Перайсьці да зьместу

Міжнародная арганізацыя стандартызацыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міжнародная арганізацыя стандартызацыі
анг. International Organization for Standardization

Эмблема

Сінім поўныя сябры, а жоўтым карэспандэнты (2020 год)
Абрэвіятура МАС
Дэвіз Вялікія рэчы адбываюцца, калі сьвет прыходзіць да згоды
Папярэднік Міжнародны саюз нацыянальных аб'яднаньняў стандартызацыі
Дата ўтварэньня 23 лютага 1947 (77 гадоў таму)
Тып няўрадавая
Юрыдычны статус некамэрцыйная арганізацыя
Мэта распаўсюд найлепшых практык
Штаб-кватэра Вэрнье, шлях Бляндонэ, д. 8[1]
Месцазнаходжаньне кантон Жэнэвы
Каардынаты 46°13′14″ пн. ш. 6°5′55″ у. д. / 46.22056° пн. ш. 6.09861° у. д. / 46.22056; 6.09861Каардынаты: 46°13′14″ пн. ш. 6°5′55″ у. д. / 46.22056° пн. ш. 6.09861° у. д. / 46.22056; 6.09861
Дзейнічае ў рэгіёнах Швайцарыя
Сяброўства 122 поўныя сябры, 39 карэспандэнтаў і 4 падпісчыкі (2021 год)[2]
Афіцыйныя мовы ангельская, расейская і француская
Генэральны сакратар Сэрхіё Мухіка
Старшыня Ульрыка Франке
Палітычны намесьнік Крыстаф Ўінтэргальтэр[3]
Тэхнічная намесьніца Саў Кук Чой
Фінансавы намесьнік Міцуо Мацумота
Асноўныя асобы Жаклін Курзон (скарбнік)[3]
Кіроўны орган Рада
Бюджэт 43,157 млн швайцарскіх франкаў (2019 год)[4]
Колькасьць супрацоўнікаў 152 (2020 год)
Сайт iso.org

Міжнаро́дная арганіза́цыя стандартыза́цыі (МАС) — няўрадавая некамэрцыйная арганізацыя Швайцарыі, створаная ў лютым 1947 году ў Жэнэве ведамствамі 25 дзяржаваў для выпуску стандартаў.

На 2021 год Галоўны сакратарыят МАС месьціўся ў швайцарскім горадзе Вэрнье на захад ад Жэнэвы. Паводле 23-га артыкула Статуту МАС, «міжнародныя стандарты і даведнікі, выдадзеныя Арганізацыяй, маюць быць па-ангельску, па-расейску і па-француску… Пратакол сустрэчаў Агульнага сходу і Рады мае быць па-ангельску і па-француску»[5]. Сфэра дзейнасьці МАС тычыцца стандартызацыі ва ўсіх галінах, акрамя электратэхнікі і электронікі, якія адносяцца да кампэтэнцыі Міжнароднай электратэхнічнай камісіі. Некаторыя віды працаў выконваюць сумеснымі высілкамі гэтых арганізацыяў. Акрамя стандартызацыі, МАС займаецца праблемамі сэртыфікацыі. МАС вызначае свае задачы як: садзейнічаньне разьвіцьцю стандартызацыі і сумежных відаў дзейнасьці дзеля забесьпячэньня міжнароднага абмену таварамі і паслугамі, а таксама разьвіцьцё супрацы ў інтэлектуальнай, навукова-тэхнічнай і эканамічнай галінах.

На сёньняшні дзень у склад ІСА уваходзяць 157 краін сваімі нацыянальнымі арганізацыямі па стандартызацыі. Беларусь прадстаўляе Рэспубліканскае агенцтва па тэхнічным рэгуляваньні і мэтралёгіі ў якасьці камітэта — чальца ІСА. Усяго ў складзе ІСА больш 80 камітэтаў-чальцоў. Акрамя камітэтаў-чальцоў чалецтва ў ІСА можа мець статут чальцоў-карэспандэнтаў, якімі зьяўляюцца арганізацыі па стандартызацыі дзяржаў, што аднесены да разьвіваючыхся. Катэгорыя чалец-абанэнт уведзеная для разьвіваючыхся краін. Камітэты-чальцы маюць права прымаць удзел у працы любога тэхнічнага камітэта ІСА, галасаваць па праектах стандартаў, абірацца ў склад Рады ІСА і быць прадстаўленымі на паседжаньнях Генэральнай асамблеі. Чальцы-карэспандэнты (іх 25) не вядуць актыўнай працы ў ІСА, але маюць права на атрыманьне інфармацыі аб распрацоўваных стандартах. Чальцы-абанэнты выплачваюць палёгкавыя ўнёскі, маюць магчымасьць быць у курсе міжнароднай стандартызацыі.

