Чэшская мова
Чэшская | |
---|---|
Саманазва | čeština |
Краіны |
Чэхія Еўрасаюз Славакія |
Афіцыйны статус | у Чэхіі, Еўрасаюзе |
Арганізацыя, якая рэгулюе | Інстытут чэшскай мовы пры АН Чэшскай Рэспублікі |
Агульная колькасць носьбітаў | каля 12 мільёнаў[1] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Пісьменнасць | чэшскі алфавіт |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | чеш 790 |
ISO 639-1 | cs |
ISO 639-2 | ces і cze |
ISO 639-3 | ces |
WALS | cze |
Ethnologue | ces |
ABS ASCL | 3601 |
IETF | cs |
Glottolog | czec1258 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Чэшская мова (чэшск.: čeština, IPA:[ˈʧɛʃcɪna], český jazyk) — славянская мова індаеўрапейскай моўнай сям’і. Належыць да заходнеславянскай падгрупы[2][3][4].
Вылучылася з заходніх дыялектаў праславянскай мовы напрыканцы X стагоддзя. Чэшская літаратура паўстала ў XIV стагоддзі, хоць першыя помнікі чэшскай пісьменнасці датаваныя XII стагоддзем.
Чэшскай мовай карыстаюцца каля 11,5 мільёнаў чалавек, з якіх прыблізна 10 млн пражываюць у Чэхіі. Цягам апошніх 150 гадоў эмігранты розных хваляў і іхнія нашчадкі рассяліліся ў Славакіі[5], ЗША[6], Канадзе, Нямеччыне, Аўстрыі[7], Румыніі, Аўстраліі, Украіне і некаторых іншых краінах.
Чэшская мова, як і беларуская, належыць да флектыўных моў, якія вызначаюцца складанай сістэмай скланенняў і спражэнняў. Правапіс ужывае рэфармаваную Янам Гусам лацінку. Найболей блізкія да чэшскай славацкая, польская і сербалужыцкая мовы.
Чэшскай мовай, ў якасці роднай, карыстаецца каля 12 мільёнаў чалавек (1999), з якіх прыблізна 10 млн. пражываюць у Чэхіі, дзе яна з'яўляецца афіцыйнай. З 1 мая 2004 года чэшская мова ўваходзіць у спіс афіцыйных моў Еўрасаюзу. Кадыфікацыяй пісьмовага стандарту мовы займаецца Інстытут чэшскай мовы Акадэміі навук Чэхіі[8]. Вывучэннем чэшскай мовы займаецца навука багемістыка.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першай славянскай літаратурнай мовай на тэрыторыі сучаснай Чэхіі была стараславянская мова, якая выкарыстоўвала ў якасці алфавіту прынесеную каля 836 году братамі Кірылам і Мяфодзіем глаголіцу.
Чэшская мова вылучылася з заходняга дыялекту праславянскай напрыканцы 1 тысячагоддзя. Аднак чытаць і пісаць у той час умела пераважна толькі духавенства, і функцыі пісьмовай мовы выконвалі лацінская і стараславянская мовы.
Першымі пісьмовымі дакументамі чэшскай мовы з’яўляюцца рэлігійныя песні і кароткія тэксты, вядомыя як глосы (чэшск.: glosy), напісаныя ў XII і XIII стагоддзях. Яны пісаліся так званым прымітыўным правапісам, які выкарыстоўваў звычайную лацінку для запісу неўласцівых латыні гукаў (адна літара выкарыстоўвалася для розных гукаў).
У XIV і XV[9] стагоддзях з’яўляюцца першыя творы прыдворнай літаратуры, чэшская мова пранікае ў дзяржаўныя дакументы. У XIV стагоддзі на чэшскую мову былі ўпершыню перакладзеныя ўсе часткі Бібліі, праўда, не як саюзны твор. У іх для запісу чэшскіх гукаў выкарыстоўваліся састаўныя літары. На мяжы XIV—XV стагоддзяў была праведзеная рэформа правапісу, звязаная з імем Яна Гуса, якая ўвяла ў чэшскую мову дыякрытычныя знакі. Ян Гус таксама працаваў над перакладам усіх частак Бібліі. Вялікі ўнёсак у развіццё чэшскай літаратуры дало вынаходства кнігадрукавання. У 1475 годзе на чэшскай мове быў упершыню надрукаваны Новы Запавет, а ў 1488 годзе ўся Біблія. Тым не менш, класічны чэшскі пераклад Бібліі, Краліцкая Біблія, быў выдадзены ў 6 частках толькі ў 1579—1594 гадах.
