Ланцэтнікі
Ланцэтнікі | |||||||||||||||||||||||
Еўрапейскі ланцэтнік (Branchiostoma lanceolatum) | |||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||
Сінонімы | |||||||||||||||||||||||
|
Ланцэтнікі (Branchiostoma) — род марскіх жывёл падтыпу бесчарапных тыпу хордавых.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню лэнцэтнік быў апісаны ў 1774 годзе заолагам П. С. Паласам, які прыняў яго за малюска і назваў «ланцэтападобным слізнем». Толькі праз 60 год, пасля вывучэння яго будовы, была прызнана прыналежнасць ланцэтніка да хордавых жывёл.
Даўжыня да 8 см. Цела рыбападобнае, завостранае з абодвух канцоў, паўпразрыстае, ружаватага колеру. Уздоўж спіннога і брушнога бакоў, уключаючы хвост, праходзіць складка скуры, якая ўтварае плаўнік. Спінны плаўнік пераходзіць у хваставы, які мае форму ланцэта (адсюль назва). Уздоўж ніжняга края хваста ідзе падхваставы плаўнік, а ўздоўж бакавых краёў бруха — правая і левая метаплеўральныя складкі. На ніжнім баку пярэдняга канца цела ёсць акружаная шчупальцамі вялікая адтуліна перадротавай поласці, ля пачатку падхваставога плаўніка — вывадная адтуліна каляжабернай поласці, ля пачатку хваставога плаўніка — анальная адтуліна.
Органы пачуццяў развіты вельмі слаба: маецца нюхальная ямка на пярэднім канцы цела, святлоадчувальная пігментная пляма на пярэдняй сценцы нервовай трубкі і шэраг невялікіх плям уздоўж нервовай трубкі ў яе ніжняй частцы (замест вачэй), адчувальныя на дотык клеткі ў скуры і ротавых шчупальцах.
Пашырэнне
[правіць | правіць зыходнік]Ланцэтнікі пашыраны ўсюды ў марскіх цёплых і ўмераных водах. У Атлантычным акіяне сустракаюцца ад 67° пн.ш. ля берагоў Еўропы (Нарвегія) і 40° пн.ш. ля берагоў Амерыкі (Чэсапікскі заліў) да Паўднёвай Афркі і Аргенціны (Ла-Плата). Вядомы ў Індыйскім акіяне. У Ціхім акіяне сустракаюцца ад Японскага мора і ўсходу Хакайда, Гавайскіх астравоў і Каліфорніі да Паўднёвай Аўстраліі, Новай Зеландыі і Чылі, вельмі шматлікія ля берагоў Кітая.
Жывуць ланцэтнікі на пясчаным грунце на глыбіні да 30 м і больш. Сустракаюцца пераважна ў слоі буйнага рыхлага пяску, які ўключае абломкі шкілетаў караняножак, ігласкурых і інш. На заіленых участках пясчанага дна трымаюцца рэдка, таму што ім цяжка пранікаць у дробны пясок, а ў ілістым дне яны жыць не могуць. У буйны пясок, між часцінкамі якога свабодна цыркулюе вада, ланцэтнік закопваецца цалкам, з дробнага пяску высоўвае пярэднюю частку на паверхню. Патрывожаны ланцэтнік пераплывае на іншае месца і зноў закопваецца ў пясок.
Ланцэтнікі звычайна баяцца святла, пазбягаюць яркага асвятлення і больш актыўныя ў начны час. Яны аддаюць перавагу вадзе з тэмпературай ад 12-17 да 30 °C і салёнасцю ад 23 да 31 ‰.
Месцамі ланцэтнікі вельмі шматлікія. Напрыклад, еўрапейскі ланцэтнік сустракаецца ля Гельгаланда ў колькасці да 300 асобін на 1 м²[1].
Асаблівасці біялогіі
[правіць | правіць зыходнік]Анатамічныя асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Хорда ў ланцэтнікаў захоўваецца на працягу ўсяго жыцця, жывёла мае нервовую трубку, каля 150 пар жаберных шчылін у глотцы. Перагародкі жаберных шчылін высланы раснічным эпітэліем, які стварае ток вады. Пры гэтым адбываецца не толькі газаабмен, але і адфільтроўванне харчовых часцінак. Харчовая завісь паступае ў стрававальны тракт, дзе адбываецца яе ператраўліванне і ўсмоктванне.
Галаўны мозг не дыферэнцыраваны, і вакол яго няма ніякага зачатку чарапной каробкі. Пярэдні канец цэнтральнай нервовай сістэмы мае выгляд трубкі і крыху не даходзіць да канца хорды.