Арганізацыйна ў ІСА уваходзяць кіравальныя і працоўныя органы. Кіравальныя органы: Генэральная асамблея (вышэйшы орган), Рада, Тэхнічнае кіравальнае бюро. Працоўныя органы — тэхнічныя Камітэты (ТК), падкамітэты, тэхнічныя кансультатыўныя групы (ТКГ).

Генэральная асамблея

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Генэральная асамблея — гэты збор службовых асоб і дэлегатаў, прызначаных камітэтамі-чальцамі. Кожны камітэт-чалец мае права прадставіць ня больш трох дэлегатаў, але іх могуць суправаджаць назіральнікі. Чальцы-карэспандэнты і чальцы-абанэнты ўдзельнічаюць як назіральнікі.

Рада кіруе працай ІСА у перапынках паміж сэсіямі Генэральнай асамблеі. Рада мае права, не склікаючы Генэральнай асамблеі, накіраваць у камітэты-чальцы пытаньні для кансультацыі або даручыць камітэтам-чальцам іх рашэньне. На паседжаньнях Рады рашэньня прымаюцца большасьцю галасоў прысутных на паседжаньні камітэтаў-чальцоў Рады. У пэрыяд паміж паседжаньнямі і пры неабходнасьці Рада можа прымаць рашэньні шляхам перапіскі.

Радзе ІСА падпарадкоўваецца сем камітэтаў: ПЛАКА (тэхнічнае бюро), СТАКА (камітэт па вывучэньні навуковых прынцыпаў стандартызацыі); КАСКА (камітэт па адзнацы адпаведнасьці); ІНФКА (камітэт па навукова-тэхнічнай інфармацыі); ДЭВКА (камітэт па аказаньні дапамогі краінам, што разьвіваюцца); КАПОЛКА (камітэт па абароне інтэрасаў спажыўцоў); РЭМКА (камітэт па стандартных узорах).

ПЛАКА (PLACO — Planning Committee) падрыхтоўвае прапановы па планаваньні працы ІСА, па арганізацыі і каардынацыі тэхнічных бакоў працы. У сфэру працы ПЛАКА уваходзяць разгляд прапаноў па стварэньні і роспуску тэхнічных камітэтаў, азначэньне вобласьці стандартызацыі, якой павінны займацца камітэты.

СТАКА (STACO — Standing Committee for the Study of Principles of Standardization) абавязаны аказваць мэтадычную і інфармацыйную дапамогу Радзе ІСА па прынцыпах і мэтодыцы распрацоўкі міжнародных стандартаў. Сіламі камітэта праводзяцца вывучэньне засноўвалых прынцыпаў стандартызацыі і падрыхтоўка рэкамэндацый па дасягненьні аптымальных вынікаў у дадзенай вобласьці. СТАКА займаецца таксама тэрміналёгіяй і арганізацыяй сэмінараў па ўжываньні міжнародных стандартаў для разьвіцьця гандлю.

КАСКА (CASCO — Committee on conformity assessment) займаецца пытаньнямі пацьверджаньня адпаведнасьці прадукцыі, паслуг працэсаў і сыстэм якасьці патрабаваньням стандартаў, вывучаючы практыку гэтай дзейнасьці і аналізуючы інфармацыю. Камітэт распрацоўвае кіраўніцтвы па выпрабаваньнях і адзнацы адпаведнасьці (сэртыфікацыі) прадукцыі, паслуг, сыстэм якасьці, пацьверджаньню кампэтэнтнасьці выпрабавальных лябараторый і органаў па сэртыфікацыі. Важная вобласьць працы КАСКА — садзейнічаньне ўзаемнаму прызнаньню і прыняцьцю нацыянальных і рэгіянальных сыстэм сэртыфікацыі, а таксама выкарыстаньню міжнародных стандартаў у вобласьці выпрабаваньняў і пацьверджаньні адпаведнасьці. КАСКА сумесна з МЭК падрыхтаваны цэлы шэраг кіраўніцтваў па розных аспэктах сэртыфікацыі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў краінах-чальцах ІСА і МЭК: прынцыпы, выкладзеныя ў гэтых дакумэнтах, улічаныя ў нацыянальных сыстэмах сэртыфікацыі, а таксама служаць асновай для дамоў па адзнацы адпаведнасьці ўзаемапастаўлянай прадукцыі ў гандлёва-эканамічных сувязях краін розных рэгіёнаў. КАСКА таксама займаецца пытаньнямі стварэньня агульных патрабаваньняў да аўдытараў па акрэдытацыі выпрабавальных лябараторый і адзнацы якасьці працы акрэдытуючых органаў; узаемнага прызнаньня сэртыфікатаў адпаведнасьці прадукцыі і сыстэм якасьці і інш.

