Перайсьці да зьместу

Фрыда Калё

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фрыда Калё
Дата нараджэньня 6 ліпеня 1907(1907-07-06)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 13 ліпеня 1954(1954-07-13)[1][2][3][…] (47 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці бронхапнэўманія[d], эмбалія лёгкіх[d] і флебіт[d]
Месца пахаваньня
Занятак малярка
Навуковая сфэра малярства, дзёньнік[d][5] і painting of Mexico[d][5][5]
Жанры партрэтнае маляваньне[d][6], аўтапартрэт[d][6][7][8] і партрэт[8]
Плынь сюррэалізм[6][8] і магічны рэалізм[6]
Подпіс Выява аўтографу

Фры́да Калё́ (па-гішпанску: Frieda Kahlo; 6 ліпеня 1907 — 13 ліпеня 1954) — мэксыканская мастачка, жонка Дыега Рывэры. Яна вядомая сваімі шматлікімі партрэтамі, аўтапартрэтамі і працамі, натхнёнымі прыродай і артэфактамі Мэксыкі. Абапіраючыся на народную культуру краіны, яна выкарыстала стыль наіўнага народнага мастацтва, каб дасьледаваць пытаньні ідэнтычнасьці, посткаляніялізму, плоці, клясы і расы ў мэксыканскім грамадзтве[9]. У ейных карцінах часта адлюстроўваюцца моцныя аўтабіяграфічныя элемэнты, якія зьмешваюць рэалізм з фантазіяй. У дадатак да прыналежнасьці да пасьлярэвалюцыйнага руху Мэхікаётль, які імкнуўся вызначыць мэксыканскую ідэнтычнасьць, Калё апісвалі як сюррэалістку або прадстаўніцу магічнага рэалізму[10]. Яна таксама вядомая жывапісам пра свой досьвед хранічнага болю[11].

Фрыда Калё нарадзілася ў горадзе Каяакан, недалёка ад Мэхіка. Бацька быў мастаком і фатографам, маці — хатняй гаспадыняй. Акрамя Фрыды ў сям’і было яшчэ пяць сясьцёр. Фрыда разьвівалася дзякуючы амаль выключна бацьку Гільерма, маці была вельмі рэлігійнай асобай і часта спрачалася з дачкой.

У дзяцінстве хварэла на поліяміеліт, з-за чаго ў яе на ўсё жыцьцё засталіся крыху дэфармаваныя ногі. Да канца жыцьця яна насіла доўгія спадніцы, каб схаваць гэты недахоп.

У веку 18 гадоў Калё трапіла ў сур’ёзную аварыю, якая паўплывала на ўсё яе жыцьцё. Пасьля аварыі яна некалькі месяцаў нерухома ляжала ў шпіталі і пачала маляваць. Фрыда адмовілася ад кар’еры лекара і занялася маляваньнем.

У 1928 годзе яна стала сяброўкай Мэксыканскай Камуністычнай партыі.

Яе працы, часта шакуючыя, адлюстроўваюць боль і складанае жыцьцё жанчынаў. Значная частка партрэтаў, створаных Калё (55 з 143), зьяўляюцца аўтапартрэтамі, яны поўныя сымбалізму, які часта базуецца на асаблівасьцях анатоміі. Ва ўсіх працах адчуваецца значны ўплыў мэксыканскай культуры, які прадстаўлены ў яркіх колерах, з даданьнем сумесі рэалізму і сымбалізму.

Яе працы хутка зацікавілі мастака Дыега Рывэру. Ён стаў партнэрам і мужам Фрыды ў 1929 годзе (празь некаторы час яны разьвяліся, а потым зноў ажаніліся). У 1930 годзе ў Фрыды здарыўся выкідыш. У наступным годзе яна пазнаёмілася з доктарам Леа Элаэсарам, які стаў ейным сябрам. Стан здароўя Калё стаў пагаршацца. У 1932 годзе яна разам з мужам пераехала ў Дэтройт. У гэты час памерла ейная маці, а ў самой Фрыды адбыўся чарговы выкідыш. Пад уплывам гэтых здарэньняў Калё малюе карціну для шпіталя Гэнры Форда. Муж Фрыды ў гэты час меў раман зь яе сястрой.

