Аўтапілот
А́ўтапіло́т (ад аўта… + фр.: pilote — кіраўнік, важак) — прыстасаванне для аўтаматычнага кіравання палётам і стабілізацыі лятальнага апарата ў паветранай прасторы; частка аўтаматызаванай бартавой сістэмы кіравання палётам.
Забяспечвае аўтаматычны ўзлёт і пасадку, падтрыманне зададзенага курсу, хуткасці, вышыні палёту, стабілізацыю цэнтра масы лятальнага апарата па зададзенай траекторыі, выконвае закладзеныя ў праграму пілатажныя эвалюцыі.
Прынцып дзеяння аўтапілота: сігналы з адчувальных элементаў (датчыкаў рэжыму палёту і выканаўчых механізмаў) параўноўваюцца ў вылічальным прыстасаванні ці ЭВМ, пасля чаго адпаведныя каманды паступаюць на выканаўчыя механізмы кіравання рулямі і рухавікамі. Аўтапілот у комплексе з аўташтурманам і іншымі аэранавігацыйнымі прыладамі дае магчымасць палётаў без экіпажа і кіраванне лятальнымі апаратамі на адлегласці. Упершыню схема аўтапілота прапанавана К. Э. Цыялкоўскім у 1898.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).