Перайсці да зместу

Гета

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ге́та (вен.: ghèto) — раён горада, прызначаны для пражывання этнічных, рэлігійных або расавых меншасцяў. Першапачаткова тэрмін з'явіўся ў сярэднявечнай Еўропе для вызначэння квартала, які быў адведзены для пасялення яўрэяў, а само слова паходзіць ад раёна Гета ў Венецыі, які быў вызначаны для сегрэгацыі ў 1516 годзе.

Яўрэйскія гета падчас Другой сусветнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Другой сусветнай вайны ўва Усходняй Еўропе нацысты заканадаўча прымушалі яўрэйскіх гараджан перасяляцца ў спецыяльна адведзеныя кварталы горада, якія сталі вядомы пад назвай "яўрэйскія гета", хаця афіцыйна называліся "яўрэйскімі жылымі раёнамі" (Jüdischer Wohnbezirk).

На розных этапах Халакосту і ў розных краінах пад кантролем нацысцкай Германіі або яе саюзнікаў існавалі розныя тыпы гета:

  • Для гета адкрытага тыпу было характэрна прымусовае перасяленне яўрэяў з вясковай мясцовасці ў гарады (мястэчкі), абмежаванне свабоды перамяшчэння, візуальнае выдзяленне яўрэйскага насельніцтва (адзнакі ў дакументах, нашэнне пазнавальных знакаў, маркіроўка дамоў і кватэр), стварэнне органаў яўрэйскага самакіравання, кантроль сферы шлюбна-сямейных адносін, забарона на публічнае адпраўленне яўрэйскіх рэлігійных абрадаў, выкарыстанне прымусовай яўрэйскай працы. дыскрымінацыя ў харчовым забеспячэнні, забарона занятку гандлем, пазбаўленне маёмасных правоў на ўсю рухомую і нерухомую маёмасць, увядзенне сістэмы кантрыбуцый, штрафаў і дыскрымінацыйнага падаткаабкладання, правядзенне акцый знішчэння. Яго галоўным адрозненнем ад гета закрытага тыпу з'яўляліся адсутнасць агароджы і аховы яўрэйскай часткі населенага пункту. Адкрытыя гета былі характэрны для пачатку Халакосту ў акупаванай немцамі Польшчы і СССР і Трансністрыі.
  • Гета закрытага тыпу было абнесена агароджай і пастаўлена пад ахову войскаў СС і паліцыі. Яно было прызначана для прымусовага ўтрымання яўрэйскага насельніцтва з мэтай яго поўнай фізічнай ізаляцыі і наступнага татальнага знішчэння. Да прыкметаў адкрытага гета дадаваліся: жорсткая фіксацыя межаў гета, прымусовае перасяленне і канцэнтрацыя ў гета яўрэйскага насельніцтва горада (мястэчка) і ваколіц, забарона пакідаць тэрыторыю і строгая прапускная сістэма, пазбаўленне сродкаў да існавання, пагаршэнне медыка-санітарнай сітуацыі (рост захворванняў, смяротнасці, эпідэмічныя ўспышкі), пагаршэнне харчовага забеспячэння (голад), інтэнсіфікацыя выкарыстання яўрэйскай працоўнай сілы (знішчэнне працай) і правядзенне акцый знішчэння.
  • Знішчальныя гета з'явіліся на апошніх этапах Халакосту і прызначаліся для размяшчэння насельніцтва на кароткі тэрмін у палову-паўтара месяцы перад дэпартацыяй у лагер або ліквідацыяй.