Цынагнат (Cynognathus, ад стар.-грэч.: κύνεος γνάθος — «сабачыя сківіцы») — выкапнёвы драпежнік даўжынёй цела каля метра, які жыў у перыяд ранняга і сярэдняга трыяса. Належаў да сінапсід, жывёл, якія больш нагадваюць сучасных млекакормячых, і ўваходзіў у інфраатрад Eucynodontia. Род Cynognathus меў распаўсюджанне амаль па ўсім свеце. Выкапнёвыя парэшткі цынагнатаў на сённяшні дзень выяўлены на тэрыторыі Паўднёвай Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, Кітая і Антарктыды. Было апісана шмат відаў, але ўсе яны з'яўляюцца сінонімамі віду Cynognathus crateronotus.