Перайсьці да зьместу

Кінгстан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кінгстан
Дата заснаваньня: 1692
Краіна: Ямайка
Плошча:
  • 480 000 000 квадратны мэтар
Вышыня: 9 м н. у. м.
Насельніцтва:
Геаграфічныя каардынаты: 17°58′17″ пн. ш. 76°47′35″ з. д. / 17.97139° пн. ш. 76.79306° з. д. / 17.97139; -76.79306Каардынаты: 17°58′17″ пн. ш. 76°47′35″ з. д. / 17.97139° пн. ш. 76.79306° з. д. / 17.97139; -76.79306
Кінгстан на мапе Ямайкі
Кінгстан
Кінгстан
Кінгстан
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.ksac.gov.jm/

Кі́нгстан (па-ангельску: Kingston) — сталіца і найбуйнейшы горад Ямайкі, разьмешчаны на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы вострава. Горад мае выхад да натуральнай гавані, абароненай доўгай пясчанай пярэспай Палісадас, якая злучае горад Порт-Роял і Міжнародны аэрапорт імя Нормана Мэнлі з астатняй часткай вострава. Насельніцтва складае 662 435 жыхароў (2011). Кінгстан ёсьць найбуйнейшым англамоўным горадам на поўдзень ад ЗША ў Заходнім паўшар’і[2].

Кінгстан быў заснаваны 22 ліпеня 1692 году[3][4], неўзабаве пасьля землятрусу 1692 году, які спустошыў гістарычную частку гораду, вядомую як Порт-Роял. Горад быў пабудаваны дзеля разьмяшчэньня тых, хто выжыў пасьля гэтай катастрофы[5].

Сцэны ў Кінгстане пасьля пажару 1882 года.

Да землятрусу функцыі Кінгстана былі выключна сельскагаспадарчымі[5]. Пацярпелыя ад стыхіі стварылі намётавы лягер на ўзьбярэжжы, але прыблізна дзьве тысячы чалавек памерлі ад хваробаў. Горад пачаў пашырацца толькі пасьля далейшага зьнішчэньня Порт-Роял пажарам у 1703 годзе. Геадэзіст Джон Гоф склаў плян разьвіцьця гораду на грунце сеткі вуліц, абмежаваных Паўночнай, Усходняй, Заходняй і Гаванскай вуліцамі. Новая сыстэма вуліцаў была распрацавана дзеля палягчэньня гандлю, асабліва праз галоўныя праспэкты шырынёю 20 мэтраў, якія забясьпечвалі транспартнае злучэньне паміж портам і плянтацыямі ўглыб мацерыка[6]. Да 1716 году Кінгстан стаў найбуйнейшым горадам і гандлёвым цэнтрам Ямайкі. Урад прадаваў зямлю з умовай, што пакупнікі ня могуць набыць больш, чым яны мелі некалі ў Порт-Рояле, і толькі зямлю на ўзьбярэжжы. Паступова заможныя гандляры пачалі пераносіць свае жылыя дамы на сельскагаспадарчыя землі, разьмешчаныя на паўноч на раўнінах Лігуанэа[5][6].

Першая бясплатная школа была закладзеная ў 1729 годзе. Тут таксама існаваў тэатар, які спачатку разьмяшчаўся на Гаванскай вуліцы, а ў 1774 годзе быў перанесены на Норт-Пэрэйд[7]. Абодве ўстановы існуюць і дагэтуль[7]. У 1755 годзе губэрнатар сэр Чарлз Ноўлз прыняў рашэньне перанесьці ўрадавыя ўстановы з Спэніш-Таўна ў Кінгстан. Аднак некаторыя лічылі, што разьмяшчэнне Асамблеі побач з маральнымі спакусамі Кінгстана недарэчнае, і наступны губэрнатар адмяніў гэты закон. Тым ня менш, да 1780 году насельніцтва Кінгстана дасягнула 11 тысяч чалавек, і гандляры пачалі настойліва прасоўваць ідэю пераносу адміністрацыйнай сталіцы з Спэніш-Таўна, які на той час саступіў Кінгстану ў гандлёвай актыўнасьці[7]. Царква Сьвятога Тамаша на Кінг-стрыт, галоўнай транспартнай артэрыі, была пабудаваная яшчэ да 1699 году, але пасьля землятрусу 1907 году была адбудаваная нанова[4].

Выгляд Кінгстану пасьля землятрусу 1907 году.

