Перайсці да зместу

Тонгва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тонгва
(Tongva)
Агульная колькасць 500 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова тонгва
Рэлігія шаманізм, політэізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы хопі, шашоны, серана

Тонгва, таксама вядомыя як кіж і габрыэлінья (саманазвы: Tongva, Kizh, ісп.: Gabrieleño, англ.: Gabrielino) — індзейскі народ у Каліфорніі (ЗША). Раней насяляў раён Лос-Анджэлеса і паўднёвыя астравы Чанел. Агульная колькасць (2018 г.) - 500 чал.[1]

Продкі тонгва і серана перасяліліся з усходу ў Каліфорнію каля 3500 - 2500 гадоў таму[2]. Сучасная назва тонгва ўпершыню была занатавана толькі ў 1903 г. Лічыцца, што саманазва кіж больш старажытная. Частка навукоўцаў мяркуе, што да прыбыцця еўрапейцаў тонгва маглі мець кантакты з палінезійцамі[3].

Сувязі з іспанцамі пачаліся з 1542 г. Іспанскія місіянеры заснавалі ў паўднёвай Каліфорніі місію Архангела Гаўрыіла ў 1771 г. і місію Караля Фердынанда ў 1797 г. Яны актыўна займаліся хрысціянізацыяй мясцовага насельніцтва і прыцягненнем яго да сучаснай гаспадаркі. Шчыльныя кантакты прывялі да распаўсюджвання назваў габрыэлінья і фернандынья. Адмоўным вынікам узаемадзеяння з іспанцамі быў высокі ўзровень смяротнасці індзейцаў з-за завезеных з Еўропы эпідэмічных захворванняў.

У 1821 г. тэрыторыі тонгва былі далучаны да Мексікі, у 1848 г. — да ЗША. У выніку зямельных махінацый прадстаўнікі гэтага народа фактычна былі пазбаўлены зямельнай маёмасці. У міжваенны перыяд пракуратура Каліфорніі настаяла на частковай кампенсацыі, якую тонгва атрымалі толькі ў 1944 г. У 1972 г. кампенсацыя была пашырана, але ўсё роўна была недастатковай. У пасляваенны перыяд праводзілася палітыка асіміляцыі. Яна ўключала выхаванне індзейскіх дзяцей ў белых сем'ях.

У 1994 г. штат Каліфорнія прызнаў самастойную нацыю тонгва-габрыелінья. Для далейшага эканамічнага развіцця нацыі было адчынена казіно[4], але яго эксплуатацыя выклікала разлад сярод тонгва і падзел у 2001 г. і 2006 г. на фракцыі.

Традыцыйная культура

[правіць | правіць зыходнік]
Жытло

Тонгва насялялі адзін з найбольш урадлівых рэгіёнаў Каліфорніі. Іх асноўнымі заняткамі былі збор жалудоў, рыбалоўства і паляванне. Тонгва ўмелі вырабляць складаныя разборныя лодкі з хваёвых дошак, ведалі кераміку і пляценне. Важную ролю адыгрываў гандаль з астраўнымі і з кантынентальнымі плямёнамі. Замест грошай выкарыстоўвалі ракавіны.

Ужо да прыбыцця еўрапейцаў у тонгва меліся вялікія паселішчы, што ўмяшчалі 400 - 500 жытлаў. На чале такога паселішча стаяў адзіны правадыр tomyaar. Асноўны від жытла — канічны вігвам kiy[5]. Ён уяўляў сабою каркас з жэрдак, крыты трысняговымі цыноўкамі. Жыхары астравоў Чанел будавалі жытлы з кітовых костак.

Тонгва верылі ў багоў і духаў, у тым ліку ў стваральніка сусвету Quaoar, хтанічную багіню Tolmalok, бога неба Weywot, багіню зямлі Chehooit, багіню ўрадлівасці Manisar і г. д.[6] Папулярнасцю карысталіся апавяданні пра трыкстэра-каёта Tukupar Itar.

Вялікую ролю ў духоўным жыцці адыгрывалі шаманы. Абрады ініцыяцыі ўключалі галаданне, выпрабаванні на цягавітасць і боль ад укусаў мурашак[7]. У абрадах выкарыстоўваліся галюцынагены.

Родная мова тонгва адносіцца да юта-ацтэкскай сям'і моў. У выніку культурнай асіміляцыі да пачатку XX ст. яна выйшла з ужытку.

Зноскі