Перайсці да зместу

Аджыбвэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аджыбвэ
Ojibweg
Малюнак 1885 г.
Агульная колькасць 191 600
Рэгіёны пражывання  Канада — 74600

 ЗША — 117000

Мова аджыбвэ
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы атава, патаватомі, салто

Аджыбвэ, або чыпева (саманазва: Ojibweg) — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Канады і ЗША. Агульная колькасць (2016 г.) — 117 000 чал.[1][2][3][4][5]

Агульныя продкі аджыбвэ, атава і патаватомі называлі сябе Anishinaabe, што значыць «сапраўдныя людзі». Паходжанне назвы аджыбвэ звычайна звязваюць з алганкінскім коранем jiibw («маршчына»). Згодна з паданнямі, імя было дано таму, што пад час войн з сіў яны палілі сваіх ворагаў, пакуль тыя не зморшчваліся, або з-за зморшчаных макасінаў[6]. Французскія каланісты шырока ўжывалі назву аджыбвэ ўжо ў XVII — XVIII стст. У нашы дні яна найбольш распаўсюджана ў Канадзе.

У ЗША найбольш пашырана назва чыпева. Яна паходзіць ад слова O'chepe'wag з мовы саміх аджыбвэ і значыць «плоскаступнёвыя»[7]. Назва пашырылася ў XVIII ст. сярод англійскіх каланістаў, што сяліліся каля Верхняга возера.

Згодна з паданнямі, анішынаабэ, супольныя продкі аджыбвэ, атава і патаватомі, з’явіліся ў раёне Вялікіх азёр у выніку буйной міграцыі chi-bi-moo-day-win з усходу[8]. Раней яны жылі каля акіяна, але, калі яны сталі шматлікімі, з’явіліся сем прарокаў, якія абяцалі вынішчэнне, калі анішынаабэ не пакінуць населенае месца. Міграцыя адбывалася ўздоўж ракі Святога Лаўрэнція і Вялікіх азёр.

У XVII ст. аджыбвэ займалі тэрыторыі вакол Верхняга возера і ўваходзілі ў склад канфедэрацыі Рада трох агнёў. У французскіх пісьмовых крыніцах яны ўзгадваюцца з 1640 г., хаця кантакты маглі быць усталяваны раней. У пачатку XVIII ст. у саюзе з Францыяй перамаглі лакота і месквакі, што дазволіла перасяліцца на ўсход ад возера Гурон. У Сямігадовай вайне падтрымалі Францыю супраць Вялікабрытаніі, працягвалі яе пасля паражэння Францыі пад началам Пантыяка. Але падчас Амерыканскай рэвалюцыі і вайны 1812—1814 гг. змагаліся на баку Вялікабрытаніі супраць ЗША.

У першай палове XIX ст. урад ЗША ініцыяваў перадачу часткі зямель аджыбвэ прыватным уласнікам і дзяржаве. Усяго аджыбвэ заключылі 51 пагадненне з ЗША[9]. Іх вынікам стала стварэнне сеткі аўтаномных рэзервацый. У нашы дні аўтаномныя рэзервацыі і абшчыны дзейнічаюць на тэрыторыі штатаў Мічыган, Мінесота, Паўночная Дакота і Вісконсін у ЗША, а таксама ў правінцыях Брытанская Калумбія, Манітоба, Антарыа і Саскачэван у Канадзе.

Паселішча (малюнак 1860 г.)

Да прыходу еўрапейцаў і войн з іракезамі аджыбвэ насялялі раён на захадзе Вялікіх азёр. Большасць вяла вандроўны лад жыцця. Перамяшчэнні мелі сезонны характар. Улетку сем’і трымаліся каля рэк і азёр, дзе займаліся рыбалоўствам і збіральніцтвам. Узімку ішлі ўглыб лясоў, дзе было прасцей займацца паляваннем. На поўдні існавала земляробства. Вырошчвалі кукурузу, гарбузы, кабачкі[10]. У другой палове XVII — XVIII стст. асновай гаспадаркі сталі здабыча футра і гандаль ім. У выніку аджыбвэ трапілі ў залежнасць ад еўрапейскіх гандляроў.

