Палаванцы
Палаванцы (Palaw'an) | |
Агульная колькасць | 14000 (2023 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Палаван |
Мова | палаванскія мовы |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | батакі, тагбануа |
Палава́нцы (саманазва: Palaw'an; тагальск.: Palawano) — карэнныя жыхары паўднёвай часткі вострава Палаван (Філіпіны). Агульная колькасць (2023 г.) — 14 000 чалавек[1]. У шырокім сэнсе палаванцамі могуць называцца ўсе жыхары Палавана.
Палаванцы лічацца нашчадкамі найбольш старажытных жыхароў Філіпінаў, якія з'явіліся ў дадзеным рэгіёне каля 50 тысяч гадоў таму, і аўстранезійцаў, што мігравалі сюды каля 4 тысяч тысяч гадоў таму. Размаўляюць на аўстранезійскіх мовах.
Палаванцамі звычайна называюць толькі тубыльцаў паўднёвай часткі вострава, адрозніваюць іх ад тагбануа, карэнных насельнікаў цэнтральнай і паўночнай частак. Яны падзяляюцца на 4 буйныя тэрытарыяльныя групы, кожная з якіх мае сваю мову. Кантакты паміж рознымі групамі вельмі абмежаваны.
Палаванцы здаўна займаліся падсечным земляробствам, паляваннем, збіральніцтвам і рыбалоўствам. Хуткае знясіленне мясцовых глеб вымушала іх часта мяняць месца жыхарства. Будавалі часовыя жытлы на схілах пагоркаў, не далёка ад крыніц пітной вады, часцяком на платформах, паднятых над зямлёй, так што ўваход у хаціну месціўся знізу.
Традыцыйная рэлігія заснавана на веры ў шматлікіх духаў. Разам з гэтым, палаванцы вераць у вышэйшага бога Эмпук, стваральніка сусвету. Зносінамі са светам духаў і лекаваннем займаюцца шаманы белджан. Іх галоўная функцыя заключана ў захаванні чалавечай жыццёвай сілы курдува. Гэтаму ж садзейнічаюць шматлікія цырымоніі кегурангуранган. Многія вернікі афіцыйна спавядаюць хрысціянства.