Светыцхавелі
Кафедральны праваслаўны сабор | |
Светыцхавелі | |
---|---|
груз. სვეტიცხოვლის საკათედრო ტაძარი | |
| |
41°50′31″ пн. ш. 44°43′16″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Грузія |
Мцхета | |
Канфесія | Праваслаўе, Грузінская праваслаўная царква |
Епархія | Грузінская праваслаўная царква |
Архітэктурны стыль | Крыжова-купальны храм |
Архітэктар | Канстантын Арсукідзэ |
Дата заснавання | XI стагоддзе |
Будаўніцтва | 1010—1029 гады |
Рэліквіі і святыні | Рыза Ісуса Хрыста |
Статус | Кафедральны сабор |
Стан | Дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Светыцхаве́лі[1] (груз. სვეტიცხოველი — жыватворчы слуп) — кафедральны патрыяршы храм Грузінскай праваслаўнай царквы ў горадзе Мцхета, які на працягу тысячагоддзя з’яўляўся галоўным саборам усёй Грузіі. Унесены ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны . Адзін з галоўных духоўных цэнтраў Грузіі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Сярод гістарычных будынкаў, якія захаваліся ў Грузіі, Светыцхавелі з’яўляецца самым вялікім. На працягу стагоддзяў з’яўляецца цэнтрам хрысціянскай Грузіі. Яшчэ ў IV стагоддзі, прыняўшы хрысціянства, цар Мірыян III паводле парады роўнаапостальнай Ніны пабудаваў першую ў Грузіі драўляную царкву, якая не захавалася да нашага часу.
Адной з апор храма быў кедр, які абазначаў месца знаходжання Рызы Хрыстовай. У 2-й палове V стагоддзя набожны цар Вахтанг I Гаргасал пабудаваў на месцы гэтай царквы базіліку, верхнія апоры якой былі ўскрытыя савецкімі даследчыкамі (кіраўнік В. Цынцадзэ) ў 1970-я гады і пакінуты для ўсеагульнага агляду.
У XI стагоддзі на месцы пашкоджанай базілікі каталікос Грузіі Мелкіседэк I (1012—1030, 1039—1045) пабудаваў храм. Існуючая цяпер крыжова-купальная чатырохстоўпная трохнефная царква ў імя Дванаццаці Апосталаў будавалася з 1010 па 1029 год пад наглядам дойліда Арсукідзэ (згаданы ў надпісе на фасадзе).
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]У плане царква выцягнута з усходу на захад і з’яўляецца выцягнутым прамавугольнікам. Прасторавы вобраз крыжа ствараецца накіраванымі па чатырох баках свету плячыма. Плечы чатырохвугольныя, акрамя ўсходняга, якое заканчваецца апсідай. На паўночным і ўсходнім плячы на двух паверхах размешчаны комнаты для рэчаў і складскія памяшканні. У паўднёвы неф убудавана капліца-ратонда XIII—XIV стст. — даніна кампазіцыі Храма Труны Гасподняй. Купал трымаюць 4 магутныя стаўпы, а ў барабане купала 16 паясоў моцнасці. Уздоўж фасадаў і барабана праходзіць вытанчаны аркатурны пояс з рэльефамі. Накіраваны ўвышыню сабор абнаўляўся ў XV i XVII стагоддзях; тады ж былі створаны роспісы, якія ўпрыгожвалі яго ўнутраныя сцены. У 1830-я гады бакавыя арачныя галерэі былі разабраны, многія роспісы забелены, але пазней прапісаны. Нягледзячы на тое, што храм перанёс не адну змену, большая частка фрэсак загінула, а пабелка сцен у інтэр’еры паменшыла мастацкую цэласнасць, ён і сёння пакідае вялікае ўражанне.
Размеркаванне знешніх форм і мас, прапорцыі падпарадкоўваюцца высокаму купалу, які ўзвышаецца ў цэнтры, пад ім знаходзіцца дах з двухсхільным пакрыццём у выглядзе крыжа. У афармленні фасада ў асноўным выкарыстоўваюцца дэкаратыўныя элементы і развітая сістэма падвоеных пілястраў, а ў паясах моцнасці — таксама абліцоўка з кафлі. Кафля багатая і разнастайная (дайшла часткова). У дэкаратыўным упрыгожванні храма вялікае месца займае рэльеф. Трэба адзначыць упрыгажэнне ўсходняга фасада, у аснове якога ляжыць сістэма з пяці дэкаратыўных жырандолей. У падкупальнай прасторы ўключаны трохвугольныя нішы, а ў цэнтральнай частцы размешчаны веерападобныя промні з дыскамі па краях. Па-майстэрску выкарыстоўваецца поліхрамічны эфект. На асноўным, пясочнага колеру фоне каля алтара вылучаецца сабраная ярка-чырвоная кафля, якая вылучана багата ўпрыгожанымі гарызантальнымі паясамі. У заходняй частцы фасада знаходзіцца адзін вялікі, багата ўпрыгожаны пояс, які займае большую частку сцяны. Кампазіцыю фасада завяршае трохфігурны рэльеф — Збавіцель, які сядзіць на троне, з анёламі па баках.
