Перайсці да зместу

Біягеацэноз

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Біягеацэноз — гістарычна складзеная сукупнасць жывых (біяцэноз) і нежывых (біятоп) кампанентаў аднароднага ўчастка сушы, дзе адбываецца кругаварот рэчываў і пераўтварэнне энергіі.

Тэрмін прапанаваў рускі геабатанік У. М. Сукачоў у 1942 годзе для абазначэння экасістэм на аднародных участках сушы.

Біягеацэноз уключае дзве структурныя часткі — біяцэноз і біятоп. Кожная з гэтых частак складаецца з пэўных кампанентаў, якія паміж сабой узаемазвязаны.

Біягеацэноз і экасістэма — блізкія паняцці, якія абазначаюць біясістэмы аднаго ўзроўню арганізацыі. Агульнай прыкметай для гэтых сістэм з'яўляецца наяўнасць у іх абмену рэчывам і энергіяй паміж жывым і нежывым кампанентамі. Аднак названыя паняцці не з'яўляюцца сінонімамі. Экасістэмы маюць розную ступень складанасці, розныя маштабы, яны могуць быць натуральнымі (прыроднымі) і штучнымі (створанымі чалавекам). Экасістэма не мае пэўнай размернасці. Біягеацэноз адрозніваецца тэрытарыяльнай абмежаванасцю і пэўным складам папуляцый (біяцэноз). Яго межы вызначаюцца наземным раслінным покрывам (фітацэнозам). Змяненне расліннасці сведчыць пра змяненне ўмоў у біятопе і пра мяжу з суседнім біягеацэнозам. Напрыклад, пераход ад драўніннай расліннасці да травяністай сведчыць пра яго мяжу паміж лясным і лугавым біягеацэнозамі. Біягеацэнозы вылучаюць толькі на сушы. Значыць, паняцце «экасістэма» больш шырокае, чым «біягеацэноз».

3 пункту погляду забеспячэння пажыўнымі рэчывамі біягеацэнозы аўтаномныя (незалежныя ад іншых біягеацэнозаў). У іх замкнуты кругаварот рэчываў паміж арганізмамі і навакольным асяроддзем, які забяспечвае адзінства жывой і нежывой прыроды.

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / С. С. Маглыш, А. Я. Карэўскі; пад рэд. С. С. Маглыш; пер. з рус. мовы В. У. Клімко. — Мінск: Народная асвета, 2010. — ISBN 978-985-03-1462-8.
  • Биогеоцено́з // Лесная энциклопедия: В 2-х т. / Ред. кол.: Г. И. Воробьёв (гл. ред.) и др.. — М.: Сов. энциклопедия, 1985. — Т. 2. Абелия — Лимон. — С. 81. — 593 с. — 100 000 экз. (руск.)
  • Биогеоцено́з // Краткий словарь ботанических терминов / Сост. М. В. Буланая и др.; Под ред. А. Г. Еленевского. — Саратов: Изд-во Сарат. пед. ин-та, 1993. — С. 20. — 151 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-87077-064-5. (руск.)