ДЭВКА (DEVCO — Commitete on developing country matters) вывучае запыты разьвіваючыхся краін у вобласьці стандартызацыі і распрацоўвае рэкамэндацыі па садзейнічаньні гэтым краінам у дадзенай вобласьці. Галоўныя функцыі ДЭВКА: арганізацыя абмеркаваньня ў шырокіх маштабах усіх аспэктаў стандартызацыі ў разьвіваючыхся краінах, стварэньне ўмоў для абмену досьведам з разьвітымі краінамі; падрыхтоўка адмыслоўцаў па стандартызацыі на базе розных навучалых цэнтраў у разьвітых краінах; садзейнічаньне азнаямленчым паездкам адмыслоўцаў арганізацый, што займаюцца стандартызацыяй у разьвіваючыхся краінах; падрыхтоўка вучэбных дапаможнікаў па стандартызацыі для разьвіваючыхся краін; стымуляваньне разьвіцьця двухбаковага супрацоўніцтва прамыслова разьвітых і разьвіваючыхся дзяржаў у вобласьці стандартызацыі і мэтралёгіі. У гэтых кірунках ДЭВКА супрацоўнічае з ААН. Адным з вынікаў сумесных высілкаў стала стварэньне і функцыянаваньне міжнародных цэнтраў навучаньня.

КАПОЛКА (COPOLCO — Committee on consumer policy) вывучае пытаньні забесьпячэньня інтэрасаў спажыўцоў і магчымасьці садзейнічаньня гэтаму праз стандартызацыю; абагульняе досьвед удзелу спажыўцоў у стварэньні стандартаў і складае праграмы па навучаньні спажыўцоў у вобласьці стандартызацыі і давядзеньню да іх неабходнай інфармацыі аб міжнародных стандартах. Гэтаму спрыяе пэрыядычнае выданьне Пераліку міжнародных і нацыянальных стандартаў, а таксама карысных для спажыўцоў кіраўніцтваў: «Параўнальныя выпрабаваньні спажывецкіх тавараў», «Інфармацыя аб таварах для спажыўцоў», «Распрацоўка стандартных мэтадаў вымярэньня эксплюатацыйных характарыстак спажывецкіх тавараў» і інш.

КАПОЛКА удзельнічаў у распрацоўцы кіраўніцтва ІСА/МЭК па падрыхтоўцы стандартаў бясьпекі.

РЭМКА (REMCO — Committee on reference materials) аказвае мэтадычную дапамогу ІСА шляхам распрацоўкі адпаведных кіраўніцтваў па пытаньнях, датычным стандартных узораў (эталёнаў). Так, падрыхтаваны даведнік па стандартных узорах і некалькі кіраўніцтваў: «Спасылка на стандартныя ўзоры ў міжнародных стандартах», «Атэстацыя стандартных узораў. Агульныя і статыстычнае прынцыпы» і інш. Акрамя таго, РЭМКА — каардынатар дзейнасьці ІСА па стандартных узорах з міжнароднымі мэтралягічнымі арганізацыямі, у прыватнасьці, з МАЗМ — Міжнароднай арганізацыяй заканадаўчай мэтралёгіі.

Парадак распрацоўкі стандартаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міжнародны стандарт зьяўляецца вынікам кансэнсусу паміж удзельнікамі арганізацыі ІСА. Ён можа выкарыстоўвацца непасрэдна або шляхам укараненьня ў нацыянальныя стандарты розных краін.