Акрамя тыповых рысаў, уласцівых хордавай жывёле, будова некаторых сістэм і органаў збліжае ланцэтніка з кольчатымі чарвямі. Так, вонкавы слой скуры прадстаўлены аднаслойным эпітэліем, а не мнагаслойным, як у пазваночных жывёл. Мышачная сістэма ўтворана шматлікімі сегментамі мышачнай тканкі, скарачэнні якой выклікаюць аднастайныя бакавыя рухі цела. Гэта дазваляе жывёлам плаваць або закопвацца заднім канцом цела ў грунт. Крывяносная сістэма замкнутая з падоўжнымі спінным і брушным сасудамі. Мышачнага сэрца няма, яго ролю выконвае пульсуючы брушны сасуд. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена прыкладна сотняй пар утварэнняў, падобных на метанефрыдыі кольчатых чарвей.
Дыханне
[правіць | правіць зыходнік]Дыханне шчэлепнае.
Перадротавая адтуліна адкрывае ўваход у дыхальна-стрававальную сістэму ланцэтніка. Яна вядзе ў перадротавую поласць, у глыбіні якой знаходзіцца рот, акружаны перапончатым клапанам. Ротавая адтуліна вядзе далей у аб'ёмістую глотку, сценкі якой са шматлікімі (звыш 100) жабернымі шчылінамі, што вядуць не наўпрост вонкі, а ў асаблівую каляжаберную поласць, якая акружае глотку. Уздоўж дна і ўздоўж верхняй сценкі глоткі цягнуцца высланыя раснічнымі клеткамі жалабкі (эндастыль і наджаберны жалабок), злучаныя каляглотачным раснічным кольцам у пярэдняй частцы глоткі — вельмі падобнае да гэтага прыстасаванне маюць абалоннікі (асцыдыі).
Жыўленне і страваванне
[правіць | правіць зыходнік]Кормяцца планктонам, мікраскапічнымі арганізмамі, уцягваючы іх праз ротавую адтуліну з токам вады, што праганяецца рухам раснічак цераз жаберныя адтуліны і каляжаберную поласць і затым вонкі праз атрыяльную адтуліну. Маецца эндастыль, які выдзяляе слізь, што спрыяе ўлоўліванню часцінак ежы. Ротавыя шчупльцы ўтвараюць раштоку, якая перашкаджае пападанню ў поласць глоткі вельмі буйных часцінак. Дробныя харчовыя часцінкі, якія праходзяць цераз гэтую заслону, асядаюць на пакрытых сліззю раснічках жалабкоў, абвалакваюцца сліззю, перамяшчаюцца ў наджаберны жалабок і па ім паступаюць да задняга канца глоткі і ў кішэчнік.
Пажыву ланцэтнікаў складаюць галоўным чанам дыятомавыя водарасці, дробныя караняножкі, інфузорыі, радыялярыі, яйкі і лічынкі абалоннікаў, ігласкурых, рачкоў і іншых беспазваночных жывёл.
Размнажэнне
[правіць | правіць зыходнік]Раздзельнаполыя жывёлы, маюць шматлікія (каля 25 пар) палавыя залозы без вывадных пратокаў. Паспелыя палавыя клеткі праз разрывы сценак палавых залоз выводзяцца ў поласць цела, а затым у ваду, дзе і адбываецца апладненне. Развіццё з планктоннай лічынкавай стадыяй.
Размнажаюцца ланцэтнікі ў цёплую пару года. Адразу пасля заходу сонца самка выкідвае ў ваду спелыя дробныя ікрынкі дыяметрам каля 0,1 мм. Развіццё аплодненай ікры і лічынак праходзіць у тоўшчы вады. Лічынкі падымаюцца ўначы да паверхні, а ўдзень апускаюцца ў прыдонныя слаі вады. Перыяд лічынкавага жыцця доўжыцца звычайна каля торх месяцаў. Да канца першага года жыцця ўсходнеазіяцкі від ланцэтніка дасягае даўжыні 30 мм. Палавая спеласць наступае ў яго на другі або трэці год. Жывуць ланцэтнікі ад аднаго да чатырох гадоў.
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Выдзяляюцца ад 8 да 24 відаў.
У артыкуле або раздзеле ёсць спіс крыніц або спасылак, але крыніцы асобных сцвярждэнняў няясныя праз неўжыванне зносак. |
Зноскі
- ↑ Жизнь животных…
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6
- Ланцэтнікі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Жизнь животных. В 7-ми тт. Т. 4. Рыбы / Под ред. Т. С. Расса. — М.: Просвещение, 1983.