Перайсці да зместу

Дафінэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дафінэ на карце сучаснай Францыі

Дафінэ́ (фр.: Dauphiné) — гістарычная вобласць Францыі, якая ўключае цяперашнія дэпартаменты Ізер, Верхнія Альпы, большую частку дэпартамента Дром і невялікую частку дэпартамента Ваклюз. Галоўны горад — Грэнобль.

Дафінэ арашаецца двума прытокамі Роны: Дром і Дзюранс; усходняя частка (Верхняе Дафінэ) узвышаная (Каційскія Альпы); тут знаходзіцца багатая на глетчары гара Пельву вышынёй 4103 м (найвышэйшая ў Францыі, акрамя Савоі). Дафінэ належыць да самых маляўнічых частак Францыі; багатая на мінералы; асноўная вытворчасць — збожжавы хлеб, віно, алей, сена, каноплі, тутавыя ягады, шоўк.

Дафінэ, краіна алаброгаў, знаходзілася з часоў Цэзара пад рымскім валадарствам і пасля падзення Заходняй Рымскай імперыі ўтварыла паўднёвую частку Бургундскага каралеўства, разам з якім увайшло ў склад дзяржавы франкаў. З 880 г. належала Арэлацкай дзяржаве; з 1032 г. да сярэдзіны XIV ст. — у складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі. Сярэднявечнае Дафінэ служыла буферам паміж Французскім каралеўствам і Савойскім герцагствам.

На сцягу Дафінэ намаляваны каралеўскія лілеі і дэльфіны.

Графы д’Альбон, якія займалі пасаду сенешаля Арэлацкай дзяржавы, насілі тытул дафінаў (верагодна, ад выявы дэльфіна ў іх гербе) і далі гэту назву самой краіне. Першая дынастыя дафінаў згасла ў канцы XII стагоддзя. Спадчынніца роду, Беатрыса, была ў шлюбе з герцагам Бургундскім, і сын яе, Гіг VI Андрэ (пам. 1237), быў заснавальнікам другой, Бургундскай дынастыі дафінаў. Спадчыніццай апошняга з гэтай дынастыі Гіга VII (пам. 1282) стала яго сястра Ганна (пам. 1293), якая была ў шлюбе з Юмберам I дэ Ла Тур-дзю-Пін (пам. 1307), іх сын, Жан II (пам. 1319), пачаў сабой трэцюю дынастыю дафінаў. Апошнім прадстаўніком яе быў Юмбер II (пам. 1355), які ў 1342 годзе прадаў Дафінэ каралю Францыі.

Насуперак пагадненню, паводле якога Дафінэ было далучана да Францыі, з цягам часу яно страціла большую частку сваіх вольнасцей і паступова злілося з Францыяй. Тытул дафіна стаў насіць старэйшы сын караля. Лічыцца, што Карл VI першым у гісторыі атрымаў пры нараджэнні тытул «дафін» і правінцыю Дафінэ ў якасці апанажу[1].

Зноскі

  1. "Charles VI le Fou"(фр.). Paris: France pittoresque. Праверана 10 лютага 2009.
  • Chapuys-Montlaville, «Histoire du Dauphiné» (1827);
  • Lory, «Description géologique du Dauphiné» (1860-64);
  • Chorier, «Histoire générale du Dauphiné» (1883);
  • Guy-Albard, «Dictionnaire historique, chronologique, géographique etc. du Dauphiné» (1864-65) и др.
Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).