Перайсці да зместу

Даніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Даніна — павіннасць сялян пераважна натуральнай прадукцыяй, адна з асноўных форм феадальнай эксплуатацыі сялянства ў сярэднявеччы.

Нясенне даніны ў Персеполе

На Русі вядома з IX ст. спачатку як дзяржаўны падатак — кантрыбуцыя з заваяваных народаў, потым — як дзяржаўны падатак і феадальная рэнта.

На тэрыторыі Беларусі ва ўмовах панавання натуральнай гаспадаркі прыкладна да канца XV ст. асноўнай формай рэнты была даніна (у заходняй частцы Беларусі звычайна называлася дзякла) — прадукцыя сялянскіх гаспадарак, якая часткова спалучалася з адпрацоўчай і грашовай формамі рэнты. Пераважнай катэгорыяй сялянства ў гэты перыяд былі даннікі, а асноўнай адзінкай абкладання з'яўлялася сялянская гаспадарка — дым[1].

Склад і памеры даніны былі разнастайныя, спачатку ў ёй пераважала прадукцыя промыслаў (мёд, воск, футра), пазней — сельскагаспадарчая прадукцыя (жыта, авёс, гусі, куры, яйкі, лён, каноплі, сена і інш.). Даніна збожжам у выглядзе чацвёртай часткі (долі) ўраджаю з'яўлялася галоўнай павіннасцю сялян-дольнікаў, якіх было найбольш у Падзвінні.

Да сярэдзіны XVI ст. у басейнах сплаўных рэк — Буга, Нёмана і часткова Дзвіны — даніна ў значнай ступені заменена пераважна адпрацоўчай і часткова грашовай формамі рэнты. У Падняпроўі ў гэты час адбываўся працэс частковай або поўнай замены традыцыйнай даніны натурай, перш за ўсё футрам, прадукцыяй сельскай гаспадаркі і ў значнай ступені грашыма. Да канца XVI ст. даніна як галоўная павіннасць захавалася толькі ў глухіх лясістых, балоцістых і значна аддаленых ад вялікіх гандлёвых цэнтраў мясцовасцях. У далейшым яна складала толькі частку асноўных павіннасцяў паншчынных і чыншавых сялян.

Зноскі

  1. Наталля Нячай. Падаткі ў часы Вялікага Княства Літоўскага (XIV―XVвв.) // Вестник. — К.: Министерство доходов и сборов Украины, 2011. — № 11. Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2021.