Арташат
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Арташа́т (арм.: Արտաշատ) — горад у Арменіі, адміністрацыйны цэнтр Арарацкай вобласці. Знаходзіцца ў 28—30 км на паўднёвы ўсход ад Ерэвана.
Сучасны горад быў заснаваны савецкім урадам у 1945 годзе і названы ў гонар чацвёртай сталіцы Вялікай Арменіі — старажытнага Арташата, які знаходзіўся ў 8 км на паўднёвы ўсход ад сучаснага горада.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Перадгісторыя і старажытнасць
[правіць | правіць зыходнік]Паселішча на тэрыторыі старажытнага Арташата існавала яшчэ ў часы Урарту.
Цар Арташэс заснаваў у Арарацкай даліне горад, назваўшы яго сваім імем. Назва Арташат азначае «радасць Арташэса»[2][3][4] (другая частка слова-назвы — «шат» паходзіць са старажытнаперсідскай мовы і азначае радасць).
Дата заснавання антычнага Арташата (эліны называлі яго Артаксата) указваецца розная — ад 190 да 170 да н. э. Паводле асноўнай версіі, гэта — 176 год да н. э.[5] Горад стаў сталіцай і быў такім доўгі час, выключаючы кароткі перыяд, калі сталіцай стаў Тыгранакерт (з 77 па 69 год да н. э). Пасля паражэння Тыграна II у бітве з Лукулам пад Тыгранакертам, сталіца была зноў вернута ў Арташат.
Арташат стаяў на больш зручным месцы, чым ранейшая сталіца (Армавір) — на скрыжаванні гандлёвых шляхоў[5] на пагорках Гавар (павета) Вастан Хаёц, што дазволіла яму хутка стаць квітнеючым горадам. Арташат знаходзіўся ля падножжа гары Арарат на левым беразе ракі Аракс у раёне вусця ракі Мецамор (пазней Мецамор памяняў сваё рэчышча, яго вусце зрушылася на паўночны захад ад Арташата). Цытадэль і цэнтральныя кварталы горада знаходзіліся на дзевяці пагорках, якія носяць цяпер назву Хор Вірап.
У 387 годзе Арменія была падзелена паміж Іранам і Візантыяй. Аднак горад працягнуў існаванне і пасля спусташэння Шапурам II. У кодэксе Юстыніяна ў імператарскім эдыкце 408—409 гг. Арташат, нароўні з Нізібінам у Паўночнай Месапатаміі і Калінікам на Еўфраце лічыцца адным з пунктаў міжнароднага гандлю, але верагодна, значэнне ён захаваў толькі дзякуючы таму, што знаходзіўся на скрыжаванні дарог.
Сярэднія вякі
[правіць | правіць зыходнік]У VII стагоддзі на месцы некалі вялікага і квітнеючага горада захавалася крэпасць і невялікае паселішча, жыхары якога займаліся вырабам армянскай пурпурнай фарбы — кашанілі. Арабскі гісторык Баладзоры ў сувязі з падзеямі VII стагоддзя называе Арташат «паселішчам ал кірміз» — чырвонай кашанілі. У далейшым Арташат знікае з гістарычнай арэны.
Захаваўся комплекс манастыроў X—XIII стст.[5] У XIII стагоддзі на месцы ямы Хор Вірап узнік аднайменны манастырскі комплекс з вышэйшай школай, якою кіраваў адзін з найбуйнейшых навукоўцаў сярэдневяковай Арменіі — Вардан Арэвелці. Сучасны будынак царквы адносіцца, галоўным чынам, да XVII стагоддзя. Комплекс складаецца з галоўнай царквы Багародзіцы, царквы Св. Грыгорыя на яме Хор Вірап і жылых гаспадарчых памяшканняў, якія прымыкаюць да агароджы комплексу з яе ўнутранага боку.
Гісторыя сучаснага паселішча
[правіць | правіць зыходнік]Сучасны горад узнік на аснове паселішча Камарлу, вядомага з сярэдніх вякоў[5].
На момант уваходжання ў склад Расійскай імперыі тэрыторыя старажытнага Арташата была закінута і практычна бязлюдная.
К канцу XIX стагоддзя Камарлу — вялікае сяло. У сяле было развіта садоўніцтва, вырошчванне бавоўны, вінаробства, дзейнічаў невялікі вінны завод.
З 1920 года — пасёлак Камарлю. У 1920-1930-х гадах Камарлю уваходзіў у склад Эрыванскага павета. З 1930 года пасля скасавання паветаў Камарлю становіцца раённым цэнтрам.
Сучасны Арташат быў заснаваны савецкім урадам 4 верасня 1945 года шляхам аб’яднання трох блізкіх сёл[6]. Сваю новую назву паселішча атрымала ў гонар старажытнага Арташата, размешчанага ў 8 км на паўднёвы ўсход ад сучаснага горада.