Пасля паражэння паўстання 1618—1620 гадоў і пачаткам Контррэфармацыі пачаўся паступовы заняпад чэшскай пісьмовай літаратуры, які быў выкліканы змушанай эміграцыяй некаталіцкай інтэлігенцыі. І ў гэты час, тым не менш, выходзілі кнігі на чэшскай мове, аднак яны падвяргаліся строгай цэнзуры. Па Новым земскім укладанні (чэшск.: Obnovené zřízení zemské) (1627, 1628) у Чэхіі і Маравіі другой дзяржаўнай мовай станавілася нямецкая, якая мела роўныя правы з чэшскай (на падставе пражывання тамака вялікай колькасці немцаў).
У XVIII стагоддзі нямецкая мова была ўведзена ў якасці адзінай ва ўсіх габсбургскіх землях. Для паспяховай кар’еры нямецкай мовай трэба было валодаць як роднай. Шматлікія чэшскія паны так анямечваліся, што забывалі сваю родную мову. Заняпаду чэшскай мовы спрыялі езуіты, знішчаючы чэшскія кнігі і рукапісы, якія яны лічылі ерэтычнымі. Пры кіраванні Марыі-Тэрэзіі ў вышэйшых, сярэдніх і пачатковых школах уводзілася выкладанне на нямецкай мове, а пры Іосіфе II без ведання нямецкай стала немагчыма паступіць у гімназію. У 1784 годзе нямецкая мова канчаткова стала мовай выкладання ў гімназіях і Пражскім універсітэце, наўзамен лацінскай мовы. Ва ўсіх урадавых установах таксама была ўведзеная нямецкая мова.
Поўнае непрызнанне з боку аўстрыйскіх імператараў земскай самастойнасці Чэхіі прывяло да ўзнікнення ў канцы XVIII стагоддзя руху нацыянальнага адраджэння, які ўзмацніўся са скасаваннем у XIX стагоддзі прыгоннага права. У 1792 у Пражскім універсітэце была арганізаваная кафедра чэшскай мовы, у 1793 годзе чэшская стала выкарыстоўвацца ў сейме.
У XIX стагоддзі чэшская літаратура ізноў дасягнула росквіту. З розных спроб кадыфікацыі чэшскай мовы ўсеагульна была прынятая граматыка Ёсефа Добраўскага, якая ўпершыню выйшла ў 1809 годзе. У 1830—1835 гадах быў выдадзены пяцітомны чэшска-нямецкі слоўнік Ёсефа Юнгмана. Развіваецца публіцыстыка і мастацкая літаратура, якія значна наблізіліся да паўсядзённай мовы. Зніклі некаторыя перажыткі састарэлага правапісу Краліцкай Бібліі. Менавіта ў гэты час літаратурная чэшская мова стала больш-менш падобная на сучасную.
Пісьменнасць
[правіць | правіць зыходнік]Чэшская мова выкарыстоўвае лацінскі алфавіт, пашыраны наступнымі літарамі з дыякрытычнымі знакамі:
Вялікія | Á | Č | Ď | É | Ě | Í | Ň | Ó | Ř | Š | Ť | Ú | Ů | Ý | Ž |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Малыя | á | č | ď | é | ě | í | ň | ó | ř | š | ť | ú | ů | ý | ž |
Статус літары мае таксама дыграф ch, які ў алфавіце займае месца між h ды i. У іншамоўных словах таксама могуць ужывацца дыграфы dž (для запісу звонкага гуку č, напр. džbán, džus, džem, džíp) і вельмі рэдка dz (звонкі c). Але гэтыя дыграфы не разглядаюцца як асобныя літары.
