Перайсці да зместу

Дэфармацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дэфарма́цыя (лац. deformatio — скажэнне) — змяненне памераў або (і) формы цела. Дэфармацыя адбываецца ў выніку перамяшчэння адных частак цела адносна іншых.

Адрозніваюць такія дэфармацыі, як сцісканне, расцяжэнне, зрушэнне, выгін, кручэнне. Пры сцісканні і расцяжэнні змяняюцца адлегласці паміж слаямі, а пры зрушэнні — слаі зрушваюцца адзін адносна аднаго. Дэфармацыю выгіну можна ўявіць як камбінацыю дэфармацый сціскання і расцяжэння, неаднолькавую ў розных частках цела. Дэфармацыя кручэння зводзіцца да камбінацыі дэфармацый зрушэння.

Усе віды дэфармацый узнікаюць пад дзеяннем прыкладзеных да цела знешніх сіл. Калі пасля спынення дзеяння сілы памеры і форма цела поўнасцю ўзнаўляюцца, то дэфармацыю называюць пругкай. Калі ж узнаўленне не будзе поўным, то дэфармацыю называюць няпругкай або пластычнай. Пры пластычнай дэфармацыі цела захоўвае дэфармаваны стан і пасля спынення дзеяння сілы.

Характар дэфармацыі залежыць ад матэрыялу ўзору, ад таго, наколькі вялікая знешняя сіла, як доўга яна дзейнічае, а таксама ад тэмпературы цела.

  • Ісачанкава, Л. А. і інш. Фізіка: вучэб. дапам. для 9-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. А. Ісачанкава, Г. У. Пальчык, А. А. Сакольскі; пад рэд. А. А. Сакольскага; пер. з рус. мовы Н. Г. Ляўчук. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 213 с. : іл. ISBN 978-985-03-1373-7.