Перайсьці да зьместу

.by

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
.by
Уведзены 10 траўня 1994 (30 гадоў таму)
Тып дамэну Нацыянальны дамэн верхняга ўзроўню
Статус дзейны
Рэгістратар «Надзейныя праграмы»
Арганізатар Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь
Прызначэньне аб’екты, зьвязаныя з Рэспублікай Беларусь
Выкарыстаньне папулярны ў Беларусі
Дакумэнты Інструкцыя аб парадку рэгістрацыі дамэнных імёнаў у прасторы герархічных імёнаў нацыянальнага сэгмэнта сеткі Інтэрнэт
Вэб-старонка cctld.by

.by — нацыянальны дамэн верхняга ўзроўню для Беларусі, зарэгістраваны Сеціўным таварыствам па надаваньні імёнаў і нумароў 5 траўня 1994 г. і створаны IANA 10 траўня 1994 году.

Першы зарэгістраваны беларускі дамэн — minsk.by, які робіцца геаграфічнаю зонаю. У канцы 1994 году ўтвораныя (суб)дамэны — ok.minsk.by (верасень?), cacedu.minsk.by (канец 1994 — пачатак 1995?). На студзень 1995 году ў Беларусі 1 дамэн (minsk.by) і 2 гасты (ok.minsk.by, cacedu.minsk.by), у ліпені 1 дамэн і 5 гастоў.

На студзень 1996 у Беларусі 4 дамэны (ac.by, bas-net.by, minsk.by, unibel.by) і 23 гасты, у ліпені 1996 — 5 дамэнаў і 103 гасты. За 1996 дамэны беларускай адраснай зоны (*.by) запытваліся менш, чым 500 разоў. На студзень 1997 у Беларусі 14 дамэнаў і 255 гастоў, у ліпені 1997 — 28 дамэнаў і 451 гост. За 1997 дамэны беларускай адраснай зоны (*.by) запытваліся 3214 разоў.

Да 1998 году ў Беларусі існавалі чатыры інтэрнэт-правайдэры: «Белтэлекам» і «Адкрыты кантакт», NSYS ды Solo, якія выкарыстоўвалі агульны канал «Белтэлекама».[1] 30 сакавіка 1999 году зьявіўся першы беларускі партал — 09.open.by.[2] Увосень 1999 году пачаў дзейнічаць лічыльнік Акавіта, функцыянавалі каталёг «Беларускі рэйтынг», сайты «Менскі слон» і Open.by. У лютым 1999 году «Белтэлекам» пачаў прадастаўляць беспарольны доступ у інтэрнэт. Колькасьць пастаянных карыстальнікаў беларускага інтэрнэту складала 20 тысячаў асобаў.[3]

1 лютага 2000 году па адрасе dt.home.by пачаў працу першы беларускі партал і каталёг «Дзед Талаш».[4] 28 лютага 2000 году магчымасьць рэгістраваць сайты ў зоне .by атрымалі ня толькі інтэрнэт-правайдэры, але і юрыдычныя асобы.[5] 6 кастрычніка 2000 году адкрыўся найбуйнейшы па стане на 2009 год партал TUT.BY.

На 6 траўня 2012 г. у зоне .by налічвалася звыш 55 тыс. дамэнаў, на 1 кастрычніка 65 тыс. адрасоў[6]. 25 сакавіка 2014 г., у Дзень Волі, лік дамэнаў дасягнуў 100 тысячаў, зь якіх звыш 90% прыпадала на грамадзянаў Беларусі[7][8].

Рэгістрацыя дамэнаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова рэгістрацыю дамэнаў у зоне «.by» ў Беларусі ажыцьцяўляла адзіная кампанія ААТ «Адкрыты кантакт». У кастрычніку 2006 году ліцэнзію «на права ажыцьцяўленьня тэхнічнай абароны інфармацыі, у тым ліку крыптаграфічнымі мэтадамі, уключаючы ужываньне электроннага лічбавага подпісу» атрымалі яшчэ дзьве беларускія кампаніі: УП «Надзейныя праграмы» і СП ААТ «Дзелавая сець». Першая зь іх з 27 сакавіка 2007 году пачала прымаць заяўкі і ажыцьцяўляць рэгістрацыю дамэнаў. 3 верасьня 2007 году ліцэнзію атрымала таксама кампанія «Экстмэдыя». Па стане на 2013 год усе 4 кампаніі ажыцьцяўляюць афіцыйную рэгістрацыю дамэнаў[9]. У лютым 2012 г. адзіным тэхнічным адміністратарам зоны .by замест ААТ «Адкрыты кантакт» сталася УП «Надзейныя праграмы»[10][11]. Зьявілася магчымасьць уводзіць зьвесткі на беларускай мове пры рэгістрацыі дамэна[12].

Па стане на 2009 год рэгістрацыя і дэлегаваньне дамэнаў другога ўзроўню ажыцьцяўляецца для прыватных і юрыдычных асобаў Рэспублікі Беларусь, а таксама для прыватных і юрыдычных асобаў замежных дзяржаваў. Дамэннае імя мусіць утрымліваць ад 2 да 63 літараў лацінскага альфабэту, лічбаў, сымбаляў злучка («-»), а таксама ня мусіць пачынацца альбо скончвацца сымбалем злучка («-»).[10]

  1. ^ Гісторыя байнэту ў выявах: Эпізод 2
  2. ^ Гісторыя байнэту ў выявах: Эпізод 3
  3. ^ Гісторыя байнэту ў выявах: Эпізод 4
  4. ^ Архіў навінаў сайту «Дзед Талаш»
  5. ^ История Байнета в датах // TUT.BY, 28 траўня 2008 г.
  6. ^ Якаў Бута. У Байнэце стартаваў маштабны дабрачынны аўкцыён па продажы прыгожых дамэнных імёнаў // Белтэлерадыёкампанія, 1 кастрычніка 2012 г. Праверана 28 красавіка 2013 г.
  7. ^ Нацыянальнай дамэннай зоне BY сёньня спаўняецца 20 гадоў // Белтэлерадыёкампанія, 5 траўня 2014 г. Праверана 7 траўня 2014 г.
  8. ^ Национальной доменной зоне BY сегодня исполняется 20 лет (рас.). Белтелерадиокомпания (5 Мая 2014).
  9. ^ Рэгістратары // cctld.by Праверана 11 верасьня 2017 г.
  10. ^ а б Правілы рэгістрацыі дамэнаў // cctld.by Архіўная копія ад 30 жніўня 2013 г. Праверана 26 красавіка 2013 г.
  11. ^ Статыстыка дамена .BY. Регистрация доменного имени .by. cctld.by. Праверана 11 верасьня 2017 г.
  12. ^ Аляксей Арэшка. Нацыянальнай дамэннай зоне .BY споўнілася 18 гадоў // БелаПАН, 6 траўня 2012 г. Праверана 15 чэрвеня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]