Тывалі
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Ты́валі (італ.: Tivoli) — горад у Цэнтральнай Італіі, у вобласці Лацыа, у правінцыі Рым. Насельніцтва 56,7 тыс. чал. (2014). Размешчаны на заходнім схіле гор Сабіні, на р. Аніенэ, за 24 км на ўсход ад Рыма. Вузел аўтамабільных дарог; чыгуначная станцыя на лініі Рым — Пескара.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Сляды паселішчаў на месцы Тывалі (старажытная назва Тыбур) адносяцца да 13 ст. да н.э. Паводле адной з версій (паводле Катона Старэйшага), горад заснаваны Катылам, сынам Амфіярая, цара Аргаса, паводле іншай версіі — сікуламі ці сіканамі ў 7-6 стст. Паслядоўна належаў пеласгам і лацінянам. У 338 годзе заваяваны Рымам. У 90 да н.э. жыхарам Тыбура было падаравана рымскае грамадзянства. Буйны вузел дарог, якія вялі ў Рым з усходняй часткі імперыі. У 6 ст. н.э. спустошаны каралём остготаў Тотылам. Пасля заканчэння Гоцкіх войнаў (535—555) пад уладай Візантыі, затым — Папскай вобласці (да заваявання Італіі Карлам I Вялікім). У 11-19 стст. пад кантролем Папскай вобласці. Да 15 ст. фактычна захоўваў незалежнасць, у 16 ст. належаў княжацкаму дому д’Эстэ. У 1944 годзе моцна пацярпеў ад бамбардзіровак[2].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]Сярод мноства помнікаў антычнасці: свяцілішча Геракла-Пераможца (2 ст. да н.э., плошча, амфітэатр, адрэстаўраваны ў 2011), старажытнарымскі храм Весты (1 ст. да н.э., у Сярэднявеччы — царква Санта-Марыя-дэла-Ратонда) — толас на субструкцыях і храм Сівілы (каля 2 ст. н.э.), акведукі Аніа-Ветус (279—272 да н.э.), Аніа-Новус (38 н.э.), руіны амфітэатра Блеса (2 ст. н.э.), храм Тэмпіа-дэла-Тосэ (1-я пал. 4 ст. н.э.). Каля Тывалі — Віла Адрыяна і грабніца Плаўтаў (1 ст. н.э.)[2].
Помнікі Сярэднявечча ў Тывалі: царква Санта-Марыя-Маджорэ (12 ст., у інтэр’еры — творы сярэднявечная жывапісу, у т.л. «Мадонна з Немаўлём» Я. Тарыці), сабор Сан-Ларэнца-Марцірэ (заснаваны ў 11 ст., перабудаваны ў 1659 у стылі барока), дом Каса-Готыка (12-14 стст.). У эпоху Адраджэння збудаваны замак Папы Пія II (Рока-Пія , 1458—1464)[2].
Вілы
[правіць | правіць зыходнік]Віла д’Эстэ (каля 1550—1572, арх. П. Лігорыа, інж. Дж. А. Гальвані) — выдатны помнік садова-паркавага мастацтва маньерызму, пабудаваны як перайманне Вілы Адрыяна па заказе кардынала Іпаліта II д’Эстэ, кіраўніка Тывалі. Да будынка палаца (гл. мастак-дэкаратар — Л. Агрэсці; у інтэр’ерах — фрэскі Т. Цукары, Дж. Муцыяна, А. Тэмпесты і інш.) прылягае тэрасны парк, у якім раскрываецца ідэя ўзаемадзеяння вады, каменя і зялёных насаджэнняў: пракладзены пад горадам тунэльны акведук (інж. Т. Кірукі) забяспечваў падвод вады для мноства фантанаў (Нептуна, Драконаў, Птушак, Савы, Аргана, Авальны і інш.; фантан Бік’еронэ, 1660—1661, Дж. Л. Берніні), вадаспадаў, гротаў, німфеяў, рыбных сажалак. Многія творы скульптуры, у тым ліку антычныя статуі, рэльефы, калоны з Вілы Адрыяна і творы, якія імітуюць іх, увасаблялі складаную іканаграфічную праграму, якая прыпадабняла парк да міфалагічнага саду Гесперыд і праслаўляла заказчыка ў якасці новага Геракла. На працягу некалькіх стагоддзяў Віла д’Эстэ служыла ўзорам для пераймання па ўсёй Еўропе (гл. Пецяргоф); уключана ў спіс Сусветнай спадчыны. Віла Грэгарыяна (па заказе Папы Грыгорыя XVI, 1835) — узор пейзажнага парку эпохі рамантызму[2].
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Аснова гарадской эканомікі — сфера паслуг. Тывалі — цэнтр турызму міжнароднага значэння (каля 500 тыс. турыстаў у год). Вядомы бальнеалагічны курорт на базе сярністых мінеральных крыніц Тывалі-Тэрмэ (комплекс «Aсque Albule», 1928; лячэнне галоўным чынам рэспіраторных захворванняў). Найстарэйшая ў краіне ГЭС на р. Аніенэ (1882); першы італьянскі горад з электрычным асвятленнем (1886). З 1970-х гг. ідзе актыўная дэіндустрыялізацыя. Вытворчасць шын для лесанарахтоўчай тэхнікі (завод шведскай кампаніі «Trelleborg»), паперы, аліўкавага алею, віна; здабыча і апрацоўка будаўнічага каменю траверціну[2].
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Сімпліцый (? — 483) — Папа Рымскі.
- Ян IX (840—900) — Папа Рымскі.
- Джуліа Качыні (1551—1618) — італьянскі саліст і адзін з першых оперных кампазітараў.
- Эміліа Джына Сегрэ (1905—1989) — амерыканскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1959).
Зноскі
- ↑ Statistiche demografiche ISTAT
- ↑ а б в г д Тиволи // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Тывалі на Вікісховішчы |
- comune.tivoli.rm.it — афіцыйны сайт
- Тиволи // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.