палінезійскі народ, карэннае насельніцтва астравоў Самоа. Акрамя Самоа (162 тыс. чал.) і Амерыканскага Самоа (61 тыс. чал.) жывуць таксама ў Новай Зеландыі (133 тыс. чал.), ЗША (115 тыс. чал.), Фіджы (1,2 тыс. чал.) і іншых краінах. Агульная колькасць (2012 г.) - 472 тыс. чал.[3]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Самоа - адно з самых старажытных населеных месцаў Палінезіі. Гэта падцвярджаецца адсутнасцю ў самаанцаў міфаў аб прарадзіме Гаваікі. Яны лічаць сябе карэннымі жыхарамі, створанымі богам Тангалоа. Археолагамі выяўлены рэшткі паселішча і магільнік, застаўленныя прыкладна ў 800 г. да н. э. носьбітамі культуры Лапіта. Некаторыя даследчыкі адсоўваюць час засялення Самоа да 1300 - 1500 гг. да н. э. Паколькі заўважна пераемнасць паміж старажытнымі пасяленцамі і пазнейшымі жыхарамі, то мяркуецца, што носьбіты Лапіта былі прамымі продкамі сучасных самаанцаў.
Старажытная гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Жыццё насельнікаў Самоа было здаўна звязана з Ціхім акіянам. Яны актыўна ўдзельнічалі ў засяленні іншых астравоў Акіяніі. Сваё паходжанне з Самоа вядуць многія палінезійскія народы, а таксама мікранезійцы - тунгару. У выніку міграцый склалася так званая самаічна-знешняя група палінезійскіх моў. Магчыма, што назва вострава Саваі стала асновай для легенд пра Гаваікі.
Самаанцы таксама займаліся менавым гандлем з Тонга і Фіджы, дзе былі добра вядомы самаанскія цыноўкі. Лічыцца, што мастацтва татуіроўкі прыйшло да самаанцаў ад фіджыйцаў. У самаанскім фальклоры часцяком узгадваюцца бітвы з танганцамі.
Згодна паданням, прыкладна ў XII - XVI стст. самаанцы знаходзіліся ў падпарадкаванні ў адносінах да вярхоўных танганскіх правадыроў Ту'і Тонга. Правадыры астравоў Мануа нават вялі свой род ад Ту'і Тонга. Аднак збор даніны і гідкія паводзіны танганцаў прывялі да паўстання самаанцаў. У бітве з заваёўнікамі вылучыліся маліетоа (літаральна "адважныя ваяры"). Танганцы пакінулі Самоа. Улада Ту'і Тонга пахіснулася, іх месца занялі Ту'і Хаа Така-лаўа. Аднак ваенныя дзеянні супраць танганцаў ўспыхвалі яшчэ неаднаразова. Цікава, што нават у нашы дні назіраецца пэўная напружанасць у адносінах паміж самаанцамі і танганцамі.
Сутыкненне з еўрапейскай цывілізацыяй
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Самоа былі адкрыты ў 1722 г. галандскім мараплаўцам Якабам Рагевенам. У 1768 г. яны былі даследаваны французскай экспедыцыяй на чале Бугенвіля. Аднак да 1830-ых гг. сюды рэдка траплялі еўрапейскія гандляры і прадпрымальнікі.
У 1830 г. Маліетоа Ваіінупа, вярхоўны правадыр Уполу, абвясціў сябе валадаром усяго архіпелага і садзейнічаў распаўсюджанню сярод самаанцаў хрысціянства. На астравах з'явіліся камерцыйныя плантацыі какосавай пальмы і какава. У 1838 г. брытанцы дамагліся дазволу свабоднага наведвання самаанскіх партоў, перад усімі Апіі, дзе знаходзіўся двор валадара.
У 1841 г. Маліетоа Ваіінупа памёр, і ўлада адзінага кіраўніка на доўгія гады засталася вакантнай. Буйныя каланіяльныя дзяржавы пачалі заключаць сепаратныя дамовы з мясцовымі правадырамі. У 1847 г. пачало дзейнічаць консульства Вялікабрытаніі. У 1853 г. — гандлёвае прадстаўніцтва ЗША. У 1861 г. быў прызначаны германскі консул.