Міжнародныя стандарты распрацоўваюцца тэхнічнымі камітэтамі ІСА (ТК) і падкамітэтамі (ПК) падчас шасьцістадыйнага працэсу:

  • Стадыя 1: Стадыя прапановы
  • Стадыя 2: Падрыхтоўчая стадыя
  • Стадыя 3: Стадыя камітэта
  • Стадыя 4: Стадыя пытаньняў
  • Стадыя 5: Стадыя ўхвалы
  • Стадыя 6: Стадыя публікацыі

Табліца ўмоўных пазначэньняў стадый дае навочнае паданьне аб стадыях распрацоўкі:

СТАДЫЯ ПАДПАДЗЕЛ СТАДЫІ
    90
Падпадзелы стадыі прыняцьця рашэньня
  00
Рэгістрацыя
20
Пачатак асноўнай працы
60
Завяршэньне асноўнай працы
92
Паўтор папярэдняй фазы
93
Паўтор бягучай фазы
98
Спыненьне
99
Працяг
00
Папярэдняя стадыя
00.00
Прапанова новага праекту атрымана
00.20
Прапанова новага праекту рэцэнзуецца
00.60
Завяршэньне рэцэнзаваньня
    00.98
Прапанова новага праекту адпрэчана
00.99
Ухвала галасаваньня за прапанова новага праекту
10
Стадыя прапановы
10.00
Прапанова новага праекту зарэгістравана
10.20
Пачата галасаваньне за новы праект
10.60
Завяршэньне галасаваньня
10.92
Прапанова вернута падаўцу на ўдакладненьне фармулёўкі
  10.98
Новы праект адпрэчаць
10.99
Новы праект ухвалены
20
Падрыхтоўчая стадыя
20.00
Новы праект зарэгістраваны ў працоўнай праграме ТК/ПК
20.20
Пачата вывучэньне працоўнага чарнавіка (РЧ)
20.60
Завяршэньне пэрыяду падачы зацемак
    20.98
Праект выдалены
20.99
РЧ ухвалены для рэгістрацыі ў якасьці ЧК (чарнавіка камітэта)
30
Стадыя камітэта
30.00
Чарнавік камітэта (ЧК) зарэгістраваны
30.20
Пачата вывучэньне/галасаваньне за ЧК
30.60
Завяршэньне пэрыяду галасаваньня/падачы зацемак
30.92
ЧК вернуты ў працоўную групу
  30.98
Праект выдалены
30.99
ЧК ухвалены для рэгістрацыі ў якасьці ЧМС (чарнавіка міжнароднага стандарту)
40
Стадыя пытаньняў
40.00
ЧМС зарэгістраваны
40.20
Пачата галасаваньне за ЧМС: 5 месяцаў
40.60
Завяршэньне галасаваньня
40.92
Поўная справаздача апублікаваны: ЧМС вернуты ў ТК або ПК
40.93
Поўная справаздача апублікаваны: вынікі новага галасаваньня за ЧМС
40.98
Праект выдалены
40.99
Поўная справаздача апублікаваны: ЧМС ухвалены для рэгістрацыі ў якасьці КЧМС (канчатковая рэдакцыя чарнавіка міжнароднага стандарту)
50
Стадыя ўхвалы
50.00
КЧМС зарэгістраваны для афіцыйнай ухвалы
50.20
Пачата галасаваньне за АЧМС: 2 месяца.
Канчатковая рэдакцыя перададзеная ў сакратарыят
50.60
Завяршэньне галасаваньня.
Канчатковая рэдакцыя вернутая ў сакратарыят
50.92
АЧМС вернуты ў ТК або ПК
  50.98
Праект выдалены
50.99
АЧМС ухвалены для публікацыі
60
Стадыя публікацыі
60.00
Міжнародны стандарт рыхтуецца да публікацыі
  60.60
Міжнародны стандарт апублікаваны
       
90
Стадыя перагляду
  90.20
Міжнародны стандарт у стадыі плянавага рэцэнзаваньня
90.60
Завяршэньне рэцэнзаваньня
90.92
Міжнародны стандарт патрабуецца выправіць
90.93
Міжнародны стандарт пацьверджаны
  90.99
Водгук міжнароднага стандарту, прапанаванага ТК або ПК
95
Стадыя водгуку
  95.20
Пачата галасаваньне за водгук
95.60
Завяршэньне галасаваньня
95.92
Вырашанае не адклікаць міжнародны стандарт
    95.99
Водгук міжнароднага стандарту

Калі ў пачатку працы над праектам стандарту ўжо маецца больш або меней завершаны дакумэнт, напрыклад, стандарт, распрацаваны іншай арганізацыяй, некаторыя стадыі можна апусьціць. Пры так званай «паскоранай працэдуры» дакумэнт накіроўваецца непасрэдна на ўхвалу чальцам ІСА у якасьці чарнавіка міжнароднага стандарту (ЧМС) (стадыя 4) або, калі дакумэнт быў распрацаваны міжнародным органам стандартызацыі, прызнанай Радай ІСА, у якасьці канчатковай рэдакцыі чарнавіка Міжнароднага стандарту (КЧМС, стадыя 5), без мінаньня папярэдніх стадый.

