Перайсці да зместу

Снукер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гульня ў снукер

Сну́кер — адна з разнавіднасцей більярду. У снукер гуляюць на стале, які пакрыты, як правіла, зялёным сукном, з чатырма лузамі, якія размешчаны ў кожным з вуглоў, і дзвюма лузамі, якія размешчаны ў сярэдзіне кожнага з доўгіх бартоў і называюцца бакавымі (або сярэднімі). Класічны стол мае памер 12×6 футаў (3,7×1,8 м). Для гульні выкарыстоўваецца кій і 22 снукерныя шары: адзін біток (белы шар), 15 чырвоных шароў коштам у адно ачко кожны і 6 шароў розных колераў: жоўты (2 ачкі), зялёны (3), руды (4), сіні (5), ружовы (6 ), чорны (7). Ігрок выйграе фрэйм, калі набірае больш ачкоў, чым супернік, забіваючы чырвоныя і каляровыя шары з дапамогай бітка. Ігрок атрымлівае дадатковыя ачкі, калі супернік парушае правілы або памыляецца пры выхадзе са снукеру. Ігрок выйграе матч, калі выйграе пэўную колькасць фрэймаў.

Лічыцца, што снукер быў вынайдзены брытанскімі афіцэрамі ў Індыі. Гульня найбольш папулярная ў англамоўных краінах, але ў апошні час набывае вялікую папулярнасць у Кітаі.

Ілюстрацыя гульні ў тройку ў пачатку 19-га стагоддзя. Цюбінген, Германія

Прынята лічыць, што снукер узнік у другой палове 19-га стагоддзя. Більярд быў папулярным заняткам сярод брытанскіх афіцэраў, дыслакаваных у Індыі, і былі распрацаваны змяненні на аснове больш традыцыйных разнавіднасцей більярду. Распрацоўка правілаў была афіцыйна завершана ў 1884 сэрам Нэвілам Чэмберленам.

У 1927 Джо Дэвіс, прафесійны англійскі ігрок у більярд і снукер, арганізаваў першы чэмпіянат свету па снукеры, зрабіўшы яго больш прафесійным відам більярднага спорту. Джо Дэвіс выйграваў кожны чэмпіянат свету аж да 1946 года, калі ён завяршыў кар'еру іграка. У 1950-я і 1960-я папулярнасць гульні пайшла на спад. У 1959 годзе з мэтай павышэння папулярнасці Дэвіс прадставіў новую варыяцыю гульні, вядомую як снукер плюс, дадаўшы два дадатковых колеру. Тым не менш яна не прыжылася.

Буйны крок наперад адбыўся ў 1969 годзе, калі Дэвід Атэнбора ўпаўнаважыў снукерны турнір Pot Black прадэманстраваць патэнцыял каляровага тэлевізара, лічачы, што зялёны стол і рознакаляровыя шарыкі будуць ідэальна дэманстраваць перавагі каляровага вяшчання. Гэтыя паказы атрымалі поспех сярод гледачоў і некаторы час займалі другое месца па папулярнасці на тэлеканале BBC Two. Цікавасць да гульні павышалася і чэмпіянат свету 1978 года быў цалкам паказаны на тэлебачанні. Гульня хутка стала адным з асноўных відаў спорту ў Вялікабрытаніі, Ірландыі і карыстаецца вялікім поспехам на працягу апошніх 30 гадоў. У 1985 годзе ўвогуле 18,5 млн тэлегледачоў назіралі заключны кадр фіналу чэмпіянату свету паміж Дэнісам Тэйларам і Сцівам Дэвісам. У апошнія гады страта спонсарства тытунёвых кампаній прывяла да скарачэння колькасці прафесійных турніраў, хоць з'явіліся некаторыя новыя спонсары. Папулярнасць гульні на Далёкім Усходзе і ў Кітаі з новымі талентамі, такімі як Лян Вэньбо, і больш дасведчанымі ігракамі, такімі як Дын Дзюнхуэй і Марка Фу, з'яўляецца добрым прадвесцем для будучыні снукеру ў гэтай частцы свету.