На пісьме паслядоўна абазначаецца даўжыня галосных (штрыхі над літарамі, а над u або штрых, або кружок — апошні ў тых выпадках, калі гук [u:] утварыўся са старажытнага [o]). Літары для шыпячых і мяккіх зычных утрымоўваюць дыякрытычны знак гачык (чэшск.: háček «гаплік»), які ў большасці выпадкаў выглядае як «птушачка» над літарай, а над літарамі з вертыкальнай верхняй часткай (d, t) — як апостраф. Гачык над галоснай e азначае мяккасць папярэдняй зычнай; звычайна літара ě адпавядае гуку, які пайшоў ад старога агульнаславянскага Ѣ). Літары q, w, x ужываюцца толькі ў запазычаннях.
Чэшскі правапіс мае ў сваёй аснове фаналагічны прынцып з пэўнымі гістарычнымі элементамі. Гэта азначае, што адна літара (графема), як правіла, ужываецца для запісу аднае фанемы (а не гуку) з тым, каб наблізіцца да марфалогіі й этымалогіі слоў і захаваць некаторыя элементы, адпаведныя гістарычнай форме мовы (напр. i/y, í/ý, ě, ú/ů).
Літары ě і ů не могуць стаяць у пачатку слова, таму што ě змякчае папярэдні зычны гук, а выкарыстанне ů замененае іншымі спосабамі (пачатковы галосны /u:/ на пісьме перадаецца як ú).
|
|
На ўзор чэшскай пісьменнасці была створаная вельмі блізкая да яе славацкая. У пачатку XIX стагоддзя на чэшскую сістэму (з некаторымі змяненнямі) была пераведзеная харвацкая лацінка («гаевіца»). Па чэшскім жа ўзоры ствараліся праекты найбольш распаўсюджаных сістэм лацінізацыі некаторых іншых славянскіх моў: беларускай, украінскай, рускай, як і ўвогуле асноўныя стандарты лацінскай транслітарацыі кірыліцы. Яшчэ некалькі моў (баснійская, лякоцкая, літоўская, латышская, некаторыя саамскія варыянты, славенская і інш.) выкарыстоўваюць гачыкі над літарамі.
Да сярэдзіны XIX стагоддзя чэшская арфаграфія захоўвала некалькі своеасаблівых старажытных абазначэнняў гукаў, якія сёння выглядаюць вельмі нязвыкла:
- літара j ужывалася замест í для абазначэння доўгага гуку [і];
- літара g ужывалася замест j для абазначэння гуку [й];
- літара w ужывалася замест v.
Фанетыка
[правіць | правіць зыходнік]Галосныя
[правіць | правіць зыходнік]У чэшскай мове 10 асноўных галосных гукаў: кароткія і доўгія варыянты гукаў [a], [e], [i] (на пісьме з гістарычна-этымалагічных прычын адлюстроўваецца дваяка: i і y), [o], [u]. Даўжыня галосных абазначаецца дыякрытычнымі знакамі (штрыхом ці кружком) і з’яўляецца сэнсаадрознай: drahá — «дарагая», dráha — «даро́га».
Націск сілавы, фіксаваны на першым складзе. Націск не звязаны з даўгатой; у выніку можа памылкова здавацца, што націск часам падае ў сярэдзіну або канец слова.
Галосныя ў чэшскай мове прамаўляюцца выразней, чым у беларускай, склады гучаць як бы паасобку.
Характэрныя складаўтваральныя [r] і [l]: vlk «воўк», krtek «крот», bratr «брат». Пры вымаўленні такога склада з'яўляецца смутны гук, які нагадвае вельмі кароткі беларускі [ы] (тэат[ы]р). Існуюць цэлыя фразы без адзінага «сапраўднага» галоснага: Strč prst skrz krk «засунь палец у горла».
Дыфтонгі [au], [eu], [ou] (першыя два пераважна ў запазычаннях, апошні тыповы і для ўласна чэшскіх слоў: doubrava, houknouti, kousati).
