Перайсці да зместу

Брэвіярый

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Брэвіярый (лац.: breviarium, ад лац.: brevis — кароткі) — у Каталіцкай царкве літургічная кніга, якая ўтрымлівае парадак служэння літургічных гадзін (афіцыя) паводле абраду Рымскай царквы[1]. У брэвіярый уваходзяць толькі тэксты малітваў, у тым ліку і тэксты малітоўных спеваў (у сярэднявечных брэвіярыях прыводзілася таксама музычная натацыя). Аналагічная па функцыі літургічная кніга для імшы завецца імшалам.

Першыя брэвіярыі з’явіліся ў XI—XII стагоддзях з-за неабходнасці сабраць у адно ўсе патрэбныя для афіцыя малітоўныя тэксты. Спачатку ў такія зборнікі ўваходзілі толькі скарочаныя тэксты з розных літургічных кніг, адкуль і пайшла назва «брэвіярый». У XIII стагоддзі ў брэвіярый уваходзіў распісаны па днях тыдня і па сутачных гадзінах псалтыр, іншыя вытрымкі з Бібліі, гаміліі і парафразы Святога Пісання, айцоў Царквы і г. д., а таксама тэксты спеваў — антыфонаў, рэспансорыяў, гімнаў і інш. Натаваныя брэвіярыі па функцыі і змесце былі роднасныя з антыфанарыямі.

Брэвіярый быў рэфармаваны на Трыдэнцкім саборы і ў 1568 годзе ўказам папы Пія V упершыню выдадзены як «Рымскі брэвіярый» (Breviarium Romanum); цяпер у брэвіярый уваходзілі толькі тэксты (без нот) усіх малітваў без якіх-небудзь скаротаў. Аб’ём трыдэнцкага брэвіярыя, падзеленага на чатыры сезонныя часткі, стаў агромністым (хаця былая назва, якая абяцала кароткасць, захавалася). Наступная значная рэформа брэвіярыя ў бок яго скарачэння была праведзеная папам Піем X у 1911 годзе. Нарэшце, Другі Ватыканскі сабор істотна змяніў парадак літургічных гадзін. Па выніках сабора кніга страціла сваю былую назву і ў 1971—1972 гадах была выпушчана пад назвай Liturgia horarum (Літургія гадзін). Тым жа саборам былі дазволеныя новыя «брэвіярыі» на нацыянальных мовах.

Праваслаўную версію аналагічнай літургічнай кнігі называюць часаслоўцам.

  1. Католическая энциклопедия. М.: Издательство францисканцев, 2002, стлб. 745.
  • Bettifol P. Histoire du bréviaire romain. Paris, 1893.
  • Bäumer S. Geschichte des Breviers. Freiburg/Brsg., 1895.
  • Salmon P. L’office divin au Moyen Âge: histoire de la formation du bréviaire du IXe au XIV siècle. Paris, 1967.
  • Баранов И., Сахаров П. Бревиарий // Католическая энциклопедия. М.: Издательство францисканцев, 2002, стлб. 745—746.