Бальдр
Бальдр | |
---|---|
стар.-сканд.: Baldr | |
Міфалогія | германа-скандынаўская міфалогія |
Пол | мужчынскі пол |
Бацька | Одзін[1] |
Маці | Фрыг[1] |
Браты і сёстры | Hodhr[d], Хермод, Брагі, Тор, Meili[d], Víðarr[d] і Váli[d] |
Жонка | Nanna[d][1] |
Дзеці | Forseti[d][1] |
У іншых культурах | Bældæg[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бальдр — у скандынаўскай міфалогіі бог, сын вярхоўнага бажаства Одзіна. Згодна з міфам, загінуў ад стралы з амялы, пушчанай сляпым богам Хёдам, смерць Бальдра папярэднічала гібелі багоў і ўсяго свету; у абноўленым свеце Бальдр ажывае.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]У Сноры Стурлусана прадстаўлены як лепшы з багоў, прыгожы на выгляд, яскравы, але мудры і красамоўны. Адну з кветак скандынавы называлі «Бровы Бальдра». Сын бога Одзіна і багіні Фрыг. Жыў у частцы Асгарда, якая звалася Брэйдаблік. У песні «Сны Бальдра» на юнага бога напала страшэннае бедства. Як толькі ён заплюшчваў вейкі, падобныя да дзіўных кветак, да яго адразу прыходзілі начныя жахі. Заклапочаны гэтым Одзін сеў на свайго васьміногага каня Слейпніра і паскакаў у Хель, падземнае царства, дзе спала ведзьма Вёльва. Абудзіўшы старую, Одзін пачуў ад яе прароцтва, што Бальдру даўно прыгатаваныя пакоі ў краіне смерці, — гэта значыць, ён павінны памерці. І заб’е яго сляпы бог Хёд.
Тады маці Бальдра, багіня Фрыг, абышла ўвесь свет і з кожнай расліны, з кожнага каменя, кожнай жывёліны ўзяла клятву, што яны не крануць Бальдра. І не ўзяла клятвы толькі з амялы — расліна падалася ёй вельмі маленькай і слабай, каб пашкодзіць яе сыну. І вось Бальдр стаў непаражальны. Багі дзеля забаўкі пачалі кідаць у яго тапары, стрэлы, коп’і, але тыя адскоквалі ад юнага бога. Тады хітры бог Локі прыняў аблічча жанчыны і запытаўся ў багіні Фрыг, ці ёсць у свеце нейкая сіла, якая можа пашкодзіць Бальдру. І Фрыг, нічога не падазраючы, прызналася, што небяспеку ўяўляе толькі амяла. Локі таемна зрабіў з амялы стралу і паклікаў сляпога бога Хёда, які з-за сваёй слепаты быў няздольны ўзяць удзел у забаўцы багоў. Паверыўшы хітраму Локі, ён кінуў стралу з амялы, і тая забіла Бальдра. Юны бог накіраваўся ў царства смерці — Хель.
Нана, жонка Бальдра, прыняла добраахвотную смерць, каб накіравацца ўслед за мужам. А сын Бальдра, Фарсэці, адпомсціў Хёду, забіўшы яго.
Хель, багіня смерці і падземнага царства, у якой палова цела была блакітная, а палова — колеру сырога мяса, — сказала, што вызваліць Бальдра, калі ўсё ў свеце будзе плакаць па ім. І тады заплакалі і дрэвы, і звяры, і нават камні пакрыліся вільгаццю. Але Бальдр не вяртаўся. Стала вядома, што ля брамы ў падземны свет сядзіць веліканка, якая не жадае плакаць. І тая адказала, што ёй няма ніякай справы да Бальдра. Усе зразумелі, што гэтая веліканка — не хто іншы, як бог Локі ў жаночым абліччы. Локі быў пакараны — яго прыкулі да гары, а над ім павесілі змяю, атрута якой капала на цела злачынцы, прыносячы яму нясцерпны боль. І толькі Сігюн, жонка Локі, з таго часу трымае над ім чару, каб збіраць у яе змяіную атруту і ратаваць мужа. Але, калі яны адыходзіць з намерам выліць атруту з поўнай чашы, кроплі са змяіных зубоў пачынаюць падаць на цела Локі, і той пакутуе.
Калі адбушуе Рагнарок — канец свету, — калі богі і падземныя веліканы знішчаць адзін аднаго ў жахлівай бойцы, а зямля загіне, каб адрадзіцца, — тады на зямлю зноў вернецца Бальдр, добры бог вясны, а з ім Хёд і багіня Нана. І пачнецца новае жыццё.
Аналіз
[правіць | правіць зыходнік]Паданне пра Бальдра сугучнае з міфамі іншых народаў пра багоў расліннасці, якія паміралі (ці бывалі забраныя ў падземны сусвет), каб потым адрадзіцца і вярнуцца на паверхню зямлі. Гэта сімвалізавала змену сезонаў года. Вобраз Бальдра часткова супадае з егіпецкім Асірысам, шумерскім Думузі, грэчаскай Дэметрай, славянскім Ярылам і інш. Амяла, якая забівае Бальдра, — вечназялёная расліна, ягады на ёй захоўваюцца нават зімою. Яна сімвалізуе зіму і таму ўвасабляе тэрміновую перамогу холаду і снегу над богам вясны.
Зноскі
- ↑ а б в г Балдур // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1891. — Т. IIа. — С. 796.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бальдр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 264. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бальдр
Бальдр (на беларускай мове) Архівавана 4 сакавіка 2016.