Перайсці да зместу

Аймара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аймара
(Aymaranakaja)
Агульная колькасць 2675 тыс.
Рэгіёны пражывання Паўднёвая Амерыка

 Перу — 1490 тыс.
 Чылі — 117 тыс.
 Балівія — 1045 тыс.
 Аргенціна — 23 тыс.

Мова Аймара, мова
Рэлігія анімізм, політэізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы кечуа

Аймара (саманазва: Aymaranakaja) — індзейскі народ на захадзе Паўднёвай Амерыкі. Жывуць пераважна на поўдні Перу, захадзе Балівіі, поўначы Чылі і Аргенціны. Агульная колькасць (2017) — 2 675 тысяч чалавек.

Паходжанне аймара да канца не высветлена. Гэтая назва была дадзена народу іспанцамі, меркавана па найменню групы індзейцаў з перуанскага рэгіёна Апурымак, у нашы дні населенага кечуа. Некаторыя гісторыкі звязваюць паходжанне аймара з Тыўанака, паколькі аймара насяляюць землі гэтай старажытнай цывілізацыі ў нашы дні. Аднак рассяленне аймара на поўдзень пачалося пазней. Іспанскія каланісты атаяснялі аймара пераважна з рэгіёнам, які супадае з сучаснай Балівіяй. Толькі ў пазнейшы перыяд вывучэнне мовы аймара паказала, што яны жывуць і значна паўночней, на тэрыторыі Перу.

Першапачатковым арэалам узнікнення мовы аймара называюць цэнтральныя рэгіёны Перу (паўночная гіпотэза) або паўночнае ўзбярэжжа сучаснага Чылі (паўднёвая гіпотэза). Перасяленне на большыя па плошчы прасторы тлумачаць дэмаграфічным ростам або нават прымусовым ваенным перасяленнем. У апошнім выпадку са спасылкай на дадзеныя глотахраналогіі перасяленне датуюць XIII ст. Даследаванні генетыкаў паказалі перавагу паўночнай гіпотэзы паходжання аймара, а таксама магчымасць дэмаграфічнай экспансіі на поўдзень.

У XV ст. аймара апынуліся ў межах імперыі інкаў, што моцна паўплывала на эканоміку і культуру грамадства. Разам з гэтым, інкі захавалі магчымасць карыстацца роднай мовай для аймара. Пасля заваявання іспанцамі ў 1533 годзе большасць аймара былі вымушаны прыняць каталіцкую рэлігію, працаваць на срэбраных радовішчах. У XVIII ст. сярод розных груп аймара арганізоўваліся паўстанні, аднак яны цярпелі паражэнне.

У першай трэці XIX ст. землі аймара былі падзелены паміж Перу, Балівіяй і Аргенцінай. У 1883 годзе частку перуанскіх і балівійскіх тэрыторый, населеных аймара, захапіла Чылі. Цэнтральныя ўрады гэтых краін доўгі час захоўвалі папярэднюю палітыку эксплуатацыі індзейскіх меншасцяў. У Балівіі аймара атрымалі роўныя выбарчыя правы і правы на зямлю толькі ў 1952 годзе. У Чылі і Аргенціне праводзілася палітыка асіміляцыі.

З другой паловы XX ст. адбываецца адраджэнне культуры аймара. У Балівіі аймара актыўна ўдзельнічаюць у палітыцы. У 1960-я і 1990-я гады яны падтрымалі камуністычны партызанскі рух. У 2006 годзе прадстаўнік аймара Хуан Эва Маралес Айма стаў прэзідэнтам Балівіі.

Традыцыйнымі заняткамі аймара здаўна з’яўляюцца горнае земляробства і жывёлагадоўля. Найбольш важныя сельскагаспадарчыя культуры: бульба, кукуруза, кіноа, кока. Ужо ў старажытныя часы практыкаваліся такія прыёмы, як узвядзенне штучных тэрас на горных схілах, ірыгацыя, размяшчэнне палетак на рознай вышыні, каб атрымоўваць некалькі ўраджаяў. Аймара таксама трымаюць лам, авечак, кароў, хатніх птушак. У сямейных гаспадарках мужчыны і жанчыны працуюць разам, жорсткай палавой рэгламентацыі працы няма.

З каланіяльных часоў мужчыны сезонна працуюць па-за межамі роднага дома, наймаюцца на працу ў гарады або на радовішчы, таму жыхары нават аддаленых паселішчаў звычайна ўцягнуты ў грашовую гаспадарку. Жанчыны займаюцца гандлем. Часцяком сустракаецца натуральны абмен харчам, таварамі і паслугамі. Традыцыйныя рамёствы: выраб керамікі, ваўняных тканін і вопраткі, пляценне з трыснягу.

У старажытнасці пераважалі хутарскія паселішчы, часам з некалькіх родавых або суседскіх гаспадарак. У каланіяльны перыяд сфарміраваліся 2 асноўныя тыпы паселішчаў — асьенда і вёска свабодных абшчыннікаў comunario. Традыцыйныя хаціны будуюць з саману. Кожная сельская сям’я мае некалькі пабудоў, абнесеных агароджай. Жылыя хаціны аднапакаёвыя з глінянай печкай каля ўвахода. З сярэдзіны XX ст. аймара актыўна перасяляюцца ў гарады.

Жанчына ў традыцыйным капелюшы

Народная вопратка паўтарае іспанскую каланіяльных часоў. Мужчынскае адзенне адрозніваецца канічнымі капелюшамі, якія прыкрываюць вушы. Жанчыны часцяком носяць ваўняныя капелюшы з палямі.

Галоўная сацыяльная адзінка — вялікая пашыраная сям'я, якая мае супольную гаспадарку. У апошнія дзесяцігоддзі пашыраныя сем’і паступова распадаюцца, што выклікана міграцыямі малых сем’яў у пошуках працы. Некалькі сем’яў аб’ядноўваюцца ў абшчыну ayllu. У Балівіі і на поўдні Перу ayllu супадае з палітычнай адзінкай comunidad. Этнографы сцвярджаюць, што для аймара важна захоўваць супольнасць знутры сям’і, блізкіх сваякоў і суседзяў, у той час, як астатні свет часцяком успрымаецца з недаверам.

Аймара знакаміты сваімі арыгінальнымі ўзорамі на ваўняных тканінах. Фальклор багаты легендамі, казкамі, міфамі. Музыка і танцы суправаджаюць шматлікія святы. Распаўсюджаны духавыя музычныя інструменты, у тым ліку 2 віды флейт, а таксама барабаны і бразготкі.

Родная мова аймара ёсць ізалятам, хаця некаторыя лінгвісты сцвярджаюць яе блізкасць да мовы кечуа. Да з’яўлення пісьма аймара карысталіся рознымі сімваламі (напрыклад, малюнкамі людзей і жывёл) для лепшага запамінання. У XVI ст. з’явіліся першыя запісы на лацінцы. У 1985 годзе ўрад Перу прапанаваў афіцыйны ўніфікаваны алфавіт з 32 літар. Мова аймара мае афіцыйны статус у Балівіі і Перу.

У XVI—XVII стст. аймара прынялі каталіцкую веру, аднак захоўваюць шматлікія старыя вераванні. Аймара ўспрымаюць навакольны свет як жывы. Горы, рэкі, скалы і іншыя прыродныя аб’екты для іх з’яўляюцца як персаніфікацыямі магутных духаў. Распаўсюджана вера ў прадказанні і чарадзейства.