Перайсці да зместу

Царква Оўра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Царква Оўра
大浦天主堂
Царква 26 японскіх мучанікаў
Царква 26 японскіх мучанікаў
32°44′03″ пн. ш. 129°52′13″ у. д.HGЯO
Краіна  Японія
Горад Нагасакі
Канфесія Каталіцтва
Епархія Roman Catholic Archdiocese of Nagasaki[d]
Тып будынка базіліка
Архітэктурны стыль неаготыка і барока
Архітэктар Louis-Theodore Furet[d]
Дата заснавання 1864
Сайт nagasaki-oura-church.jp (яп.)
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Царква Оўра (яп.: 大浦 天主堂)рымска-каталіцкі храм у японскім горадзе Нагасакі, таксама вядомая як царква 26 японскіх мучанікаў.

Царква Оўра з'яўляецца адным з двух збудаванняў у заходнім стылі, якія ўнесены ў спіс Нацыянальных скарбаў Японіі. У той жа час яна з'яўляецца самай старой дзеючай хрысціянскай царквой у краіне.

Знешні выгляд і ўбранне царквы былі прапанаваны французскім святаром Луі Фурэ. Будавалася Оўра мясцовым архітэктарам па імі Каяма Хідэносін. У цэлым будаўніцтва было завершана ў снежні 1864 года. Цяперашні выгляд, які спалучае рысы гатычнага стылю і барока, храм набыў пасля рэканструкцыі ў 1879 годзе. Першапачаткова ён быў строга гатычным.

Пярэдняя частка царквы Оўра выходзіць на ўзгорак Нісідзака, дзе ў 1597 годзе былі раскрыжаваны 26 хрысціян-японцаў. Характэрнымі асаблівасцямі царквы з'яўляюцца яе драўляныя канструкцыі, вокны з каляровага шкла і насценны роспіс «Пакутніцтва 26 святых». Белая мармуровая статуя Маці Божай каля ўваходу ў храм пастаўлена ў памяць пра японскіх хрысціян, якія загінулі пры прыгнечанні паўстання ў Сімабары ў 16371638 гадах.

17 сакавіка 1865 года да французскага святара Бернара Пеціжана, які служыў у царкве Оўра, прыйшла група сялян з раёна Уракамі з весткай пра тое, што яны — хрысціяне, нашчадкі першых хрысціян Японіі, якія тайна захавалі сваю веру на працягу стагоддзяў нягледзячы на рэлігійныя праследаванні. У хуткім часе ў Нагасакі памкнуліся дзясяткі тысяч тайных хрысціян-японцаў. Даведаўшыся пра гэту дзіўную падзею, Папа Рымскі Пій IX назваў яго «цудам Усходу». У памяць пра гэта ў дворыку ніжэй царквы Оўра быў усталяваны бронзавы барэльеф.

Царква Оўра была прызнана нацыянальным скарбам Японіі ў 1933 годзе і зноў 31 сакавіка 1953 года паводле Закона аб абароне культурных каштоўнасцей 1951 года. Да 2009 года гэта быў адзіны будынак у еўрапейскім архітэктурным стылі ў спісе нацыянальных скарбаў. У 2009 годзе ў гэты спіс увайшоў палац Акасака  (англ.), пабудаваны ў на мяжы XIX-XX стагоддзяў у стылі неабарока.