Асноўныя правілы

[правіць | правіць зыходнік]
Пачатковая пазіцыя для гульні ў снукер

Мэта гульні складаецца ў тым, каб набраць больш ачкоў, чым супернік, забіваючы шары ў вызначаным парадку. У пачатку гульні на гульнявым стале размяшчаюцца 15 чырвоных шароў, пакладзеныя пірамідай, і 6 каляровых шароў, кожны з якіх размешчаны на пэўнай метцы на стале. Ігракі па чарзе наносяць удары кіем па шарам з мэтай забіць любы з чырвоных шароў. Кожны раз калі ігрок забівае чырвоны шар, ён мае права забіваць адзін з каляровых. У выпадку поспеху ігрок атрымлівае пэўную колькасць ачкоў (у залежнасці ад кошту шара), а каляровы шар вяртаюць на зыходную пазіцыю. Гэты працэс працягваецца пакуль ігрок не дапускае памылку, не забіўшы патрэбны шар. Затым яго супернік падыходзіць да стала наносіць удар. Гульня працягваецца такім чынам пакуль не забітыя ўсе чырвоныя шары. Затым шары павінны забівацца ў парадку ад самага таннага да самага дарагога шара: жоўты першы (таму што мае найменшы кошт у 2 ачкі), затым зялёны (3 ачкі), руды (4 ачкі), сіні (5 ачкоў), ружовы (6 ачкоў) і, урэшце, чорны (7 ачкоў). Пры гэтым каляровыя шары не вяртаюць на стол. Калі апошні шар забіты, ігрок, які набраў большую колькасць ачкоў выйграе. Ігрок таксама можа саступіць фрэйм, калі прыходзіць яго чарга біць, калі ён лічыць, што на стале недастатковая колькасць ачкоў, каб абагнаць праціўніка. У прафесійным снукеры гэта з'яўляецца звычайнай з'явай. Ігрок таксама можа атрымаць ачкі, калі яго праціўнік парушае правілы. Гэта можа адбыцца па многіх прычынах, напрыклад, калі ігрок трапляе ў каляровы шар замест чырвонага, забівае біток або не выходзіць з «снукеру» (пазіцыя на гульнявым стале, калі біток закрыты ад прыцэльнага шара іншым шарам і не можа прайсці да яго па прамой з абодвух бакоў). За фол суперніка ігрок можа атрымаць ад 4 да 7 ачкоў.

Адна гульня з моманту, калі шары стаяць у зыходнай пазіцыі, да апошняга забітага шара называецца фрэймам. Матч звычайна складаецца з загадзя зададзенага ліку фрэймаў, а ігрок, які выйграў найбольшую колькасць фрэймаў, выйграе ўвесь матч. У большасці прафесійных матчаў ігрок павінен выйграць 5 фрэймаў для перамогі (гэта значыць матч складаецца з 9 фрэймаў). Фіналы турніраў звычайна складаюцца з 17 або 19 фрэймаў. Самыя доўгія матчы праходзяць на чэмпіянаце свету, фінал якога складаецца з 35 фрэймаў і можа праходзіць 2 дні, калі неабходна, пакуль пераможца не вызначаецца.

Прафесійныя матчы ўзначальвае рэферы, які з'яўляецца адзіным суддзёй. Ён таксама выстаўляе каляровыя шары на стол і аб'яўляе, колькі ачкоў набраў ігрок у падыходзе. Прафесійныя ігракі звычайна прытрымліваюцца спартыўных паводзінаў, прызнаючы фалы, якія рэферы можа прапусціць, і падымаючы руку ў знак прабачэння за выпадкова забітыя шары, званыя таксама «флюкамі».

Агульная колькасць ачкоў, набраная гульцом за адзін падыход да стала, называецца серыяй. Найбольш магчымая колькасць ачкоў за адну серыю — 147 (без «свабоднага шара») і 155 (са «свабодным шарам»). Такія серыі (147 і 155 ачкоў) называюць «максімальнымі серыямі» ці «максімальнымі брэйкамі». Каб атрымаць максімальную колькасць ачкоў, гульцу трэба забіць усе чырвоныя шары, забівая чорны шар пасля кожнага забітага чырвонага, а пасля, калі ўсе чырвоныя шары будуць забітыя, забіць па старшынству ўсе каляровыя шары.

Кіраванне і турніры

[правіць | правіць зыходнік]

Сусветная асацыяцыя прафесійнага більярду і снукеру (WPBSA, сустракаецца таксама World Snooker), заснаваная ў 1968 годзе як асацыяцыя прафесійных більярдыстаў, з'яўляецца кіруючым органам прафесійнага снукеру. Аматарскую гульню кантралюе міжнародная федэрацыя більярду і снукеру (IBSF).

Прафесійныя снукерысты могуць прымаць удзел у мейн-туры, рэйтынгавых і нерэйтынгавых турнірах. Рэйтынгавыя ачкі, якія ігрок зарабіў сваім выступам у папярэднія два сезоны вызначаюць яго цяперашні сусветны рэйтынг. Рэйтынг іграка вызначае нумар яго пасеву на турнірах (гэта значыць з якога кваліфікацыйнага раўнда ігрок пачынае выступ на турніры). Элітай прафесійнага снукеру лічыцца "топ 16" ігракоў, якія не ўдзельнічаюць у якіх-небудзь турнірных кваліфікацыях. Тур складаецца з 96 ігракоў: 64 лепшых за два папярэднія сезоны, 8 лепшых ігракоў у рэйтынгу Players Tour Championship, якія не ўваходзяць у "топ 64" 12 ігракоў з Q School, а таксама кантынентальныя чэмпіёны і аматары.