Зычныя
[правіць | правіць зыходнік]Месца артыкуляцыі → | Губныя гукі | Каранарныя гукі | Дарсальныя гукі | Гартанныя гукі | ||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Спосаб артыкуляцыі ↓ | Білабіяль- ныя |
Губна- зубныя |
Альвеа- лярныя |
Пост‐ альвеа- лярныя |
Палаталь- ныя |
Задне- паднябен- ныя |
Гартанныя | |
Насавы | m | (ɱ) | n | ɲ | (ŋ) | |||
Выбухны | p b | t d | c ɟ | k ɡ | (ʔ) | |||
Фрыкатыўны | f v | s z | ʃ ʒ | x (ɣ) | (h) ɦ | |||
Надыходзячы | j | |||||||
Грасіруючы | r r̝* | |||||||
Латэральны надыходзячы | l |
*[r̝]— гэта асаблівы прыпадняты альвеалярны вібруючы r, які можа вымаўляецца як звонка, так і глуха.
Зычныя ў дужках разглядаюцца як алафоны іншых зычных:
[ɱ] - алафон фанемы /m/ папярэдні губна-зубным зычным (/f/ і /v/).
[ŋ] - алафон фанемы /n/ папярэдні задне-паднябенным зычным (/k/ і /g/).
[ɣ] - звонкі алафон /x/ папярэдні звонкім зычным.
[h] - алафон /ɦ/ папярэдні глухім зычным.
Цвёрды прыступ (гартанная змычка) не лічыцца асобным гукам.
Існуе таксама чатыры афрыкаты:
t͡s | глухая альвеалярная афрыката |
ʣ | звонкая альвеалярная афрыката |
ʧ | глухая постальвеалярная афрыката |
ʤ | звонкая постальвеалярная афрыката |
- /ʃ/ адпавядае літара š
- /ʒ/ адпавядае літара ž
- /ɲ/ адпавядае літара ň
- /c/ адпавядае літара ť
- /ɟ/ адпавядае літара ď
- /ɦ/ адпавядае літара h
- /x/ адпавядае дыграф ch
- /ts/ адпавядае літара c
- /dz/ адпавядае дыграф dz
- /tʃ/ адпавядае літара č
- /dʒ/ адпавядае дыграф dž
- /r̝/ адпавядае літара ř
Іншым зычным адпавядаюць тыя ж літары, што і ў IPA.
Лексіка
[правіць | правіць зыходнік]Чэшскія навукоўцы ацэньваюць колькасць запазычанняў з праславянскай мовы ў сучасных чэшскай і роднаснай славацкай у 98%, што больш за ўсе астатнія славянскія мовы[10].
Сярод іншамоўных слоў, як і ў большасці еўрапейскіх моў, шэраг тэрмінаў у галіне культуры і навукі былі запазычаныя з грэчаскай (demokracie, parabola, typ — дэмакратыя, парабала, тып) і лацінскай моў (škola, kříž, doktor, herbář — школа, крыж, доктар, гербарый). Праз цесныя гістарычныя кантакты частка слоў была запазычаная з нямецкае (knedlík, šunka, taška, brýle, rytíř — клёцка, вяндліна, мяшок, акуляры, рыцар), у некаторых выпадках яны дайшлі праз іншыя мовы. З нямецкае паходзіць шэраг слоў з галіны рамесніцкай тэрміналогіі і слэнгу (hoblík, klempíř, ponk, šichta — гэбель, водаправоднік, варштат, вахта). У эпоху нацыянальнага адраджэння частка слоў адмыслова была перанятая з іншых славянскіх — польскай (báje, věda, půvab, otvor — байка, веданне, прывабнасць, адтуліна), рускай (vzduch, příroda, chrabrý — паветра, прырода, адважны) і інш. Чэшская тэрміналогія стваралася штучна праз запазычанне іншамоўных слоў, часта даслоўным перакладам (калькаваннем). Многія з гэтых слоў засталіся ва ўжытку і цяпер. У XX стагоддзі з рускай мовы ў чэшскую прыйшлі ў асноўным палітычныя тэрміны (sovět, kulak, chozrasčot, polárník, rozvědka, celiny — савет, кулак, гасразлік, палярнік, выведка, цаліна). З італьянскае паходзіць шэраг музычных тэрмінаў (duet, soprán, forte, piano — дуэт, сапрана, фортэ, піяна), з французскай — датычных моды (baret, blůza, manžeta — берэт, блюза, манжэта). Ангельская мова стала крыніцай спартовых тэрмінаў (fotbal, hokej, tenis — футбол, хакей, тэніс), а цяпер з яе пераходзяць новаўвядзенні ў вылічальных тэхналогіях (software, hardware — праграмнае забеспячэнне, апаратнае забеспячэнне) і іншых галінах.