У 1886 - 1894 гг. паміж самаанскімі правадырамі ўспыхнула грамадзянская вайна, якая вялася прыхільнікамі дзвюх розных сем'яў, што разлічвалі кантраляваць сітуацыю на астравах. Германія аказала дапамогу адной з кааліцый, што ў сваю чаргу прывяло да яе супрацьстаяння з ЗША і Вялікабрытаніяй. 16 сакавіка 1889 г. каля Апіі амерыканская і германская эскадры стаялі на рэйдзе, гатовыя да бітвы. Аднак пачаўся жорсткі шторм, пад час якога ўсе караблі затанулі. Гэты інцыдэнт вымусіў каланіяльныя дзяржавы заключыць Берлінскае пагадненне аб захаванні парадку і міру. Іх намаганнямі адзіным самаанскім каралём стаў Маліетоа Лаўпепа (1841 - 1898 гг.).
Аднак мір працягваўся вельмі кароткі час. Пасля смерці Маліетоа Лаўпепы пачалася другая грамадзянская вайна. Супраць законнага прынца Маліетоа Танумафілі I (1879 – 1939) выступіў яго сваяк Таоа Матаафа (1832 - 1912 гг.), які атрымаў падтрымку Германіі. У 1899 г. паўстанцы ўзялі ў аблогу Апію, але Маліетоа Танумафілі I атрымаў падтрымку з боку брытанцаў і амерыканцаў. Верныя яму войскі разбілі прыхільнікаў Матаафы.
7 лістапада 1899 г. у Вашынгтоне было падпісана новае пагадненне паміж ЗША, Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле астравоў Самоа. Вялікабрытанія адмаўлялася ад сваіх прэтэнзій на Самоа на карысць Германіі ў абмен на саступкі ў іншых рэгіёнах Ціхага акіяна. Германія атрымоўвала ў каланіяльнае валоданне заходнюю частку архіпелага з найбуйнейшымі астравамі Саваі і Ўполу. ЗША дасталася ўсходняя частка з астравамі Татуіла і Маноа. Самаанцы не ўдзельнічалі ў падпісанні пагаднення і маглі нават не ведаць пра яго. Маліетоа Танумафілі I пераехаў з Самоа ў брытанскія калоніі для далейшай вучобы ва ўніверсітэце.
Амерыканскае Самоа
[правіць | правіць зыходнік]Амерыканскае Самоа доўгі час знаходзілася пад кантролем ВМС ЗША. У мясцовых школах выкладанне ішло толькі на англійскай мове.
У 1951 г. былі ўведзены элементы грамадзянскага кіравання. 1 ліпеня 1967 г. была прынята Канстытуцыя. Аднак Амерыканскае Самоа да нашых дзён знаходзіцца ў спісе ААН як тэрыторыя, якая не мае самакіравання. У пасляваенны час традыцыйная культура была значна разбурана. Назіраецца сталы працэс эміграцыі ў ЗША.
Заходняе Самоа
[правіць | правіць зыходнік]У 1900 - 1914 гг. заходняя частка астравоў Самоа знаходзілася пад кантролем германскай каланіяльнай адміністрацыі. Асноўная эканамічная дзейнасць нямецкіх прадпрымальнікаў была сканцэнтравана пераважна на Уполу. Немцы не заміналі распаўсюджванню адукацыі на самаанскай мове, захоўвалі традыцыйную сістэму самакіравання. Вярхоўным правадыром быў абвешчаны Таоа Матаафа. Аднак, калі ў 1908 г. на востраве Саваі ўзнік рух за незалежнасць Маў Пуле, яго арганізатары разам з сем'ямі былі высланы на Сайпан.
У пачатку I Сусветнай вайны (25 жніўня 1914 г.) Заходняе Самоа было захоплена новазеландскім экспедыцыйным корпусам. У 1919 г. Германія афіцыйна адраклася ад сваіх правоў на самаанскія тэрыторыі, і Ліга Нацый перадала мандат на кіраванне Новай Зеландыі. Пасля II Сусветнай вайны кіраванне было заменена апекай, што з'яўлялася толькі зменай шыльды. У міжваенны перыяд адрадзіўся рух Маў Пуле. 29 снежня 1929 г. новазеландцы расстралялі мірную дэманстрацыю, якую праводзілі ў Апіі яго прадстаўнікі.
