Перайсці да зместу

Пернік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Традыцыйныя таруньскія пернікі

Пе́рнік — кандытарскі выраб, які гатуецца з мукі і мёду (або патакі, цукру). Нацыянальны ласунак шмат якіх еўрапейскіх народаў. У пернікі абавязкова закладаецца сумесь затавак (чорны перац, кардамон, гваздзіка, карыца і інш.), ад чаго яны і атрымалі сваю назву.

У розных нацыянальных кухнях суадносіны складнікаў у перніках розныя, што і вызначае спецыфічнасць смаку. Напрыклад, у рускія пернікі кладзецца больш карыцы, імбіру і бадзьяну.

У выданні «Літоўская гаспадыня» (1858) пададзены такі рэцэпт пернікаў. Гарнец чыстага мёду вараць, пакуль не падрумяніцца, зрэдку знімаючы з агню, каб сабраць пенку. Тым часам усыпаюць у квашню жытнюю муку: калі яна тонкая пытляваная, дык адзін з чвэрцю гарнец, калі ж, як некаторыя любяць, грубага памолу, прасеяная толькі праз густое рэшата, дык паўтара гарца гваздзікі, імбіру i анісу — па аднаму лоту, апельсінавых лупін развараных — чатыры лоты. Усё заліваюць варам з мёду i тут жа дадаюць конаўку спірту i лыжачку з верхам паташу. Пасля моцна б’юць цеста лапаткамі альбо выцягваюць рукамі, пакуль не пачне ад рук ці лапатак адставаць. Тады робяць з яго тонкія валікі, рэжуць ix удоўж на кавалкі даўжынёй з палец, укладваюць на бляху, пасыпаную мукой ці намазаную воскам, i ставяць у печ адразу пасля таго, як дасталі адтуль пшанічны хлеб. Каб пернікі не прыгарэлі, у печы адчыняюць прадушыны. Спечаныя пернікі вымаюць, астуджваюць, а потым яшчэ адзін ці два разы падсушваюць у значна менш гарачай печы[1].

Зноскі

  1. Літоўская гаспадыня Архівавана 18 кастрычніка 2014. / Пераклад з польскай мовы П. Казлоўскага, В. Нядзвецкай. — Мн., «Полымя», 1993.
  • Белы А. Пернік // Праект «Наша ежа»