Ярыла
Яры́ла — ва ўсходнеславянскай міфалогіі бог[крыніца?] урадлівасці, вясны і пачуццёвага кахання. Пасля прыходу хрысціянства многія яго рысы атрымалі святы Юр’я[1] і, магчыма, святы Пятро.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Ярыла раз’язджаў на кані і быў апрануты ва ўсё белае. П. Шпілеўскі апісвае свята ў гонар Ярылы, якое спраўлялася да сярэдзіны ХІХ ст. Дзяўчаты выбіраюць самую прыгожую, прыбіраюць яе Ярылам і садзяць на белага каня. Ярылу абкружаюць не толькі дзяўчаты, а ўсе жыхары паселішча, старыя кіруюць карагодам, а ў кожнага з прысутных вянок са свежых кветак. Дзяўчыне даюць у адну руку чэрап, у другую — іржаныя каласы (першы атрыбут, верагодна, сімвалізаваў пераможаную зіму і ноч, другі — сілу жыцця і ўраджаю). Ярыла едзе па засеяных нівах, а карагод спявае песні, дзе паказана, як народ разумее Ярылу, як той спрыяе ўрадлівасці зямлі і нараджэнню дзяцей. Магчыма, што Ярыла ў народных уяўленнях мяняў свой узрост у залежнасці ад сезону года: вясна супастаўлялася з маладым Ярылам, лета — з болей сталым («Стары Юрый…» — называе яго веснавая песня[2]).
У Юр’еў дзень Ярыла па загадзе маці адмыкае вароты неба і на белым кані прыязджае на зямлю, а з яго з’яўленнем пачынаецца сапраўдная вясна. У гэты ж дзень упершыню выпускаюць скаціну ў поле. І ў наступныя дні, да канца красавіка, беларусы ўшаноўваюць Ярылу. Паданне малявала Ярылу як апекуна пачуццёвага кахання. Таму не лічылася злачынствам пад яго покрывам і саграшыць у каханні.
Святы Юрай
[правіць | правіць зыходнік]Ярыла на Вікісховішчы |
Пасля прыходу хрысціянства Ярыла стаў забывацца, але многія яго функцыі перайшлі да хрысціянскіх святых, у прыватнасці да Юр’я. Да яго таксама звярталіся, каб ён прагнаў зіму, пусціў у свет вясну, прынёс добры ўраджай. Юрай (Юр’я) фігурыруе ў веснавых, юраўскіх, а таксама ў валачобных песнях, з’яўляецца ў народных баладах і паданнях. Ён — «божы ключнік»[2], бо валодае залатымі ключамі, якімі кожную вясну адмыкае вясну і замыкае зіму, адмыкае неба, зямлю (каб адтуль выйшла раса, веснавая трава).
Настаў празнік — святы Юр’я.
Святы Юр’я ўперад пайшоў,
асядлаў каня варанога,
паехаў прама да Бога.
Узяў ключы залатыя,
адамкнуў маці-зямліцу,
пусціў расу на ўсю зямліцу,
на ўсю зямлю вясеннюю[3].
У другой песні ён падае ключы Пятру, каб той адамкнуў зямлю і выпусціў траву — гэта наводзіць на думку аб пэўнай тоеснасці двух персанажаў. Трэба, аднак, вызначыць, што ў некаторых сюжэтах Юр’я — заменнік не Ярылы, а Перуна — асабліва ў матывах змагання са змеямі-пачварамі (цмокамі і інш).
Іншыя заменнікі Ярылы
[правіць | правіць зыходнік]Функцыі Ярылы былі размеркаваныя паміж шэрагам святых.
Сьвяты Барыс ляды паліць,
Ляды паліць, падчышчаіць.
Сьвяты Сёмка гнаі возіць,
Гнаі возіць, раі раіць,
Раі раіць, мяды сыціць.
Сьвяты Пятро — саўсім ядро,
Лугі косіць…
— Зап. у 1968 г. у в. Лявонпаль ад Кісьляка Андрыяна, 1908 г.н.
Асабістай увагі варты святы Пятро, які выступаў, верагодна, іпастассю летняга, сталага Ярылы (Юрай — веснавога, маладога Ярылы). У фальклоры і паданнях ён супрацьпастаўляецца Іллі, які пануе над грымамі і маланкамі (святы Пятро — над сонцам і цяплом). Лічылася, што ў канцы лета, калі надвор’е псуецца, Ілля перамагае Пятра. Паколькі сам Ілля быў хрысціянскім заменнікам Перуна, то паданні могуць утрымліваць рэшткі архаічнага міфа пра яго супрацьстаянне з Ярылам. У паданні, якое А. Сержпутоўскі запісаў на Палессі, святы Пятро стаў глухі ад старасці. Бог патрабуе ад яго несці дождж туды, «дзе просяць», а ён нясе туды, «дзе косяць».
У некаторых песнях функцыі надаюцца жывёлам: адамкнуць вясну залатымі ключыма і замкнуць зіму просяць «сізу галачку» («Вылеці, сізая галачка, / Вынесі залатыя ключы, / Замкні халодную зіманьку, / Адамкні цёплае лецечка…»[4]) ці пчалу[5]. Жаваронкаў просяць прынесці «вясную красную». Не выключна, што некаторыя жывёлы былі набліжаныя да вобразу Ярылы ці выступалі нават яго зааморфнымі абліччамі. Пчол у валачобных і веснавых песнях часта называюць «ярымі», «яравымі».
Ярыла ў беларускай паэзіі
[правіць | правіць зыходнік]- Вобраз Ярылы ўсплывае ў радках Рыгора Барадуліна, накшталт:
Празь небыцьцё,
Вякоў равы
Трава
Праб’ецца вастракрыла,
Бо мае ўладныя правы
Вогнебародага Ярылы…[6]
- Звяртаўся да яго вобраза паэт Зміцер Крэчат:
Зімовыя краты
Разбурыла вясна,
Ярыла-араты
Абудзіўся ад сна[7].
- Фальклорны Юр’я натхняў паэта Леаніда Трубача:
Нам Юр’я агонь паслаў,
Да ўсіх дзевачак к агню сазваў.
Хадземце, дзевачкі, хадземце, мілыя,
Да агню…[8]
Зноскі
- ↑ Ярыла(недаступная спасылка)
- ↑ а б Паэзія беларускага земляробчага календара / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А. С. Ліса. Мн., 1992 Архівавана 14 мая 2013.
- ↑ М. С. Кацар. Вобразы ўраджаю і ўрадлівасці(недаступная спасылка) Архівавана 28 мая 2012.
- ↑ Гуканне вясны(недаступная спасылка)
- ↑ Вясна красна на ўвесь свет(недаступная спасылка)
- ↑ БЯРОЗА ЗЬ ЛІСТАМ ГАВАРЫЛА…
- ↑ Зміцер Крэчат. Ярыла
- ↑ Леанід Трубач. Паміж песняй і болем
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданьне. Укладальнік: Уладзімір Васілевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. ISBN 5-85700-162-5
- Ярила, Ярило, Ярыло // Мифологический словарь (руск.)