Ніжэй прыводзіцца агляд усіх шасьці стадый:

Больш падрабязьнае апісаньне працэсу распрацоўкі міжнародных стандартаў гл. у публікацыі «Дырэктывы ІСА/МЭК, Частка 1, Працэдурныя правілы».

Першы крок у распрацоўцы міжнароднага стандарту — пацьверджаньне таго, што пэўны міжнародны стандарт неабходны. Новая прапанова (НП) накіроўваецца на галасаваньне чальцам які адпавядае ТК або ПК, каб вызначыць неабходнасьць уключэннья адпавядага пункта ў праграму працы.

Прапанова прымаецца, калі большасьць У-чальцоў ТК/ПК («удзельнікі») галасуюць «за», і калі прынамсі пяць У-чальцоў заяўляюць аб тым, што прымуць актыўны ўдзел у праекце. На гэтай стадыі звычайна прызначаецца лідэр праекту, адказны за дадзены пункт праграмы.

Падрыхтоўчая стадыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Звычайна для падрыхтоўкі працоўнага чарнавіка ТК/ПК стварае працоўную групу экспэртаў, старшынёй (склікаючы чальцоў) які зьяўляецца лідэр праекту. Могуць прымацца розныя рэдакцыі працоўных чарнавікоў, датуль, пакуль працоўная група не вырашыць, што ёю распрацавана найлепшае тэхнічнае рашэньне разгляданай праблемы. На гэтай стадыі чарнавік перадаецца вышэйстаячаму камітэту працоўнай групы для мінаньня фазы выпрацоўкі кансэнсусу.

Як толькі першы чарнавік камітэта готаў, ён рэгіструецца Галоўным Сакратарыятам ІСА. Ён рассылаецца для зацемак і, калі неабходна, галасаваньні Ў-чальцоў ТК/ПК. Могуць рыхтавацца розныя рэдакцыі чарнавіка камітэта, датуль, пакуль ня будзе дасягнуты кансэнсус па тэхнічным утрыманьні тэксту. Як толькі кансэнсус дасягнуць, тэкст канчаткова рэдагуецца для паданьня ў якасьці чарнавіка міжнароднага стандарту (ЧМС).

Чарнавік міжнароднага стандарту (ЧМС) распаўсюджваецца сярод усіх чальцоў ІСА Галоўным Сакратарыятам ІСА для галасаваньня і зацемак на працягу пяці месяцаў. Ён ухваляецца для паданьня ў якасьці канчатковай рэдакцыі чарнавіка міжнароднага стандарту (КЧМС), калі дзьве траціны Ў-чальцоў ТК/ПК выказваюцца «за», і ня больш адной чвэрці ад агульнай колькасьці галасоў пададзеныя «супраць». Калі крытэры ўхвалы не выкананыя, тэкст вяртаецца ў зыходны ТК/ПК для наступнага вывучэньня, і выпраўлены дакумэнт зноў публікуецца для галасаваньня і зацемак у якасьці чарнавіка міжнароднага стандарту.

Канчатковая рэдакцыя чарнавіка міжнароднага стандарту (КЧМС) распаўсюджваецца сярод усіх чальцоў ІСА Галоўным Сакратарыятам ІСА для выніковага галасаваньня за/супраць на працягу двух месяцаў. Калі ў гэты пэрыяд паступаюць тэхнічныя зацемкі, на гэтай стадыі яны ўжо не разглядаюцца, але рэгіструюцца для аналізу падчас будучага перагляду дадзенага міжнароднага стандарту. Тэкст ухваляецца для паданьня ў якасьці канчатковай рэдакцыі чарнавіка міжнароднага стандарту (КЧМС), калі дзьве траціны Ў-чальцоў ТК/ПК выказваюцца «за», і ня больш адной чвэрці ад агульнай колькасьці галасоў пададзеныя «супраць». Калі гэтыя крытэры ўхвалы не выкананыя, стандарт вяртаецца ў зыходны ТК/ПК для перагляду з улікам тэхнічных чыньнікаў, прадстаўленых у падтрымку галасоў «супраць».

Стадыя публікацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі канчатковая рэдакцыя чарнавіка міжнароднага стандарту ўхваленая, у выніковы тэкст дазваляецца, пры ўзьнікненьні такой неабходнасьці, уносіць толькі невялікую рэдактарскую праўку. Выніковы тэкст адсылаецца ў Галоўны Сакратарыят ІСА, які публікуе дадзены міжнародны стандарт.