Да канца XVIII стагодзьдзя ў горадзе налічвалася больш за 3 тысячы цагляных будынкаў[8]. Гавань спрыяла разьвіцьцю гандлю і актыўна была задзейнічана ў некалькіх марскіх войнах XVIII стагодзьдзя. Кінгстан пераняў функцыі Спэніш-Таўна, які на той час быў сталіцай. Паступова град стаў цэнтрам сельскай гаспадаркі, гандлю, перапрацоўчай прамысловасьці, атрымаўшы важную ролю галоўнага транспартнага вузла вострава[8]. У 1788 годзе насельніцтва Кінгстана складала 25 тысяч чалавек, што складала блізу дзесятай часткі ад агульнага насельніцтва вострава. Кожны чацьверты жыхар Кінгстану быў белым, але там таксама была вялікая колькасьць вольных мурынаў. Агулам жа два з кожных пяці жыхароў Кінгстана былі вольнымі. Астатняя частка насельніцтва былі нявольнікамі-мурынамі[8]. Урад ухваліў закон аб пераносе ўрадавых установаў у Кінгстан з Спэніш-Таўна ў 1872 годзе[4]. У 1882 годзе ў Кінгстане адбыўся вялікі пажар[9]. У 1892 годзе на Ямайцы ўпершыню зьявілася электрычнасьць, дзякуючы пачатку працы парагенэратарнай вугальнай станцыі на Голд-стрыт у Кінгстане[10].

Кінгстан на паштоўцы 1908 году.

У 1907 годзе 800 чалавек загінулі ў выніку чарговага землятрусу, які зьнішчыў амаль усе гістарычныя будынкі ў горадзе[11]. Пасьля гэтага было ўведзенае абмежаваньне на вышыню будынкаў у цэнтры гораду, які цяпер мусілі быць не вышэй за 18 мэтраў. Гэтыя трохпавярховыя будынкі рабіліся з узмоцненага бэтону. Забудова на Кінг-стрыт стала першай, што парушыла гэты будаўнічы кодэкс[11]. У 1930-я гады востраў ахапілі масавыя хваляваньні, якія прывялі да стварэньня прафэсійных зьвязаў і палітычных партыяў дзеля адстоўваньня інтарэсаў працоўных[12]. У 1960-я гады міжнародная ўвага да рэгі-музыкі супала з пашырэннем і разьвіцьцём прыбярэжнай тэрыторыі цэнтру Кінгстану. Да 1980-х гадоў большасьць старых будынкаў была зьнесеная будаўнічымі кампаніямі, а ўсё ўзьбярэжжа забудаванае гатэлямі, крамамі, офісамі, культурнымі цэнтрамі, а таксама прыставаньнем для круізных і грузавых караблёў[4].

На агульных выбарах 1980 году дэмакратычна-сацыялістычны ўрад Народнай нацыянальнай партыі быў зрынуты, і наступныя ўрады сталі больш арыентаванымі на рынак, засяродзіўшы ўвагу на турызьме і стасунках з ЗША. У наступныя часы Куба і ЗША змагаліся паміж сабою за культурны ўплыў на Ямайку[13]. У 1990-х гадах узровень злачыннасьці ў рэгіёне значна павялічыўся. Час ад часу ўспыхвалі хваляваньні, у тым ліку ў 1999 годзе пасьля павышэньня коштаў на паліва[14]. У 1999 годзе ўрад Ямайкі загадаў войскам патруляваць вуліцы Кінгстану, каб здушыць пратэсты[14]. У 2010 годзе хваляваньні ў Кінгстане, узброены канфлікт паміж вайскоўцамі і паліцыяй Ямайкі з аднаго боку і наркакартэлем з другога, прыцягнулі міжнародную ўвагу[15][16]. Гвалтоўныя дзеі 24—25 траўня прывялі да загібелі прынамсі 73 мірных жыхароў, а параненыя былі ня менш за 35 чалавек[17]. Таксама загінулі чатыры жаўнеры і паліцыянты[16].

Большасьць насельніцтва Кінгстану складаюць людзі афрыканскага паходжаньня. Сярод буйных этнічных меншасьцяў вылучаюцца выхадцы з Усходняй Індыі і кітайцы, якія прыехалі ў краіну як рабочыя ў канцы XIX стагодзьдзя. Кітайцы адыгрываюць важную ролю ў эканоміцы Ямайкі, асабліва ў раздробным гандлі цэнтральнага Кінгстану і мэгаполісу агулам. Таксама існуе меншасьць эўрапейцаў, пераважна нашчадкаў імігрантаў зь Нямеччыны і Вялікабрытаніі. Сырыйцы і лібанцы фармуюць адную з самых уплывовых этнічных групаў ня толькі ў Кінгстане, але і на ўсім востраве. Не зважаючы на тое, што лібанцы ёсьць меншасьцю, яны далі Ямайцы аднаго зь ейных прэм’ер-міністраў — Эдўарда Сіягу. Ямайцы зьмяшанай расы працягваюць складаць другую паводле велічыні расавая групу. Таксама ў горадзе ёсьць невялікая габрэйская супольнасьць[18].

