Перайсці да зместу

Інфузорыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Інфузорыі

Інфузорыя-туфелька
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Ciliophora Doflein, 1901


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  46211
NCBI  5878
EOL  4666
FW  720

Інфузорыі[1] (Ciliophora) — тып (або падтып) раснічных аднаклетачных эўкарыётаў (традыцыйна разглядаліся як тып прасцейшых).

Даўжыня клеткі ад 10 мкм да 4 мм. Для інфузорый характэрна наяўнасць шматлікіх раснічак, кортэкса (покрывы і падсцілаючыя шкілетныя структуры), двух тыпаў ядзер і палавога працэса ў форме кан’югацыі. Выдзяляюцца тысячы відаў, якія насяляюць разнастайныя біятопы: марскія і прэсныя воды, глебу, тэрмальныя крыніцы, айсбергі, пустыні. Большасць свабоднажывучыя, ёсць каменсалы і паразіты.

Клетка пакрыта тонкай і гнуткай абалонкай складанай будовы. Раснічкі размешчаны падоўжнымі радамі; у вобласці ротавай адтуліны утвараюць папярочныя або касыя шэрагі. Яны служаць для перамяшчэння (плавання і поўзання), а таксама ўдзельнічаюць у працэсе харчавання, падганяючы харчовыя часцінкі да рота. Раснічкі могуць быць сабраны ў «пучкі» (нагадваюць канечнасці і выкарыстоўваюцца для перамяшчэння па субстраце) або ў прыплюшчаныя групы (мембранелы).

У большасці інфузорый ёсць спецыяльная ротавая адтуліна ў форме лейкі, на дне якой фарміруюцца стрававальныя вакуолі, што перамяшчаюцца ўнутры клеткі, пераварваючы ежу (бактэрыі, дробныя водарасці). Неперавараныя астаткі выдаляюцца шляхам экзацытоза раз спецыяльны ўчастак цела — парошыцу. Лішак вільгаці ў прэснаводных відаў выводзіцца цераз комплекс скарачальных вакуолей.

Інфузорыі маюцб адзін або некалькі макрануклеусаў — буйных, часта адрозных паводле памераў і будовы, саматычных ядраў, што ўтрымліваюць няпоўны набор шматразова паўтораных генаў, якія забяспечваюць метабалізм, а таксама адно ці некалькі дробных дыплоідных генератыўных ядраў — мікрануклеусаў, што захоўваюць спадчынную інфармацыю, амаль не ўдзельнічаюць у жыццядзейнасці клеткі, але забяспечваюць палавы працэс.

Для інфузорый характэрны бясполае размнажэнне і палавы працэс — кан’югацыя.

У час кан’югацыі дзве асобіны аднаго віда часткова зліваюцца адна з адной, мікрануклеусы дзеляцца шляхам меёзу, у выніку чаго ў кожнай асобіны застаецца па два гаплоідных ядры (астатнія дэгенеруюць), адно з якіх мігруе ў клетку-партнёра і зліваецца з пакінутым у клетцы ядром, аднаўляючы дыплоідны набор храмасом. Пасля такога абмену генетычным матэрыялам партнёры раздзяляюцца; макрануклеусы разбураюцца і аднаўляюцца зноўку з мадыфікаваных мікрануклеусаў.

Кожная асобіна, якая ўтварылася ў выніку палавога працэсу, становіцца патэнцыйным родапачынальнікам новага клона, які ствараецца шляхам бясполага размнажэння (клетка дзеліцца папярок на дзве даччыныя; тая з іх, што атрымала матчыну ротавую адтуліну, фарміруе новы задні канец, іншая — дабудоўвае ротавы апарат.

Выдзяляюцца класы (падкласы): круглараснічныя інфузорыі, роўнараснічныя інфузорыі, спіральнараснічныя інфузорыі, этнадыніяморфы, ханатрыхі.

Зноскі

  1. Напісанне Інфузорыі ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.7. Мн., 1998, С.295