Рысь звычайная |
|
Навуковая класіфікацыя |
---|
|
Міжнародная навуковая назва |
---|
Lynx lynx Linnaeus, 1758
|
Падвіды |
---|
- Lynx lynx dinniki
- Lynx lynx isabellinus
- Lynx lynx kozlowi
- Lynx lynx lynx
- Lynx lynx sardiniae
- Lynx lynx stroganovi
- Lynx lynx subsolanus
- Lynx lynx wrangelli
|
Арэал |
---|
|
Ахоўны статус |
---|
|
|
Рысь звычайная, або еўразійская, або еўрапейская (Lynx lynx) — від драпежных звяроў сямейства каціных. Адзіны прадстаўнік сямейства каціных у фаўне Беларусі.
Даўжыня цела самцоў 90-110 см, вышыня ў карку 65-75 см, маса 18-24 кг, зрэдку да 32. Самкі меншыя за самцоў: даўжыня цела 76-100 см, вышыня ў карку 55-65 см, маса 18-22 кг. Тулава кароткае, шчыльнае. Ногі высокія, дужыя. Хвост кароткі. Вушы вялікія, вострыя, заканчваюцца кутасікі з чорных валасоў. На галаве ба́кі. Афарбоўка поўсці зменлівая, часцей вохрыста-рыжая з больш-менш выразнай плямістасцю.
Водзіцца ў Еўразіі (Скандынавія, поўнач Еўрапейскай часткі Расіі, Карпаты, Каўказ, Сібір, Сярэдняя Азія, Казахстан, Далёкі Усход і інш.). Ажыццяўляюцца спробы адрадзіць папуляцыю ў шэрагу краін Цэнтральнай і Усхлдняй Еўропы, дзе рысь была вынішчана да сярэдзіны ХХ ст.
У Беларусі ў ХІХ ст. рысь вадзілася паўсюдна і была шматлікай. У пачатку ХХ ст. пашырэнне і колькасць скараціліся. Зараз гэта рэдкі від: хоць рысь трапляецца амаль на ўсёй тэрыторыі, але ў трох з шасці абласцей вельмі рэдка. У цяперашні час налічваецца не болей за 400 асобін, у т.л. звыш 3/4 жыве ў Брэсцкай, Мінскай і Віцебскай абласцях. Характэрна ў Белавежскай пушчы.
Рысь прытрымліваецца буйных лясных масіваў. Аддае перавагу глухім участкам з густым падлескам і бураломам. Рысь вядзе сямейна-асобны спосаб жыцця. Логавы робіць пад вываратнямі, у ямах, старых норах, пад абвіслымі галінамі елак і інш. Пэўнага месца трымаецца толькі ў перыяд размнажэння, у астатні час перамяшчаецца ў пошуках корму.
Актыўная пераважна ўначы. Перамяшчаецца лёгка і бясшумна, можа лазіць па дрэвах. Здабычу высочвае або падпільноўвае ў засадзе на сцежках, каля вадапою. Можа доўга (па дадзеных В. Сідаровіча да 32 гадзін[1]) сядзець у засадзе недзе невысока і пільна сачыць, ці не рухаецца дзе мажлівая ахвяра. Корміцца зайцамі, вавёркамі, мышападобнымі грызунамі, птушкамі, нападае на дробных капытных (напр. казуляў).
Дарослыя рысі ледзь не палову часу праводзяць на нейкай вышыні над долам. Падоўгу яны падпільноўваюць ахвяр і там, на вышыні, спяць, каб не выстаўляцца дзеля ўсялякай заедзі (мух ды камароў). Вышыня для палявання рысі — пераважна 2−5 метраў, на нахіленым ветрам дрэве, або выгнутым тоўстым ствале, або на досыць тоўстым суку. Адпачынае рысь вышэй — 4−8 метраў, ледзь не да дзесяці, часцей за ўсё там, дзе адна вялікая елка моцна нахілілася на другую гэткую ж.
Полавая спеласць у двухгадовым узросце. Гон у лютым—сакавіку. У шлюбны перыяд самцы абзываюцца гучным крыкам. Цяжарнасць самак 9-10 тыдняў.
У траўні — першай палове чэрвеня самка нараджае 2-3, радзей 4 кацянят. Звычайна нараджаюць і ўзгадоўваюць зусім яшчэ малых рысянят у норах: закінутых барсучынах з пашыранымі ваўкамі ўваходамі; у складаных бабровых норах закінутых іхніх паселішчаў са спушчанымі сажалкамі, а таксама ў ранейшых воўчых норах[1]. Кацяняты нараджаюцца сляпымі, пачынаюць бачыць на 12-ы дзень. Выхоўваюць патомства самка і самец. Перад зімой рысяняты важаць да 9-14 кг. Трапляюцца вывадкам да наступнай вясны.
Рысь адрозніваецца дзікасцю і агрэсіўнасцю. Дарослыя рысі забіваюць ваўчанят, лісоў і янотападобных сабак. Апісаны выпадак, калі ў Налібоцкай пушчы самец рысі перамог і параніў дарослага самца ваўка, і апошні верагодна ад гэтых ран памёр[2].
Рысь цяжка прыручаецца, але добра жыве і размнажаецца ў заапарках.
З 1981 г. у Беларусі адстрэл рысі забаронены. Від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Выява рысі ёсць на гербе Гомеля.
Выява рысі на паштовых марках Беларусі
Зноскі
- Фядосаў А. Рысь // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985.
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5