Звычайна аджыбвэ жылі малымі групамі з некалькіх сем’яў (у сярэднім 20 — 50 чалавек), якія эксплуатавалі вялікія прасторы лясоў і азёр. На адну групу прыходзілася да 130 км² угоддзяў[11]. На гэтай тэрыторыі меліся летнія і зімовыя паселішчы. Звычайным жытлом быў купалападобны вігвам, крыты карою або трысняговымі матамі. На поўдні летнімі жытламі былі буданы.

Групы, што насялялі пэўныя тэрыторыі, звычайна ўяўлялі сабой сваяцкую арганізацыю. Яна падзялялася на малыя нуклеарныя сем’і, якія ў сваю чаргу складалі буйныя роды з асобнымі назвамі ў гонар пэўнай жывёлы. Роды маглі аб’ядноўвацца ў фратрыі. Спадчына і агульнае імя перадаваліся па мужчынскай лініі, аднак жанчыны ў сям’і захоўвалі пэўную самастойнасць, вельмі важнымі лічыліся адносіны з бабуляй і братам маці. Браты і сёстры трымаліся паасобку.

У аджыбвэ не мелася цэнтралізаванага кіравання. Правадыры вылучаліся падчас войн. Важную сацыяльную ролю адыгрывалі шаманы. Яны ў большай ступені займаліся медыцынскай практыкай, да таго ж іх уменне перадавалася па спадчыне, так што нават пасля прыняцця хрысціянства інстытут шаманаў не страціў свайго значэння.

Фальклор аджыбвэ адметны красамоўнымі казкамі, міфамі і легендамі пра стварэнне свету, міграцыю ад акіяна да Вялікіх азёр, барацьбу супраць сіў і іракезаў. Вылучаецца цыкл, прысвечаны культурнаму герою Waynaboozhoo[12][13]. Адна з найбольш вядомых у свеце цырымоній — рэлігійнае свята паў-ваў (Pow Wow)[14], якое арганізуецца на працягу некалькіх дзён па той ці іншай значнай нагодзе і суправаджаецца песнямі і танцамі пад барабан tewikan.

Танец скальпаў падчас паў-ваў (малюнак 1860 г.)

Традыцыйная рэлігія аджыбвэ была заснавана на веры ў тое, што ўсё навокал жывое і мае сваю душу. Таму кожная істота надзялялася правамі, роўнымі праву чалавека[15]. Стваральнікам свету лічыўся Вялікі дух Gitchie Manitou, аднак ён не ўспрымаўся як валадар усяго навокал. Вялікая роля надавалася асабістым памкненням і жаданням чалавека, а таксама індывідуальнаму росту. Жыццё падзялялася на 4 узросты. Пераход ад аднаго да іншага суправаджаўся цырымоніямі і мроямі, якія вызначалі далейшы лёс[16]. Асабістыя рэлігійныя памкненні павінны былі ўвасабляцца ў канкрэтных дзеяннях, але звычайна заставаліся таямніцай для іншых. Таксама арганізоўваліся супольныя святочныя цырымоніі. Яны аб’ядноўвалі чальцоў аднаго або некалькіх родаў. Мелі месца іншыя супольныя рэлігійныя цырымоніі накшталт палення тытуню старэйшынамі.

Рытуалы праводзіліся старэйшынамі, у некаторых выпадках — ваеннымі правадырамі і шаманамі. Апошнія з’яўляліся носьбітамі патаемных ведаў пра лекаванне, таму карысталіся значнай павагай.

З апошняй траціны XVII ст. распаўсюджвалася хрысціянства, так што ў нашы дні большасць вернікаў наведвае хрысціянскія цэрквы. Аднак у паўсядзённым жыцці працягваюць захоўвацца многія традыцыйныя ўяўленні.