Дуб коркавы[3] (Quercus suber) — вечназялёнае дрэва сямейства букавых, паходзіць з паўднёва-заходняй Еўропы і паўночнай Афрыкі, шляхам інтрадукцыі з’явілася таксама ў іншых краінах Міжземнамор’я.
Дрэва дасягае вышыні 20 м, у шырыню дыяметрам да 1 м. Ствол і старыя галіны пакрыты цвёрдай тоўстай карой (коркам), якая перыядычна здымаецца ў прамысловых мэтах (раз у 9-12 гадоў). Лісце авальнае, скурыстае, ападае раз у 2-3 года. Квітнее амаль бесперапынна, за выключэннем летніх месяцаў.
Жалуды сядзяць па 1-3 штукі, на кароткай ножцы, утоеныя. Спеюць восенню. Прарастаюць хутка — за 2-5 дзён. У першыя гады расце павольна і патрабуе стараннага догляду. Цеплалюбівая і засухаўстойлівая расліна. Каранёвая сістэма глыбокая. Жыве да 200 гадоў і больш. Мае дэкаратыўнае значэнне.
Драўніна вельмі цвёрдая, дзякуючы чаму не мае выкарыстанне пры вытворчасці мэблі. Аднак часта выкарыстоўваецца пры апале ў камінах. Асаблівасцю дрэва з’яўляецца вогнеўстойлівая кара, дзякуючы чаму ствол амаль не зведвае значных пашкоджанняў пры лясных пажарах.
Асноўнае практычнае выкарыстанне гэта выраб корка. Для вытворчасці корка здымаецца толькі верхні пласт кары ствала і старых галін, таму «абразанне» зусім не шкодзіць дрэву. Прыкладна праз 10 гадоў кара цалкам аднаўляецца, і яе зноў здымаюць з дрэва. Яшчэ ў сярэднія вякі корак выкарыстоўваўся манахамі для ўцяплення сцен у халодных залах манастыроў. Дзякуючы сваёй структуры дрэва з’яўляецца адным з лепшых прыродных цепла і гукаізаляцыйных матэрыялаў. Асноўнай з тэхнічных уласцівасцяў з’яўляецца мяккая пругкасць корка (лёгка набывае першапачатковы від пасля дэфармацыі).
Партугалія вырабляе больш 50 % коркі ў свеце, галоўным чынам у яе паўднёвых правінцыях. Іншымі важнымі экспарцёрамі з’яўляюцца Іспанія, Алжыр, Марока, Францыя, Італія і Туніс. У пералічаных краінах агульная плошча коркавых дрэвастояў складае каля 25 тыс. км².
Корак, які выкарыстоўваецца для закупорвання вінных бутэлек, складае толькі 15 % ад агульнай колькасці.