Атава (народ)
Odaawaa | |
Агульная колькасць | 76200 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Канада — 68000 ЗША — 8200 |
Мова | аджыбвэ |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | аджыбвэ, салто, патаватомі, маямі, кры |
Атава, або адава (саманазва: Odaawaa, літаральна "гандляры") — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Канады і ЗША. Агульная колькасць (2022 г.) — 76 200 чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Атава паходзяць ад групы алганкінаў, якая ў 1 або ў пачатку 2 тысячагоддзяў н. э. мігрыравала з ракі Святога Лаўрэнція да Вялікіх азёр. Галоўны цэнтр народа доўгі час месціўся на востраве Макінак. Разам з аджыбвэ і патаватомі складалі канфедэрацыю Рада трох агнёў.
З 1615 г. пачаліся кантакты з французамі. Атава моцна пацярпелі ад эпідэмій, якія ахапілі тубыльцаў Вялікіх азёр пасля сутыкнення з еўрапейцамі, а таксама падчас войн с суседзямі — іншымі алганкінамі і іракезамі. Але ў выніку саюзных адносінаў з французскімі каланістамі яны нават здолелі пашырыць свае тэрыторыі. У пачатку XVIII ст. атава насялялі землі ад паўночнага берага возера Мічыган да паўночнага захаду Агая.
У Сямігадовай вайне выступілі ў якасці саюзнікаў Францыі. Асаблівую вядомасць набыў правадыр Пантыяк, які рабіў смелыя вылазкі супраць брытанскіх крэпасцяў і паселішчаў каланістаў. У 1763 г., калі Францыя пацярпела паражэнне, Пантыяк працягваў змаганне і імкнуўся аб’яднаць вакол сябе іншыя плямёны. Яго барацьбу спыніла толькі смерць у 1769 г.
Падчас вайны за незалежнасць ЗША атава падтрымалі Вялікабрытанію супраць амерыканскіх паўстанцаў. Правадыр Эгушава заключыў саюз з суседзямі і працягваў вайну супраць амерыканцаў да мірнага дагавора ў Грынвелі, заключанага 3 жніўня 1795 г. Атава былі пазбаўлены тэрыторый на паўднёвым усходзе ад возера Мічыган, аднак захавалі большасць сваіх зямель. У 1807 г. і 1817 г. атава былі вымушаны заключыць дадатковыя дагаворы і ўсёткі страцілі значныя землі. У 1831 г. атава, што жылі на ўсход ад Місісіпі, былі пераселены ў Канзас і Аклахому.
У наш час на тэрыторыі ЗША дзейнічаюць 4 аўтаномныя рэзервацыі атава, урады і Канстытуцыі якіх прызнаны федэральным урадам ЗША, а таксама 2 аб’яднанні, пазбаўленыя самакіравання, але прызнаныя ўрадам, і 7 аб’яднанняў са статусам непрызнаных. На тэрыторыі Канады 5 аўтаномных рэзервацый і 14 больш дробных аўтаномных абшчын атава.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Атава размаўляюць на некалькіх дыялектах мовы аджыбвэ.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Атава (народ) на Вікісховішчы |