Перайсці да зместу

Гелуг-па

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гелуг-па
тыб.: དགེ་ལུགས་པ།
Выява
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Манахі гелуг-па ў Тыбеце

Ге́луг-па́ (тыб.: དགེ་ལུགས་པ།, літаральна «дабрадзейнасць») — адна з асноўных школ тыбецкага будызму. Яна ўзнікла ў пачатку XV ст. і перажыла найбольшы ўздым у другой палове XVII — першай палове XX стст., калі яе прадстаўнікі Далай-ламы былі тэакратамі Тыбета.

У адрозненні ад прадстаўнікоў іншых тыбецкіх школ, ламы Гелуг-па апранаюць жоўтыя, а не чырвоныя капелюшы, таму часцяком узгадваюцца як «жоўтакапялюшнікі». Яны прытрымліваюцца харчовых забарон, у прыватнасці абмяжоўваюць ежу, звязаную з забойствам, практыкуюць цэлібат.

Заснавальнікам школы Гелуг-па з'яўляецца тыбецкі містык Цанкапа (каля 13571419 гг.). У маладосці ён вывучаў традыцыі асноўных у яго час школ Каг’ю і Сак’я. Гэтыя школы знаходзіліся калі не ў варожых, то ў вельмі напружаных адносінах. У 1354 г. прадстаўнікі школы Сак’я згубілі магчымасць займаць пасаду мангольскага намесніка Тыбета. Свецкі валадар Джанчубу Г’ялцэн і яго пераемнікі, якія захапілі ўладу, фактычна арыентаваліся на школу Каг’ю. Тым не меней, Каг’ю не мела адзінай арганізацыі і не магла цалкам выціснуць Сак’я. У сваіх багаслоўскіх працах «Вялікі выклад стадый шляху» і «Вялікі пераказ патаемнай мантры» Цанкапа імкнуўся спалучаць філасофію абедзвюх школ, але разам з гэтым арыентаваўся на вядомыя яму творы індыйскіх майстроў ваджраяны. У пачатку XV ст. ён заснаваў кляштар Гандэн недалёка ад Лхасы, які пазней ператварыўся ў галоўны цэнтр Гелуг-па.

Пры жыцці Цанкапа лічыўся, хутчэй, прадстаўніком школы Сак’я. Вылучэнне самастойнай школы адбылося ўжо пасля яго смерці дзякуючы дзейнасці яго вучняў, якія арганізавалі актыўную місіянерскую дзейнасць, падобную да той, што рабілі Каг’ю, і адначасова захавалі цэнтралізаванае кіраванне і ўнутраную іерархію, болей характэрную для Сак’я. Яго вучань Гедун Друпа быў прызнаны першым Далай-ламам. У першай палове XVII ст. у Тыбеце разгарнулася палітычная і рэлігійная барацьба, што саслабіла асноўныя школы. У 1642 г. Далай-лама V пры падтрымцы айратаў быў абвешчаны тэакратычным валадаром Тыбета. У XVII ст. за прадстаўнікамі Гелуг-па замацавалася яшчэ адна важная лінія перараджэння ламаўПанчэн-лама.

У 1950 г. Тыбет быў заняты Народна-вызваленчай арміяй Кітая. Пасля паражэння тыбецкага паўстання ў Лхасе ў 1959 г. Далай-лама XIV пераехаў у Індыю. Падчас Культурнай рэвалюцыі кляштар Гандэн быў разбураны, а мумія Цанкапы спалена. Тыбецкія бежанцы адрадзілі кляштар у індыйскім штаце Карнатака. Нягледзячы на ўзнаўленне дзейнасці Гандэна ў КНР, менавіта намеснік трыпа карнатакскага кляштара з'яўляецца фармальным кіраўніком Гелуг-па. Школа захоўвае значны уплыў на будыстаў Манголіі і Расіі.

Школа Гелуг-па працягвае традыцыі ваджраяны, якая адасабляе абсалютную рэчаіснасць ад умоўнай і шукае паміж імі сярэдні шлях. Умоўная рэчаіснасць выкрываецца ў рэчах, якія маюць сваю прыроду. Абсалютная рэчаіснасць — пустата, рэчы ў ёй не існуюць асобна ад іх частак, прычын або абазначэнняў; гэта «не-знаходжанне» ёсць сэнс пустаты. Пустата ў традыцыі гелук-па тлумачыцца як не-імплікатыўнае адмаўленне, калі пустата выступае ў якасці прыроды ўсіх рэчаў, або прырода рэчаў адсутнічае як самастойная з'ява.