Былая штаб-кватэра кампаніі Эйр Ямайка.

Кінгстан адыгрывае цэнтральную ролю ў эканоміцы Ямайкі. Пераважная большасьць эканамічнай дзейнасьці робіцца менавіта тут, а паколькі ў горадзе разьмешчаныя асноўныя ўрадавыя міністэрствы, ён уважаецца ключавым цэнтрам прыняцьця фінансавых законаў і рэгуляваньня. Высокая шчыльнасьць насельніцтва сталіцы абумоўлівае тое, што большасьць фінансавых апэрацыяў адбываецца ў Кінгстане, стымулюючы мясцовую эканоміку. Горад таксама ёсьць месцам з найвышэйшай колькасьцю школаў, шпіталяў і ўнівэрсытэтаў у краіне. Акрамя таго, Кінгстан — галоўны транспартны вузел Ямайкі[19] і а ягоны порт ёсьць найбуйнейшым у краіне[20].

У сталічнай зоне Кінгстану месьцяцца сядзібы многіх міжнародных карпарацыяў і фінансавых установаў. Раней тут разьмяшчалася штаб-кватэра кампаніі Эйр Ямайка[21]. Была прапанаваная ідэя пераўтварэньня Ямайкі ў міжнародны фінансавы цэнтар дзеля разьвіцьця фінансавага сэктару гораду і стварэньня новых працоўных месцаў, асабліва дзеля такіх адмыслоўцаў, як то бухгальтараў і праўнікаў[22].

Асноўнымі галінамі прамысловасьці Кінгстану ёсьць турызм, вытворчасьць адзеньня і суднаходзтва. Шмат міжнародных тавараў экспартуецца праз марскі порт Кінгстану, улучна з баксытамі, цукрам і кавай[19]. Горад таксама ўважаецца адным з галоўных турыстычных цэнтраў краіны, а турызм ёсьць адной з найбуйнейшых галінаў эканомікі места[23]. Аднак апошнім часам Кінгстан, як і астатняя частка Ямайкі, сутыкнуўся з эканамічнымі цяжкасьцямі[24]. Дзеля аднаўленьня эканомікі гораду было прапанавана некалькі плянаў па рэканструкцыі цэнтру[19]. Таксама робіцца праца па разьвіцьці вытворчай сфэры і прыцягненьні ў горад кол-цэнтраў[24].

  1. ^ https://www.cia.gov/library/publications/the-world-factbook/geos/jm.html
  2. ^ «Five Things You Didn’t Know About Kingston, Jamaica». Caribbean Journal.
  3. ^ «Parish Profile: Kingston». Jamaica Information Service.
  4. ^ а б в г «Kingston national capital, Jamaica». Encyclopædia Britannica.
  5. ^ а б в Greene, Jack (2016). «Settler Jamaica in the 1750s». University of Virginia Press. — С. 153.
  6. ^ а б Mann, Emily. «Kingston, Jamaica — a city born of 'wickedness' and disaster». The Guardian.
  7. ^ а б в «Wolmers’s Boys School». Wolmers.
  8. ^ а б в Petley, Christer (2018). «White Fury». Oxford: Oxford University Press. — С. 38.
  9. ^ «1882». Jamaica’s history.
  10. ^ «Through the Years». Jamaica Public Service.
  11. ^ а б «1907 Kingston Earthquake». The University of the West Indies.
  12. ^ Hart, Richard (2002). «Labour rebellions of the 1930s in the British Caribbean region colonies». Libcom.org.
  13. ^ «The 1980s Historian | Memories of turbulent and volatile Jamaica». Jamaica Gleaner.
  14. ^ а б «Jamaica profile — Timeline». BBC News.
  15. ^ Whittell, Giles (27.05.2010). «Jamaican leader denies link to Shower Posse gangsters». The Times.
  16. ^ а б Sheil, Ross; Davies, Caroline (26.05.2010). «Kingston residents trapped inside homes as Jamaican death toll rises». The Guardian.
  17. ^ «Jamaica police put death toll at 73». The Gazette (Montreal).
  18. ^ «Synagogue and Heritage Centre»
  19. ^ а б в «Kingston & St.Andrew Economy». Jamaica Information Service.
  20. ^ «Port of Kingston now the seventh busiest in Americas». Jamaica Observer.
  21. ^ «Contact Us Web Form». Air Jamaica.
  22. ^ Henry, Balford (6.08.2016). «Shaw resumes battle to make Jamaica an International Financial Centre». Jamaica Observer.
  23. ^ Kiprop, Joseph (16.05.2018). «The Biggest Industries in Jamaica». Worldatlas.com.
  24. ^ а б Davis, Nicholas (27.04.2012). «Jamaica struggles toward a sound economic future». BBC News.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]