Светыцхавелі з’яўляецца асноватворным храмам у стылі архітэктуры сярэдневяковай Грузіі. Старыя роспісы не захаваліся, а тыя, што прысутнічаюць, адносяцца да XVI, XVII і, магчыма, XVIII стагоддзяў (адноўлены ў XIX стагоддзі). Найбольш цікавымі з’яўляюцца фрэскі XVII стагоддзя (пад купалам), эпізоды з якіх расказваюць аб прыняцці хрысціянства Грузіяй (кіраўнік роспісу — мастак Грыгорый Гулджаварасашвілі).
У знешняй частцы шмат змен: частка фасада і падкупалле, якія вылучаюцца зялёным колерам абліцоўкі, належаць да пачатку XV стагоддзя (рэстаўраваны Аляксандрам I Вялікім пасля нашэсця Тамерлана), асобныя рэльефныя выявы перанесены, хаця гэтыя рэстаўрацыі не парушылі асноўныя формы і прапорцыі храма.
-
План Светыцхавелі
-
План у разрэзе
-
План увахода
Храмавая агароджа
[правіць | правіць зыходнік]Храм абкружаны крапасной сцяной, якая ў плане набліжаецца да квадрата. Сцяна была пабудавана па загаду цара Іраклія II (згадваецца ў тэксце, выбітым над паўднёвым уваходам у храм). Высечаныя камяні ў старой частцы сцяны перамешаныя з рачнымі камянямі. Пабудовы на сценах выкананы з кірпіча. Ніжняя частка двух’яруснай сцяны непранікальная. У верхняй частцы прысутнічае баявая дарожка, на ўзроўні якой таксама маюцца сховішчы камення. Сцены маюць 6 цыліндрычных і 4 чатырохвугольныя вежы. Уваходныя вароты знаходзяцца на паўднёвым баку. На заходнім баку — званіца і вароты XI стагоддзя, выдатны прыклад грузінскай народнай архітэктуры. У 1964—1965 гадах была праведзена рэстаўрацыя, якая вярнула сцяне першапачатковы выгляд (архтэктары Н. Чубінашвілі і В. Цынцадзэ; галоўны кансультант Г. Чубінашвілі). У час раскопак у 1963—1964 гадах у паўднёва-заходняй частцы сцяны былі знойдзены астанкі каталікоса Мелкіседэка (XI стагоддзе). У двары, у паўднёва-ўсходняй частцы сцяны знаходзіцца палац каталікоса Антона ІІ. На сённяшні дзень ён поўнасцю перабудаваны і з’яўляецца гісторыка-этнаграфічным музеем.
На працягу ўсяго свайго існавання сабор служыў месцам каранавання і пахавальняй для прадстаўнікоў царскага роду Баграціёнаў. У сакавіку 2007 года у Светыцхавелі адбылося адпяванне першага грузінскага прэзідэнта Звіяда Гамсахурдзія.
Згадванні ў літаратуры
[правіць | правіць зыходнік]У класічнай літаратуры Грузіі адным з самых яскравых твораў з’яўляецца раман «Правіца вялікага майстра» класіка нацыянальнай літаратуры Канстанціна Гамсахурдзія, у якім расказваецца аб будаўніцтве храма і адначасова аб звязаным з гэтым станаўленнем Грузіі. У эпічным творы дэталёва апісваецца працэс будаўніцтва храма, станаўлення хрысціянства ў Грузіі і грузінскай дзяржавы.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Напісанне Светыцхавелі паводле Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Светыцхавелі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 255. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Беридзе В. Архитектура древней Грузии. — Тб., 1974.
- Чубінашвілі Г. Архітэктура Грузіі сярэдніх вякоў і тры яе галоўныя саборы (груз. ქართული ხუროთმოძღვრება საშუალო საუკუნეებში და მისი სამი მთავარი კათედრალი). — Тб., 1925.
- Гвердцители Р. Мцхета. — Тб., 1962.
- Гамсахурдия К. С. Десница великого мастера.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Светыцхавелі