Гамлет
Гамлет | |
---|---|
The Tragicall Historie of Hamlet, Prince of Denmarke | |
Жанр | Трагедыя |
Аўтар | Вільям Шэкспір |
Мова арыгінала | англійская |
Дата напісання | 1600—1601 |
Дата першай публікацыі | 1603 |
Пераклад на беларускую | Юрка Гаўрук (1935) |
Персанажы | Гамлет[d], King Claudius[d], Gertrude[d], Polonius[d], Афелія[d], Horatio[d], Laertes[d], Rosencrantz and Guildenstern[d], The Ghost[d], Fortinbras[d], The Gravediggers[d], Yorick[d], Rosencrantz[d], Guildenstern[d], Voltemand[d], Cornelius[d], Marcellus[d], Bernardo[d], Francisco[d], Reynaldo[d], Osric[d], First Player[d], Second Player[d], Third Player[d], Fourth Player[d], A Captain[d], Undertaker I[d], Undertaker II[d], Priest[d], Sailor I[d] і Sailor II[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Трагічная гісторыя пра Гамлета, прынца дацкага (англ.: The Tragical Historie of Hamlet, Prince of Denmarke) або проста Га́млет — трагедыя Уільяма Шэкспіра, адна з самых вядомых яго п’ес, і адна з самых знакамітых п’ес у сусветнай драматургіі. Напісана ў 1600—1601 гадах. Гэта самая доўгая п’еса Шэкспіра — у ёй 4042 радкі і 29 551 слова.
Легенда пра дацкага прыца Гамлета, які помсціць за забойства свайго бацькі яго брату, была вядомая задоўга да Шэкспіра. Асноўныя элементы сюжэту трагедыі ўжо прысутнічаюць ў адпаведным эпізодзе «Дзеяў данаў» Саксона Граматыка[1] і прысвечана першым чынам помсце — у ёй галоўны герой шукае помсты смерці свайго бацькі. Частка даследчыкаў злучаюць лацінскае імя Amletus з ісландскім словам Amloði (amlóð|i m -a, -ar 1) небарака, няшчасны; 2) халтуршчык; 3) дурань, балван.)[2]
Як мяркуюць даследчыкі, сюжэт п’есы запазычаны Шэкспірам з п’есы Томаса Кіда.
Найбольш верагодная дата сачыненняў і першай пастаноўкі 1600-01 (тэатр «Глобус», Лондан). Першы выканаўца загалоўнай ролі — Рычард Бёрбедж; Шэкспір гуляў цень бацькі Гамлета.[3]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Легенда пра дацкага прыца Гамлета, які помсціць за забойства свайго бацькі яго брату, была вядомая задоўга да Шэкспіра. Асноўныя элементы сюжэту трагедыі ўжо прысутнічаюць ў адпаведным эпізодзе «Дзеяў данаў» Саксона Граматыка (глядзіце Амлет).
Персанажы
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя персанажы «Гамлета» такія:
- Клаўдзій, кароль Даніі.
- Гамлет, сын папярэдняга і пляменнік цяперашняга караля.
- Гертруда, маці Гамлета, удава папярэдняга і жонка цяперашняга караля.
- Прывід айца Гамлета
- Палоній, лорд камергер.
- Лаэрт, сын Палонія.
- Афелія, дачка Палонія.
- Гарацыа, сябар Гамлета.
- Разенкранц, Гільдэнстэрн — прыдворныя.
- Акцёры
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]У калеўскім замку Эльсінор афіцэрам некалькі начэй з’яўляецца прывід, падобны на нядаўна памерлага караля. Яны расказваюць пра гэта Гарацыа, той выходзіць з імі на варту і спрабуе загаварыць з прывідам, але той не адказвае. Гарацыа і афіцэры вырашаюць на наступную ноч паклікаць Гамлета.
Гамлет падаўлены смерцю бацькі, а таксама тым, што меней чым праз два месяцы пасля яго смерці новы кароль, брат памерлага, абвяшчае пра намер ажаніцца з яго ўдавой, маці прынца.
Лаэрт збіраецца ў Францыю, а перад ад’ездам навучае сваю сястру Афелію асцярожна ставіцца да залётаў Гамлета, бо не ўпэўнены ў яго намерах.
На наступную ноч Гамлет выходзіць на варту і бачыць прывіда, які кліча яго за сабою. Сябры спрабуюць спыніць Гамлета, але той усё ж ідзе. Застаўшыся з ім сам-насам, прывід яго бацькі распавядае, што ён не памер ад укуса змяі, як усе лічаць, а быў атручаны братам, і заклікае сына да помсты. Гамлет не ўпэўнены, што гэта сапраўды дух яго бацькі, а не пякельная здань, і хоча высветліць, ці праўду ён сказаў. Для гэтага ён прыкідваецца вар’ятам. Палоній вырашае, што прынц звар’яцеў ад кахання да яго дачкі, і расказвае пра гэта каралю і каралеве.
