Даўжыня 0,3—6 мм. Цела пляскатае, бяскрылае, укрытае валаскамі, шчацінкамі, шыпамі, бялява-жаўтаватае з бурымі або чорнымі плямкамі. Галава прадаўгаватая, брушка авальнае. Вочы рэдукаваныя або адсутнічаюць. Ротавы апарат колюча-сысучы, ротавая адтуліна абкружана з кручкамі. Тры пары ног з адна-, двухчленікавымі лапкамі з учэпістымі кіпцюркамі.
Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Адкладваюць да 300 яец. Самкі спецыяльным сакрэтам прыклейваюць яйцы (гніды) да валасоў, адзення або субстрату. Праз 5—19 сутак з яец развіваюцца лічынкі, якія тройчы ліняюць і ператвараюцца ў полаваспелыя асобіны. Лічынкі і дарослыя вошы жывяцца крывёю гаспадароў 2—8 разоў за суткі. Жывуць 32—46 сутак.
Пераносяць узбуджальнікаў сыпнога і зваротнага тыфаў, ліхаманак, сібірскай язвы і іншых небяспечных хвароб. Знішчаюць вошай механічным, тэрмічным і хімічным спосабамі.