Перагляд стандартаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усе міжнародныя стандарты рэцэнзуюцца ўсімі чальцамі ІСА, прынамсі, праз тры гады пасьля публікацыі і кожныя пяць гадоў пасьля першага рэцэнзаваньня. Рашэньне аб пацьверджаньні, пераглядзе або водгуку міжнароднага стандарту прымаецца большасьцю галасоў У-чальцоў ТК/ПК.

Памятная таблічка пра заснаваньне МСНАС у Празе (Чэхія, 2011 год)

У 1926 годзе ў Нью-Ёрку (ЗША) заснавалі Міжнародны саюз нацыянальных аб’яднаньняў стандартызацыі (МСНАС), які праіснаваў да 1942 году ў Швайцарыі (Базэль). У кастрычніку 1945 году ў Нью-Ёрку Каардынацыйны камітэт па стандартах ААН (ККСААН; Лёндан, Ангельшчына) вырашыў прапанаваць МСНАС утварыць новую ўстанову. У ліпені 1946 году ў Парыжы (Францыя) адноўленая Рада МСНАС сустрэлася з Выканаўчым камітэтам ККСААН на чале з генсакратаром Чарльзам ЛёМэстрам. Бакі пастанавілі правесьці сумесную нараду ўсіх сябраў праз 3 месяцы ў Лёндане[6]. 14—26 кастрычніка 1946 году ў Лёндане адбылася канфэрэнцыя з удзелам 65 прадстаўнікоў ведамстваў стандартаў 25 дзяржаваў, на якой акрэсьлілі Статут Міжнароднай арганізацыі стандартызацыі (МАС)[7]. У якасьці месцазнаходжаньня МАС на канфэрэнцыі абралі Жэнэву (Швайцарыя). Таксама вызначылі 3 працоўныя мовы — ангельскую, расейскую і францускую. СССР быў адным з заснавальнікаў арганізацыі, сталым чальцом кіроўных органаў, двойчы прадстаўнік Дзяржстандарту абіраўся старшынёй арганізацыі. 23 лютага 1947 году МАС заснавалі пасьля ратыфікацыі Статуту ведамствам стандартаў 15-й дзяржавы[5], якой стала Данія. Каб скарот назвы МАС гучаў аднолькава на ўсіх мовах, скарысталі грэцкае слова ισος — роўны, адсюль кароткая назва ІСА (ISO). Сакратарыят МАС разьмясьцілі ў жэнэўскай сядзібе на дарозе Малянью, дзе адначасна месьцілася Міжнародная электратэхнічная камісія (МЭК). Ад сябраў МАС запыталі каля 500 000 швайцарскіх франкаў за год, зь якіх па 6000 даляраў ЗША ад 5 найбольшых дзяржаваў і па 500 даляраў ад іншых. У красавіку 1947 году заснавалі 67 Тэхнічных камітэтаў МАС, блізу 2/3 зь якіх апынуліся былымі камітэтамі МСНАС. У сьнежні 1947 году МАС атрымала дарадчы статус катэгорыі Б пры ААН. У 1951 годзе выдалі 1-ю Рэкамэндацыю «Стандартная эталённая тэмпэратура для прамысловага вымярэньня даўжыні». На люты 1952 году абнародавалі 2 Рэкамэндацыі. У 1956 годзе Галоўны сакратарыят МАС перанесьлі ў Міжнародны асяродак на вуліцы Варамбе. Тады ж заснавалі Тэхнічны камітэт № 85 па ядзернай энэргіі. На пачатак 1957 году МАС абнародавала 52 Рэкамэндацыі. У 1957 годзе каштарыс Галоўнага сакратарыяту МАС, які налічваў 15 супрацоўнікаў, склаў 340 000 франкаў. За 1957 год выдалі 20 Рэкамэндацыў. За 1950-я гады выдалі каля 100 Рэкамэндацыяў[6].

