Джым Кларк
Джэймз Кларк OBE (па-ангельску: James Clark; 4 сакавіка 1936, Кілмэні, Файф, Шатляндыя, Вялікабрытанія — 7 красавіка 1968, Гокенгайм, Бадэн-Вюртэмбэрг, Заходняя Нямеччына) — шатляндзкі аўтагоначнік. Двухразовы чэмпіён Формулы-1 (1963, 1965) за каманду Лотас, пераможца Індыянапалісу-500 (1965). Спаборнічаў таксама ў клясах спартовых і кузаўных аўтамабіляў.
ДЖым Кларк | |
Jim Clark OBE | |
Краіна | |
---|---|
Нарадзіўся | 4 сакавіка 1936[1][2][3][…] |
Памёр | 7 красавіка 1968[1][2][3][…] (32 гады) |
Чэмпіянат сьвету ў Формуле-1 | |
Каманды | |
Праведзеных гонак | 72[4] і 73[4] |
Здабытых перамог | 25 |
Подыюмаў | 32[4] |
Стартавых лідэрстваў | 33 |
Найхутчэйшых колаў | 28 |
Ранейшыя сэрыі | |
| |
Чэмпіёнствы | |
Узнагароды | |
На час гібелі заставаўся лідэрам паводле колькасьці выйграных Гран-пры Формулы-1 (25) і колькасьці заваяваных поўлаў (33). Толькі ў 2023 року пабіты ягоны рэкорд паводле колькасьці лідэрскіх колаў, а некаторыя ўсталяваныя ім рэкорды трываюць і дагэтуль (напрыклад, Вялікі шалом).
Жыцьцяпіс
рэдагавацьБыў наймаладзейшым дзіцем у фэрмэрскай сям’і і адзіным хлопчыкам з чатырма сёстрамі. У 1942 року сям’я пераехала на фэрму пад Дансам (Бэрвікшыр, Скотыш Бордэрз). Удзел у гонкавых спаборніцтваў пачаў у 1956 року і да 1958 здабыў 18 перамог.
У 1959 заняў 10-е месца на 24 гадзінах Ле-Ману за каманду Лотас, пасьля чаго атрымаў месца ў Формуле Юніёр. Перамог у першай жа гонцы ў сакавіку 1960 року на Гудўудзе. Ужо ў чэрвені дэбютаваў у Формуле-1 на Гран-пры Нідэрляндаў, зь якога сышоў з прычыны псаваньня рухавіка. У наступным Гран-пры Бэльгіі фінішаваў пятым, здабыўшы свае першыя пункты ў найвышэйшай Формуле.
У 1961 року Джэймз Кларк патрапіў у адзін з найгоршых інцыдэнтаў у гісторыі Формулы-1. На Гран-пры Італіі 10 верасьня пілёт Фэрары Вольфганг фон Трыпс сутыкнуўся зь ягоным Лотасам, узьляцеў у паветра, ударыўся аб агароджу, забіўшы гоначніка і яшчэ пятнаццаць гледачоў. Сьпярша Кларка падазравалі ў ненаўмысным забойстве, але пазьней абвінавачваньне было зьнятае.
У 1963 року Джэймз Кларк, перамогшы ў сямі зь дзесяці гонак, здабыў першае чэмпіёнства і для сябе, і для каманды Лотас. У тым жа годзе дэбютаваў і на 500 мілях Індыянапалісу, дзе стаў другім і быў названы найлепшым наваком году.