У Эльсінор прыбываюць Разенкрац і Гільдэнстэрн, даўнія прыяцелі Гамлета. Кароль і каралева падвучваюць іх прыглядаць за прынцам, але той хутка разумее гэта. Тымчасам у замак прыбываюць акцёры, і Гамлет вырашае выкарыстаць іх, каб выпрабаваць караля. Кароль і Палоній падслухваюць размову Гамлета з Афеліяй. Насуперак іх чаканням, Гамлет адвяргае Афелію ды кажа ёй ісці ў манашкі. Клаўдзій вырашае паслаць Гамлета ў Англію.
Гамлет навучае акцёраў паставіць п’есу, якая павінная напомніць Клаўдзію пра яго ўчынак, калі ён сапраўды вінаваты. Клаўдзій выходзіць на сярэдзіне п’есы, і яго пляменнік ўпэўніваецца, што прывід сказаў праўду. Гамлет ідзе да маці і рэзка з ёю размаўляе. Напужаная, яна кліча на дапамогу, і яе крык падтрымлівае Палоній, які хаваецца за шпалерай ў пакоі. Прыняўшы Палонія за караля, Гамлет забівае яго. Пасля гэтага Клаўдзій вырашае, што Гамлет павінны ехаць у Англію адразу ж, і пасылае разам з ім Разенкранца і Гільдэнстэрна, якія вязуць тайны загад Клаўдзія забіць Гамлета.
Афелія вар’яцее, верагодна з-за смерці бацькі. З Францыі вяртаецца Лаэрт, і патрабуе ў Клаўдзія адказу за смерць Палонія. Клаўдзій запэўнівае Лаэрта, што сам ён не вінаваты. Піраты прыносяць Гарацыа ліст ад Гамлета, згодна якому карабель, на якім плыў прынц, быў захоплены, а сам ён трапіў у палон і вяртаецца ў Данію. Гарацыа выходзіць яму насустрач. Клаўдзій расказвае Лаэрту, што Палонія забіў Гамлет. Атрымаўшы навіну, што Гамлет вяртаецца, кароль і Лаэрт дамаўляюцца зладзіць фехтавальнае спаборніцтва, на якім Лаэрт зможа забіць Гамлета. Прыходзіць вестка, што Афелія патанула, упаўшы ў раку.
Вяртаючыся, Гамлет і Гарацыа бачаць пахаванне Афеліі. Лаэрт, які прысутнічае там, накідваецца на Гамлета, але кароль супакойвае юнака, нагадаўшы пра іхнюю дамову. Гамлет расказвае Гарацыа, што, западозрыўшы няладнае, прачытаў каралеўскае пісьмо пакуль Разенкранц і Гільдэнстэрн спалі, і падмяніў яго новым, у якім гаварылася, што забіць трэба саміх пасланцаў.
Калі Гамлет згаджаецца ўдзельнічаць у фехтавальным спаборніцтве, кароль і Лаэрт намазваюць атрутай рапіру апошняга, а кароль у дадатак атручвае віно ў келіху, з якога мусіць піць Гамлет. Гамлет першы раз раніць Лаэрта, і каралева п’е за здароўе сына з яго келіху. Лаэрт раніць Гамлета атручанай рапірай, затым у ходзе бою яны абменьваюцца зброяй і рану атручанай рапіраю атрымоўвае таксама Лаэрт. Гертруда кажа, што віно атручана, і памірае. Лаэрт расказвае, як кароль падвучыў яго атруціць рапіру, прабачае Гамлету забойства бацькі і просіць прабачыць яго. Гамлет дае яму прабачэнне, і Лаэрт памірае таксама. Гамлет забівае караля атручанай рапірай, і сам памірае ад раны. Уваходзяць паслы з Англіі, абвяшчаючы, што Разенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя. Салют у гонар памерлага прынца завяршае п’есу.
У сусветнай культуры
[правіць | правіць зыходнік]Мастацтва
[правіць | правіць зыходнік]- П’еса і фільм Тома Стопарда «Разенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» даюць пастмадэрнісцкую трактоўку трагедыі з пункту гледжання другасных персанажаў.
- Раман Джона Апдайка «Гертруда і Клаўдзій» ўяўляе сабой прыквэл да «Гамлета».
- Эпізоды трагедыі натхнялі многіх мастакоў, у тым ліку Джона Уільяма Уотэрхаўза і Дантэ Габрыэля Расеці.
Фразэалогія
[правіць | правіць зыходнік]Шматлікія цытаты з «Гамлета» сталі фразэалагізмамі ў многіх мовах свету. Самая вядомая сярод іх — Быць альбо не быць?
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]Як класічны твор сусветнага ўзроўню, «Гамлет» быў перакладзены на больш як пяцьдзясят моў.[4] Поўны пераклад на беларускую мову выканаў Юрка Гаўрук (1935, 1964).
Зноскі
- ↑ Гамлет // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Берков В. П., Бёдварссон А. Исландско-русский словарь. — М., 1962.
- ↑ Тэатральная энцыклапедыя
- ↑ http://www.spellboundblog.com/2007/02/27/worldcat-identities-visualizing-library-catalog-data/
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гамлет