1 студзеня 1962 г. Заходняе Самоа было абвешчана незалежнай дзяржавай. Такім чынам, самаанцы Заходняга Самоа сталі першай палінезійскай нацыяй, якая дасягнула незалежнасці. Аднак тут захавалася традыцыйная сістэма кіравання, калі перавагу ў палітычным і эканамічным жыцці захоўваюць правадыры. Першым прэм'ер-міністрам стаў вярхоўны правадыр Фіаме Матаафа Фаўміна Муліну'у II (1921 - 1975 гг.). Пасля яго смерці вярхоўным правадыром з'яўляўся Маліетоа Танумафілі II (1913 - 2007 гг.). Зараз гэты пост займае Тупуа Тамасесе Тупуола Туфуга Эфі (нар. 1938 г.). Сам па сабе пост вярхоўнага правадыра лічыцца ганаровым. Былі вядомы выпадкі, калі існавала адначасова 2 вярхоўных правадыра. Але вярхоўныя правадыры і іх сваякі кантралююць большую частку ўлады.
У 1976 г. Заходняя Самоа ўступіла ў ААН пад назвай Самоа. У 1997 г. адбылася афіцыйная змена назвы дзяржавы.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Матэрыяльная культура
[правіць | правіць зыходнік]Галоўнымі заняткамі самаанцаў здаўна з’яўляліся падсечнае земляробства і рыбалоўства. Зямлю апрацоўвалі ўручную з дапамогай завостраных калоў. Гэты занятак лічыўся мужчынскім. Галоўнай культурай да нашых дзён застаецца тара. Акрамя таго, кожная сям'я займаецца вырошчваннем іншых раслін — бананаў, хлебнага дрэва, какосаў, цукровага трыснягу, садавіны і гародніны. У XIX ст. для камерцыйнай вытворчасці былі завезены какава, цытрусавыя, тытунь і г. д. Большая частка ўраджаю выкарыстоўваецца для спажывання, меншая (каля 7 %) ідзе на продаж.
Самаанцы таксама трымаюць свінняў і курэй, але жывёлагадоўля мае дадатковы характар. У мінулым мяса елі толькі ў святочныя дні.
Лоў рыбы і чарапах таксама лічацца мужчынскай справай. У мінулым рыбу лавілі з дапамогай крукоў, білі дзідамі, стралялі з лукаў. У нашы дні часцей карыстаюцца сеткамі.
Да прыходу еўрапейцаў рамесная вытворчасць не вылучылася ў асобны занятак. Выключэнне складалі будаўнікі лодак, якіх шанавалі ў абшчынах. Важным заняткам самаанскіх жанчын было пляценне цыновак фала. Пляценне параўноўвалася з мастацтвам, паколькі фала ацэньваліся за складаныя ўзоры. Цыноўкі выкарыстоўваліся ў якасці пасагу, адзінкі абмену, яны складалі значную частку скарбаў ўладароў. Самаанскія фала былі прадметам гандлю з іншымі краінамі. Вопратку рабілі з тапы сіапа.
Вясковыя хаціны фале каркаснага тыпу з дахам, крытым сухімі сцёбламі цукровага трыснягу, абвязаных какосавым валакном. Вокнаў няма, але частка сцен застаецца адкрытай, што спрыяе ветранню ў спякотныя дні.
Кулінарыя
[правіць | правіць зыходнік]Сярод самаанцаў існуе сапраўдны культ ежы. Дарослыя мужчыны і жанчыны лічацца прыгожымі толькі, калі маюць дастаткова вялікую вагу цела. Ежу бяруць з сабою нават у кароткія вандроўкі. Лічыцца, што набыць сапраўдных сяброў на астравах Самоа магчыма толькі пад час сумеснага спажывання традыцыйнага сняданку.
Ежу гатуюць на распаленых камянях уму. Асабліва папулярнай стравай з’яўляецца луаў — какосавы крэм з цыбуляй і соллю, запечаны ў лісцях тара. На сняданак ядуць гарачы суп з папаі і какосавай дробкі. Клубяні тара запякаюць з какосам і карамельнай падлівай. Рыбу смажаць або ядуць сырой. Ока, страва з сырой рыбы, уяўляе сабою рыбныя лусты, якія мачаюць у сумесь какосавага малака і цытрынавага соку. Ласункам лічыцца моцна прасоленая ялавічына.
