Ленду
Ленду | |
---|---|
Саманазва | бале |
Колькасць | 700 000 |
Рассяленне | ДР Конга |
Этнічныя мовы | Lendu[d] |
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) | шаманізм |
Ленду (валенду, бале, балегу) — народ у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга колькасцю каля 700 тысяч чалавек. Традыцыйна жыве на паўночна-заходнім беразе возера Альберт.
Мова ленду выкарыстоўваецца на крайнім паўночным усходзе краіны і дзеліцца на дзве групы: паўночную (бале-да) і паўднёвую (дру). Як мяркуецца, этнас насяляў гэтыя тэрыторыі яшчэ ў XVIII стагоддзі, і тады існавала толькі адна група. Пазней плямёны біру, якія прыйшлі з паўднёвага ўсходу, аказалі ўплыў на паўднёвыя плямёны ленду, з прычыны чаго ўтварыўся паўднёвы дыялект. Паўночныя ж паселішчы ленду практычна не ўзаемадзейнічалі з біру[1] .
З захаду возера Альберт акружана стромкімі схіламі, што робіць традыцыйнае месца пражывання гэтага народа вельмі цяжкадаступным[2] . Ленду жывуць у вулевобразных селішчах, паселішчы раскіданыя. Асноўная традыцыйная форма сацыяльнай арганізацыі — патрыярхальная вялікасямейная абшчына.
Ленду займаюцца лядна-агнявым земляробствам, вырошчваюць кукурузу, бабовыя, проса, кунжут. Займаюцца развядзеннем дробнай рагатай жывёлы. Менавіта ленду і іншыя прадстаўнікі цэнтральнай суданскай моўнай групы прынеслі жывёлагадоўлю ў гэтую частку Афрыкі[3] . Таксама этнас займаецца рыбалоўствам і збіральніцтвам. Што тычыцца рамяства, то ленду вырабляюць драўляны і гліняны посуд, плятуць цыноўкі і кошыкі з валокнаў пальмы традыцыйна з геаметрычным малюнкам.
У ежу ўжываецца рыба і раслінныя прадукты: кашы з проса, кукурузы і ямса. Традыцыйна мужчыны носяць насцегнавыя павязкі, а жанчыны — фартухі. Прытрымліваюцца традыцыйных вераванняў: культы продкаў, духаў прыроды, вераць у магію і вядзьмарства. Таксама маецца свой музычны фальклор.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Hertsens L. Quelques notes sur la phonetique Lendu // Journal of the International African Institute, Vol. 13, No. 3 (Jul., 1940), pp. 268–288.
- ↑ Editors. Exploration and Travel. Africa // Science, Vol. 9, No. 229 (Jun. 24, 1887), pp. 604–605.
- ↑ Ehret C. Cattle-Keeping and Milking in Eastern and Southern African History: The Linguistic Evidence // The Journal of African History, Vol. 8, No. 1 (1967), pp. 1–17.