Маюцца запазычанні з экзатычных моў, часта праз іншыя мовы. З арабскай прыйшлі словы alkohol, káva, trafika (алкаголь, кава, тытунёвая крама), з турэцкай jogurt, klobouk, čapka, tasemnice (ёгурт/ягурт, клабук, капялюш, тасьма), з кітайскай — čaj, kečup (чай/гарбата, кетчуп), з хіндзі džungle, jóga (джунглі, ёга).
Правапіс запазычаных слоў залежыць ад ступені натуралізацыі:
- асіміляваныя словы падпарадкоўваюцца правілам напісання чэшскае мовы, напрыклад telefon, televize, rádio, muzeum, kriket, akvárium (хоць дапускаецца і напісанне televise, radio, museum);
- новыя і рэдкаўжывальныя словы звычайна захоўваюць арыгінальнае напісанне, напр. hardware, image;
- асаблівую групу складаюць устойлівыя словазлучэнні — выразы, якія захоўваюць арыгінальны правапіс і не падпарадкоўваюцца чэшскім правілам скланенняў, напрыклад лацінскія ecce homo, corpus delicti, in statu nascendi, ab incunabulis, dies irae, французскія aperçu, á propos, enfant terrible, tête à tête, vis-à-vis, potpourri, parvenu; laissez-faire, laissez-passer; італьянскія staccato, adagio, dolce far niente і да т.п.).
Як у многіх роднасных мовах, якія доўгі час развіваліся паасобку, падобныя па гучанні чэшскія і беларускія словы нярэдка маюць розны і нават супрацьлеглы сэнс (напрыклад, čerstvý — свежы; pozor — увага; hrad — замак; ovoce — садавіна; rodina — сям’я; і да т. п.).
Чэшская | Беларуская |
---|---|
já | я |
ty | ты |
on | ён |
my | мы |
vy | вы |
oni, ony | яны |
tento, tato, toto | гэты, гэтая, гэтае |
tamten, tamta, tamto | той, тая, тое |
tady | тут |
tam | там, туды |
kdo | хто |
co | што |
kde | дзе |
kdy | калі |
jak | як |
ne | не |
všechno | увесь, уся, усё, усе |
mnoho | многія, шматлікія |
několik | некалькі |
nemnoho | нямногія, нешматлікія |
jiný | іншы |
jeden | адзін |
dva | два |
tři | тры |
čtyři | чатыры |
pět | пяць |
velký | вялікі |
dlouhý | доўгі |
široký | шырокі |
tlustý | тлусты |
těžký | цяжкі |
malý | малы, маленькі |
krátký | кароткі |
uzký | вузкі |
tenký | тонкі |
žena | жанчына |
muž | мужчына |
člověk | чалавек |
dítě | дзіця |
žena, manželka | жонка |
muž, manžel | муж |
matka | маці |
otec | бацька |
zvíře | звер, жывёла |
ryba | рыба |
pták | птушка |
pes | сабака |
veš | вош |
had | змяя, гад |
červ | чарвяк |
strom | дрэва |
les | лес |
hůl, klacek, prut | палка, кій |
ovoce | плод, садавіна |
semeno | насенне |
list | ліст |
kořen | корань |
kůra | кара |
květ | кветка |
tráva | трава |
lano | вяроўка |
kůže | скура |
maso | мяса |
krev | кроў |
kost | костка |
tuk | тук, тлушч |
vejce | яйка |
roh | рог |
ocas | хвост |
pero | пяро |
vlasy | валасы |
hlava | галава |
ucho | вуха |
oko | вока |
nos | нос |
ústa | рот, вусны |
zub | зуб |
jazyk | мова, язык |
nehet | ногаць, пазногаць |
noha | ступня, нага |
noha | нага |
koleno | калена |
ruka | рука, далонь |
křídlo | крыло |
břicho | жывот |