У 1937 годзе Фрыда Калё прымала ў сваім доме Ільва Троцкага з жонкай, зь якім у Калё быў раман. У 1940 годзе Троцкі быў забіты. У 1938 годзе Калё мела сваю першую выставу ў Нью-Ёрку, якая прайшла вельмі пасьпяхова. У гэты час Фрыда мела блізкія стасункі з фатографам Нікалясам Мюрэем. Наступная выстава ў Парыжы прайшла таксама зь вялікім посьпехам, адну яе картыну нават набыў Люўр. Некаторы час Калё цікавілася сюррэалізмам, але хутка расчаравалася.

Бацька Фрыды памёр ад сардэчнага прыступу ў 1941 годзе. У 1950 годзе Калё мела сем апэрацыяў на хрыбетніку, які яна пашкодзіла яшчэ ў маладосьці. Агулам яна правяла ў шпіталі дзевяць месяцаў. Пасьля гэтага Фрыда магла рухацца толькі з дапамогай інваліднага вазка, яна прымала моцныя супрацьболевыя сродкі, што паўплывала на яе творчасьць.

Яе творчасьць, арыентаваная на жаночую тэматыку, стала сымбалем фэміністычнага руху ў апошнія гады ХХ стагодзьдзя.

Памёрла Фрыда Калё, хутчэй за ўсё, з-за самагубства, 13 ліпеня 1954 году. Ейны прах, зьмешчаны ў урну, знаходзіцца ў яе былым доме La Casa Azul (Блакітны дом) у Каяакане. Сам дом цяпер зьяўляецца музэем.

У працах Фрыды Калё вельмі моцны ўплыў народнага мэксыканскага мастацтва, культуры дакалюмбавых цывілізацый Амэрыкі. Яе творчасьць насычаная знакамі і фэтышамі. Аднак у ім прыкметны і ўплыў эўрапейскага жывапісу — у раньніх працах выразна выявілася захопленасьць Фрыды, напрыклад, Батычэльлі. Адмыслоўцы лічаць, што 1940-я — гэта эпоха росквіту мастачкі, час яе самых цікавых і сьпелых працаў.

У 2003 выстава працаў Фрыды Калё і яе фатаздымкаў прайшла ў Маскве. Карціна «Карані» выстаўлялася ў 2005 годзе ў лёнданскай галерэі «Тэйт», а пэрсанальная выстава Калё ў гэтым музэі стала адной з самых удалых у гісторыі галерэі — яе наведалі каля 370 тысяч чалавек.

У пачатку 2006 году аўтапартрэт Фрыды «Карані» («Raices») ацэнены экспэртамі Sotheby’s у 7 мільёнаў даляраў (першапачатковая адзнака на аўкцыёне — 4 млн фунтаў стэрлінгаў). Карціна была напісаная мастачкай алеем па мэтале ў 1943 годзе (пасьля паўторнага шлюбу з Дыега Рывэрам). Рэкордам кошту карцінаў Калё застаецца яшчэ адзін аўтапартрэт 1929 году, прададзены ў 2000 годзе за 4,9 млн даляраў (пры першапачатковай ацэнцы — 3—3,8 млн).

Дом у Каёакане быў пабудаваны за тры гады да нараджэньня Фрыды на маленькім лапіку зямлі. Тоўстыя сьцены вонкавага фасаду, пляскаты дах, адзін жылы паверх, пляніроўка, пры якой пакоі заўсёды заставаліся прахалоднымі і ўсе адчыняліся ва ўнутраны двор, — амаль узор дому ў каланіяльным стылі. Ён стаяў усяго толькі за некалькі кварталаў ад цэнтральнага гарадзкога пляца. Звонку хата на куце вуліцы Лёндрэс і вуліцы Альендэ выглядала сапраўды гэтак жа, як і іншыя ў Каёакане, старым жылым раёне на паўднёвым захадзе прыгарада Мэхіка. На працягу 30 гадоў аблічча дому не зьмянялася. Але Дыега і Фрыда зрабілі яго такім, якім ведаем яго мы: дом у пераважным сінім колеры з прыбранымі высокімі вокнамі, упрыгожаны ў традыцыйным індзейскім стылі — хата, поўная жарсьці.

