Аптэка
Аптэ́ка[1] — спецыялізаваная арганізацыя сістэмы аховы здароўя, якая займаецца вырабам, фасоўкай, аналізам і продажам лекавых сродкаў, прадметаў і сродкаў санітарыі, гігіены і іншых тавараў медыцынскага прызначэння.
Аптэку традыцыйна разглядаюць, як установу аховы здароўя, а яе дзейнасць фармулююць, як «аказанне фармацэўтычнай дапамогі насельніцтву». Фармацэўтычная дапамога ўключае ў сябе працэдуру кансультавання ўрача і пацыента з мэтай вызначэння найбольш эфектыўнага, бяспечнага і эканамічна апраўданага курсу лячэння. У аптэках дзейнічае сістэма кантролю за падрыхтоўкай і продажам лекаў у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі.
Аптэкам папярэднічалі лабараторыі для прыгатавання лекаў у краінах старажытнага свету (Кітай, Егіпет, Рым)[1]. Як установы з дзяржаўнай рэгламентацыяй дзейнасці ўзніклі ў Багдадзе ў VIII стагоддзі, у Расіі — у XVI стагоддзі (падпарадкоўваліся Аптэкарскаму прыказу)[1].
У Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Беларусі вядомы з XVI стагоддзя (з 1561 года ў Пінску, з 1566 года ў Брэсце[1]). У ХVІ—ХVІІІ стагоддзях было каля 40 аптэк, пераважна пры панскіх сядзібах і манастырах. Аптэчныя будынкі мелі розныя стылі (барока, класіцызм, мадэрн, традыцыі народнага дойлідства). У наш час (асабліва ў гарадах) аптэкі размяшчаюцца ў жылых ці грамадскіх будынках. У пачатку 1994 года ў Беларусі дзейнічалі каля 1200 аптэк[1]. Пачала фарміравацца сетка недзяржаўных аптэк[1].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ражкіна Л. П. Аптэ́ка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 431. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).