Даўжыня цела 56—65 см, размах крылаў 140—166 см, маса 1,4—2,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне белае з мноствам каштанаватых плямак альбо папярочных палосак. Самцы больш светлыя, чым самкі, зрэдку зусім белыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Радужына ярка-жоўтая.
Вандроўная птушка. У гнездавы перыяд селіцца ў арктычнай тундры (асабліва на схілах узгоркаў непадалёк ад вадаёмаў, а таксама паблізу ўзбярэжжаў); у Нарвегіі даходзіць да 1500 м над узроўнем мора. Пасля гнездавання адлятае ў стэпы, палі, балоты (з групамі дрэў), рачныя даліны, парослыя кустамі, марскія ўзбярэжжы (асабліва пакрытыя невысокім лесам), населеныя пункты. На тэрыторыі Беларусі вельмі рэдкі залётны ўзімку від.