vnitrnosti | унутранасці, вантробы, кішкі |
krk, šíje | горла, шыя |
záda, hřbet | спіна, хрыбет |
prs, hruď | грудзі |
srdce | сэрца |
játra | печань |
pít | піць |
jíst | есці |
kousat | кусаць |
sát | смактаць, ссаць |
plivat | пляваць |
zvracet | ванітаваць |
foukat | дуць |
dýchat | дыхаць |
smát se | смяяцца |
vidět | бачыць |
slyšet | чуць |
vědět | ведаць |
myslet | думаць, разважаць |
čichat | нюхаць |
bát se | баяцца |
spát | спаць |
žít | жыць |
umírat | паміраць |
zabít | забіваць |
bojovat | змагацца |
lovit | лавіць, паляваць |
udeřit | ударыць |
řezat | рэзаць, калоць |
rozdělit | падзяліць |
bodnout | укалоць, пракалоць |
škrábat | шкрабаць |
kopat | капаць |
plavat | плаваць |
letět | лётаць |
jít | хадзіць, ісці |
přijít | прыходзіць, прыйсці |
ležet | ляжаць |
sedět | сядзець |
stát | стаяць |
obrátit | круціць |
padat, upadnout | падаць |
dát | даваць |
držet | трымаць |
stlačit | сціскаць |
třít | церці, драць |
mýt, umývat | мыць, умываць |
utírat | выціраць |
tahat | цягнуць |
tlačit | піхаць |
házet | кідаць |
vázat | вязаць |
šít | шыць |
počítat | лічыць |
říkat | гаварыць, казаць |
zpívat | спяваць |
hrát | гуляць, іграць |
plout | плыць |
téci | цекчы |
mrznout, zmrznout | мёрзнуць, замёрзнуць |
otékat | ацякаць |
slunce | сонца |
měsíc | месяц |
hvězda | зорка |
voda | вада |
déšť | дождж |
řeka | рака |
jezero | возера |
moře | мора |
sůl | соль |
kámen | камень |
písek | пясок |
prach | пыл, прах |
země | зямля |
mrak | хмара, воблака |
mlha | туман, імгла |
nebe | неба |
vítr | вецер |
sníh | снег |
led | лёд |
kouř, dým | дым |
oheň | вагонь |
popel | попел |
hořet | гарэць |
silnice, cesta | дарога, шлях |
hora | гара |
červený | чырвоны |
zelený | зялёны |
žlutý | жоўты |
bílý | белы |
černý | чорны |
noc | ноч |
den | дзень |
rok | год |
teplý | цёплы |
studený, chladný | сцюдзёны, халодны |
plný | поўны |
nový | новы |
starý | стары |
dobrý | добры |
špatný, zlý | злы, благі |
shnilý | гнілы |
špinavý | брудны |
přímý | просты |
kulatý | круглы |
ostrý | востры |
tupý | тупы |
hladký | гладкі |
mokrý | мокры |
suchý | сухі |
správný | слушны, спраўны |
blízký | блізкі |
daleký | далёкі |
pravý | правы |
levý | левы |
u | каля, ля |
v | у |
s | з |
a | і |
jestliže | калі ж |
protože | таму што |
jméno | імя |
Граматыка
[правіць | правіць зыходнік]Чэшская мова, як і беларуская, адносіцца да флектыўных моў, якія вызначаюцца складанай сістэмай скланенняў і спражэнняў. Гэта выяўляецца праз багацце слоўных формаў.
Часціны мовы
[правіць | правіць зыходнік]У чэшскай 10 часцінаў мовы, сярод якіх адрозніваюць змяняльныя і незмяняльныя:
- змяняльныя
- незмяняльныя (прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, часціца, выклічнік)
Род
[правіць | правіць зыходнік]Адрозніваюць 3 роды: мужчынскі, жаночы і ніякі. Акрамя таго, назоўнікі мужчынскага роду падзяляюцца на адушаўлёныя і неадушаўлёныя.