У 1946 годзе Арташат атрымаў статус пасёлка гарадскога тыпу, у 1962 годзе — статус горада.
У 1970 Арташату быў нададзены статус горада рэспубліканскага падпарадкавання Армянскай ССР.
У 1995 годзе па новым законе аб тэрытарыяльна-адміністрацыйным дзяленні Рэспублікі Арменія горад стаў цэнтрам новаўтворанай Арарацкай вобласці.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Па статыстычных дадзеных 1893 года, у Камарлу жыло 2084 чалавекі, з якіх 1413 — армяне, 668 — азербайджанцы[7].
Насельніцтва Арташата (Камарлу) у 1897 годзе складала 833 чалавекі, у 1926 годзе — 2505, у 1939 годзе — 4148, у 1959 годзе — 7277, у 1974 годзе — 14905, у 1976 годзе — 16774 чалавекі[8], паводле перапісу 1989 года яно складала каля 32 000 чал., у 2001 годзе — 22 600, па падліках на пачатак 2008 года складае 20 900 чалавек[9].
Геаграфія і транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Арташат размешчаны на паўднёвы ўсход ад Ерэвана на Арарацкай раўніне на левым беразе ракі Азат. Горад акружаны пладовымі садамі, вінаграднікамі.
Адлегласць да мяжы з Турцыяй — каля 4 км. Плошча горада каля 10 км², працягласць з поўдня на поўнач 5,5 км, з усходу на захад 3 км. Праз горад праходзяць чыгуначныя веткі Ерэван — Ерасх і Ерэван — Ехегнадзор — Капан. З Арташата выходзяць 10 аўтадарог, якія вядуць у навакольныя сёлы. У 3 км на паўднёвы ўсход ад Арташата знаходзяцца паклады вапняку.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]У горадзе функцыянуюць вінна-каньячны і кансервавы заводы. У савецкі час у Арташаце таксама дзейнічалі прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці, машынабудаўнічы, керамічны заводы і іншыя, аб іх дзейнасці ў дадзены момант дадзеных няма.
Арташат і яго наваколлі — адзін з самых буйных па аб’ёме вытворчасці сельскагаспадарчых раёнаў Арменіі. Тут моцна развіта арашальная сетка, якая выкарыстоўвае воды Арташацкага канала і ракі Азат. Асновай сельскай гаспадаркі з’яўляюцца вінаградарства, пладаводства, агародніцтва і малочная жывёлагадоўля.
Архітэктура сучаснага Арташата
[правіць | правіць зыходнік]Арташат мае генеральны план, упершыню распрацаваны і зацверджаны ў 1948 годзе. У 1968 годзе генеральны план быў перагледжаны. Большасць будынкаў у горадзе 3-5-павярховыя[8].
У 2002—2015 гадах у горадзе была пабудавана царква Святога Іаана Багаслова.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя тэмпература ліпеня-жніўня — 20-26 °C, са студзеня −6 °C, максімальная тэмпература паветра каля 42 °C, найменшая −32 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 200—235 мм.[8]
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://www.armstat.am/file/article/bnakch_01.07.2015.pdf
- ↑ Encyclopædia Iranica, Artaxata
- ↑ Поспелов Е. М. Географические названия мира: Топонимический словарь: Свыше 5 000 единиц / Отв. ред. Р. А. Агеева. — М.: «Русские словари», 1998. — С. 160. — 372 с. — ISBN 5-89216-029-7.
- ↑ Джавахов И. Тексты и разыскания по армяно-грузинской филологии. Государственный строй древней Грузии и Древней Армении. — С.-Петербург, 1905. — Т. 1. — С. 93—94.
- ↑ а б в г Географическая энциклопедия. Арташат
- ↑ Tiratsyan, Gevorg. «Արտաշատ» [Artashat]. Armenian Soviet Encyclopedia. Yerevan: Armenian Academy of Sciences, 1976, vol. 2, pp. 135—136. (арм.)
- ↑ Свод статистических данных о населении Закавказского края. Тифлись. 1893
- ↑ а б в Акопян Т. Х., Мелик-Башхян Ст. Т., Барсегян О. Х. Словарь топонимов Армении и прилегающих территорий = Հայաստանի և հարակից շրջանների տեղանունների բառարան. — Ер.: Изд-во Ереванского университета, 1986. — Т. 1. — С. 494. — 992 с. — 30 000 экз.
- ↑ World Gazetteer
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Tiratsyan, Gevorg. «Արտաշատ» [Artashat]. Armenian Soviet Encyclopedia. Yerevan: Armenian Academy of Sciences, 1976, vol. 2, pp. 135-136. (арм.)