Галоўны трафей чэмпіянату свету

Найбольш важнай падзеяй у прафесійным снукеры з'яўляецца чэмпіянат свету, які праводзіцца штогод з 1927 (выключэннямі з'яўляюцца перыяд Другой сусветнай вайны і перыяд з 1958 па 1963 гады). Турнір праводзіцца ў тэатры Крусібл ў Шэфілдзе з 1977 года і да 2005 года спонсарам выступала Imperial Tobacco. З 2005 года тытунёвым кампаніям было забаронена спансіраваць спартыўныя мерапрыемствы ў Вялікабрытаніі і чэмпіянату свету давялося шукаць новых спонсараў. У студзені 2006 года было абвешчана, што чэмпіянаты свету 2006-2010 гадоў будзе спансіраваць анлайн-казіно 888.com. У цяперашні час чэмпіянат праводзіцца пад эгідай Betfred.com.

Перамога на чэмпіянаце свету мае высокі статус. Пераможца атрымлівае £ 250000, а таксама 10000 рэйтынгавых ачкоў (больш, чым на любым іншым турніры). Чэмпіянат свету шырока асвятляецца тэлебачаннем у Вялікабрытаніі (BBC), Еўропе (Eurosport) і на Далёкім Усходзе.

Пасля чэмпіянату свету па значнасці ідуць іншыя рэйтынгавыя турніры. Удзельнічаючы ў гэтых турнірах, ігракі набіраюць рэйтынгавыя ачкі. Высокі рэйтынг па выніках сезона забяспечвае ігракам кваліфікацыю на ўсе турніры наступнага сезону, запрашэнні на запрашальныя турніры і зручныя турнірныя сеткі. Самым прэстыжным турнірам пасля чэмпіянату свету з'яўляецца чэмпіянат Вялікабрытаніі. Далей па значнасці ідуць запрашальныя турніры, на якія запрашаецца большасць высокарэйтынгавых ігракоў. Найбольш прэстыжным турнірам у гэтай катэгорыі з'яўляецца Мастэрс, які для большасці ігракоў з'яўляецца другім або трэцім турнірам па значнасці.

Спробай адказаць на крытыку аб тым, што тэлевізійныя матчы могуць быць павольнымі і ўгразнуць у доўгім абмене ахоўнымі ўдарамі, і што доўгія матчы з'яўляюцца праблемай для рэкламадаўцаў, стала альтэрнатыўная серыя турніраў, арганізаваных старшынёй Matchroom Sport Бары Хірнам. Прэм’ер-ліга праходзіць у фармаце рэгулярнага чэмпіянату, і ў ёй удзельнічаюць 7 ігракоў. Трансляцыю прэм'ер-лігі вядзе Sky Sports. Ігракі маюць да 25 секунд на кожны ўдар, а таксама 5 тайм-аўтаў за матч на кожнага іграка. Хоць у гэтым фармаце былі дасягнуты некаторыя поспехі, ён не атрымлівае такога ж статусу і ўвагі прэсы, як класічныя турніры.

Некаторыя ігракі, такія як Роні О’Саліван, Марк Ален і Стыў Дэвіс, кажуць, што цяпер праводзіцца занадта шмат рэйтынгавых турніраў, і, калі не ўдзельнічаць у большасці з іх, не атрымаецца заняць высокую пазіцыю ў рэйтынгу. У 2012 годзе Роні О'Саліван гуляў у невялікай колькасці турніраў, каб больш часу праводзіць з дзецьмі і скончыў сезон 2012/2013 на 19 пазіцыі. Акрамя таго ён не гуляў ні аднаго турніру ў 2013 годзе акрамя чэмпіянату свету, які ён выйграў.