У 1961 годзе заснавалі камітэт краінаў у стадыі разьвіцьця МАС. У 1967 годзе на маскоўскай сустрэчы Тэхнічнага камітэту № 104 зацьвердзілі стандарт грузавога кантэйнэра. У 1968 годзе для разьвівьцёвых краінаў увялі карэспандэнцкае сяброўства ў МАС, якое было таньней за поўнае. Таксама ў 1968-м у Маскве правялі 1-е паседжаньне Камітэту інфармацыйных сыстэмаў і паслугаў (Інфка) МАС. Урэшце ў 1968-м МАС і МЭК утварылі Міжнародны назіральны камітэт спажывецкіх справаў (МНКСС), дзе ўстановы спажыўцоў раілі наконт перагляду стандартаў. За 1960-я гады абнародавалі каля 1400 Рэкамэндацыяў. У 1970 годзе заснавалі Камітэт засьведчаньня МАС. У 1971 годзе МАС пачала абнародаваць вынікі сваёй працы ў якасьці міжнародных стандартаў замест рэкамэндацыяў. Таксама ў 1971-м стварылі Камітэт якасьці вады і паветра. На 1972 год хімічныя стандарты МАС складалі 30%, а машынабудаўнічыя — каля 20% з агульнага ліку абнародаваных. У 1974-м утварым Камітэт эрганомікі МАС. У 1975 годзе дарадчы статус МАС пры Эканамічна-сацыяльнай рада ААН павысілі з 2-й да 1-й катэгорыі. У 1977 годзе ўтварылі інфармацыйную сетку МАС з удзелам іншых выдаўцоў стандартаў. На 1978 год сярэдні тэрмін падрыхтоўкі міжнароднага стандарту складаў 7 гадоў, зь якіх 5 ішло на працу ў тэхнічным камітэце і 2 на зацьвярджэньне і абнародаваньне. У 1978-м заснавалі Тэхнічны камітэт № 176 па кіраваньні якасьці і яе забесьпячэньні, які ў 1988 годзе даў пачатак нізцы стандартаў ІСА 9000. Таксама ў 1978-м стварылі Камітэт спажывецкай палітыкі (КаСПа) Рады МАС. У 1980 годзе ўтварылі Тэхнічны камітэт № 180 па сонечнай энэргіі. Таксама ў 1980-м пашыраная да 18 сябрам Рада МАС ухваліла Рашэньне аб вылучэньні ў свой склад 6 сябраў ад краінаў у стадыі разьвіцьця. У МАС налічвалася каля 90 дзяржаваў. У 1985-м зацьвердзілі каля 500 стандартаў і заснавалі Камітэт ацэнкі адпаведнасьці (КАцАд) МАС. У 1986-м абнародавалі стандарт ІСА 8879 «Узорная агульная мова разьметкі». За 20 гадоў цягам 1968—1986 гадоў заснавалі 58 Тэхнічных камітэтаў МАС. У 1987-м Тэхнічны камітэт № 97 па інфармацыйнай тэхналёгія і МЭК заснавалі Сумесны тэхнічны камітэт[6].

У 1991 годзе МАС і Эўрапейскі камітэт стандартызацыі (Бэльгія) заключылі Венскае пагадненьне. На 1997 год Галоўны сакратарыят МАС налічваў 170 супрацоўніц і супрацоўнікаў з 16 краінаў. Гадавы каштарыс складаў 298,9 млн франкаў. Міжнародная арганізацыя стандартызацыі налічвала звыш 120 дзяржаваў-сябровак. На 1997 год абнародавалі 10 850 стандартаў, зь іх за 1997 год — каля 1000. У разглядзе знаходзілася яшчэ 8000 стандартаў. Пры Радзе МАС працавала 4 камітэты: 1) спажывецкай палітыкі, 2) ацэнкі адпаведнасьці, 3) краінаў у стадыі разьвіцьця, 4) інфармацыйнай сеткі. На ўстановы Эўропы прыпадала 43% унёскаў у МАС, 80% падтрымкі Тэхнічных камітэтаў. Таксама прадстаўнікі краінаў Эўропы ўдзельнічалі ва ўсіх без вынятку працоўных сустрэчах МАС. У працоўных групах МАС задзейнічалі каля 30 000 адмыслоўцаў. У 1990-я гады пераважна выпускалі стандарты кіраваньня якасьцю ІСА 9000 і кіраваньня навакольлем ІСА 14000[6].