У 1964 року паўтарыць чэмпіёнскі посьпех Кларку перашкодзіла мэханічная праблема, і ён саступіў тытул Джону Сэртысу. Але адваяваў чэмпіёнства праз год, стаўшы адначасна і пераможцам Індыянапалісу. Дагэтуль Джым Кларк застаецца адзіным гоначнікам, які перамагаў у Індыянапалісе і Формуле-1 у адным сэзоне. Акрамя таго, у Індыянапалісе ён лідзіраваў на працягу 190 колаў з 200; паставіў тагачасны рэкорд сярэдняй хуткасьці трасы (240 км/г); стаў першым неамэрыканцам у гісторыі Індыянапалісу, які перамог у гонцы. За 1963 і 1965 Кларк зраўняўся з рэкордам Альбэрта Аскары паводле найвышэйшага адсотку магчымых набраных пунктаў у сэзоне (100%).
З 1966 року ў Формуле былі дазволеныя 3-літровыя рухавікі, і машыны каманды Лотас сталі менш канкурэнтаздольнымі. Пакуль каманда не распрацавала новыя рухавікі, Джым Кларк ня здолеў перамагчы аніводнага разу, у найлепшым выпадку трапіўшы на 3-е месца. Пасьля гэтага стаў пераможцам Гран-пры ЗША, а таксама заняў 2-е месца ў Індыянапалісе.
У 1967 року каманда Лотас пераспрабавала тры абсалютна розныя баліды і рухавікі. Падрыхтаваная новая мадэль Lotus 43 аказалася нягоднай, і на Гран-пры Манака Кларк перасеў на стары Lotus 33, які сышоў з тэхнічных прычынаў. Тады Лотас перайшла на рухавікі Ford-Cosworth, і іхні супольны аўтамабіль Lotus 49 з адным з найлепшым рухавікоў у гісторыі Формулы-1. На гэтым балідзе Кларк перамог у Нідэрляндах, Вялікабрытаніі, ЗША, Мэксыцы ды ПАР.
Адначасна з выступамі ў Формуле-1 Джым Кларк удзельнічаў яшчэ і ў аўстралазійскай Тасманскай сэрыі для старых аўтамабіляў Формулы-1, дзе стаў чэмпіёнам у 1965, 1967 і 1968 роках, агулам атрымаўшы чатырнаццаць перамог — рэкорд сэрыі.
Падчас міжсэзоннага перапынку 1967—1968 рокаў Джым Кларк узяў удзел у спаборніцтвах Формулы-2. 7 красавіка 1968 на пятым коле першай разагравальнай гонкі на Гокенгаймрынгу Lotus 48 шатляндца вылецеў з трасы і ўрэзаўся ў дрэвы. Ад пераломаў шыі і чэрапу гоначнік сканаў па дарозе да шпіталю. Прычына аварыі да канца ня высьветленая; прынята, што здзьмулася задняе кола. Кларкава гібель уразіла гоначны сьвет, бо сярод ягоных сяброў былі такія славутыя сучасьнікі, як Грэм Гіл, Джон Сэртыс, Крыс Эйман, Джэкі Ст’юарт, Дэн Герні і Джэк Брэбэм. На пахаваньні прысутнічалі наведнікі з усяго сьвету. Паплечнік Кларка па камандзе Лотас Грэм Гіл, выйграўшы чэмпіянат 1968 року, прысьвяціў сваю перамогу Кларку.
Джым Кларк дагэтуль трымае рэкорд паводле колькасьці здабытых «Вялікіх шаломаў» Формулы-1 (поўл-пазыцыя, найхутчэйшае кола, перамога і нязьменнае лідэрства цягам усяе гонкі) — 8 разоў за 32 гонкі між 1962 і 1965 рокамі. Ён таксама адзін з трох пілётаў (апрача Альбэрта Аскары і Сэбастыяна Фэтэля), якія здабывалі Вялікія шаломы тры гады запар, і адзіны гоначнік, якія здабывалі яго чатыры гады запар.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б James Clark // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б Jim Clark // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б Jim Clark // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.) — Grup Enciclopèdia, 1968.
- ^ а б в Statsf1.com
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Шатляндзкая спартовая заля славы (анг.)
- Памятайма Джыма Кларка (анг.)
- Траст Джыма Кларка (анг.)