Перайсці да зместу

Левон II

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Левон II
арм.: Լեւոն Բ Ռուբինյան,
фр.: Léon II
Сцяг9-ы Кіраўнік Кілікіі,
1-ы кароль Кілікійскай Арменіі
14 верасня 1187 — 1219
Каранацыя 6 студзеня 1198/1199, Тарс
Папярэднік Рубен II
Пераемнік Хетум I

Нараджэнне 1150
Смерць 2 мая 1219(1219-05-02)
Род Рубеніды
Бацька Стэфан[d]
Маці Rita Paperontsi[d]
Жонка Сібіла дэ Лузіньян[d] і Ізабэла Антыяхійская[d]
Дзеці Стэфанія Армянская[d][1] і Ізабела I Армянская
Веравызнанне Армянская апостальская царква
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Лево́н II (арм.: Լեւոն Բ Մեծագործ, фр.: Léon II; 1150—1219) каранаваны як Левон I — першы цар Кілікійскай Арменіі з армянскай дынастыі Рубенідаў, кіраваў з 1187 па 1219. Кіраванне Левона II супала з часам трэцяга паходу крыжакоў пад правадырствам Фрыдрыха I Барбаросы. Яго сучаснікам была іншая буйная фігура гэтай эпохі — Салах ад-Дзін.

Падчас кіравання Левона Вялікага, Кілікія перажыла эпоху эканамічнага і культурнага росквіту, з’яўляючыся адной з самых значных хрысціянскіх краін на Блізкім Усходзе. Такія сусветныя сілы як Свяшчэнная Рымская імперыя, папства і нават Абасідскі халіф супернічалі за ўплыў над Кілікіяй. Кожны імкнуўся стаць першым, хто прызнае прынца Кілікіі Левона II законным каралём. У выніку, 6 студзеня 1198 года ў горадзе Тарс ён быў каранаваны і абвешчаны царом і Германскай і Візантыйскай імперыямі. На каранацыі Левона II прысутнічалі прадстаўнікі і хрысціянскіх і некалькіх мусульманскіх краін, такім чынам падкрэсліваўшы значнае становішча, якое набыла Кілікія.

Знешняя палітыка

[правіць | правіць зыходнік]

З першых жа дзён свайго кіравання Левон II сутыкнуўся з султанамі Іконіі, Дамаска і Алепа. Каб умацаваць свае пазіцыі, ён пабудаваў шэраг памежных крэпасцей, дзе ўтрымліваліся пастаянныя гарнізоны. Кілікія ў гэты перыяд была адной з эканамічна і палітычна наймацнейшых на Блізкім Усходзе дзяржаў, мела гандлёвыя сувязі з італьянскімі гарадамі і краінамі Усходу, развітае земляробства, рамёствы і суднаходства. Крыжакі лічылі мэтазгодным падтрымліваць з Кілікіяй дружалюбныя адносіны.

Гістарычныя ўмовы часу дапамаглі высунуцца Левону II на бачнае месца. У 1187 г. Іерусалім быў узяты Саладзінам, і ў Еўропе было вырашана распачаць новы крыжовы паход. Фрыдрых Барбароса, які вёў нямецкае апалчэнне, пайшоў праз Кілікію. У скалах Таўра крыжакі заблудзіліся, і армяне прыйшлі ім на дапамогу. Імператар Фрыдрых адправіў пасля гэтага тры ганаровыя пасольствы да Левона II, і ў прамове да войска, як перадае армянскі гісторык Вардан, гаварыў між іншым, што Кілікія годная мець караля.

Фрыдрых загінуў падчас паходу, але тады Левон II звярнуўся да яго пераемніка, Генрыха VI і Папы Цэлестына III, згаджаючыся прызнаць сябе васалам Свяшчэннай Рымскай імперыі і папскага прастола. Папа, са згоды імператара, адправіў у Кілікію кардынала Конрада Вітэльсбаха, архібіскупа Майнцкага, які прывёз з сабой «цудоўную карону», як апісваў яе каталікос Грыгорый. Папа ставіў некаторыя малаважныя ўмовы для прызнання Левона II каралём; паводле апавядання летапісцаў, Левон пераканаў армянскае духавенства прыняць гэтыя ўмовы «для віду», запэўніўшы, што выконвацца яны не будуць. У Тарсе, у саборы Св. Сафіі, 6 студзеня 1198 г., у дзень Богаяўлення, каталікосам і кардыналам, прадстаўніком Папы, Левон II з вялікай урачыстасцю быў каранаваны, як кароль Арменіі. «Вы нам вярнулі, — пісаў потым Грыгорый папу, — карону, якую мы страцілі з даўняга часу, калі былі аддалены ад вас».

Такім чынам Левон II прызнаў сябе васалам Рыма. У лістах да Папы ён падпісваўся: «з усёй павагай, удзячнай адданасцй». Але, з палітычнага пункта гледжання, выбар такога аддаленага сюзерэна быў справай вельмі дальнабачнай. Ні Папа, ні германскі імператар ніякага рэальнага ўплыву на справы Кілікіі мець не маглі, але гэты намінальны васалітэт цясней звязваў новае царства з хрысціянскімі дзяржавамі Азіі і Еўропы і даваў надзею на дапамогу ў барацьбе з ворагамі. «Суседнія народы, — піша армянскі гісторык, — пасля каранацыі паслалі пасольствы, каб прынесці дары новаму цару». Значэнне таго, што адбылося, зразумеў і візантыйскі імператар Аляксей Ангел, які таксама паспяшаўся прызнаць Левона II каралём, паслаў ад сябе «цудоўную карону, упрыгожаную золатам і каштоўным каменнем». Пры гэтым Аляксей пісаў: «Не ўскладай на сваю галаву карону лацінян, але маю, бо твая дзяржава бліжэй да нас, чым да Рыма». Леў прыняў паслоў Візантыі паважна і адпусціў іх з дарамі.