Лік
[правіць | правіць зыходнік]Адрозніваюць адзіночны і множны лікі.
Скланенне
[правіць | правіць зыходнік]Чэшская мова мае 7 склонаў (назоўны, родны, давальны, вінавальны, клічны, творны, месны), якія ўжываюцца пры скланенні чэшскіх назоўнікаў, прыметнікаў, займеннікаў і лічыльнікаў.
Пачатковаю формаю (лемай) імёнаў ёсць, як правіла, назоўны склон адзіночнага ліку.
Спражэнне
[правіць | правіць зыходнік]Дзеясловы маюць 3 часы: мінулы, цяперашні і будучы.
Акрамя таго, па завершанасці ці незавершанасці дзеяння адрозніваюць дзеясловы закончанага (перфектныя) і незакончанага (імперфектныя) трыванняў. Дзеясловы закончанага трывання не маюць формы цяперашняга часу, яна супадае з формай будучага часу.
Адрозніваюць 3 лады дзеяслоў: абвесны, умоўны і загадны. Паводле адносін між прадметам і дзеяннем вылучаюць асабовыя і безасабовыя дзеясловы.
Пачатковаю формаю дзеяслова ёсць інфінітыў.
Парадак слоў
[правіць | правіць зыходнік]Парадак слоў вельмі гнуткі (вольны). Асноўным тыпам парадку з’яўляецца «дзейнік — выказнік — дапаўненне».
Дыялекты
[правіць | правіць зыходнік]Чэшская мова распадаецца на некалькі дыялектаў, носьбіты якіх у цэлым разумеюць адзін адно. У цяперашні час пад уплывам літаратурнае мовы межы між дыялектамі сціраюцца. Чэшскія дыялекты падзяляюцца на 4 групы[11]:
- Чэшскія (багемскія) гаворкі (з размоўнай чэшскай у якасці кайнэ)
- Цэнтральнамараўская група гаворак (ганацкая);
- Усходнемараўская група гаворак (мараўска-славацкая);
- Сілезскія гаворкі.
Памежныя землі, раней населеныя судэцкімі немцамі, нельга аднесці да пэўнага дыялекту з-за размаітасці насельніцтва.
Падабенства да славацкай мовы
[правіць | правіць зыходнік]Чэшская і славацкая мовы вельмі падобныя і ўтвараюць кантынуум, плаўна пераходзячы адна ў адну. Адрозненні ў лексіцы чэшскай і славацкай моў нават меншыя, чым паміж некаторымі дыялектамі славацкай мовы. Некаторыя дыялекты адносяць да адной або другой мовы толькі ў залежнасці ад тэрытарыяльнай прыналежнасці.
У значнай меры за час існавання супольнай дзяржавы — Чэхаславакіі — у Чэхіі і Славакіі склаўся пасіўны чэха-славацкі білінгвізм, чэхі звычайна без праблемы разумеюць славацкую і наадварот. У рэчышчы тагачаснай палітыкі ў міжваеннай Чэхаславакіі (1918—1938) абедзве мовы разглядаліся як два варыянты адной літаратурнай мовы. Узаемаразуменне абедзвюх моў ацэньваецца ў 95%[12].
Афіцыйны статус
[правіць | правіць зыходнік]Чэшскай мовай карыстаецца пераважная большасць грамадзян Чэхіі. Паводле дзеючага заканадаўства, суды, следчыя і адміністратыўныя органы вядуць справаводства па-чэшску[13] (фінансавыя інстытуцыі таксама і па-славацку[14]). На таварах абавязкова павінна прысутнічаць інструкцыя па выкарыстанні па-чэшску[15].
Грамадзяне, якія не валодаюць чэшскай мовай, маюць права карыстацца паслугамі перакладчыка (напрыклад, у судзе). У адпаведнасці з Хартыяй фундаментальных правоў і свабод этнічныя меншасці маюць права карыстацца ўласнымі мовамі[16].