Татуіроўка
[правіць | правіць зыходнік]Самаанцы традыцыйна выкарыстоўвалі ў якасці ўпрыгожанняў ракавіны, кветкі, касцяныя пласціны, але найбольш важным мастацтвам упрыгожвання лічылася татуіроўка. Само гэта слова паходзіць менавіта з самаанскай мовы (Tatau). Згодна аднаму паданню, першымі татуіроўшчыцамі былі дзве дзяўчыны з Фіджы. Згодна другому, гэта мастацтва было прынесена са свету духаў.
На Самоа татуіраванне было заняткам мужчын (хаця цела татуіравалі сабе і жанчыны), суправаджалася шматлікімі рытуаламі і каштавала вельмі дорага. Аплата працы татуіроўшчыка магла складаць 700 цыновак. Найбольш часты матыў малюнкаў на скуры — татэмныя жывёліны.
Татуіроўку наносілі вострымі драўлянымі грабянямі аўтапулу. Над адным чалавекам працавала да 7 татуіроўшчыкаў адначасова. Уся працэдура магла складаць 5 сеансаў, якія займалі 10 дзён. Адзін дзень праходзіла аперацыя. Другі дзень займаў адпачынак і лячэнне параненых кавалкаў скуры. Потым усё паўтаралася зноў. За татуіраваннем назіралі сваякі. Жанчыны пры гэтым спявалі спецыяльныя песні.
На першым этапе маляваліся лініі ўздоўж спіны і жывата. На другім — рыскі саемуту на жываце. Яны адлюстроўвалі сацыяльны статус чалавека. І толькі потым татуіроўшчыкі займаліся нагамі і сцёгнамі.
Музычнае і танцавальнае мастацтва
[правіць | правіць зыходнік]Самаанцы вядомыя сваім танцавальным мастацтвам сіва. Маргарэт Мід лічыла, што танец з’яўляўся адной з нешматлікіх магчымасцяў для простых самаанцаў вылучыцца ў традыцыйным грамадстве, рэалізаваць сваё асабістае Я. У вёсках часцяком праводзіліся вечарыны фіяфія, якія суправаджаліся танцамі і сумесным спажываннем ежы. У наш час фіяфія спецыяльна арганізуюцца буйнымі гатэлямі для турыстаў. Галоўныя традыцыйныя музычныя інструменты — барабаны. У наш час часцяком карыстаюцца гавайскай гітарай.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Самаанская мова належыць да палінезійскай групы моў. З 1834 г. распаўсюджана пісьмовасць на аснове лацінкі. Ужо ў канцы XIX ст. большасць самаанцаў умела чытаць і пісаць.
Самаанская мова шырока выкарыстоўваецца ў афіцыйных дакументах, сродках масавай інфармацыі. У Новай Зеландыі імігранты з Самоа штогод праводзяць тыдзень самаанскай мовы.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]У старажытнасці самаанцы спавядалі політэістычную рэлігію, заснаваную на веры ў шматлікіх багоў атуа і духаў аіту. Важнае месца займалі сямейныя культы продкаў. Святары не вылучыліся ў самастойны пласт насельніцтва.
У першай палове XIX ст. самаанцы прынялі хрысціянства. Большасць сучасных вернікаў з'яўляецца пратэстантамі.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Samoa Sensation (англ.)
- Countries and Their Cultures: Samoa (англ.)
- Countries and Their Cultures: American Samoa (англ.)
- Arielle Levine, Stewart Allen, American Samoa as a Fishing Community (англ.)
- Pitakia Tikai & Aaron Kama, A study of indigenous knowledge and its role to sustainable agriculture in Samoa (англ.)
- Samoan language, alphabet and pronunciation (англ.)
- SAMOAN RELIGION Архівавана 26 студзеня 2008.
- FINE MATS - IE-TONGA Архівавана 20 снежня 2012.
- Siapo - the Samoan cloth made from bark (англ.)
- The Samoan Fale