Уваход у дом ахоўваюць два гіганцкія Юды, іх постаці дваццаці футаў вышынёй з пап’е-машэ робяць жэсты, быццам запрашаючы адзін аднаго да гутаркі. Усярэдзіне палітры і пэндзлі Фрыды ляжаць на працоўным стале так, быццам яна толькі што іх там пакінула. Пры ложку Дыега Рывэры ляжыць капялюш, ягоны працоўны халат і каштоўныя велізарныя чаравікі. У вялікай кутняй спальні разьмешчаная шкляная вітрына. Над ёю напісана: «Тут 7 ліпеня 1910 году нарадзілася Фрыда Калё». Надпіс зьявіўся праз чатыры гады пасьля сьмерці мастачкі, калі яе дом стаў музэем. Нажаль, надпіс недакладны. Як паказвае сьведчаньне аб нараджэньні Фрыды, нарадзілася яна 6 ліпеня 1907 году. Але абраўшы нешта значнейшае, чым нікчэмныя факты, яна вырашыла, што нарадзілася не ў 1907 годзе, а ў 1910, у год пачатку Мэксыканскай рэвалюцыі. Паколькі ў гады рэвалюцыйнага дзесяцігодзьдзя яна была дзіцем і жыла сярод хаосу і залітых крывёй вуліц Мэхіка, то вырашыла, што нарадзілася разам з гэтай рэвалюцыяй.

Ярка-блакітныя і чырвоныя сьцены панадворка ўпрыгожвае яшчэ адзін надпіс: «Фрыда і Дыега жылі ў гэтай хаце з 1924 па 1954 гады». Яна адлюстроўвае сэнтымэнтальнае, ідэальнае стаўленьне да шлюбу, што зноў разыходзіцца з рэальнасьцю. Да паездкі Дыега і Фрыды ў ЗША, дзе яны правялі 4 гады (да 1934 году), у гэтым доме яны жылі вельмі рэдка. У 1934—1939 яны жылі ў дзьвюх хатах, пабудаваных адмыслова для іх у жылым раёне Сан-Ангэле. Затым рушылі ўсьлед доўгія пэрыяды, калі, аддаючы перавагу жыць незалежна ў студыі ў Сан-Ангэле, Дыега зусім ня жыў разам з Фрыдай, ня кажучы ўжо пра той год, калі абодва Рывэра разьяжджаліся, разводзіліся і зноў пабіраліся шлюбам. Абодва надпісы падмалявалі рэчаіснасьць. Як і сам музэй, яны — частка легенды пра Фрыду.

  1. ^ а б Frida Kahlo // CLARA (анг.) — 2008.
  2. ^ а б Frida Kahlo // RKDartists (нід.)
  3. ^ а б Frida Kahlo // Інтэрнэт-база зьвестак фантастыкі (анг.) — 1995.
  4. ^ а б RKDartists (нід.)
  5. ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  6. ^ а б в г https://www.theartstory.org/artist/kahlo-frida/#nav
  7. ^ Union List of Artist Names (анг.)
  8. ^ а б в http://www.pbs.org/weta/fridakahlo/life/
  9. ^ Weidemann, Christiane (2008). «50 women artists you should know». Larass, Petra., Klier, Melanie. Munich: Prestel. — ISBN 978-3-7913-3956-6.
  10. ^ Rosenthal, Mark (2015). «Diego and Frida: High Drama in Detroit». Detroit, MI: Detroit Institute of Arts, [2015] New Haven; London: Yale University Press [2015]. — С. 117. — ISBN 978-0895581778.
  11. ^ Courtney, Carol (23.01.2017). «Frida Kahlo’s life of chronic pain». Oxford University Press’s Academic Insights for the Thinking World. Oxford University Press.