Сярэдні шлях прапануе разуменне ўзаемнай сувязі абсалютнай і ўмоўнай рэчаіснасцей. Яны суіснуюць разам і нават з'яўляюцца адным і тым жа, але падзелены ў свядомасці чалавека. Таму адрозненне паміж «правільнай» і «няправільнай» адноснай ісцінай залежыць ад умоўнасцей і практык, а не ад нейкіх творцаў ісціны. Мерай таго, што правільна, з'яўляецца тое, што адпавядае рэчаіснасцям, а не тое, што заснавана на якім-небудзь іншым довадзе. Гелук-па падкрэсліваюць узаемазалежнасць — адносную прыроду рэчаў (ўнутранае і вонкавае, гранічнае і ўмоўнае). Каб пераадолець цяжкасці ў разуменні гэтай адноснасці, школа засяроджваецца на выніку. Канкрэтны вынік — гэта распад рэчаў, аб'ектаў, свядомасці і г. д.

Распад раскрывае праўдзівасць «не-я» і такім чынам вызваляе ад памылковага ўяўлення пра сябе, якое прывязвае чалавека да пакутаў. Як сцвярджаў Цанкапа, веданне пустаты з'яўляецца ключом да вызвалення, паколькі чалавек павінен усвядоміць пустату. Замест таго, каб пераадольваць памылковыя ўяўленні, абыходзячы іх у містычнай успышцы азарэння або экстатычным досведзе яднання, традыцыя гелуг-па прапануе больш цвярозы спосаб пераадолення памылак, заснаваны на ясным, рацыянальным аналізе і прамым звароце да свету, на розуме.

Такім чынам, дасягненне стану Буды магчыма праз навучанне, дыскусіі, логіку, практыкаванні, этыку паводзінаў, якая дэманструе спачуванне да свету.

Цанкапа вылучыў 3 узроўні далучэння да будысцкай практыкі: для простых вернікаў, якія імкнуцца знайсці выгоднае перараджэнне ў коле сансары; для тых, хто імкнецца выйсці з сансары; для тых, хто вырашыў дасягнуць стану Буды. Апошняе магчыма праз сталую духоўную практыку ламы.

Прыхільнікі гелуг-па гуртуюцца вакол ламаісцкіх кляштароў, што з'яўляюцца месцамі навучання, практыкавання і дыскусій. Жыхары кляштароў завуцца «трапа». Ламамі лічацца толькі тыя, хто з'яўляецца духоўнымі настаўнікамі. У адрозненні ад прадстаўнікоў іншых тыбецкіх школ, яны цалкам адмаўляюцца ад цывільнага жыцця, не прымаюць шлюб, не ўжываюць алкагольныя напоі і мяса, ім забараняюцца сваркі. Яны апранаюць цёмна-бардовую вопратку і жоўтыя капелюшы, абавязкова голяць галаву і твар, паколькі наяўнасць валасоў можа прывесці да ганарыстасці.

Навучальная праграма ў кляштарах ўключае 5 асноўных тэм: метафізіку (абхідхарма), эпістэмалогію (прамана), адмоўную дыялектыку (мадх’ямака), структуру шляху (абхісамая ламкара) і этыку (віная). У нашы дні гелуг-па надаюць ўвагу вывучэнню сацыяльных навук, а таксама тыбецкіх традыцый і культуры. Практыкаванні складаюцца з медытацыі, рытуалаў, малітваў і заданняў для навучэнцаў. Адукацыя ў кляштары можа цягнуцца каля 20 гадоў перш, чым вучань будзе пасвечаны ў ламу.

Кожны лама мае свой асабісты ранг, што падкрэсліваецца наяўнасцю кія. Ранг азначае не толькі пашану і пэўныя правы, але і абавязкі. Лама вышэйшага рангу ўзначальвае кляштар. На чале іерархіі знаходзіцца вышэйшы лама кляштара Гандэн, заснаванага Цанкапам.

  • Sullivan, B. Building a Religious Empire: Tibetan Buddhism, Bureaucracy, and the Rise of the Gelukpa. — Philadelphia: University of Pennsylvania Press, 2021. — ISBN 978-0-8122-5267-5.