На кастрычнік 2013 году ў склад МАС уваходзілі прадстаўнікі 162-х дзяржаваў[7]. У 2017 годзе Агульны сход МАС зацьвердзіў Рашэньнем № 7 19-е выданьне Статуту, якое замяніла 18-е выданьне 2016 году[5]. На 31 сьнежня 2019 году Міжнародная арганізацыя стандартызацыі абнародавала 22 913 стандартаў і даведнікаў пра іх на 1 096 398 старонках па-ангельску і па-француску. Гэтыя стандарты належалі да 14 галінаў: 1) інфармацыйныя тэхналёгіі, графіка і фатаграфія — 21,7%; 2) машынабудаваньне — 15%; 3) перавозкі — 12,5; 4) немэталічныя матэрыялы — 8,9%; 5) здароўе, мэдыцына і лябараторнае абсталяваньне — 6,8%; 6) будынкі і будаўніцтва — 5,5%; 7) харчаваньне і сельская гаспадарка — 5,2%; 8) руды і мэталы — 4,7%; 9) рэчывы — 3,9%; 10) адмысловыя тэхналёгіі (космас) — 3,8%; 11) устойлівасьць і навакольле — 3,4%; 12) энэргія — 3,3%; 13) паземныя прадметы — 3%; 14) 2,3% — новаўвядзеньні, пагрозы і паслугі. За 2019 год выпусьцілі беспапярэднія 1638 стандартаў на 84 313 старонках. Сябрамі МАС былі 164 ведамствы стандартаў: 121 поўны сябар і 39 карэспандэнтаў, у тым ліку 3 аўтаноміі (2 кітайскія — Ганконг і Макао, а таксама ізраільская — Палестынская аўтаномія), а таксама 4 падпісчыкі. У Сакратарыяце МАС у Швайцарыі працавала 152 чалавекі з 24-х краінаў. Сярод 3632-х тэхнічных установаў МАС было: 2782 працоўныя групы (76%), 501 падкамітэт (14%), 248 камітэтаў (7%) і 101 мэтавая група вывучэньня (3%). Гэтыя ўстановы правялі 3677 вочных сустрэчаў у 61 краіне, у тым ліку 3016 — працоўныя і мэтавыя групы (82%), 436 — падкамітэты (12%) і 225 — камітэты (6%). Звыш таго правялі 1129 завочных сустрэчаў. У сярэднім праводзілі па 28 сустрэчаў кожны працоўны дзень. На разглядзе знаходзілася 4702 стандарты, зь якіх 2025 (43%) паступілі цягам 2019 году. Сувязнымі тэхнічных установаў МАС выступалі 768 міжнародных арганізацыяў[4].

Генэральныя сакратары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Генры Сэн-Лежэр (ЗША, чэрвень 1947—1965)
  • Шарпстан (Ангельшчына, 1966—1968)
  • Оле Стурэн (Швэцыя, верасень 1968—1986)
  • Лоўрэнс Эйкер (ЗША, 1986 — 21 сакавіка 2002)[6]
  • Алян Брыдан (Францыя, сакавік 2003—2008)
  • Робэрт Стыл (Новая Зэляндыя, 1 студзеня 2009 — 31 ліпеня 2015)
  • Кевін Макінлі (Канада, 1 жніўня 2015 — ліпень 2017), выканаўца абавязкаў
  • Сэрхіё Мухіка (Чылі, зь ліпеня 2017 году)

На кастрычнік 2013 году нацыянальныя стандарты Беларусі на амаль 70% гарманізавалі са стандартамі МАС[7]. На 2021 году поўным сябрам МАС ад Беларусі быў Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі. Узровень дастасаванасьці беларускіх стандартаў да міжнародных складаў 80%[8].

  1. ^ Зьвяжцеся з МАС (фр.) // Міжнародная арганізацыя стандартызацыі, 2021 г. Праверана 17 жніўня 2021 г.
  2. ^ Сябры (анг.) // Міжнародная арганізацыя стандартызацыі, 2021 г. Праверана 17 жніўня 2021 г.
  3. ^ а б Principal Officers (анг.) // ISO [Міжнародная арганізацыя стандартызацыі] Праверана 7 сьнежня 2022 г.
  4. ^ а б Нашае сяброўства // Справаздача МАС за 2019 год = Annual report 2019. — Вэрнье: Міжнародная арганізацыя стандартызацыі, 2020. — С. 6, 32—35, 63. — 67 с. — ISBN 978-92-67-11093-6
  5. ^ а б в Статут па-ангельску // Статут МАС = ISO Statutes. — 19-е выд. — Вэрнье: Міжнародная арганізацыя стандартызацыі, 2018. — С. 3, 7—28. — 80 с. — ISBN 978-92-67-02036-5
  6. ^ а б в г д Сяброўства між роўнымі = Friendship Among Equals. — Жэнэва: Міжнародная арганізацыя стандартызацыі, 1997. — 94 с. — ISBN 92-67-10260-5
  7. ^ а б в Сёньня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень стандартызацыі // Белтэлерадыёкампанія, 14 кастрычніка 2013 г. Праверана 16 жніўня 2021 г.
  8. ^ Беларусь (анг.) // Міжнародная арганізацыя стандартызацыі, 2021 г. Праверана 17 жніўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]