Унутраная палітыка

[правіць | правіць зыходнік]

Прыняўшы тытул цара, Левон II паспрабаваў арганізаваць сваё царства па заходніх узорах. Ён атачыў сябе саноўнікамі, часткова, зацвердзіўшы пасады, якія існавалі здаўна, часткова, стварыўшы новыя. Еўрапейскія хранографы адрозніваюць пры двары армянскага цара тыя ж званні, якія звычайна бачылі ў сябе на радзіме, але ў Кілікіі гэтыя званні часта мелі іншае значэнне. Так канетабль (thaga-dir ці thagabah) была пасадай спадчыннай і чалавеку, які насіў яго, падавался права ўскладаць карону на цара; далей ішлі: начальнік конніцы (spassalar), капелан, сенешаль, камерарый, проксімы, magistri scrinorum і г.д.; рэгент падчас непаўналецця цара называўся балій (balius). Быў арганізаваны савет баронаў (regalia curia); былі графы, капітаны, рыцары. Наогул увесь лад жыцця быў відавочна феадальным, яго асновы былі закладзены, вядома, яшчэ да Левона II і працягвалі развівацца пасля яго. У Кілікіі быў правільна арганізаваны суд, пастаўлена справа збору падаткаў і мыт, гандаль падпарадкаваны пэўным правілам і г.д. Уся культура Кілікіі зведала заходні ўплыў. Характэрны ў гэтым плане скаргі аднаго з кілікійскіх пісьменнікаў канца XII ст., Св. Нерсеса Ламбронскага: «Насельніцтва запазычае ў франкаў любоў да каштоўнасцей часовых, гэтак жа як і шмат цудоўных рэчаў, забываючы пра духоўныя каштоўнасці».

Росквіт дзяржавы

[правіць | правіць зыходнік]
Армянскае Кілікійскае царства падчас кіравання Левона II

Пры Левоне II Кілікійскае царства дасягнула свайго найбольшага пашырэння. Плошча Кілікійскай Арменіі (у пачатку 13-га стагоддзя) — каля 40 000 кв. км, колькасць насельніцтва (у 13-м стагоддзі) — звыш 1 000 000 жыхароў [2]. Тэрыторыя Кілікійскага Армянскага Царства абдымала ў пачатку XIII ст. усё ўзбярэжжа Малой Азіі вакол Александрэцкага заліва. Сталіцай царства быў спачатку Тарс, потым Сіс (Sisia), які стаяў, як мяркуюць, на месцы старажытнага горада Flaviae на маленькім прытоку Джэйхана. Крыніцы XII ст. апісваюць Сіс як горад вялікі і населены, дадаючы, што ў ім было «велізарнае насельніцтва», «цудоўныя цэрквы», «палац з бельведэрамі і садамі», архівы, святыя мошчы і г.д. Акрамя Тарса і Сіса быў у Кілікіі шэраг іншых значных гарадоў. Гаванямі служылі Мерсінэ, Аяс, Адана, Селеўкія, Александрэта і Тарс (апошні да канца XIII ст. быў даступны для вялікіх караблёў). Зрэшты, армяне ніколі не ўтрымлівалі вялікага флоту, і марскі гандаль вёўся замежнымі купцамі, якія мелі ў Кілікіі свае факторыі і калоніі. Ваенная сіла Кілікіі была дастатковая (60 000 — 80 000 пяхоты і 20 000 — 40 000 кавалерыі, марскі флот — 150—200 караблёў), каб мерацца сіламі з суседнімі дзяржавамі. Праходы ў глыб краіны абараняў шэраг крэпасцей — Капан, Анарзаба (Анаварза), Вахка, Леванклай (Леўнанаберд), Карыкос, Рамклай, Мамесція (Мсіс), Сіманклай, Аяс (марская крэпасць), Таўблур, Дразарк, Сеў Берд і многія іншыя. Але лепшым умацаваннем для Кілікіі служыла прырода. Адзін падарожнік пісаў пра Кілікію: «Гэта краіна ў найвышэйшай ступені абароненая, бо з аднаго боку яна акружана морам, а з іншага ўмацавана высокімі і непрыступнымі горамі, праз якія існуе толькі некалькі праходаў, якія добра ахоўваюцца; такім чынам чужаземец, калі пракрадзецца ў краіну без асобага каралеўскага дазволу, ужо не зможа з яе выйсці».

Усе гэтыя перавагі не выратавалі, аднак, Кілікію ад таго разгрому, якому падверглася ўся Пярэдняя Азія ў XIII—XIV стст. Гібелі царства спрыялі таксама ўнутраныя звады. Левон II сканаў у 1219 г., не пакінуўшы мужчынскага нашчадства.

Зноскі

  1. Lundy D. R. The Peerage
  2. История Армянского Народа, в 8-ми томах, изд. Академия Наук Армянской ССР, Ереван, том 3, 1976год, стр. стр. 672—673 (на армянскай — Հայ ժողովրդի պատմություն, 8 հատորով, Հայկական ՍՍՀ Գիտությունների Ակադեմիայի հրատ., հատոր 3, էջ 672—673).