Мялкі і кіі
Стол
Гульнявая паверхня, стандартныя памеры якой - 11 футаў 8,5 цаляў × 5 футаў 10 цаляў, з шасцю лузами, па адной у кожным куце і па адной у сярэдзіне кожнага з доўгіх бартоў.
Шары
22 шара (15 чырвоных, 6 каляровых і біток), 52,5 мм або 2 1/16 цалі ў дыяметры.
Мел
Канец кія шаруецца мелам для забеспячэння добрага кантакту паміж кіем і бітком.
Кі
Драўляная палка, прызначаная для нанясення ўдараў па бітку.
Падаўжальнік
Кароткая палка, якая апранаецца або ўкручваецца ў задні канец кія, тым самым робячы яго даўжэй. Выкарыстоўваецца для ўдараў у выпадку, калі біток знаходзіцца на вялікай адлегласці ад іграка.
Рэст
Палка з Х-падобнай галоўкай, якая выкарыстоўваецца для падтрымкі кія, калі біток знаходзіцца па-за дасяжнасцю пры звычайнай даўжыні кія.
Лебедзь, павук, рэст
Хук рэст
Ідэнтычны звычайнаму рэсту, але з кручкаватым металічным канцом. Выкарыстоўваецца, каб усталяваць рэст не падзенучы шароў побач. Хук рэст - самае сучаснае вынаходніцтва ў снукеры.
Павук
Ідэнтычны рэсту, але мае арачную галоўку. Яна выкарыстоўваецца, каб падняць кончык кія вышэй за біток.
Лебедзь
Гэтая прылада складаецца з рэсту з падоўжанай шыйкай і відэльцэпадобным зубцом на канцы. Выкарыстоўваецца, калі неабходна больш месца пры выкананні ўдару па групе шароў.
Трохвугольнік
Выкарыстоўваецца для збору чырвоных шароў у трохкутную форму перад пачаткам наступнага фрэйму.
Падоўжаны рэст
Ідэнтычны звычайнаму рэсту, але на канцы з механізмам, які дазваляе надтачыць рэст да трох футаў.
Падоўжаны павук
Гібрыд лебедзя і павука. Выкарыстоўваецца для стварэння моста праз вялікія навалы шароў. ў нашы дні рэдка выкарыстоўваецца ў прафесійным снукеры, але можа выкарыстоўвацца ў выпадках, калі пазіцыя шароў не дазваляе выкарыстоўваць звычайнага павука.
Бол маркер
Шматмэтавы інструмент з D-падобным выразам, з дапамогай якога рэферы можа: 1) адзначыць становішча шара перад тым, як ачысціць яго; 2) праверыць, ці можна размясціць каляровы шар на патрэбнае месца; 3) праверыць, ці можа біток трапіць па краі чарговага шара прамым ударам (пры заключэнні "вольнага шара")
Сукно
Сукно, як правіла, зялёнага колеру з накіраваным ворсам. сукно ўплывае на рух бітка, у залежнасці ад кірунку ўдару. Нават калі па бітку ўдарыць таксама, сукно выкліча розны эфект у залежнасці ад таго, коціцца біток да ніжняй частцы стала (да адзнакі чорнага шара) або да верхняй часткі (да болкернай лініі). Тканіна на 95% складаецца з мэрыносавай воўны і на 5% з нейлону.

Вядомыя снукерысты

[правіць | правіць зыходнік]
Стыў Дэвіс

У прафесійнай эры, якая пачалася ў 1930-я гады Джо Дэвісам і працягваецца аж да сённяшняга дня, адносна невялікая колькасць ігракоў дасягала вышэйшага ўзроўню. Дасягненне і падтрыманне месца сярод снукерных эліты - гэта цяжкая задача. Снукер патрабуе шмат гадоў падрыхтоўкі і намаганняў, а таксама прыродных здольнасцей.

Некаторыя ігракі дамінуюць у спорце дзесяцігоддзямі. Джон Палмэн, як правіла, лічыцца галоўным снукерыстам 1960-х гадоў, Рэй Рыярдан — 1970-х, Стыў Дэвіс - 1980-х, а Стывен Хендры — 1990-х. Рыярдан і Дэвіс выйгралі па 6 (1970, 1973-1976, 1978 і 1981, 1983, 1984, 1987-1989 адпаведна), а Хендры 7(1990, 1992-1996, 1999) чэмпіянатаў свету. Нельга сказаць, што хтосьці дамінаваў у 2000-я гады, хоць Роні О’Саліван выйграў тры тытулы за дзесяцігоддзе (2001, 2004, 2008), а Марк Уільямс і Джон Хігінс па два (2000, 2003 і 2007, 2009 адпаведна). Хігінс мае чатыры тытулы чэмпіёна свету ў агульнай колькасці, выйграўшы таксама ў 1998 і 2011 гадах, у той час як О'Салліван мае пяць, дадаўшы перамогі ў 2012 і 2013 гадах. Выйграўшы чэмпіянат свету ў 2013 годзе, О'Салліван стаў першым гульцом, паспяхова абараніўшым тытул з 1996 года, калі Хендры выйграў пяты запар чэмпіянат свету.