Чэшская мова таксама можа ўжывацца ва ўсіх афіцыйных актах у Славакіі, што абумоўлена Артыкулам 6 Акту пра мовы меншасцяў Славакіі 184/1999 Zb. А з 1 мая 2004 года чэшская мова ўваходзіць у спіс афіцыйных моў Еўрасаюзу.
Зноскі
- ↑ Ethnologue report for language code: ces Архівавана 5 мая 2012. (англ.). Lewis, M. Paul (ed.), 2009. Ethnologue: Languages of the World, Sixteenth edition
- ↑ Селищев А. М. Славянское языкознание. Западнославянские языки. — Государственное учебно-педагогическое издательство Наркомпроса РСФСР. — М., 1941. — С. 22.
- ↑ Широкова А. Г. Западнославянские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — С. 164.
- ↑ Bauer J., Lamprecht A., Šlosar D. Historická mluvnice češtiny. — Praha: SPN, 1986. — С. 25.
- ↑ Tab. 12 Obyvateľstvo SR podľa materinského jazyka – SODB 2011, 2001 (славацк.)
- ↑ Detailed Language Spoken at Home and Ability to Speak English for the Population 5 Years and Older by States: 2006-2008 (ACS) Detailed Tables (англ.)
- ↑ Bevölkerung 2001 nach Umgangssprache, Staatsangehörigkeit und Geburtsland (ням.)
- ↑ Ústav pro jazyk český Akademie věd České republiky
- ↑ Селищев А. М. Славянское языкознание. Западнославянские языки. — Государственное учебно-педагогическое издательство Наркомпроса РСФСР. — М., 1941. — С. 36.
- ↑ František Kopečný. Základní všeslovanská slovní zásoba. — Praha: Academia, 1981. — citováno dle Karlík, Nekula, Rusínová (1995)
- ↑ Karlík, Nekula, Pleskalová. Encyklopedický slovník češtiny. — Praha: Nakladelství Lidové noviny, 2002. — С. 393.
- ↑ Breton R. Atlas jazyků světa: Soužití v křehké rovnováze / T. Duběda. — Praha: Albatros, 2007. — С. 19. — ISBN 978-80-00-01883-6.
- ↑ Zákon ČNR č. 202/1990 Sb. o loteriích a jiných podobných hrách, § 46a; Zákon ČNR 455/1991 Sb. o živnostenském podnikání, § 71 odst. 3; Zákon ČNR 582/1991 Sb. o organizaci a provádění sociálního zabezpečení, § 123d; Zákon 99/1963 Sb. občanský soudní řád, § 18; Zákon 141/1961 Sb. o trestním řízení soudním (trestní řád), § 2 odst. 14 a §§ 28 – 29
- ↑ Zákon ČNR č. 337/1992 Sb. o správě daní a poplatků, § 3
- ↑ Zákon 634/1992 Sb. o ochraně spotřebitele, § 11
- ↑ Ústavní zákon č. 2/1993 Sb. Listina základních práv a svobod, č. 25
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Селищев А. М. Славянское языкознание. Западнославянские языки. — М.: Государственное учебно-педагогическое издательство Наркомпроса РСФСР, 1941. — С. 27-190
- Сталл П. Обиходно-разговорный чешский язык. // Вопросы языкознания, 1960, № 2. — С. 11-20
- Широкова А. Г. Из истории развития литературного чешского языка. // Вопросы языкознания, 1955, № 4. — С. 35-54
- Lehr-Spławiński T. Tło ugrupowania gwar czeskich. // Studia i szkice wybrane z językoznawstwa słowiańskiego. Seria 2. — Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1966. — S. 251—258.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чэшская мова
- Інстытут чэшскай мовы пры АН Чэшскай Рэспублікі (чэшск.)
- Онлайнавы даведнік па чэшскай мове (чэшск.)
- Курс чэшскай мовы для беларусаў
- Радыё Прага «Жывучы чэшскай» (англ.)
- Онлайнавы перакладнік з чэшскай мовы
- Шматмоўны слоўнік
- Чэшская мова Online - English Архівавана 5 лістапада 2011.